СУПРАЦОЎНІКІ БІБЛІЯТЭКІ
Панцюхова Аляксандра Цімафееўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1953 года па май 1956 года.
Аляксандра Цімафееўна з’яўляецца першым арганізатарам дзіцячай бібліятэкі. Працоўны стаж на гэтай пасадзе ў яе невялікі (з 1953 год па май 1956 год), але, дзякуючы яе арганізацыйнаму таленту і творчай актыўнасці, бібліятэка ў хуткім часе набыла сваё аблічча. Яна стала цэнтрам бібліятэчнага абслугоўвання дзяцей.
Ахрамюк (Кунец) Зінаіда Яфімаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1960 года па 1967 год.
Нарадзілася 6 мая 1936 года ў в.Навапруддзе. У бібліятэку пайшла працаваць пасля заканчэння Магілёўскага культасветвучылішча (масавае аддзяленне) 15 студзеня 1960 года на пасаду загадчыцы дзіцячай бібліятэкі. Загадчыца Круглянскай хаты-чытальні, загадчыца Цяцерынскай сельскай бібліятэкі, загадчыца дзіцячай бібліятэкі, загадчыца чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі, загадчыца перасоўным фондам Круглянскай бібліятэкі, загадчыца Казіміроўскай сельскай бібліятэкі, загадчыца Грыбінскай бібліятэкі, бібліятэкар школьнай бібліятэкі Грыбінскай СШ – гэта тыя ўчасткі, дзе яна працавала. У гэтую справу ўкладвала сваю душу, вопыт і веды. З мэтай павышэння свайго прафесійнага ўзроўню ўжо ў сталым узросце Зінаіда Яфімаўна закончыла завочна Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна.
Чарткова (Новікава) Ніна Нікіфараўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1964 год па 1984 год.
Нарадзілася 20 лютага 1932 года ў в.Халюблін Чэрыкаўскага раёна. 8 верасня 1964 года яна пайшла працаваць на пасаду загадчыцы дзіцячай бібліятэкі. Яна аддала гэтай установе культуры шмат энергіі. І хаця Ніна Нікіфараўна мела толькі незакончаную спецыяльную адукацыю, працавала кваліфікавана і творча. Была надзелена майстэрствам зносін з людзьмі, глыбока разумела псіхалогію дзяцей і падлеткаў. З 1975 года па 1984 год ёй быў давераны такі адказны ўчастак работы як абанемент дзіцячай бібліятэкі.
Гронская (Матлахова) Зінаіда Васільеўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1967 года па 1975 год.
Нарадзілася 30 чэрвеня 1948 года ў в.Завацкая Слабада Магілёўскага раёна. На Кругляншчыну прыехала ў 1966 годзе пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна. Працоўны стаж пачала ў Ляснянскай сельскай бібліятэцы. Праз год яе перавялі працаваць у дзіцячую бібліятэку. Адметныя рысы яе характару – незвычайная сціпласць і адначасова шчодрасць душы. Дзякуючы яе энергіі, у дзіцячай бібліятэцы праходзіла шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Зінаіда Васільеўна ўвесь час турбавалася, як лепш арганізаваць кніжныя выставы, правесці тэматычныя, літаратурныя вечары, канферэнцыі, імкнулася задаволіць просьбы сваіх чытачоў.
Шчарбакова Валянціна Іосіфаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1968 года па 1995 год.
Нарадзілася 6 снежня 1943 года ў Шклоўскім раёне. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна ў 1968 годзе прыехала на Кругляншчыну, дзе ёй прапанавалі працаваць бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы. Душэўная, мудрая, вясёлая, творчая, адказная, яна хутка стала сваім чалавекам у калектыве. З дзіцячым чытачом яна адпрацавала 27 год. За гэты час зарэкамендавала сябе добрасумленным і творчым работнікам, шмат рабіла для таго, каб дзеці пасябравалі з кнігай і сталі актыўнымі чытачамі бібліятэкі. У 1989 годзе за шматгадовую і добрасумленную працу Валянціна Іосіфаўна ўзнагароджваецца медалём “Ветэран працы”. Працоўны стаж закончыўся ў Альшаніцкай сельскай бібліятэцы.
Шкіндзерава Галіна Іванаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1975 года па 1985 год.
Нарадзілася ў 1947 годзе ў г.п.Круглае. Амаль 30 гадоў аддала Галіна Іванаўна бібліятэчнай справе. Яна бібліятэкар па прызванні і па прафесіі.
