З ГІСТОРЫІ КРУГЛЯНСКАЙ ДЗІЦЯЧАЙ БІБЛІЯТЭКІ
З 1981г. у гэтым будынку знаходзіцца дзіцячая бібліятэка
1952-1969гг.
У 1952 годзе была адкрыта дзіцячая бібліятэка ў Круглым. Такое рашэнне прыняў раённы Савет дэпутатаў працоўных.
Свайго памяшкання бібліятэка не мела. Размяшчалася дзіцячая бібліятэка ў прыватным доме, у якім займала адзін пакой.
Загадчыцай бібліятэкі ў той час была Яўгенія Пішчыкава. Але пасля году работы яна паехала з Круглага. І на гэтую адказную пасаду была прызначана Аляксандра Цімафееўна Панцюхова, якая працавала на ёй да мая месяца 1956 года.
Аляксандра Цімафееўна Панцюхова з’яўляецца першым арганізатарам дзіцячай бібліятэкі. Шмат клопатаў было з набыццём літаратуры. У асноўным кнігі для дзіцячай бібліятэкі набываліся ў кніжным магазіне, але даводзілася загадчыцы ездзіць некалькі разоў ў Мінскі бібліятэчны калектар на адборку літаратуры.
У свой час у дзіцячай бібліятэцы працавалі многія людзі. Цалкам аддадзена была любімай справе Людміла Адамава. Яна вылучалася сярод іншых сваёй працавітасцю і працалюбствам, любіла дзяцей, мела да кожнага дзіцяці свой падыход.
Абсталяванне бібліятэкі было прымітыўным: вялізныя два сталы, самаробныя стэлажы, грубыя бар’еры, якія раз’ядноўвалі бібліятэкара і чытача, некалькі стулоў.
Але, нягледзячы на дрэнныя ўмовы для работы, бібліятэка ў той час мела добрыя вынікі. За 1952 год у бібліятэку запісалася 227 чытачоў, а кнігавыдача складала 9 тыс. экземпляраў. Актыўна наведвалі бібліятэку Уладзімір Стрыжэвіч, Соф’я Міркіна, Алег Новікаў і іншыя. Яны былі першымі чытачамі бібліятэкі.
З 1956 года загадчыцай бібліятэкі стала працаваць Яніна Дудкова, а бібліятэкарам - Шабулдава.
Дзіцячай бібліятэцы, у нейкім сэнсе, пасля скасавання раёна пашанцавала – ёй далі добрае, па тым часе, памяшканне, але на вялікі жаль, адзінку бібліятэкара скарацілі. У 1960 годзе Яніна Дудкова звольнілася з пасады загадчыцы і загадваць бібліятэкай стала выпускніца культасветвучылішча (масавае аддзяленне) Зінаіда Яфімаўна Ахрамюк, якая ў далейшым зрабіла шмат карыснага для развіцця бібліятэчнай справы і якая аддана служыла сваёй прафесіі.
Вось што ўспамінае Зінаіда Яфімаўна Ахрамюк (Кунец) аб рабоце ў дзіцячай бібліятэцы ў 60-я гады: “У 1960-63г.г. я працавала ў Круглянскай дзіцячай бібліятэцы. Бібліятэка была вялікая, паступала мноства кніг. Усе гэтыя кнігі трэба было апрацаваць, неабходна было весці ўлік кніжнага фонду і таму на мерапрыемствы заставалася мала часу. Але ўсё роўна праводзілі гутаркі, канферэнцыі чытачоў. У гэты час сталі даводзіць планы абслугоўвання, планы чытачоў і кнігавыдач і іншыя паказчыкі. Размяшчаліся кнігі ў адным пакоі, але з цягам часу стала цесна. Сельскі Савет прыняў рашэнне аддаць пад бібліятэку яшчэ адзін пакой у тым жа памяшканні. Зрабілі рамонт, прыбудавалі веранду. Бібліятэка размяшчалася вельмі зручна. Паўз яе беглі ў школу дзеці з Круглага і навакольных вёсак. Дзеці бібліятэку наведвалі ахвотна. Часам цэлымі класамі па 50-60 чалавек стаялі ў чарзе, каб атрымаць кнігі. Чыталі добра кнігі М.Астроўскага “Як гартавалася сталь”, А.Фадзеева “Маладая гвардыя”, зборнік “Ніколі не забудзем”, М.Лынькова “Міколка-паравоз “ і іншыя. Праводзіліся абмеркаванні гэтых кніг у школе. Бібліятэкары праводзілі агляды.
У выхадныя дні і ў вольны час дзеці любілі прыходзіць у бібліятэку і дапамагаць бібліятэкарам у рамонце кніг і іншай рабоце”.
Недзе з год у бібліятэцы пасля таго, як Зінаіда Яфімаўна звольнілася, працавала Вольга Іванаўна Зайкоўская. А з 1964 года загадчыцай дзіцячай бібліятэкі стала Ніна Нікіфараўна Чарткова (Новікава), якая аддала гэтай установе культуры шмат энергіі. І хаця Ніна Нікіфараўна мела толькі незакончаную спецыяльную адукацыю, яна працавала кваліфікавана і творча.
Да ўзнаўлення раёна (1966г.) штат бібліятэкі складаўся з 2-х чалавек.
З успамінаў Н. Н.Чартковай
“8 верасня 1964 года я прыняла Круглянскую пасялковую дзіцячую бібліятэку. Да мяне працавала настаўніца з вёскі Радча Вольга Іванаўна Зайкоўская. Бібліятэка знаходзілася ў запушчаным стане: кніг было шмат старых, шмат кніг было не падклеена, былі кнігі ўстарэлыя па зместу. Каталогаў у бібліятэцы не было, фонд быў пераблытаны. На апрацоўцы кніг прыходзілася працаваць адной. Работу пачала з таго, што склала макеты каталогаў, картатэк, усю новую літаратуру распісвала, вяла каталогі. Да бібліятэчнай работы прываблівала дзяцей. Яны дапамагалі штэмпеляваць кнігі, уклейваць лісткі тэрмінаў вяртання, на першай і апошняй старонках пісаць інвентарныя нумары, рамантаваць кнігі, а калі-небудзь давярала старэйшым вучням работу на абанеменце. Працавалі мы з адным выхадным. Гэта было вельмі зручна для чытачоў.
Некаторы час бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы працавала Т.А.Сасунова, якая потым пайшла працаваць у раённую бібліятэку. Яе на пасадзе бібліятэкара замяніла выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума В.І. Шчарбакова, а потым далі трэцяга работніка. Працавалі мы дружна, работу не дзялілі, і ў нас усё атрымлівалася добра.
В.І.Шчарбакова афармляла бібліятэку: пісала плакаты, афармляла кніжныя выставы, працавала ў чытальнай зале. Я з Зінаідай Васільеўнай Матлаховай (Гронскай) выконвалі астатнюю работу. У той час было цяжэй працаваць, чым цяпер. Асаблівыя цяжкасці былі з наведваннем сельскіх бібліятэк. Па раёну часта хадзілі пешкам, а іншы раз на папутных машынах дабіраліся да месца прызначэння”.
З успамінаў Матлаховай (Гронскай) Зінаіды Васільеўны
“Восем гадоў я працавала ў дзіцячай бібліятэцы. Гэта недзе ў канцы 60-х пачатку 70-х. Загадчыцай была Ніна Нікіфараўна Чарткова. Я і Шчарбакова Валянціна Іосіфаўна – бібліятэкары. Асабіста я больш займалася выдачай літаратуры і правядзеннем ранішнікаў, чытацкіх канферэнцый, літаратурных вечароў. Знаёміла дзяцей з новай літаратурай, уважліва выслухоўвала ўсе пытанні, рабіла тэматычныя падборкі кніг “Што чытаць аб Леніне”, “Мы ідзём за атрадам атрад” і інш. Дзеці з вялікім задавальненнем чыталі творы У.Маякоўскага, А.Гайдара, многія захапляліся рамантыкай космасу. З мэтай прапаганды кніг афармляла кніжныя выставы “Маякоўскі - дзецям”, стэнды “Ад Каперніка да Каралёва”, “Піянер – усім рабятам прымер”. І ўвогуле, тэме піянерыі ў бібліятэцы ўдзялялася шмат увагі. Асабліва ў летні перыяд, у час канікулаў бібліятэкары імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб піянерскае лета прайшло для рабят не без карысці, каб яны вярнуліся ў школу больш сталымі, са скарбам ведаў”.
Ларыса Валянцінаўна Курбан
(актыўны чытач дзіцячай бібліятэкі ў 60-я гады і яе загадчыца ў 80-я)
“Першы раз я наведала Круглянскую дзіцячую бібліятэку, калі яшчэ вучылася ў першым класе. Гэта было ў 1965г. Тады наша настаўніца Лістратава Ніна Мікалаеўна павяла нас усім класам на экскурсію ў дзіцячую бібліятэку. У той час у бібліятэцы працавалі Новікава Н.Н. і Шчарбакова В.І. Шырока раскрытымі вачанятамі глядзелі мы на мноства кніг. З цікавасцю праслухалі аповед бібліятэкара аб бібліятэцы, кнізе. Вынікам наведвання з’явілася жаданне ўзяць і пазнаёміцца з гэтым цудам. Кожны па жаданню і густу тут выбраў першую сваю кнігу. Для мяне гэта была казка “Волк и семеро козлят”. Потым, калі я падрасла, я таксама наведвала дзіцячую бібліятэку, брала тут кнігі для пазакласнага чытання, а таксама навукова-пазнавальную і мастацкую літаратуру. З дзяцінства мне вельмі падабалася наша бібліятэка. У ёй заўсёды было чыста і ўтульна. Мне падабалася бібліятэка таксама тым, што заўсёды можна было знаходзіцца сярод кніг, газет, часопісаў, якія дапамагаюць чалавеку заўсёды быць у курсе ўсіх навін, усё ведаць і з цікавасцю правесці свой вольны час”.
