Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава "Пачатак жыцця на беразе Друці"
Аб рэсурсе
Прапануем Вашай увазе электронны рэсурс "Пачатак жыцця на беразе Друці". Дадзены праект адкрывае для чытачоў новыя магчымасці атрымаць інфармацыю аб жыцці і творчасці дзіцячай пісьменніцы, перакладчыцы, даследчыцы беларускага кінамастацтва, ураджэнкі Круглянскага раёна, Алене Рыгораўне Кобец-Філімонавай. У дадзенага рэсурса не толькі інфармацыйна-асветніцкая мэта. Яго місія заключаецца ў захаванні памяці і папулярызацыі культурнай спадчыны Алены Рыгораўны. Рэсурс знаёміць з біяграфічным нарысам, матэрыяламі з кніг, энцыклапедый, артыкуламі з газет і часопісаў пра нашу зямлячку, фотаздымкамі, інфармацыяй з сайтаў, спісам крыніц. Асноўныя раздзелы: «Біяграфічныя звесткі», «Успаміны з дзяцінства», «Творчы шлях і літаратурная дзейнасць пісьменніцы», «Рыгор Якаўлевіч Кобец», «Кнігі з аўтографам», «Публікацыі ў СМІ», «Фотаздымкі», «Відэаматэрыялы», «Бібліяграфічныя выданні ЦРБ», «Спіс крыніц». Прадстаўленыя звесткі могуць быць няпоўнымі або ўтрымліваць недакладнасці. З мэтай дапаўнення і ўдакладнення інфармацыі, просім адгукнуцца тых, хто валодае адпаведнымі звесткамі. Будзем удзячны за дапамогу.
Біяграфічныя звесткі
Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава (сапр. Кобец) нарадзілася 13 кастрычніка 1932 года ў мястэчку Круглае Магілёўскай вобласці. Празаік. Член СП Беларусі з 1965 года. Дачка пісьменніка Рыгора Кобеца. Да школьнага ўзросту маленькая Алена знаходзілася ў сваякоў у г.п. Круглае і г. Бялынічы. У 1939 годзе пайшла ў школу, але вучобе перашкодзіла вайна. Пасля вызвалення Беларусі жыла ў Мінску, вучылася тут у школе. У 1947 годзе перавялася ў музычную школу-дзесяцігодку імя Л. Александроўскай, якую скончыла ў 1952 годзе. У школьныя гады Алена была рамантычнай дзяўчынкай з вялікімі шэрымі вачыма (якія будучы муж Віталь Філімонаў называў «блюдцамі»), з доўгай русай касой і з вялікім чорным бантам. Яна любіла хадзіць вечарамі і марыць, любіла чытаць вершы А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, С.Я. Надсана, любіла змрок, цемру, не любіла сонечнае святло. Нават спрабавала пісаць рамантычныя вершы:
О, небо, небо, как ты молчаливо, Таинственно и строго. Душа моя – душа твоя – Мне также холодно и пусто, Мне также грустно, грустно…
Две капли утренней росы Дрожат на розе нежной, Ты этих слёз не утирай, Проказник ветер резвый. Не ты виновник этих слёз, Другого любит роза, Придёт он скоро и утрёт На нежной розе слёзы.