Пачынала свой працоўны стаж у 1971 годзе ў раённай цэнтральнай бібліятэцы. Але большую частку свайго працоўнага стажу Галіна Іванаўна прысвяціла рабоце з дзецьмі. 10 гадоў займала пасаду загадчыцы дзіцячай бібліятэкі. У той жа час з’яўлялася членам раённага аддзялення кнігалюбаў. Гавораць, што ёсць талент ад Бога. Менавіта такі талент у Галіны Іванаўны. “Наша Іванаўна”, – так яе называлі ў калектыве. Патрэбна дадаць, што апошняе дзесяцігоддзе працоўнага стажу цесна звязана з дзіцячым чытаннем, таму што працавала Галіна Іванаўна ў той час у бібліятэцы Круглянскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Курбан Ларыса Валянцінаўна
Працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі з 1985 года па 1990 год.
Нарадзілася 5 красавіка 1957 года ў г.п. Круглае. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1974г.) вырашыла, што будзе бібліятэкарам. Яе выбару радаваліся бацькі. Яна паступае ў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага на бібліятэчны факультэт. Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры некаторы час працавала ў бібліятэцы Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута. А потым зноў вярнулася на Кругляншчыну. 20 гадоў адпрацавала ў Круглянскай ЦБС.
Працаваць давялося амаль ва ўсіх аддзелах цэнтральнай бібліятэкі, ў т.л. і загадчыцай дзіцячай бібліятэцы..
З 2003 па 2012 год працавала намеснікам дырэктара ЦБС.
Ларыса Валянцінаўна ніколі не была раўнадушнай, заўсёды шукала штосьці новае, цікавае. Яна ўнікала ў жыццёвыя праблемы калектыву бібліятэк сістэмы, імкнулася парадамі, добрымі словамі падтрымаць у бядзе і ў радасці. Шчодра дзялілася сваімі ведамі і вопытам з маладымі бібліятэкарамі, дапамагала ім ва ўсім.
Нікіценка Алена Іванаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1984 года па 2008 год.
Нарадзілася 14 красавіка 1961 года.
Пасля заканчэння школы (1978г.) працавала ў Круглянскай цэнтральнай бібліятэцы ў аддзеле камплектавання і завочна вучылася ў Казанскім інстытуце культуры. У 1984 годзе ёй прапанавалі працаваць бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы. Дзесяць год працавала загадчыцай. З 2001г. працавала ў чытальнай зале. Вяла работу клуба па інтарэсах “Тэт-а-тэт”.
Алена Іванаўна ўлюблёны ў сваю справу чалавек. Заўсёды была ў акружэнні хлапчукоў і дзяўчынак. За вельмі кароткі тэрмін яна асвоіла камп’ютэр, да якога цягнуцца дзеці. І ўсё ж Алена Іванаўна імкнулася больш далучыць іх да літаратуры. З гэтай мэтай праводзіла розныя мерапрыемствы, у якіх актыўна ўдзельнічалі юныя чытачы.
Лукашэвіч Валянціна Фёдараўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1990 года па 2008 год.
Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна ў 1973 годзе Валянціна Фёдараўна прыйшла працаваць у Елькаўшчынскую сельскую бібліятэку. З 1975 года па 1990 год працавала ў розных аддзелах цэнтральнай бібліятэкі. І толькі пасля таго, як набыла пэўны вопыт работы, прыйшла працаваць у дзіцячую бібліятэку. З 2006 года была загадчыцай дзіцячай бібліятэкі.
Валянціна Фёдараўна – добрай душы чалавек, заўжды спакойная, вытрыманая, гатовая прыйсці на дапамогу таму, хто ў гэтым адчувае патрэбу. Яна лічыла, што кожнаму дзіцяці патрэбна свая кніга, тая, якая адзавецца ў яго душы.
Мацюшкова Любоў Мікалаеўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1995 года па 1997 год.
Нарадзілася 1 сакавіка 1969 года ў в.Боўсевічы Круглянскага раёна. Лёс распарадзіўся так, што паступіла яна ў бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна ў 1984 годзе. Гады вучобы сфарміравалі круг яе інтарэсаў, зрабілі яе духоўна багатым і цікавым чалавекам, канчаткова сфарміравалі любоў да прафесіі бібліятэкара. І гэтая прафесія стала сэнсам яе жыцця і творчага натхнення. Першыя самастойныя крокі на бібліятэчнай ніве былі зроблены ў Заазерскай сельскай бібліятэцы Бялыніцкага раёна, дзе давялося ёй працаваць пасля заканчэння тэхнікума. Потым працавала ў гарадской бібліятэцы імя К.Маркса г.Магілёва. Па сямейных абставінах ёй давялося перамяніць месца жыхарства. Так з 1990 года яна працавала ў Круглянскай раённай бібліятэцы. Давялося працаваць у аддзеле камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі кніжнага фонду; аддзеле бібліятэчнага маркетынгу; аддзеле абслугоўвання і інфармацыі, дзіцячай бібліятэцы, намеснікам дырэктара. У 1996 годзе закончыла Мінскі інстытут культуры. З 2003 года па 2006 год – дырэктар Круглянскай ЦБС. У дзіцячай бібліятэцы працавала бібліятэкарам на абанеменце, дзе абслугоўвала дзяцей 5-9-х класаў. Сваім юным чытачам яна імкнулася аддаваць цяпло свайго сэрца, каб тыя, ў сваю чаргу, адчувалі, што тут у бібліятэцы яны жаданыя госці і змогуць заўсёды атрымаць патрэбную інфармацыю.