Нікіценка Алена Іванаўна
(актыўны чытач у 70-я гады і бібліятэкар у будучым)
“Першае знаёмства з дзіцячай бібліятэкай адбылося, калі нас усім класам прывялі на экскурсію ў бібліятэку. Бібліятэкары пазнаёмілі нас з новымі кнігамі, газетамі, часопісамі. Уразіла цішыня, якая заўсёды была ў бібліятэцы, мноства цікавых кніг і часопісаў. Потым разам з сяброўкамі мы часта наведвалі бібліятэку, прыходзілі паглядзець мерапрыемствы, якія тут праводзіліся, дапамагалі рамантаваць кнігі. Працавалі тады ў бібліятэцы Ніна Нікіфараўна Чарткова і Зінаіда Васільеўна Матлахова. Яны прапанавалі нам пачытаць кніжкі Асеевай “Васёк Трубачёв и его друзья”, Міхалкова “Праздник непослушания”, Носава “Витя Малеев в школе и дома”, а таксама часопісы “Весёлые картинки”, “Мурзилка” і газеты “Пионерская правда” і “Зорька”.
Саланенка Уладзімір Канстанцінавіч
(актыўны чытач у 60-я гады, выкладчык кафедры кнігазнаўства Маскоўскага паліграфічнага інстытута)
Нарадзіўся 20 ліпеня 1949г. у г.п.Круглае. У 1964г. закончыў Круглянскую СШ. У тым жа годзе разам з сям’ёй пераехаў у г.Сімферопаль, дзе закончыў будаўнічы тэхнікум. Па размеркаванню да 1972г. працаваў механікам участка ў Краснадарскім краі. Звольніўся з работы па асабістаму жаданню і паступіў на факультэт рэдагавання друкаваных выданняў Маскоўскага паліграфічнага інстытута. У 1977-1990г.г. працаваў у кніжным магазіне, быў дырэктарам на кнігагандлёвай базе. У 1990г. вярнуўся ў сваю ВНУ і стаў выкладчыкам кафедры кнігазнаўства. Работу ў ВНУ сумяшчаў з работай у выдавецтвах “Новы свет” і “Тэрра”. У цяперашні час - дацэнт кафедры кнігазнаўства, кандыдат філалагічных навук.
Займаўся калекцыяніраваннем грамзапісаў.
Каб кніга стала сябрам
З КАЗКАЙ у жыццё дзіцяці прыходзіць усё самае цудоўнае. Бабкіны апавяданні ў дзяцінстве нараджаюць любоў да кніг. Падрасце малы і цягне кніжку з прыгожымі малюнкамі:— «Мама, пачытай». Любоў да кніг прыводзіць дзяцей да нас у бібліятэку. Бібліятэкар іншы раз больш настаўніка і нават бацькоў ведае захапленні малышоў. Самым маленькім сваім чытачам мы прапануем літаратуру, якая падыходзіць да іх узросту.
Запаўняючы фармуляры школьніка, мы даведваемся, чым цікавіцца вучань, які яго любімы прадмет, чым ён захапляецца. Усе гэтыя даныя мы запісваем у фармуляры, гэта дае магчымасць кіраваць цікаўнасцю вучняў, падбіраць патрэбную літаратуру, вызываць іх на шчырыя размовы.
Даведацца аб захапленнях дзяцей 1-4 класаў вельмі цяжка. Дзеці дзесяцігадовага ўзросту яшчэ самі добра не ведаюць, што ім больш падабаецца: падарожнічаць, быць фізікам ці ляцець у космас. Сёння яны захапляюцца адным, заўтра другім. На дапамогу ім прыходзіць бібліятэкар. Ён рэкамендуе дзецям чытаць кнігі аб мінулым нашай Радзімы, аб жывёльным і раслінным свеце, аб лепшых людзях краіны. Паступова ў дзяцей складваюцца свае погляды на акружаючае.
Пазней, калі вучань перайшоў у старэйшы клас і яго інтарэсы сталі больш пастаяннымі, пачынаем яму рэкамендаваць тую літаратуру, якая патрэбна школьніку для агульнага развіцця, пры дапамозе кніг прывіваем любоў да роднага краю, горада, вёскі, цікаўнасць да ведаў.
З гэтай мэтай у бібліятэцы ёсць маляўніча аформленыя картатэкі «Любі свой край», «Мая родная Магілёўшчына», аформлены альбом «Гісторыя Круглага».
Практыкуем мы ў бібліятэцы чытанні - агляды. Сярод мноства кніг выбіраем лепшыя, коратка расказваем аб іх, вельмі цікавыя месцы зачытваем. Пасля такога агляду дзеці з велізарным задавальненнем бяруць кнігі на прапанаваныя ім тэмы.
Дзеці малодшага школьнага ўзросту любяць громкія чытанні. Збярэцца ў бібліятэцы 10-15 дзяцей, бібліятэкар або старшакласнік некалькі дзён чытае цікавую кнігу, спыненні робім на самым захапляючым месцы. Калі кніга прачытана, збіраемся ўсе разам, абмяркоўваем прачытанае. Дзеці гавораць аб сваім уражанні, робяць разбор дзеючых асоб.
Рабятам, якія любяць чытаць кнігі па адной тэме, мы складаем планы чытання і ўклейваем іх у фармуляры. Планы чытання, гэта пералік патрэбных кніг па данай тэме.
У бібліятэцы ёсць спісы для пазакласнага чытання. Перыядычна афармляем кніжныя выстаўкі і мяняем плакаты.
Да кожнага свята праводзім ранішнікі. Напрыклад, «Маміна свята - 8 сакавіка», «Ленін і цяпер жывей за ўсіх жывых» — да 22 красавіка і г. д. Напярэдадні 50-годдзя Вялікага Кастрычніка ў бібліятэцы праводзім кастрычніцкія чытанні, гутаркі на тэму: «Твой мір нарадзіўся ў Кастрычніку».
Т.Сасунова.
Сельскае жыццё. – 1964. – 2 лістапада
Для юных чытачоў
Кожны дзень у дзіцячай бібліятэцы бывае нямала юных чытачоў. Але асабліва ахвотна ідуць яны сюды ў час школьных канікулаў, бо тут заўсёды цікава і з карысцю можна правесці вольны час. Так было і ў гэтыя веснавыя канікулы, якія былі аб'яўлены тыднем дзіцячай кнігі.
У першы ж дзень канікулаў адбыўся ранішнік «Мой сябар». На яго прыйшлі амаль усе мясцовыя школьнікі. Яны актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне «Ці ведаеш ты кнігі?», пераможцы якой узнагароджваліся кнігамі. З цікавасцю пазнаёміліся рабяты з кніжнымі выстаўкамі.
Цікава прайшла канферэнцыя юных чытачоў па кнізе Героя Савецкага Саюза С. Г. Жуніна «Ад Дняпра да Буга». Надоўга запомніцца рабятам сустрэча ў бібліятэцы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
Добрыя ўспаміны засталіся ў рабят ад канікулаў. І гэтым яны абавязаны работнікам раённай дзіцячай бібліятэкі Н.Н.Чартковай і З.В.Гронскай, якія трымаюць цесную сувязь з юнымі чытачамі, выхоўваюць у іх любоў да кнігі.
Ц.Болдзісаў.
Сельскае жыццё. – 1967. – 26 красавіка
1970-1979гг.
У1973 г. бібліятэка была пераможцай рэспубліканскага грамадскага агляду работы бібліятэк, прысвечанага 50-годдзю ўтварэння СССР, сярод бібліятэк Магілёўскай вобласці.
1 чэрвеня 1976г. дзяржаўныя масавыя бібліятэкі Круглянскага раёна перайшлі на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання насельніцтва. У склад раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўлілася і дзіцячая бібліятэка. З гэтага часу яна лічыцца філіялам Круглянскай ЦБС і з’яўляецца метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна па рабоце з дзіцячым чытачом.
Штат бібліятэкі складаўся з трох чалавек. Загадчыцай у той час працавала Галіна Іванаўна Шкіндзерава. На абанеменце – Ніна Нікіфараўна Чарткова (Новікава), а ў чытальнай зале – Зінаіда Васільеўна Матлахова (Гронская).
Новая Канстытуцыя СССР упершыню заканадаўча замацавала ролю бібліятэк у жыцці сацыялістычнага грамадства. Гэта значна павысіла патрабаванні і адказнасць кожнага прапагандыста кнігі за камуністычнае выхаванне працоўных і падрастаючага пакалення. Работа бібліятэкі была накіравана на прапаганду палітыкі КПСС і сацыяльна-эканамічнай праграмы партыі. Напярэдадні 60-й гадавіны БССР і Кампартыі Беларусі ў бібліятэцы вялася прапаганда літаратуры, якая асвятляла гістарычныя заваёвы беларускага народа за гады Савецкай улады, яго поспехі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і культуры. Гэтай падзеі была прысвечана эстафета добрых спраў пад назвай “Цвіці і красуй, мая Беларусь”, якая праводзілася сярод бібліятэк вобласці (1978г.). Актыўны ўдзел прымала і Круглянская дзіцячая бібліятэка. У яе рамках праводзіліся цікавыя культмасавыя мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, была актывізавана краязнаўчая работа.
Вялікую ўвагу ўдзялялі выхаванню дзяцей. Наладжвалі цесныя сувязі з настаўнікамі школы. Напрыклад, настаўніцы П.А.Ярковіч і Н.М.Лістратава дапамагалі работнікам бібліятэкі праводзіць канферэнцыі чытачоў, тэматычныя гутаркі, ранішнікі.