З 1953 года працавала выкладчыцай музыкі дзіцячага фартэп’яннага гуртка пры гарнізонным Доме афіцэраў. У 1954-55 г.г. займалася ў музычным вучылішчы пры кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава (Ленінград). У 1955 годзе спрабавала паступіць у Ленінградскую кансерваторыю, але яе не прынялі як дачку «ворага народа». Каля паўгода жыла ў г.Выбаргу Ленінградскай вобласці, была выкладчыцай музычнай школы, потым у Краявым Доме настаўніка, дзіцячай музычнай школе ў Стаўрапалі (1956-57г.г.). Калі вярнулася ў Мінск, выкладала музыку ў Цэнтральнай дзіцячай музычнай школе (1958-1964). У 1964-66 г.г. у сувязі з камандзіроўкай мужа жыла ў Грэцыі, вучылася ў Афінскай кансерваторыі, брала платныя ўрокі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1965 года. У 1969 годзе скончыла аддзяленне Беларускай дзяржкансерваторыі імя Луначарскага па класу фартэп’яна, у 1971 г. – Вышэйшыя літаратурныя курсы пры літаратурным інстытуце імя М. Горкага. Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-72г.г.), рэдактарам выдавецтва «Юнацтва» (1981-83г.г.). З лютага 1994 года Алена Рыгораўна займала пасаду старшыні Менскай гарадской асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій, а з верасня таго ж года – прэзыдэнт грамадскага аб'яднання “Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій”. Памерла Алена Рыгораўна 15 чэрвеня 2013г. у Маскве. Друкавацца пачала з 1959 года. (У часопісе «Вясёлка» № 11 была надрукавана казка «Песня больш не хлусіць»). У 1973 годзе ў Маскве выйшла першая аповесць А. Кобец-Філімонавай «Жаваранкі над Хатынню», пабудаваная на дакументальнай аснове. У тым жа годзе разам з будаўнічым атрадам ПТВ чыгуначнікаў паехала на камсамольскую будоўлю ў адзін з саўгасаў краіны. У выніку з’явілася аповесць «Блакітны экспрэс». У 1978 годзе ездзіла ў творчую камандзіроўку ў Забайкалле і напісала мастацкі твор пра будаўнікоў БАМа «Агні за перавалам». У 1987 годзе абодва гэтыя творы выйшлі пад адной вокладкай, як раман «Агні за перавалам». Напісала А. Кобец-Філімонава і шмат казак, якія вучаць любові да Радзімы, дабрыні, сціпласці, працавітасці. Па сцэнарыю А. Кобец-Філімонавай у 1973 годзе пастаўлены мультфільм «Вася Буслік і яго сябры» («Беларусьфільм»). Яна аўтар драматычных твораў (п’есу «Блакітны экспрэс» паставіў Мінскі Тэатр юнага гледача), складальнік (у сааўтарстве) зборніка беларускай паэзіі «Земля с лазурными очами», аўтар нарысаў пра Грэцыю «У каралеўстве… але не казачным», мастацкіх перакладаў з грэчаскай паэзіі («Макронісас» Я.Рыцаса), вершаў, якія адрасаваны пераважна для дзяцей. Спачатку Алена Рыгораўна пісала на беларускай і рускай мовах, пасля толькі на беларускай. Творы яе перакладаліся на замежныя мовы. У апошнія гады пісьменніца шмат зрабіла для ўзнаўлення памяці пра бацьку – драматурга Рыгора Кобеца. Яна пісала ўспаміны пра яго і друкавала іх у перыядычных выданнях. Гэта публікацыі: «Вехі лёсу», «Скрозь чорную хмару», «Да 100-годдзя Рыгора Кобеца», «Письма из ссылки» (1958-1960г.г.), «Як Кароль Лір і Шут з ім сышлі з экрана ў Іерусаліме» і іншыя. Па ітогу Алена Рыгораўна выпусціла выданне “Выбраныя творы”. Яе творы ўключаны ў зборнікі «Кніжка-малышка», «Вяснянка», «Верасок», «Сказки белорусских писателей», «Песенки-чудесенки», аўтарскі зборнік В. Сярых «Певунок». У часопісе «Беларусь» (1971. - № 10) змешчаны артыкул А.Р.Кобец-Філімонавай «На рыбаковым возеры» пра жыхара в. Паўлова Круглянскага раёна Міхаіла Андрэевіча Рыбакова. Сям’я Кобецаў – літаратурная сям’я. Прадоўжыў сямейную традыцыю і сын Алены Рыгораўны – Дзмітрый Філімонаў, журналіст-самародак, які зараз працуе рэдактарам аддзела расследванняў газеты «Версия» (г.Масква). Як вызначала сама Алена Рыгораўна, здольнасці яго – дар божы – перайшлі ад любімага дзеда Рыгора Кобеца, партрэт якога выкананы ўнукам яшчэ ў школьныя гады. Уклад пісьменніцы ў развіццё беларускай дзіцячай літаратуры адзначаны дзяржавай. Па даручэнню сакратара ЦК КПБ тав. А.Т. Кузьміна імя Алены Рыгораўны Кобец-Філімонавай унесена ў «Беларускую энцыклапедыю. Т.8» (Мн., 1999), бібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі. Т.3» (Мн., 1994), хрэстаматыю «Беларуская дзіцячая літаратура» (Мн., 1996), «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.3» (Мн., 1986), даведнік «Беларускія пісьменнікі. (1917-1990)» (Мн., 1994).
