Скончыў Цяцерынскую 7-гадовую школу ў 1934 г., Магілёўскі педагагічны тэхнікум у 1937 г., Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага ў 1941 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Каля 20 гадоў працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. У 1957-83 гг. старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык аддзела Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь. У.К. Андрэенка займаўся навуковай дзейнасцю і зрабіў вялікі ўклад у складанне праграм па беларускай мове для 4-8-х класаў усіх тыпаў школ (1959-86 гг.), аўтар шэрагу артыкулаў па пытаннях складання праграм, стварэння падручнікаў і методыкі беларускай мовы ў школе. У.К. Андрэенка (у сааўтарстве з М. С. Яўневічам) упершыню ў Рэспубліцы Беларусь напісаў і выдаў падручнік «Беларуская мова» для 5-6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з рускай мовай навучання (1963 г.), падручнік «Беларуская мова» для 5-6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з беларускай мовай навучання (1970 г.) і «Беларуская мова» для 7-8-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы (1964 г.). Усе тры падручнікі былі ўхвалены настаўнікамі і атрымалі станоўчую ацэнку ў друку. Названыя падручнікі дапрацоўваліся, перавыдаваліся, на іх аснове ствараліся новыя. І за тры с паловай дзесяцігоддзі Уладзімір Калінавіч разам з Міхасём Яўневічам падрыхтавалі восем падручнікаў для школы (тыраж іх каля 7 млн.экз.), апошні – «Беларуская мова. Сінтаксіс : падручнік для VІІ-ІХ класаў» выйшаў у 1995 г. У 1984 г. за стварэнне арыгінальных школьных падручнікаў, распрацоўку метадычнай сістэмы У.К. Андрэенка ўзнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР. У.К. Андрэенка выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь, яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990 г. за падручнікі «Беларуская мова» для 6-9-х класаў (разам з М. С. Яўневічам). Узнагароджаны: ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, баявымі медалямі, медалямі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Бібліяграфія:
1. Сачыненні ў 6-7 класах / У. Андрыенка // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 1989. — № 12. — С. 29—33; 1990. — № 2. — С. 35—40.
2. Андрэенка Уладімір Калінавіч // Памяць: Гіст.- дак. хроніка Круглянскага р-на. — Мінск, 1996. — С. 503—504.
3. Андрэенка, У. К. // Мовазнаўцы Магілёўшчыны : бібліягр.паказ. — Магілёў, 1998. — С. 9—11.
4. Півуноў, Ю. Мовазнавец / Ю. Півуноў // Сельскае жыццё. — 1999. — 5 мая.
5. Яўневіч, М. Незабыўны сябра і калега / М. Яўневіч // Роднае слова. — 2002. — № 4. — С. 58.