Сярод шматлікіх наведвальнікаў бібліятэкі найбольш часта тут бывалі сёстры Іра і Лена Дрык, Вася Тамбоў, Света Старавойтава – гэта самыя актыўныя чытачы. Кожны мог выбраць сабе па густу кнігі ў гэтай бібліятэцы, якіх тут налічвалася 25 тысяч экземпляраў.
1979г. адзначаўся як Міжнародны год дзіцяці. У сувязі з гэтым работнікі дзіцячай бібліятэкі ў аснову сваёй работы паклалі ленінскі прынцып “Усё лепшае - дзецям”. Была актывізавана работа па правядзенню разнастайных масавых мерапрыемстваў, удзялялася вялікая ўвага прапагандзе прынцыпаў Дэкларацыі правоў дзіцяці.
З успамінаў Шкіндзеравай Галіны Іванаўны
“У дзіцячую бібліятэку я прыйшла працаваць з цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе працавала бібліятэкарам перасоўнага фонду, бібліятэкарам абанемента, метадыстам.
Галоўнай задачай у рабоце бібліятэк была прапаганда матэрыялаў з’езду КПСС, рашэнняў Пленумаў ЦК КПСС. Прапагандавалі мы літаратуру аб дасягненнях савецкай эканомікі, творы У.І.Леніна і іншых выдатных дзеячоў партыі. Добра памятую гады працы ў дзіцячай бібліятэцы, дзе была загадчыцай. Са мной працавала Ніна Нікіфараўна Чарткова і Валянціна Іосіфаўна Шчарбакова. Невялікі тэрмін бібліятэкарамі ў той час працавалі Саксонава Наталля Мікалаеўна, Шрубянкова Ніна Іосіфаўна, Кандрацьева Ларыса Аляксандраўна, Курносава Любоў Васільеўна. Памятую, як да нас прыйшла працаваць Алена Іванаўна Нікіценка, якая пазней сама стала працаваць загадчыцай. Дарэчы, пры мне ў дзіцячай бібліятэцы прыбіральшчыцай працавала Фядосенка Кацярына Іосіфаўна, якая адпрацавала потым 25 гадоў і пайшла на заслужаны адпачынак.
Бібліятэка заўсёды магла пахваліцца колькасцю наведванняў, але асаблівае ажыўленне было ў час канікулаў. Мы імкнуліся вучыць рабят любіць кнігу і на прыкладах літаратурных герояў выхоўваць мужнасць, сумленнасць, высокароднасць, любоў да прыроды, да працы.
Папулярнасцю ў юных чытачоў карысталіся кніжныя выставы, якіх мы афармлялі шмат. Мноства выстаў прысвячалася У.І.Леніну: “Дзядуля Ленін”, “Ленінскім шляхам – да камунізму”, “Ленін – правадыр, таварыш, чалавек”. Памятую і некаторыя папулярныя ў той час кнігі: “Краіна пад Чырвоным сцягам” А.Міцяева, “Наша дзяржава” Я.Пермяка, “Твой чырвонакрылы сцяг” М.Ляшэнкі.
На працягу некалькіх гадоў я з’яўлялася членам раённага аддзялення таварыства кнігалюбаў. Як член раённага аддзялення таварыства кнігалюбаў удзяляла шмат увагі арганізацыйным пытанням работы таварыства. Работа бібліятэкі каардынавалася з работай пярвічнай арганізацыі кнігалюбаў Круглянскай сярэдняй школы. У 1978 годзе завяршылася стварэнне пярвічных арганізацый кнігалюбаў ва ўсіх сярэдніх і васьмігадовых школах.
Памятаю, як да нас у Круглае прыязджалі беларускія пісьменнікі Ставер, Дзеружынскі, Федзюковіч. Была наладжана сяброўская сустрэча”.
Некаторыя тэмы масавых мерапрыемстваў:
“Рашэнні XXV з’езда КПСС - у жыццё”, “Ленін заўжды з намі”, “Магутнасць навукі і “дзіва” рэлігіі”, “Школьнікам аб прафесіі” “Дзеці рэвалюцыі”, “Расце і працуе краіна”, “Ідзём дарогай Леніна, дарогай Кастрычніка”, “Камуністы заўсёды наперадзе”. “Рэвалюцыя, якая змяніла свет”, “Кастрычнік у Беларусі”, “Наследнікі Кастрычніка”.
Цуд, імя якому - кніга
У дзіцячую бібліятэку наш чытач прыходзіць у дашкольным узросце, калі да ведання азбукі яшчэ далёка, а цікавыя малюнкі яму спадабаюцца, да таго ж тут яму дапамогуць вывучыць верш, прачытаць цікавую кніжку, запросяць прыняць удзел у ранішніку. Дашкольнік прыйшоў у бібліятэку. І ад таго, як яго тут сустрэлі, чым зацікавілі, залежыць многае. Мы, работнікі дзіцячай бібліятэкі, імкнемся да таго, каб малышу ў нас спадабалася, каб потым кожнае спатканне з кнігай было для яго святам.
Народная прымаўка гаворыць: «Хто многа чытае, той многа ведае». Практыка паказала, што нельга параўнаць у вучобе дзяцей, якія многа чытаюць, з тымі, хто не сябруе з кнігай. Але магу сцвярджаць, што няма дзяцей, якія б не любілі кнігу. З самага раняга ўзросту дзяцей вабяць яе старонкі. І калі мы сустракаемся з фактам, што дзеці перастаюць наведваць бібліятэку, перастаюць цікавіцца літаратурай, гэта наш пралік, упушчэнне школы, бацькоў.
Для дзяцей у нашай краіне створаны тысячы бібліятэк з багатым кніжным фондам. Толькі ў нашай раённай бібліятэцы налічваецца 20000 кніг. Гэты фонд з кожным годам папаўняецца.
Карыстаюцца кнігай больш як паўтары тысячы юных чытачоў. Вядома, што, як бы ні стараліся бібліятэкары ўсебакова абслужыць сваіх маленькіх сяброў, без дапамогі школы, бацькоў мы не абыходзімся. На жаль, іншы раз сустракаюцца яшчэ такія настаўнікі, якія ў адказ на нашу просьбу пагутарыць са школьнікамі, якія перасталі браць кнігі ў бібліятэцы, адказваюць: у іх школьнай літаратуры хапае, няхай толькі спраўляюцца. Школа і бібліятэка робяць адну важную справу і тут без узаемавыручкі не абыйсціся.
Не заўсёды разумеюць бібліятэкара і бацькі. Часта бацькі не цікавяцца, чаму сын перастаў чытаць, чаму ўвесь свой вольны час прысвячае вуліцы, спасылаюцца на вялікую занятасць, на адсутнасць часу заняцца сынам.
Каб зацікавіць наведвальніка кнігай, у дзіцячай бібліятэцы праводзяцца ранішнікі, абмяркоўваюцца навінкі паступіўшай у бібліятэку літаратуры, праводзяцца гучныя чытанні, гутаркі аб кнігах, канферэнцыі чытачоў і г.д. Мы сочым за кожным чытачом, накіроўваем і выхоўваем яго цікаўнасць. Клапоцімся, каб дзеці чыталі лепшыя кнігі савецкіх пісьменнікаў, знаёміліся з класікай, цікавіліся літаратурай па галінах ведаў, бралі кнігі па школьнай праграме.
Каб чытач не адчуваў сябе перад стэлажамі кніг, як перад недаступнымі Гімалаямі, мы ўжо сёння знаёмім рабят з бібліяграфіяй, вучым карыстацца картатэкамі і каталогамі, даведачнымі выданнямі. Выбраць патрэбную кнігу дапамагаюць рабятам выстаўкі навінак, маляўніча аформленыя стэлажы, закладкі кніг. Многа цікавага даюць рабятам часопісы для дзяцей і падлеткаў. Іншы раз прадметам абмеркавання становяцца артыкулы, змешчаныя ў часопісах «Юный натуралист», «Вокруг света», «Юность».
Аляксей Максімавіч Горкі гаварыў: «Кніга, быць можа, найбольш складаны і вялікі цуд з усіх цудаў, створаных чалавецтвам на шляху да шчасця і магутнасці... Любіце кнігу — крыніцу ведаў...» Да гэтых слоў вялікага пісьменніка хочацца дадаць. Якім быць чалавеку – гэта ў многім вызначаецца характарам кніг, прачытаных у дзяцінстве.
Н.Чарткова.
Сельскае жыццё. – 1971. – 23 кастрычніка
Кніга – добры сябра
Ідуць школьныя канікулы. Шмат вольнага часу зараз у рабят, які яны стараюцца выкарыстаць з найбольшай карысцю. І ў гэтым добры памочнік для хлапчукоў і дзяўчынак — дзіцячая бібліятэка. Ахвотна ідуць сюды дзеці, каб узяць цікавую кнігу, прыняць удзел у гутарцы, гучных чытаннях і іншых мерапрыемствах, якія часта праводзяцца тут.
Як самых дарагіх гасцей сустракаюць рабят загадчыца Н.Н.Чарткова і работнікі бібліятэкі Н.I.Саксонава, Л.А.Кандрацьева. Прыцягваюць увагу маляўніча, з густам аформленыя кніжныя паліцы «Дзеці рэвалюцыі», «Расце і працуе мая краіна», «Ідзём дарогай Леніна, дарогай Кастрычніка», «Камуністы заўсёды наперадзе» і іншыя. Вялікую ўвагу ўдзяляюць у бібліятэцы выхаванню дзяцей. Кожны можа выбраць сабе па густу кнігі ў бібліятэцы. А падабраць неабходную праграмную літаратуру заўсёды дапамогуць прыветлівыя, старанныя гаспадыні гэтага кніжнага царства, дапамогуць з дзяцінства палюбіць кнігу.
Ц.Болдзісаў.
Сельскае жыццё. – 1977. – 6 жніўня
1980-1989гг.