Дударава Вольга Феліксаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1992 года па 1999 год.
Нарадзілася 14 лютага 1972 года ў в.Лавуткі Круглянскага раёна. Пасля заканчэння Скуратаўскай васьмігодкі паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна. Паспяхова яго закончыўшы, вярнулася на Кругляншчыну. Працоўны стаж пачала ў Альшаніцкай сельскай бібліятэцы. Усяго адзін год працавала ў аддзеле камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі кніжнага фонду. Нягледзечы на малады ўзрост і адносна невялікі стаж работы, Вольга Феліксаўна хутка паспела заслужыць аўтарытэт і павагу ў калектыве работнікаў Круглянскай ЦБС. У 1996г. закончыла Мінскі інстытут культуры. Працоўны стаж у дзяцячай бібліятэцы налічвае сем гадоў. Толькі на першы погляд чалавеку недасведчанаму можа падацца, што абслугоўваць дзяцей лягчэй і прасцей, чым дарослых чытачоў. Якраз наадварот. Менавіта, юныя чытачы маюць асабістую патрэбу ў кваліфікаванай падказцы, парадзе. Вольга Феліксаўна паспяхова спраўлялася са сваімі абавязкамі. Па сямейных абставінах памяняла месца жыхарства і работы.
Станкевіч Таццяна Леанідаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1997 года па 2001 год.
Нарадзілася 5 кастрычніка 1974 года ў г.п.Круглае. Пасля заканчэння адзінаццацігодкі паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна. Пасля заканчэння вярнулася на радзіму. Невялікі час працавала аператарам размнажальнай тэхнікі, бібліятэкарам у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу, бібліятэкарам аддзела абслугоўвання і інфармацыі, аддзеле камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі кніжнага фонду, бібліятэкарам чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі. Закончыла Мінскі ўніверсітэт культуры.
У 2001 годзе Таццяна Леанідаўна выйшла замуж і пераехала жыць у г.Магілёў. Але па-добраму можна пазайздросціць юным чытачам, якіх абслугоўвала Т.Станкевіч у тыя гады, калі працавала ў бібліятэцы. Перш за ўсё гэта сапраўдны прафесіянал. Сведчанне гэтаму – яе перамога ў абласным конкурсе “Бібліятэкар - 2000”. Нямала сіл і часу затраціла на падрыхтоўку да такога прэстыжнага мерапрыемства. І, як аказалася, недарэмна. Разам з дыпломам першай ступені яна прывезла з Магілёва яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый.
Касачова Ларыса Браніславаўна
Працуе ў дзіцячай бібліятэцы з 2000 года.
Нарадзілася 22 чэрвеня 1968 года ў в.Бураўшчына Круглянскага раёна. Пасля заканчэння Загаранкаўскай сярэдняй школы ў 1985 годзе ўладкавалася на работу ў Загаранкаўскую сельскую бібліятэку. Але папрацаваўшы, зразумела, што катастрафічна не хапае спецыяльных ведаў. Таму ў 1986 годзе паступіла на завочнае аддзяленне ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна і у 1988 годзе атрымала дыплом, які пацвердзіў, што яна кваліфікаваны спецыяліст. Часта можна пачуць: “Усё ў гэтым свеце адносна...” І немагчыма з гэтым не згадзіцца. Здаецца, што гэта было зусім нядаўна, а задумаешся – прайшоў ужо не адзін дзесятак год, як працуе яна бібліятэкарам.
Гэта бібліятэкар, які заўсёды дапаможа сваім чытачам у цяжкую хвіліну. Бібліятэкар, які вядзе свайго чытача па акіяну кніг. Яна з’яўляецца лепшым дарадчыкам і сябрам дзяцей, заўсёды ведае, якія кнігі патрэбны яе чытачам. З 2000 года Ларыса Браніславаўна працуе ў дзіцячай бібліятэцы на пасадзе бібліятэкара абанемента для дзяцей 5-9 класаў.
Шапачкіна Таццяна Уладзіміраўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 2001г. па 2006г.