Успаміны з дзяцінства
- Круглае - Дзед Антон - Голад - Пратэст - Ераплан - На дальнем мосточке - Хатка на ўзгорку - Чарнасліў
Рыгор Якаўлевіч Кобец
Рыгор Якаўлевіч Кобец (сапраўднае імя Сандыга Міхаіл Мусіевіч; псеўданім Грыша Лахматы, Грышка Лахматы, Рыгор Лахматы). Нарадзіўся ў Елісаветградзе (Кіраваградзе) у 1898 годзе. Памёр у Мінску ў 1990 годзе, пахаваны на Паўночных могілках. Драматург, празаік, член СП Беларусі з 1935 года. Член Саюза кінематаграфістаў Беларусі з 1967 года. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935 г.). Бацька пісьменніцы А. Кобец-Філімонавай.
З сям’і рабочага. Бацька, Мусій Іванавіч Сандыга, беларус, паходзіў з беззямельных сялян, працаваў у прыватнай пякарні. Маці, Мотра Юхімаўна Драч, украінка, служыла кухаркай у паноў, пасля – у саматужнай пякарні. Р. Кобец нарадзіўся, калі Мотра Юхімаўна яшчэ не была замужам, таму звалі яго Міхайла Драч, з 1918 – Міхаіл Мусіевіч Сандыга. Дзяцінства Р. Кобеца прайшло ў Елісаветградзе. З 8-мі гадоў яго аддалі ў царкоўна-прыходскую школу, адкуль ён, дзякуючы добрай вучобе, перавёўся ў народнае рамесніцкае вучылішча, потым у Елісаветградскае рэальнае вучылішча. На пачатку імперыялістычнай вайны ён уцёк на Аўстрыйскі фронт (1914-1916г.г.), паранены вярнуўся дамоў. Пасля шпіталю здаў экстэрнам экзамены за чатыры класы рэальнага вучылішча. Працаваў у Елісаветградзе. Нейкі час быў звязаны з анархістамі, выконваў іх заданні. У сувязі з гэтым у 1928 годзе мусіў памяняць прозвішча, імя і імя па бацьку на Кобец Рыгор Якаўлевіч. У гады грамадзянскай вайны служыў у чырвонаармейскім Брацкім палку, які фарміраваўся ў Елісаветградзе. Пасля ўступіў у рады Чырвонай гвардыі. Прымаў удзел у ліквідацыі банд. У 1919 годзе ваяваў у асобным кавалерыйскім дывізіёне Першай Коннай арміі С. Будзённага. З 1921 года, пасля дэмабілізацыі, жыў у Беларусі. Працаваў і вучыўся ў вячэрнім рабочым тэхнікуме. З 1927 года член КПСС. 27 мая 1928 года на станцыі Негарэлае ад імя рабочага класа Беларусі вітаў сваёй прамовай М. Горкага. Як актыўны рабкор накіраваны ў газету «Рабочий», дзе загадваў сельгасаддзелам (1929-30г.г.). У 1929 годзе разам з М. Галадзедам і В. Чарвяковым удзельнічаў у калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Друкавацца Р. Кобец пачаў у 1918 годзе ў елісаветградскіх газетах. У беларускім друку творы Р. Кобеца з’явіліся ў 1923 годзе (часопіс «Прафдрук»). Пісаў пераважна на рабочую тэму. У 1925 годзе ўступіў у рускую секцыю «Маладняка» – «Звенья», у 1929 годзе – у «Маладняк». Напісаны ў 1925 годзе верш «Паравоз» пакладзены на музыку, стаў папулярнай камсамольскай песняй. У 1929 годзе ён напісаў першую п’есу аб рабочым класе Беларусі «Гута» (пастаўлена ў 1930 годзе БДТ-1, тады ж паказана на 1-ай Усесаюзнай алімпіядзе мастацтваў у Маскве). З 1931 па 1937 год Р. Кобец працаваў кансультантам, загадчыкам сцэнарнага аддзела на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. Ствараў сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў («Ураган», «Двойчы народжаны»). Напісаў музычную камедыю «Шчаслівы бераг», якая ставілася ў Ленінградскім тэатры музкамедыі. У 1933 годзе Р.