У 80-я годы ў краіне шырока адзначаліся юбілеі з дня нараджэння У.І.Леніна. У 1980г. - 110-гадавіна, а праз пяць год - 115-гадавіна. Актыўны ўдзел у святкаванні даты прыняла дзіцячая бібліятэка. Вялася прапаганда твораў У.І.Леніна і літаратуры аб ім. Праводзіліся шматлікія мерапрыемствы на тэмы: “Старонкі вялікага жыцця”, “Ленінскім шляхам –да Камунізму”, “Ленін і музыка”, “Самы чалавечны чалавек”, “Рэвалюцыянер, мысліцель, чалавек” і інш.
У 1981 годзе бібліятэка справіла наваселле, пераехаўшы ў светлы, прасторны будынак, у якім яна знаходзіцца і зараз. Пры бібліятэцы працуе чытальная зала, два абанементы, пакой казак.
У 1989 годзе бібліятэка прыняла ўдзел у абласным аглядзе- конкурсе сярод дзіцячых і сельскіх бібліятэк на лепшае абслугоўванне выхаванцаў дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў, па выніках якога заняла ІІІ месца і была адзначана ганаровай граматай.
З успамінаў Алены Іванаўны Нікіценка
“У дзіцячую бібліятэку я прыйшла працаваць з аддзела камплектавання ў 1984г. Загадчыцай у той час працавала Шкіндзерава Галіна Іванаўна – чалавек з агеньчыкам, яна заўсёды магла знайсці падыход да дзяцей, чаму вучыла і ўсіх нас.
Работа была цікавай, шмат праводзілася ранішнікаў, прысвечаных дзіцячым пісьменнікам-юбілярам, асаблівае месца ўдзялялася школьнаму вучэбнаму працэсу. Для дзяцей, не паспяваючых у школе, складаліся рэкамендацыйныя спісы. Настаўнікі і выхавальнікі інфармаваліся аб новай літаратуры. У дзіцячых садках працавалі пункты выдачы літаратуры.
Работала я спачатку на абанеменце, потым у чытальнай зале.
Пасля дэкрэтнага адпачынку я выйшла на работу да новай загадчыцы – Курбан Ларысы Валянцінаўны. У рабоце многае змянілася. Укараняўся перадавы вопыт горада Выбарга Ленінградскай вобласці – эстэтычны ўсенавуч.
Работа праводзілася разам з музычнай школай, домам культуры, бібліятэкай, настаўнікамі Круглянскай сярэдняй школы, домам піянераў. З падзякай работнікі бібліятэкі ўспамінаюць Беленсон Вольгу Фёдараўну – настаўніцу пачатковых класаў, якая кожную сераду прыходзіла разам з дзецьмі на заняткі эстэтычнага ўсенавуча. Яна актыўна з энтузіязмам ставілася да ўсяго, што праводзілася ў бібліятэцы і гэта перадавалася дзецям. Менавіта таму яе клас быў самым актыўным, дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў правядзенні Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі і іншых мерапрыемствах».
У 1985 годзе краіна адзначала 40-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Да гэтай даты ў раённым Доме культуры работнікамі дзіцячай бібліятэкі і педагогамі Круглянскай сярэдняй школы быў праведзены ўрок мужнасці, які прысвячаўся юным героям Вялікай Айчыннай вайны: Валі Коцік, Марату Казею, Лёню Голіку, Любові Герасіменка, якія аддана і моцна любілі Радзіму-маці і прынеслі свае юныя жыцці на алтар Перамогі.
У 1987 годзе да 150-годдзя з дня смерці А.С.Пушкіна ў рамках дэкады памяці паэта ў Круглянскай сярэдняй школе праводзіўся літаратурна-мастацкі вечар “Цябе, як першае каханне, Расіі сэрца не забудзе”. Яго праграма ўключала даклад аб жыцці і творчасці Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, кніжную выставу, бібліяграфічны агляд твораў паэта і літаратуры аб ім, літаратурную віктарыну.У заключэнні вечара школьнікі прачыталі вершы А.С.Пушкіна, праслухалі песні, рамансы на словы паэта. У той час А.С.Пушкін быў самы чытаемы паэт. Пра гэта сведчыў праведзены аналіз фармуляраў.
Шырока адзначаліся юбілеі і іншых пісьменнікаў. Так, напрыклад, да 100-годдзя С.Я.Маршака у чытальнай зале бібліятэкі была аформлена кніжная выстава “Наш любімы паэт”. Прайшлі гучныя чытанні вершаў С.Я.Маршака. У школе адбыўся ранішнік і не было раўнадушных на гэтых юбілейных мерапрыемствах. З цікавасцю хлапчукі і дзяўчынкі слухалі гутаркі аб жыцці і творчасці пісьменніка. Акцябраты рыхтавалі інсцэніроўкі па яго творах. Актыўна ўдзельнічалі юныя чытачы ў літаратурнай гульні “Хто якія ведае вершы, казкі, загадкі С.Я.Маршака”.
Многія з дзяцей, якія наведвалі дзіцячую бібліятэку, прыводзілі сюды і сваіх малодшых брацікаў і сястрычак. Для іх тут афармляліся спецыяльныя куткі, дзе малышы маглі пагуляць з цацкамі, памаляваць, зрабіць вырабы з пластыліну, паслухаць цікавую пласцінку.
Ахвотна падзялялі з імі гэтыя хвіліны адпачынку і самі школьнікі. Яны любілі паспрачацца ў шашкі і шахматы, згуляць у настольны «футбол» і «баскетбол», зрабіць які-небудзь выраб сваімі рукамі. Дарэчы, лепшыя работы, незалежна ад узросту іх аўтараў, прадстаўляліся тут жа на выставе.
Прыцягвала ўвагу маленькіх наведвальнікаў і пастаянная выстава кніжных навінак, іншыя тэматычныя паліцы. Такім чынам, спалучэнне прыемнага з карысным (а апошняе звязана з прапагандай сярод школьнікаў дзіцячай кнігі, што і ляжыць у аснове масавай работы бібліятэкі) рабіла вольны час хлапчукоў і дзяўчынак цікавым і змястоўным”.
З успамінаў Курбан Ларысы Валянцінаўны
“З 1985 года я стала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі. Невялікі калектыў бібліятэкі, які я ўзначальвала, імкнуўся выхоўваць у чытачоў патрэбу ў сістэматычным чытанні, для кожнага чытача знайсці сваю, неабходную толькі яму кнігу. Праводзілі ранішнікі, абмеркаванні кніг, вусныя часопісы, конкурсы, віктарыны, праслухоўванні грамзапісаў, экскурсіі, урокі бібліятэчна – бібліяграфічных ведаў. Часта праводзілі мерапрыемствы на сцэне РДК, асабліва ў час Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі.
Вялікую ўвагу ў той час удзялялі прапагандзе літаратуры аб жыцці і дзейнасці У І. Леніна, яго саратнікаў, аб гераічнай гісторыі краіны, самаадданай працы савецкіх людзей. Успамінаю, як аднойчы на вусны часопіс, арганізаваны ў РДК, мы запрасілі дэлегата ХХVІІ з’езда КПСС, даярку калгаса “Шлях Леніна” Арыставу Марыю Трафімаўну.
У той час мы пастаянна атрымлівалі новыя дзіцячыя кнігі, як беларускіх выдавецтваў, так і расійскіх, шмат прыходзіла дзіцячых газет і часопісаў.
У гэты час быў адчынены казачны пакой, у якім для дашкольнікаў былі прыдбаны розныя лялькі, цацкі: Чырвоная Шапачка, Золушка, Карлсан, Бураціна. Яны запрашалі юных чытачоў зрабіць разам з імі падарожжы па старонках любімых кніг. Школьнікам сярэдняга і старэйшага ўзростаў былі прадстаўлены канструктары розных тыпаў, настольныя гульні. Каб рабяты маглі правесці вольны час за цікавым заняткам, у чытальнай зале для іх былі падрыхтаваны алоўкі, пластылін, фламастэры, фарбы.
Вялікую ўвагу ўдзялялі развіццю пачуцця прыгожага ў нашых чытачоў. У сувязі з гэтым укаранялі ў работу вопыт эстэтычнага ўсенавуча г.Выбарга Ленінградскай вобласці (1987г.), які зарэкамендаваў сябе станоўча. Сумеснымі намаганнямі работнікаў устаноў культуры раёна была складзена праграма заняткаў з навучэнцамі Круглянскай сярэдняй школы.
У правядзенні з рабятамі ўрокаў эстэтыкі прымалі ўдзел работнікі дзіцячай бібліятэкі, выкладчыкі музычнай школы, настаўнікі малявання, работнікі РДК і кінатэатра. Заняткі праходзілі не толькі ў бібліятэцы, але і ў музычным салоне РДК , кінатэатры. Рабяты пазнаёміліся з паэзіяй, літаратурай, жывапісам, музыкай. Заняткі эстэтычнага ўсенавуча доўжыліся на працягу некалькіх год і праходзілі ў самых разнастайных формах. Так напрыклад: гутарка “Вялікі цуд - кнігі” (аб творчасці вядомых ілюстратараў дзіцячай кнігі Канашэвіча, Пахомава, Білібіна і інш.); наведванне лялечнага спектакля ў Доме культуры; конкурс Вясёлага Алоўка “Раскажыце нам у малюнках, як вы лета правялі”; пазнавальная хвілінка “Сем усяго толькі нот на свеце – до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі”; падарожжа ў сімфанічную казку С.С.Пракоф’ева “Пеця і воўк”; спектаклі лялечнага тэатра “Церамок”, “Рэпка” і інш”
1988 года бібліятэка працавала над задачай, пастаўленай рэформай агульнаадукацыйнай школы і Усесаюзным з’ездам работнікаў народнай адукацыі – навучыць вучыцца. Гэта азначала - ўзброіць навучэнцаў уменнем працаваць з кнігай і перыядычнымі выданнямі, займацца на працягу ўсяго жыцця самаадукацыяй. Дзіцячая бібліятэка ўяўляла ў гэтым сэнсе адно з рашаючых звенняў у духоўным развіцці асобы дзіцяці. Адметным гэты год быў і тым, што бібліятэка прыняла ўдзел у арганізацыі і правядзенні злёту юных талентаў Магілёўшчыны пад дэвізам “Мая родная Магілёўшчына”.