Нарадзілася 5 студзеня 1967 года ў в.Ракушава Круглянскага раёна. Працоўны стаж Таццяны Уладзіміраўны пачаўся з 1984 года ў Ракушаўскай сельскай бібліятэцы. Завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна. Яшчэ тады сфарміравалася яе жыццёвае крэда: раз трэба – значыць трэба, і калі рабіць, то рабіць на “выдатна”. Яна кіраваляся гэтымі прынцыпамі заўжды. У любую справу ўнасіла нешта новае, сваё, і яно станавілася сапраўды творчым, па-сапраўднаму захапляла іншых калег. Прафесійная актыўнасць і рознабаковасць Т.Шапачкінай садзейнічала супрацоўніцтву дзіцячай бібліятэкі са школамі. Шмат мерапрыемстваў, якія праходзілі у школах, праходзілі з удзелам бібліятэкі.
Цалавальнік Вольга Уладзіміраўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1999 года па 2003 год , з 2008 года па 2020 год.
Нарадзілася 11 красавіка 1978 года ў г.п. Бялынічы. З 1997 па 1999 год навучалася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме імя А.С. Пушкіна. Пасля заканчэння Вольга Уладзіміраўна працавала бібліятэкарам на абанеменце і ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі. Некаторы час працавала бібліятэкарам-метадыстам аддзела бібліятэчнага маркетынгу, бібліятэкарам Цяцерынскай сельскай бібліятэкі. З 2008 года працавала загадчыкам дзіцячай бібліятэкай. У 2012 году без адрыву ад вытворчасці атрымала вышэйшую адукацыю.
Энергічная, дапытлівая, за час працы імкнулася ўкараніць усё новае і перадавое, каб павялічыць цікавасць дзяцей да бібліятэкі. У сваёй працы выкарыстоўвала новыя інфармацыйныя тэхналогіі, што спрыяла правядзенню мерапрыемстваў у бібліятэцы і за яе межамі на высокім прафесійным узроўні.
Зараз Вольга Уладзіміраўна – дырэктар ДУК “Круглянская цэнралізаваная бібліятэчная сістема”.
Падаляк Вікторыя Уладзіміраўна
Працуе ў дзіцячай бібліятэцы з 2003 года.
Нарадзілася 28 лютага 1983 годзе ў г.п. Круглае. У 2000 годзе скончыла Круглянскую сярэднюю школу і паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна.
У раённую бібліятэку Вікторыя Уладзіміраўна прыйшла працаваць у 2003 годзе на пасаду інжынера ПЭВМ, аператарам размнажальнай тэхнікі. У гэтым жа годзе была пераведзена ў дзіцячую бібліятэку. Працавала на пасадзе бібліятэкара абанемента 1-4классаў, бібліятэкара чытальнай залы. Арганізавала і вяла работу клуба па інтарэсам “Пазнайка”, праводзіла разнастайныя масавыя мерапрыемствы, экскурсіі па бібліятэцы для маленькіх чытачоў.
У 2023 годдзе стала загадчыкам сектара па абслугоўванню дзіцячага чытача.
Вікторыя Уладзіміраўна з творчасцю і захапленнем падыходзіць да сваёй працы.
Луцковіч Вольга Васільеўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 2006 года па 2012 год.
Нарадзілася 13 ліпеня 1981 года ў г.п. Круглае, Магілёўскай вобласці. У 1998 годзе скончыла Круглянскую сярэднюю школу і паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна.
У Круглянскай ЦБ працавала з 2005 года бібліятэкарам-аператарам. З 2006 года па 2009 год бібліятэкарам на абанеменце 1-4 класаў дзіцячай бібліятэкі. З 2009 года па 2010 год працавала на пасадзе аператара капіравальнай размнажальнай тэхнікі. З 2010 год па 2012 год Вольга Васільеўна – загадчык дзіцячай бібліятэкі. Без адрыву ад вытворчасці атрымала вышэйшую адукацыю.
Вольга Васільеўна прымала актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні раённых мерапрыемстваў і свят аддзела культуры, буйных масавых мерапрыемстваў з дзецьмі і падлеткамі.
Кухлеўская Таццяна Міхайлаўна
Працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 2009 года па 2013 год.
Нарадзілася 30 ліпеня 1973 года ў г.Слаўгарад, Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Слаўгарадскай школы паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
Таццяна Міхайлаўна працавала бібліятэкарам Цэнтральнай бібліятэкі, бібліятэкарам Альшанічскай бібліятэкі. З 2009 года па 2013 год працавала ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі.
Таццяна Міхайлаўна зарэкамендавала сябе добрасумленным, выканаўчым, творчым работнікам. Яна праводзіла розныя пазнавальныя масавыя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў. Усталявала цесную сувязь з карэкцыйным цэнтрам. Удзельнічала ў выкананні новай платнай паслугі "Настрой будзе клас!" - выклік міні-тэатра на дом.