Кобец паехаў у творчую камандзіроўку ў Бірабіджан пісаць сцэнарый сатырычнай кінакамедыі «Шукальнікі шчасця». Кінафільмы «Двойчы народжаны» (1933г.) і «Шукальнікі шчасця» (1936г.), створаныя па яго сцэнарыях, з вялікім поспехам ішлі па ўсёй краіне і за рубяжом, увайшлі ў «залаты фонд» савецкай кінематаграфіі. У 1935 годзе Р. Кобец разам з І. Барашкам напісаў сцэнарый фільма «Дняпро ў агні» пра забастоўку палескіх плытагонаў напярэдадні рэвалюцыі 1905 года (экр. 1937г.). У 1938 годзе Р. Кобец незаконна быў арыштаваны ў Бірабіджане. У 1939 годзе апраўданы і ў 1939-41 гадах жыў у Хабараўску. Па даносу ў 1942 годзе быў зноў арыштаваны і сасланы на 10 гадоў ў сібірскія лагеры «за непачцівыя адносіны да асобы Сталіна». З 1951 года на пажыццёвым пасяленні ў кіргізскіх стэпах. У 1958 годзе вярнуўся ў Мінск. У 1960-м поўнасцю рэабілітаваны «за адсутнасць у яго дзеяннях складу злачынства». У 1964 годзе стварыў аповесць «Ноеў каўчэг», дзе расказаў аб пакутах і мужнасці рэпрэсіраваных у сібірскіх лагерах (урывак з яе надрукаваны ў 1988 г. у газеце «ЛіМ»). Лепшыя творы Р.Кобеца з’яўляюцца этапным у развіцці беларускай савецкай драматургіі і кінематаграфіі. У іх адлюстравана супярэчлівае станаўленне савецкай улады на Беларусі і ва ўсёй краіне.
РОЗДУМ ПРА ЛЁС БАЦЬКІ (скарочаныя ўспаміны А. Кобец Філімонавай)
Ёсць асобы, аб якіх ведаюць толькі па легендах. Як правіла, гэта яркія, таленавітыя і мужныя людзі, што прайшлі скрозь агонь, ваду і медныя трубы. Такім быў і мой бацька, Рыгор Кобец. Анархіст, дзянікінец, будзёнавец. Ён жа беларускі драматург, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага тэатра і кіно, стварыў сцэнарый сусветна вядомага і адзінага ў свеце фільма аб будаўніцтве Бірабіджана «Шукальнікі шчасця» (які перажыў свайго аўтара). Ён жа і «гулагавец». Рыгор Кобец быў крыху ніжэй сярэдняга росту, вусы былі пышныя, а пасля і бараду адпусціў. Калі грымнула лютаўская рэвалюцыя, мой бацька увайшоў у канфедэрацыю анархістаў групы «Набат». Тады яго акружалі такія людзі, як Барыс Волін, Максюта. Яны сталі яго духоўнымі настаўнікамі і ўцягнулі ў актыўную палітычную барацьбу. Зімой 1920-1921 года ён прымаў удзел у контррэвалюцыйным мяцяжы ў конарміі Будзённага (на той час мой бацька там служыў). Пасля пачаліся арышты. Майму бацьку ўдалося знікнуць. Ён разумеў, што бальшавікі захапілі ўладу надоўга, магчыма, назаўсёды. Трэба было пачынаць новае жыццё. Яму ж усяго толькі дваццаць! І ён, калі перабраўся ў Беларусь, стаў Кобецам. Пачалося новае жыццё пры савецкай уладзе, а гэта быў, хоць і яркі, але вельмі кароткі перыяд. З 1926 па 1936 г. – самы плённы час яго творчасці. У 1930 г. на 1-ай Усесаюзнай алімпіядзе ў Маскве яго п’еса «Гута» з трыумфальным поспехам праўшла па тэатрах усяго Саюза і за мяжой. У 1933 г. на экраны выйшаў першы гукавы і першы на беларускай мове фільм «Двойчы народжаны», які стаў этапным у беларускім кінематографе, а ў 1936-ым – фільм «Шукальнікі шчасця». Абодва кінатворы ўвайшлі ў залаты фонд краіны. Яго творы ставілі вядомыя рэжысёры Е. Міровіч, А. Аршанскі, У. Корш-Саблін. У яго фільмах пачыналі свой творчы шлях Б. Бабачкін, Л. Кміт, М. Цароў, Т. Гурэцкая, А. Барысаў, здымаліся ўжо вядомыя артысты, такія, як В. Зускін, М. Блюменталь-Тамарына, І. Бій-Бродскі. У стварэнні фільма «Шукальнікі шчасця» прымаў удзел С. Міхоэлс. Таленавітага і пладавітага пісьменніка падтрымлівалі старшыня Саўнаркома БССР М. Галадзед і старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. Шмат было творчых задумак у шчаслівага бацькі. І раптам чорнай навалай наляцеў 1937 год. І ўсё абарвалася. Яму, былому анархісту, трэба ратавацца ў першую чаргу. І ён паехаў на Далёкі Усход. Але і там не было паратунку. Яго арыштоўвалі двойчы: у Бірабіджане (1938 г.) і Хабараўску (1941 г.). Асобай нарадай без суда і следства ён быў сасланы ў перавыхаваўчы лагер на 10 год. Спярша ў Тайшэтлаг, затым у Манголію, зноў у Сібір, а пасля пажыццёвая ссылка ў кіргізскіх стэпах. Пра пакуты палітзэкаў у канцлагеры Р. Кобец расказаў у аповесці «Ноеў каўчэг». У 1960 г. Рыгор Якаўлевіч быў поўнасцю рэабілітаваны. Але беларускія камуністы не даравалі яму анархіі. У 1963 г. яго незаконна пазбавілі персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння, забаранілі друкаваць яго лепшыя творы, замоўчвалі яго заслугі ў 30-ыя гады. Гэта быў час, калі заканчвалася кароткая «адліга» і пачыналіся «замаразкі». Новая «траўля» адбілася на здароўі Рыгора Якаўлевіча, і ў 1976 г. ён цяжка захварэў на інсульт. Яму заставалася жыць яшчэ цэлых чатырнаццаць год. 9 снежня 1990 года яго не стала. Прайшло шмат гадоў. Сама гісторыя даказала, што праўда была на баку такіх, як Кобец. Як магутныя белыя лебедзі, што праляцелі скрозь чорную хмару, яны застануцца белымі. У нашай памяці. Назаўсёды. Калі Рыгор Якаўлевіч наведваў мясціны, дзе нарадзілася яго жонка С.А. Кудрэвіч, то знаёміўся з працай птушкаводаў з саўгаса «Круглянскі». Свае нарысы ён змясціў у часопісе «Беларусь» за 1962 г. (№ 2) і 1964 г. (№ 8). Нарысы называюцца «Дзяўчаты нашага саўгаса» і «Круглянскія птушкаводы».
Творчы шлях і літаратурная дзейнасць
У акно ускочыў зайка. Што за зайка? Адгадай-ка! Ён не шэры І не белы, А, як сонца, залаты, І яго не зловіш ты.
Такія дасканалыя, эстэтычна тонкія вершаваныя творы ўваходзяць у зборнік вершаў «Казка пра месяц», якая выдадзена ў 1963 годзе. У вершах радуе чысціня, яснасць дзіцячага погляду («Вершы пра Яся», «Лес смяецца»), непасрэдная цікаўнасць дзяцей да навакольнага свету, уражвае іх цяга ўсё пазнаць сваімі рукамі («Вось няўдача», «Сняжынка», «Белыя мядзведзі», «Каралі»). Гэтыя пазнавальныя, мудрыя і вясёлыя вершы з задавальненнем прачытаюць дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
БЕЛЫЯ МЯДЗВЕДЗІ У малога Федзі Белыя мядзведзі Між ільдзін гуляюць – Федзю не чапаюць. Бо мядзведзі на сцяне, На шаўковым дыване.
СНЯЖЫНКА Упала сняжынка На шчочку Ірынкі – Адразу ж растала, Слязінкаю стала. Смяецца Ірынка, Плача сняжынка.