К канцу 80-х гадоў значна палепшыўся фонд даведачнай літаратуры.
Некаторыя тэмы масавых мерапрыемстваў:
“Моладзь краіны Саветаў”, “Май родны кут – рэспубліка мая”, “Край, у якім ты жывеш”, “Магілёўшчына – родны край”, “70 год пад сцягам Вялікага Кастрычніка”, “Наш любімы паэт” (да 100-годдзя С.Я.Маршака), “Ганарымся Радзімай сваёй”, “Наша Радзіма – гонар наш” .
З кнігай – назаўсёды
Выхаваць цікавасць, любоў да кнігі — справа не аднаго дня. Яна патрабуе настойлівых штодзённых намаганняў. Разумее гэта калектыў нашай бібліятэкі. Ведаем, як многа тут ад нас залежыць. Бо нават тое, як сустракае бібліятэкар маленькага чытача, вельмі многа значыць. Таму стараемся ўважліва адносіцца да запытанняў юных наведвальнікаў, ствараць атмасферу добразычлівасці.
Рабяты пачынаюць першыя нясмелыя крокі па школьнай дарозе, і шлях у Краіну Ведау адкрывае ім кніга. Адна з першых экскурсій першакласнікаў — у бібліятэку. Шырока раскрытымі вачанятамі глядзяць малыя на мноства кніг, а мы знаёмім іх з цудам, якое нараджаецца агульнымі намаганнямі пісьменнікаў, ілюстратараў, мастакоў-афарміцеляў. Першы раз уваходзяць у жыццё першаклашак такія паняцці як каталог, тэматычныя паказальнікі.
Школа — заўсёды наш першы памочнік у прапагандзе кнігі. Нярэдка на класных гадзінах праводзім урокі бібліяграфіі. Зноў і зноў адкрываем з дзецьмі такіх «знаёмых незнаёмцаў», якіх яны часта бачаць на паліцах бібліятэк і ў якія не заўсёды хапае часу або жадання зазірнуць. Бо, у асноўным, бяруць навучэнцы літаратуру па пазакласнаму чытанню, а мы стараемся расшырыць запытанні школьнікаў, іх кругагляд, цікавасць да кніг. Прапаноўваем навінкі выдавецтваў, называем прозвішчы пісьменнікаў, паэтаў і тут жа пытаем — а што ты ведаеш пра іх? Варта толькі назваць адзін цікавы факт з жыцця пісьменніка або звязаць гэты выпадак з кнігай, як хлопчык ці дзяўчынка загарыцца жаданнем пачытаць пра тое, што іх уразіла.
Не так даўно адбыўся ўрок пад назвай «Ленін і музыка» у шостым класе. Гучалі любімыя мелодыі Ільіча, якія суправаджаліся гутаркамі па кнігах розных аўтараў, дзе раскрыта тэма аб музычных захапленнях правадыра. Памятаецца, прачытала я ўспаміны Н. К. Крупскай аб тым, як Ленін слухаў «Апасіянату» Бетховена. І трэба было бачыць, з якой увагай і задуменнасцю слухалі рабяты адзін з самых любімых музычных твораў У. I. Леніна, у некаторых нават слёзы на вачах выступілі...
Цікава і карысна праводзім дзіцячыя гульнятэкі. Адкрытыя зусім нядаўна, яны адразу заваявалі мноства прыхільнікаў. І гэта зразумела. Бо гульнятэка —не толькі цудоўна праведзены вольны час, але і знаёмства з кнігай, перыядычным выданнем. Нельга недаацаніць і выхаваўчае значэнне гэтага мерапрыемства ў эстэтычным, фізічным і маральным планах. Адпаведны і яе дэвіз — ад гульні да кнігі. Гульнятэка разлічана на дашкольнікаў і школьнікаў розных узростаў.
У куточку для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў ёсць розныя цацкі, лялькі, і кожная з іх як бы выйшла з вокладкі вядомай кнігі. Чабурашка, доктар Айбаліт, Чырвоная Шапачка зноў і зноў запрашаюць юных чытачоў зрабіць разам з імі падарожжа па старонках кніг.
Для старэйшых школьнікаў ёсць у нас канструктары розных тыпаў.
Хочацца сказаць некалькі слоў пра ранішнікі. Запомніўся рабятам ранішнік, прысвечаны 80-годдзю Агніі Барто. Рыхтаваліся да яго рабяты як да свята. Нават касцюмы да інсцэніровак з твораў любімай пісьменніцы падрыхтавалі самі. Работнікі раённага Дома культуры дапамаглі школьнікам развучыць песні на словы А. Барто. Заўзята чыталі рабяты і вершы вядомай пісьменніцы. А работнікі нашай бібліятэкі зрабілі да гэтага ранішніка выстаўку твораў. Праходзіў ранішнік у Доме культуры, зала была запоўнена школьнікамі і іх бацькамі. І вельмі прыемна адзначыць, што пры аглядзе твораў Барто, многія з залы дапамагалі сваімі адказамі. А ў гэтым ёсць і часцінка нашай працы.
Л.Курбан.
Сельскае жыццё. – 1985. – 6 снежня
Усе кнігі ў госці да нас
Кожны год веснавыя канікулы прыносяць юным чытачам радасць сустрэчы з кнігай. Тыдзень дзіцячай кнігі стаў традыцыйным. Сёлета ён быў адкрыты святам «Усе кнігі ў госці да нас», праведзеным у раённым Доме культуры.
Сцэна па-святочнаму ўпрыгожана плакатамі, лозунгамі. На кніжных вітрынах арганізавана выстаўка-прагляд навінак дзіцячай мастацкай літаратуры. Адкрыццё кніжкіных імянін адбылося вершам Н. Найдзёнавай «Імяніннікам — прывітанне». На свята запрасілі члена мясцовага літаратурнага аб'яднання «Світанак” настаўніцу Круглянскай сярэдняй школы С. I. Круцікаву. Яна расказала аб тыдні дзіцячай кнігі, які праходзіць па ўсёй краіне, аб значэнні кнігі ў нашым жыцці. Хлапчукі і дзяўчынкі з задавальненнем чыталі вершы аб кнізе, пелі песні. Ім былі прапанаваны невялікія тэматычныя інсцэніроўкі.
Вялікую цікавасць выклікала эстраднае прадстаўленне «Раз, два, тры, старонка, ажыві!» — зноў сустрэча з героямі любімых кніг. Спадабалася ўсім і харэаграфічная кампазіцыя па рускай народнай казцы «Воўк і сямёра казлянят».
Закончылася свята літаратурнай віктарынай «Пра якія гэта кніжкі?», на пытанні якой дзеці адказвалі весела і дружна.
Самым актыўным удзельнікам уручаны прызы — кнігі.
Свята кнігі закончылася, але кніжчын тыдзень працягваўся. У яго рамках у школе, бібліятэцы прайшоў ранішнік «Добры казачнік Чукоўскі”, прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Зацікаўленая аўдыторыя сабралася і на канферэнцыю чытачоў па кнізе беларускага пісьменніка Л.Прокшы «Выстралы над ярам», прагляд літаратуры і бібліяграфічны агляд «З днём нараджэння, Радзіма!».
Л.Курбан.
Сельскае жыццё. – 1987. – 26 лютага
Дапамагае супрацоўніцтва і дружба
Нядаўна на «Дні адкрытых дзвярэй», што адбыўся ў Круглянскай сярэдняй школе, госці па-добраму пазайздросцілі мясцовым настаўнікам іх цеснаму супрацоўніцтву з дзіцячай бібліятэкай. Менавіта такое ўражанне склалася пасля таго, як пабывалі на акцябрацкім зборы, у якім прымала ўдзел загадчыца дзіцячага аддзела бібліятэкі Л. В. Курбан. Як кажуць, ажывалі кнігі.
- Так, мы працуем у цесным кантакце з настаўнікамі,— згаджаецца Ларыса Валянцінаўна — бо ў нас жа адны задачы: выхаванне сапраўдных грамадзян нашага грамадства...
І ў гэтай справе яна, здаецца, нястомна. Пры непасрэдным удзеле Ларысы Валянцінаўны ў бібліятэцы вось ужо другі год укараняецца перадавы вопыт г. Выбарга па эстэтычнаму ўсенавучу школьнікаў. Яны ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы, прывіваюць любоў да кнігі. Варта, напрыклад, успомніць нядаўнія кніжчыны імяніны.
Дарэчы, яны адбыліся не толькі ў цэнтральнай, але і ва ўсіх сельскіх бібліятэках. І ўсюды былі насычаны цікавымі, захапляючымі мерапрыемствамі, збіралі шмат аматараў кнігі. У гэтым ёсць асабістая заслуга Л.В.Курбан, якая часта сустракаецца з сельскімі бібліятэкарамі, аказвае ім практычную дапамогу.
- Граматны спецыяліст, прафесіянал у сваёй справе, ды яшчэ і грамадскі актывіст, — гаворыць пра Л.В.Курбан старшы бібліятэкар-метадыст ЦБС С.I.Вадап'ян. — Яна старшыня нашага прафкома.
Гэта таксама аб многім сведчыць. Значыць, знайшла Ларыса Валянцінаўна сваё прызнанне і ў дзяцей, і ў калектыве. А наперадзе ў яе шмат новых творчых задумак, ажыццяўляць якія дапамагае цеснае супрацоўніцтва з настаўнікамі, сапраўдная дружба з рабятамі.
Г.Сальнікава.
Сельскае жыццё. – 1989. – 18 мая
Фотарэпартаж. Сустрэча членаў літаратурнага аб’яднання “Світанак” (В.Бяляцкага, С.Круцікавай, З.Мілешчанкі, С.Вадап’ян) з юнымі чытачамі бібліятэкі. 1987 год.
1990-1999гг.
У 90-х гадах вялася работа па выкананню праграм “Моладзь”, “Дзеці і падлеткі”, “Экалогія”, “Спадчына”, “Родная мова”, “Міласэрнасць”. Прыярытэтным напрамкам у рабоце бібліятэкі стала адраджэнне нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны. Значна ўзрасла цікавасць да гісторыі Беларусі ў чытачоў бібліятэкі. Бібліятэка праводзіла шмат мерапрыемстваў па гісторыі краіны, абуджэнню нацыянальнай свядомасці, мерапрыемстваў краязнаўчага характару.
У цікавае захапляючае падарожжа па роднаму краю запрашала выстава, разгорнутая ў чытальнай зале. Нібыта шчырая гаспадыня, суправаджала гасцей па гарадах і вёсках Беларусі цацка-лялька, што сустракала кожнага чытача хлебам-соллю на саматканым рушніку. Кнігі, альбомы, матэрыялы з газет і часопісаў, падзелкі з саломкі і льну, што размясціліся на паліцах, запрашалі рабят да роздуму, нараджалі цікавасць да больш глыбокага знаёмства з зямлёй, на якой жывеш.
У 1990г. у бібліятэцы ўдзялялі ўвагу святкаванню 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны і 45-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У 1994г. упершыню бібліятэка прымала ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства і друку. Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, былі самымі разнастайнымі. Размова вялася аб старажытных каранях нашай нацыянальнай культуры і пісьменнасці. На кніжных паліцах і стэлажах была адлюстравана літаратура аб Францыску Скарыну і яго друкарскай дзейнасці, аб жыцці і асветніцкай справе Ефрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага.
Штат бібліятэкі на канец 90-х гадоў складаўся з пяці чалавек: Нікіценка Алена Іванаўна (заг. бібліятэкі), Данькова Вольга Паўлаўна і Станкевіч Таццяна Леанідаўна (бібліятэкары чытальнай залы), Лукашэвіч Валянціна Фёдараўна і Касачова Ларыса Браніславаўна (бібліятэкары абанементаў).
З успамінаў Алены Іванаўны Нікіценка
“З 1990 года я працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі. Вялася актыўная работа па прапагандзе кнігі сярод дзяцей і падлеткаў.Шмат увагі ўдзялялася арганізацыі вольнага часу дзяцей.У час летніх канікул праводзілася работа ў прышкольным лагеры. Дзеці запрашаліся ў клубы па інтарэсах «Вдохновение» - эстэтычнага напрамку і клуб аматараў казкі «Казка».
Працаваў пакой казак, дзе для дзяцей былі прадстаўлены беларускія, рускія казкі і казкі замежных пісьменнікаў.Тут жа праходзілі пасяджэнні клуба «Казка». Дзеці з цікавасцю праглядалі дыяфільмы ,ляпілі і малявалі любімых казачных герояў. На мерапрыемствы запрашаліся выхаванцы школы-інтэрната.
Больш цікавай і разнастайнай стала работа бібліятэкі пасля з'яўлення камп'ютэра. Пры правядзенні экскурсій і масавых мерапрыемстваў выкарыстоўваліся навукова-пазнавальныя дыскі, музычныя запісы, гульні. Больш якаснай стала работа ў дапамогу школьнаму навучанню. Актыўна выкарыстоўваліся ў рабоце наглядныя дапаможнікі па сусветнай мастацкай культуры.
У царстве каралевы-кнігі
Напярэдадні свята дзіцячай кнігі, як заўсёды гэта бывае ў дні школьных канікул, у дзіцячым аддзеле цэнтральнай бібліятэкі адбыўся «Тыдзень дзіцячай кнігі». Ён уключыў у сябе самыя розныя цікавыя мерапрыемствы: чытацкія канферэнцыі з абмеркаваннем кніг Л.Прокшы «Стрэлы над ярам» і Г.Медынскага «Гонар», віктарыны «Ці ведаеце вы творы Міхася Лынькова?» і «Любімыя дзіцячыя кнігі». Дарэчы, пад такой жа назвай аформлена ў нас і выстаўка твораў папулярных дзіцячых аўтараў, як савецкіх, так і замежных.
Асабліва спадабалася ўсім мерапрыемства «Усе кнігі — у госці да нас», якое прымяркоўвалася да адкрыцця тыдня. Адбылося яно ў актавай зале Круглянскай сярэдняй школы і таму, вядома, актыўны ўдзел у ім прынялі і бібліятэкары дзесяцігодкі Л.М.Блізнякова і Т.М.Фурс.
Трэба адзначыць, таксама, і старанне піянерважатага В.I.Бяляцкага, ён жа кіраўнік школьнага лялечнага гуртка. Менавіта лялечным спектаклем па казцы «Кот і ліса» пачалося мерапрыемства. Вельмі добра тут «увайшлі» у ролі вучні малодшых класаў Сяргей і Андрэй Цішуровы, Алена Яўціхеева, Таццяна Бандарчык і іншыя рабяты. Ім шчыра і доўга апладзіравалі. Таксама спадабалася і яшчэ адна пастаноўка школьнікаў пад кіраўніцтвам В.I.Бяляцкага — сцэнка «Кот і гультай».
Адным словам, весела было ў той дзень у школе. Музыка, смех, танцы. Кружацца ў вальсе Чабурашка, Мальвіна, Чырвоная Шапачка, іншыя персанажы з любімых казак. Прыгожыя касцюмы іх былі старанна і з любоўю падрыхтаваны самімі школьнікамі. А самым актыўным былі ўручаны прызы-узнагароды.
Вядома, сярод узнагароджаных былі і тыя, хто і па фармулярах самыя актыўныя чытачы — вучаніцы шостых класаў Марына Целячкун, Наташа Старавойтава, Алена Багданава, а з малодшых школьніц, бадай, няма роўных Алесі Юзафатавай. Канешне, ёсць і многія-многія іншыя рабяты.
І ўсе яны зноў прыйдуць у сваю бібліятэку, каб прыняць удзел у Міжнародны дзень дзіцячай кнігі ў гульні-віктарыне «У царстве каралевы-кнігі». Тут усіх жадаючых чакаюць цікавыя падарожжы з прыпынкамі «Бібліятэчны», «Кніжны», «Аўтарскі» і «Пераможны». А гэта значыць — будуць новыя сустрэчы з любімымі кнігамі.
А.Нікіценка.
Сельскае жыццё. – 1990. – 31 красавіка
2000-2004гг.
З 2001 года работа бібліятэкі накіравана на выкананне мэтавай праграмы “Крыніца духоўнасці”.
Увесь час работнікі бібліятэкі імкнуцца знайсці цікавыя формы прапаганды кнігі, каб прывабіць чытачоў да бібліятэкі і чытання. Сталі традыцыйнымі Тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі, дні сямейнага адпачынку, дні бібліятэкі, разнастайныя конкурсы і гульнявыя праграмы. З 2000г. пры бібліятэцы працуюць клубы па інтарэсах “Пазнайка” і “Тэт-а-тэт”. Шмат цікавага і карыснага пазнаюць юныя чытачы ў час пасяджэнняў . Дапамогу ў рабоце клуба “Пазнайка” аказвае настаўніца пачатковых класаў Станкевіч Таццяна Уладзіміраўна. Сумесна з дзецьмі яна актыўна рыхтуецца да кожнага мерапрыемства. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў клубе па інтарэсах “Тэт-а-тэт”, вучаць падрастаючае пакаленне здароваму ладу жыцця, адказнасці за свае ўчынкі, дзеянні, міласэрнасці, дабрыні, любові і беражлівым адносінам да роднай зямлі. Значны ўплыў на сённяшні вобраз дзіцячай бібліятэкі і змест яе работы аказвае ўкараненне новых камп’ютэрных тэхналогій. Бібліятэка праводзіць прагляды мультымедыйных носьбітаў інфармацыі, працуе над стварэннем камп’ютэрнай праграмы “Дзіцячая аналітыка”. Работнікі бібліятэкі імкнуцца закладваць асновы той інфармацыйнай культуры, якая неабходна юным чытачам сёння і будзе яшчэ больш неабходна заўтра.
У 2000 годзе бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Таццяна Леанідаўна Станкевіч перамагла ў абласным конкурсе “Бібліятэкар - 2000”.
У 2001 годзе работнікі плённа працавалі над афармленнем альбома “З калыскі над Друццю”, прысвечанага жыццю і творчасці А.Р.Кобец-Філімонавай, знакамітай зямлячкі, дзіцячай пісьменніцы. Пры падвядзенні вынікаў ІІ тура раённага агляду-конкурсу “Праз спадчыну – да сябе” ад 29.05.01 гэтая работа была адзначана грашовай прэміяй і граматай.
Разам адзначаем 70-годдзе з дня нараджэння А.Р.Кобец-Філімонавай
2002 год быў юбілейным для бібліятэкі. Яна адзначыла сваё 50-годзе. Юбілей – гэта цудоўны выпадак зазірнуць у мінулае, успомніць пра тых, хто ствараў бібліятэку, хто на працягу 50 год прывіваў дзецям любоў да кнігі, рабіў вольны час школьнікаў больш змястоўным і цікавым. Пра гэта вялася размова ў час свята, якое было прымеркавана да Дня бібліятэк. Сярод гасцей былі намеснік старшыні райвыканкама М.А.Бяляеў, заг.аддзела культуры Л.А.Суперфін, работнікі ўсіх аддзелаў ЦБ і сельскія бібліятэкары. Было сказана шмат добрых слоў і віншаванняў у адрас работнікаў дзіцячай бібліятэкі. Прыемна было атрымаць у падарунак карціны і насценны гадзіннік. Павіншаваць сваіх бібліятэкараў прыйшлі і юныя чытачы – сябры клуба “Пазнайка”. Яны падрыхтавалі да свята літаратурную кампазіцыю і ўручылі работнікам дзіцячай бібліятэкі кветкі.