ВЕЦЕР Вецер стукнуўся аб дах. -Ах-х-х! Аж ад болю застагнаў, Шпарка ў поле паімчаў
КАРАЛІ Мы рабіны наламалі. Будуць Ганначцы каралі. Ай, прыгожыя каралі, Агністыя! Вось іголка, вось і нітка, На ёй ягады. Глядзі-тка: Ай, прыгожыя каралі, Агністыя! На, Гануля, падзівіся, У люстэрка паглядзіся! Ай, прыгожыя каралі, Агністыя!
У 1963 годдзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР на рускай мове выйшла кніга казак «Читайка и гуляйка». Афармленне кнігі зрабіў мастак Барыс Забораў. У кнізе змешчаны казкі пазнавальнага характару, якія вучаць дзяцей цярпялівасці, працавітасці, упартасці ў дасягненні сваёй мэты, вучаць верыць людзям і дапамагаць ім, калі хто з іх апынецца ў бядзе. Толькі той будзе шчаслівы і зможа жыць у краіне Шчаслівых, хто будзе тварыць дабро і дапамагаць іншым быць шчаслівымі. Пісьменніца вучыць, што толькі працавітым і вясёлым дзецям спадарожнічае поспех, а ад лянівай і непаслухмянай Тоні (з казкі «Волшебные лаптики») збеглі нават лапцікі. Дзеці з задавальненнем прачытаюць казкі «Читайка и гуляйка», «Человек, Огонь и Вода», «Смех и плач» і іншыя.
У 1965 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга казак «Семь художников» на рускай мове. Калі прачытаеш яе, дакранешся да чароўнага свету казак, мар, нястрымнай дзіцячай фантазіі, гульні… іншымі словамі – да свету дзяцінства, якое непарыўна звязана з радасцю. Каб стаць добрым мастаком, каб мары ператварыліся ў быль, каб чалавек быў шчаслівы, трэба шмат працаваць, шмат чаго пазнаць і запомніць («Семь художников»). Каб у доме былі добрыя ўзаемаадносіны паміж дзецьмі і бацькамі, трэба зразумець, што ўсім добра, калі ёсць у сям’і згода, што ўсё звязана паміж сабой, што нельга парушыць гэту сувязь дабрыні («Чудесные пятёрки»). Казка «Семь художников» змешчана таксама ў зборніку «Сказки белорусских писателей». Гэта казка атрымала 1-ю прэмію на конкурсе казак на радыёстанцыі «Маяк». Пісьменніца А.Р. Кобец-Філімонава жыла ў Грэцыі ў апошнія гады напярэдадні фашысцкага перавароту, і няма ніякага сумнення у тым, што яна палюбіла гэту краіну. Палюбіла не толькі яе сонца, яе мора, яе неба. Яна палюбіла людзей, якія змагаліся за свабоду Грэцыі.
У 1968 годзе выдавецтва «Беларусь» выпусціла кнігу нарысаў аб Грэцыі «В королевстве… но не сказочном». Гэта кніга, па выказванню грэчаскага патрыёта Костаса Кодзіаса, «з’яўляецца яшчэ адным звяном у ланцугу сувязей паміж савецкім і грэчаскім народам». Аўтар кнігі як бы аб’ектывам кінаапарата выхоплівае розныя кадры з жыцця Грэцыі: людзей, прадметы, падзеі, яе прыроду, мора, вуліцы Афін, Акропаль. Ты ўбачыш, чытач, і Грэцыю Нацыянальнага Супраціўлення, краіну ахвяр і мучанікаў, Грэцыю апошніх гадоў, калі ў ёй разгарнуўся велічны рух за дэмакратычныя перамены. Кніга напісана лаканічна, ярка, з цеплынёй і замілаваннем, з захапленнем і болем аб барацьбітах за свабоду Грэцыі, камуністах Белаянісе, Пятруласе, Ламбракісе, аб людзях, якія па 15-20, а то і па 25 год правялі на катарзе і ў ссылцы, але не здрадзілі ні сваім ідэалам, ні свайму народу. Вясна ў Грэцыі – самая цудоўная пара года. Няма яшчэ нясцерпнай гарачыні. Цвітуць ружы, сосны. Лёгкі вецярок прыносіць з мора запах ёду. На плошчы перад кафедральным