Фотарэпартаж са свята, прысвечанага 50-годдзю дзіцячай бібліятэкі
Дасягнуць добрых вынікаў у працы дапамагае цеснае супрацоўніцтва з калектывамі школ і дзіцячых садкоў, музеем, школай мастацтваў, цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва. Але самае галоўнае – у бібліятэцы працуюць цудоўныя, адданыя сваёй справе людзі: Таццяна Уладзіміраўна Шапачкіна (заг. бібліятэкі), Алена Іванаўна Нікіценка, Валянціна Фёдараўна Лукашэвіч, Ларыса Браніславаўна Касачова, Алеся Леанідаўна Галыга.
А.Нікіценка, Л.Касачова, Т.Шапачкіна
Касачова Л.Б., Нікіценка А.І., Лукашэвіч В.Ф., Цалавальнік О.В.
Супрацоўніцтва цікавае і плённае
Заўсёды цікава і шматлюдна ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы. Тут вам дапамогуць з выбарам патрэбных кніг, падкажуць і параяць, што лепш, больш зразумела і карысна чытаць дзіцяці ў пэўным узросце. Прыемныя і ветлівыя ў абыходжанні супрацоўнікі біблітэкі. Гэта і яе загадчыца Т.У.Шапачкіна, і бібліятэкары В.Ф.Лукашэвіч, А.І.Нікіценка, Л.Б.Касачова, В.У.Цалавальнік.
Вось ужо на. працягу 4-х гадоў працуе пры бібліятэцы клуб “Пазнайка”. Рабяты з 3 “Б” з’яўляюцца яго членамі. Наогул наша супрацоўніцтва з бібліятэкай цікавае і плённае. Мы сумесна праводзім святы і іншыя мерапрыемствы, як у бібліятэцы, так і ў школе. Гэта – “Кніжчын тыдзень”, “У гасцях у казкі”, “Па старонках вясёлых расказаў”, “Дзіцячыя газеты і часопісы”. Штогод 1 верасня павіншаваць рабят з Днём ведаў, правесці з імі літаратурны ўрок і расказаць аб навінках дзіцячай літаратуры прыходзяць да нас бібліятэкары. І гэтыя сустрэчы збіраюць школьнікаў усіх пачатковых класаў. Вучні бачылі ў бібліятэцы і рэпрадукцыі карцін Траццякоўскай галерэі, і пазнаёміліся з тым, як ствараюцца Дыснееўскія мультфільмы. Тут заўсёды да паслуг рабят выставы навукова-пазнавальнай літаратуры і навінак дзіцячых кніг. Пагэтаму невыпадкова ў бібліятэцы шмат юных чытачоў. І не толькі дзеці, але і іх бацькі ахвотна прымаюць удзел, напрыклад, у такіх мерапрыемствах, як “Дзень сямейнага адпачынку”.
А калі не так даўно дзіцячай бібліятэцы споўнілася 50 гадоў, павіншаваць яе супрацоўнікаў прыходзілі і рабяты з 3 “Б”. Хочацца ад імя школьнікаў і сябе асабіста выказаць шчырую ўдзячнасць гэтым людзям за іх прафесіяналізм, уменне падысці да кожнага дзіцяці, імкненне зрабіць прыход рабят у бібліятэку радаснай падзеяй, а сумесную работу са школьнікамі - карыснай, цікавай і плённай.
Т.Станкевіч.
Сельскае жыццё. – 2002. – 11 снежня
У 2003 годзе дзіцячая бібліятэка прымала ўдзел у другім туры абласнога конкурсу “Край мой – Магілёўшчына” і у стварэнні паўнатэкставай базы даных “Кругляншчына: мінулае і сучаснае”. Работнікі бібліятэкі збіралі матэрыял для гэтага конкурсу, апрацоўвалі яго і ўносілі ў базу даных. Мэтанакіравана і сістэматычна бібліятэка працавала над выкананнем праграмы маральна-этычнага накірунку “Крыніца духоўнасці”. Праведзены шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года добраўпарадкавання. У студзені споўнілася 65 год з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці. Да гэтай даты была праведзена гістарычная гадзіна “Магілёўская вобласць: мінулае і сучаснае”. У гэтым годзе ўкараняўся ў практыку работы бібліятэкі вопыт работы дзіцячага аддзела Бабруйскай раённай бібліятэкі па рабоце з дзіцячым чытачом “Крок насустрач”. Пры бібліятэцы працавала два клуба па інтарэсах: “Пазнайка” – клуб пазнавальна-забаўляльнага характару, “Тет-а-Тет” – меў маральна-этычны накірунак.
У 2004 годзе бібліятэка прымала ўдзел у зборы матэрыяла для другога тура абласнога конкурсу “Край мой – Магілёўшчына”. Работнікамі чытальнай залы створана картатэка “Подросток в современном мире”.
Мэтанакіравана і сістэматычна бібліятэка працавала над выкананнем праграмы маральна-этычнага накірунку “Крыніца духоўнасці”.
2005-2010гг.
У 2005 годзе бібліятэка прымала ўдзел у збору матэрыяла для III тура абласнога конкурсу “Край мой - Магілёўшчына”. А таксама ў стварэнні паўнатэкставай базы даных “Кругляншчына: мінулае і сучаснае”. Працоўнікамі бібліятэкі распрацавана мэтавая праграма “У лёсе прыроды – наш лёс” на 2006-2009 гг.
У 2006 годзе ўдзельнічалі ў чарговым туры Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і III туры абласнога конкурсу “Край мой - Магілёўшчына”. Работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне выбараў Прэзідэнта РБ, святкаванне Года Маці і Года СНД. Пры бібліятэцы створаны клуб па інтарэсах экалагічнага характару “Лесавічок і К”.
У 2007 годзе прымалі ўдзел у чарговым туры Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і III туры абласнога конкурсу “Край мой – Магілёўшчына”. Вялася работа па стварэнню паўнатэкставай базы даных “Кругляншчына: мінулае і сучаснае”. Работа бібліятэкі была накіравана на святкаванне Года дзіцяці, у рамках якога было праведзена свята “Калі смяюцца дзеці”, аформлена кніжная выстава “Твои права подросток”, праведзена гадзіна прававых ведаў “Каждый ребёнок должен знать…”.
У 2008 годзе работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне Года здароўя, святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча. Рэспублікай праводзіліся розныя акцыі: “Здоровый я – здоровая страна”, інфармацыйна-асветніцкая кампанія “Здоровье женщин – здоровье нации”, акцыі “Беларусь против табака”, “День трезвости”, “СНІД і смяротная эстафета” у якіх бібліятэка прымала удзел. Работнікамі бібліятэкі былі аформлены розныя бібліятэчныя выставы, праводзіліся мерапрыемствы: выстава-агляд публікацый “Наркомания: от отчаяния к надежде”, бібліятэчная выстава-прагляд “За экалогію здароўя”, урок здароўя “Мы зарядку делали – прыгали и бегали”, пазнавальная гадзіна “Ведаць, каб не спатыкнуцца”, бібліятэчная выстава “Не загубі свій лёс” і г.д.
У 2009 годзе бібліятэкарамі вывучаўся і ўкараняўся ў практыку работы перадавы бібліятэчны вопыт Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. У.І. Леніна па экалагічнаму выхаванню малодшых школьнікаў. Работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне Года моладзі, Года права, на святкаванне 85-годдзя ўтварэння Круглянскага раёна, 65-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь, вобласці і Круглянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выдадзена лістоўка “З практыкі работы дзіцячага аддзела па экалагічнаму выхаванню дзяцей”. Распрацавана мэтавая праграма па экалогіі “В судьбе природы – наша судьба” на 2010-2011гг.
У 2010 годзе работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, святкаванне 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнае выхаванне моладзі. У бібліятэцы афармляліся кніжныя выставы: “Выбяры будучае для сябе”, “Жыві цяперашнім – думай аб будучым”, “Зроблена ў Беларусі са знакам якасці”. Бібліятэкарамі праведзена планавая праверка бібліятэчнага фонду. У канцы года ўведзена новая платная паслуга “Арганізацыя і правядзенне Дня імянінніка”.
2011-2015 гг.
У 2011 годзе бібліятэка прымала ўдзел у раённым конкурсе “Утульнасць – справа непрыватная” па стварэнню эстэтычнага інтэр’ера і добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі і конкурсе на лепшае вядзенне дакументацыі бібліятэкі. Работа бібліятэкі накіроўвалася на правядзенне Года прадпрымальнасці, Міжнароднага Года моладзі, Года гісторыка-культурнай спадчыны.
Бібліятэка прыняла ўдзел у акцыі “Першакласнік, стань чытачом бібліятэкі”.
Распрацавана мэтавая праграма экалагічнага характару “Войди в природу с чистым сердцем” на 2012-2013гг.
У 2012 годзе бібліятэка ўдзельнічала ў абласным конкурсе на лепшую пастаноўку дзіцячых бібліятэк па папулярызацыі беларускай мовы “Родная мова – бясцэнная спадчына”, у якім атрымала Заахвочвальны Дыплом у намінацыі “Арыгінальнасць і прафесіяналізм выставачнай дзейнасці”.
Бібліятэкары прымалі ўдзел у акцыях “С книгой в летнем рюкзаке” і “С книгой на скамейке”.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Ты и профилактика” праведзена слайд-прэзентацыя “Я выбираю жизнь”. К Году кнігі, бібліятэкарамі афармляліся кніжныя выставы “Читали папы, мамы, теперь читаем мы!”, “Сплотить семью поможет мудрость книги”, “Читаем детям перед сном”, “Лето в стране Читалии”.
У 2013 годзе была распрацавана і ўкаранёна аўтарская праграмма “Приглашение к чтению”. Пачата праца па стварэнню медыятэкі “Медиатека – помощник ребёнку и педагогу”.
Бібліятэка працавала па мэтавай праграме “Войди в природу с чистым сердцем”. Работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне Года ашчаднасці. Бібліятэкарамі аформлена кніжная выстава “2013 – Год бережливости”, праведзены урок ашчаднасці “Береги, экономь, умножай”.
У рамках рэспубліканскай праграмы “Электронная Беларусь” дзіцячая бібліятэка атрымала 5 кампьютэаў, чорна-белы і каляровы прынтар. Укаранена у практыку работы праграмма ALIS WEB па абслугоўванню чытачоў, падлучаны інтэрнэт і ёсць свая электронная пошта. Бібліятэка ўдзельнічала ў экалагічным форуме, прымеркаванаму да году экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя, які праходзіў у г. Бабруйску. Рапрацавана мэтавая праграма экалагічнага напрамку “Жить в согласии с природой” на 2014-2016 гг.
Дзіцячая бібліятэка атрымала Дыплом Круглянскага раённага выканаўчага камітэта ў намінацыі “Лучшее подразделение государственного учреждения культуры в 2012 году”.
У 2014 годзе распрацавана і ўкаранёна ў практыку работы бібліятэкі аўтарская праграма “Чытаем беларускую кнігу”.
Работа бібліятэкі была накіравана на правядзенне Года гасціннасці. Бібліятэкарамі падрыхтаваны і праведзены акцыі: “Задолжникам бой!”, “С книгой на скамейке”, “Вместе с книгой – в Новый год”.
У бібліятэцы праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 90-годдзя ўтварэння Круглянскага раёна, 490-годдзя з першага ўпамінання г.п. Круглае ў пісьмовых крыніцах.
Да 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь, Магілёўскай вобласці, Круглянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аформлена выстава-памяць “Кнігі – абпаленыя вайной”, праведзены: урок мужнасці “Дарога ў неўміручасць” (да 90-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза А.С. Лукашэвіча) і літаратурна-музычнай кампазіцыі “Дзеці і вайна”.
2015 год быў накіраваны на рэалізацыю праекта “Жывое ў вяках беларускае слова”.
У гэтым годзе ў Беларусі праходзілі выбары Прэзідэнта РБ, да гэтай падзеі была аформлена тэматычная паліца “Жыві цяперашнім – думай аб будучым”.
Да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне падрыхтаваны: франтавы рэпартаж “Праз горыч да Перамогі” і аформлена выстава-хроніка “Вайной спапялёныя гады”.
Супрацоўніца дзіцячай бібліятэкі Вікторыя Падаляк прымае ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Бібліятэка – мой лёс”, у якім ўзнагароджана граматай у намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”.
Бібліятэка прымае ўдзел у абласных “Дажынках”.
Супрацоўнікамі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк з дзецьмі праведзены бібліятэчны флэшмоб “Читай, Круглое!”, які прайшоў пад дэвізам “Читать сегодня модно, посещать библиотеку престижно. Читай, Круглое”.
У рабоце выкарыстоўваліся новыя формы, такія як: музычны аўтограф, відэаўрок, слайд-гульня, віртуальная экскурсія.
2016-2020 гг.
У 2016 годзе дзіцячая бібліятэка працуе па мэтавай праграме “Жыць у згодзе з прыродай”.
Работа накіравана на правядзенне Года культуры, выхаванне ў будучага пакалення патрыятычнага гонару і павагі да Айчыны, захаванне гістарычных і культурных багаццяў Беларусі;
Праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 75-годдзю абароны г. Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; да 30-годдзя з дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.
Распрацаваны і ўкаранёны праект “Данесці скарб – нашу родную мову". У рамках праекту выдадзены буклеты “Чалавек вялікай душы і таленту” (к 95-годдзю з дня нараджэння И.Шамякіна), “Сейбіт дабра і справядлівасці” (к 105-годдзю з дня нараджэння В.Віткі), “Незлічоныя скарбы хараства” (к 115-годдзю з дня нараджэння В.Вольскага), “Свет паэзіі М. Багдановіча” (к 125-годдзю з дня нараджэння М. Богдановича).
Супрацоўнікі бібліятэкі правялі акцыі “Библиотека в гостях у детского сада”, “Счастье быть читателем”. У перыяд летніх канікул для дзяцей працаваў відэасалон “Герои книг – герои мультфильмов”.
У 2017 годдзе работа дзіцячай бібліятэкі накіравана на выкананне комплекснай мэтавай праграмы “Бібліятэка – цэнтр культуры і інфармацыі”, на правядзенне Года навукі, на святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, прапаганду дзейнасці і неацэннай спадчыны беларускага першадрукара Ф. Скарыны, іншых дзеячаў нацыянальнай культуры, асветнікаў і выдаўцоў.
Ідзе работа па мэтавай праграме “Прырода – наша жыццё".
Бібліятэкарамі распрацаваны і ўкаранёны праект “Са спадчынай продкаў – у будучыню”. У рамках гэтага праекта прайшла сустрэча з беларускім празаікам Мікалаем Мікалаевічам Чарняўскім і выдавецтвам " Народная асвета”, букчэлендж “Лепшыя кнігі вачыма пісьменнікаў”.
Сустрэча з беларускім пісьменнікам М.М.Чарняўскім
Супрацоўнікамі бібліятэкі праведзены акцыі “Читающая остановка”, “Персонажи книг у нас в гостях”.
За плённую і творчую працу па арганізацыі цікавага вольнага часу дзяцей і падлеткаў і ў сувязі з 65-годдзем дзіцячай бібліятэкі бібліятэка была ўзнагароджана ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
У 2018 годзе ў дзіцячай бібліятэцы распрацаваны і ўкаранёны праект "Виват, каникулы!” Мэта якога – арганізацыя вольнага часу і занятасці дзяцей у канікулярны час.
Сумесна з работнікамі ЦБ і ЦКС была падрыхтавана і праведзена тэматычная праграма “Хатынь: 75 гадоў з дня трагедыі”. Так жа сумесна з работнікамі ЦБ праведзены: інфармацыйная гадзіна "Камсамол у памяці маёй”, краязнаўчы ўрок “Падарожжа жыве ў вяках”, гадзіна краязнаўства "Кругляншчына – адзіная непаўторная".
Кожны год дзіцячая біблятэка праводзіць розныя мерапрыемствы к Міжнароднаму дню сям'і. На гэты раз супрацоўнікамі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк было праведзена сямейнае свята “Шчаслівая сям'я – здаровая сям'я!”.
Да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі, работнікі бібліятэкі традыцыйна падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне “Кніжкіны імяніны".
Цесна супрацоўнічала дзіцячая бібліятэка з карэкцыйна-развіваючым цэнтрам, штомесяц для дзяцей дадзенай катэгорыі праходзілі розныя мерапрыемствы.
У 2019 годдзе работа бібліятэкі накіравана на правядзенне мерапрыемств к Году малой радзімы, а таксама мерапрыемств, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь, Магілёўскай вобласці і Круглянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На працягу некалькіх гадоў дзіцячая бібліятэка супрацоўнічае з выдавецтвам “Народная асвета”. На гэты раз на сустрэчу з маленькімі чытачамі прыехала пісьменніца Ірына Токарава.
Сустрэча з пісьменніцай І.Токаравай
Сумесна з цэнтральнай бібліятэкай арганізавана шэсце “З кнігай па вуліцах горада”, якое шырока асвячалася ў мясцовай газеце “Сельскае жыццё”. У рамках шэсця праведзена акцыя “З кнігай у вобразе”.
Да Міжнароднага Дня абароны дзяцей у дзіцячым садку №7 для дашкольнікаў была праведзена гульнявая праграма “Няхай лета звонкае смяецца”. А на плошчы каля РДК дзейнічала летняя пляцоўка “Кніга на лужку”.
У 2020 годзе дзіцячай бібліятэкай распрацаваны і ўкаранёны праекты “Свободное время – интересно и с пользой” і “Библиотека для особого ребёнка”.
На абанеменце для 5-9 класаў арганізаваны міні рэтра-музей “Назад у СССР”. Экспазіцыя музея, прысвечаная савецкай эпосе, складаецца з розных рэчаў, кніг, альбомаў і тэхнічных сродкаў (магнітафонаў, друкаванай машынкі, прайгравальніка), звязаных з перыядам СССР. Экспанаты дазваляюць акунуцца ў мінулае.
Супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі праведзена акцыя “Читательская ленточка”. Чытачы стварылі ў бібліятэцы сімвалічнае дрэва, завязаўшы на ім рознакаляровыя стужачкі, якія распавялі пра тое, што яны любяць чытаць.
Арганізаваны цыкл віртуальных выстаў-аўтографаў “Ад аўтара з любоўю…”. На працягу тыдня наведвальнікі сайта і сацыяльных сетак знаёміліся з жыццём і творчасцю пісьменнікаў, а таксама кнігамі, на якіх пісьменнікі пакінулі аўтографы і добрыя словы – пажаданні чытачам і супрацоўнікам бібліятэкі.
Да 85-годдзя з дня нараджэння мясцовага паэта М.Кушнярова для вучняў старэйшых класаў праведзены час паэтычнага настрою “Матывы любові, матывы жыцця”.
К 75-годдзю з дня Перамогі ў чытальнай зале была аформлена фотазона “75 лет Великой Победе”.