саборам маленькая дзяўчынка Афіна просіць міласціну. Служанкі наводзяць красу ва ўладаннях сваіх паноў. Часта на набярэжнай можна бачыць, як рыбакі прама з лодак прадаюць гараджанам свежую рыбу. Рыбак-адзіночка зарабляе нямнога, і ловяць рыбу звычайна арцелямі. Ціхімі вечарамі ў моры гараць ліхтары рыбацкіх лодак, якія выстраіліся вялікім паўкругам. Пакуль адны прадаюць рыбу, другія працягваюць рыбачыць. Хоць рыбы ў моры многа, але з прычыны прымітыўнай тэхнікі лоўлі ўловы невялікія. І таму рыба ў Грэцыі каштуе дорага. Калі чытаеш кнігу, пабываеш на афінскім рынку, без якога цяжка прадставіць сабе сталіцу Грэцыі і саміх афінян; у навагодні вечар пабываеш у гасцях у грэчаскай сям’і дробнага ўласніка, даведаешся аб лёсе жанчын у Грэцыі, аб школах (платных і бясплатных) і навучанні ў іх. Ветлівасць і ахайнасць – неад’емныя рысы грэкаў. Калі жанчына ідзе побач з мужчынам, то мужчына заўсёды нясе сумку. Нідзе не бачна неахайна апранутых людзей. Самы пацёрты касцюм выглядае на іх, як новы, таму што старанна вычышчаны і адпрасаваны, а каўнер і манжэты кашулі ззяюць белізной. Нарыс «Райские гнёзда» апавядае аб арыстакратычным прадмесці Псіхіко, дзе чыстае і празрыстае паветра. Дамы будаваліся тут прама ў гушчы вечназялёных сосен і кіпарысаў. Белыя вілы тонуць у сакавітай зеляніне садоў. Тут багатыя пажынаюць плады працы беднякоў. … Калі ў вас няма ўласнага дома, можна зняць кватэру ў багатага домаўласніка. Калі вы вельмі бедныя, здымеце пакой з вокнамі, якія выходзяць на поўнач. А калі заплаціце больш, у вашы вокны будзе свяціць сонца. Такім чынам, у грэчаскім каралеўстве можна купіць усё, нават… сонца, без якога нельга жыць. «Чаму я пішу аб Грэцыі, – успамінае Алена Рыгораўна. - Таму што не магу не пісаць. Таму што жыла ў гэтай краіне каля двух гадоў напярэдадні фашысцкага перавароту. І тое, што ўбачыла, пакінула глыбокі след у маёй душы, і аб тым, што ўсхвалявала мяне, захацелася расказаць усім». У часопісе «Октябрь» (1968, № 4) надрукаваны урывак з гэтай кнігі «Дорогой Ламбракиса».
Кніга вершаў «Лесной барабан» выйшла ў 1970 годзе ў выдавецтве «Детская литература» на рускай мове. Пераклад з беларускай мовы зрабіла В.Болдырава. Калі прачытаеш кнігу, то пераканаешся, што казка можа быць зусім кароткай – з шасці паэтычных радкоў, што ў вершах можна цікава, займальна расказаць аб тым, што вы назіраеце штогадзінна, штохвілінна ў жыцці. У аўтара гэтых вершаў уважлівы добры позірк, які ўсё заўважае, усё бачыць. Кніга яскрава апавядае аб разнастайным жыцці дзяцей, аб жывой прыродзе, аб дрэвах і кветках. Верш «Письмо Алеси» прысвечаны сыну Дзіму Філімонаву.
ПИСЬМО АЛЕСИ Дорогие дети, дети все на свете! Приезжайте в гости в нашу Беларусь! Я живу в столице, городе-герое, Партизанским краем очень я горжусь. В нашей Беларуси небо голубое, Солнце золотое, а леса, леса!.. Брызнет летом дождик, в лес пробьётся солнце – И зальются птицы на все голоса. А выходишь в поле – голова кружится, Тишина такая, что в ушах звенит. Рожью и пшеницей поле колосится, В заходящем солнце золотом горит. На озёрах синих лодочки чернеют: На рыбалку на ночь вышли рыбаки. А на речках быстрых катера потеют, Рассекают воздух низкие гудки. Хоть моей столице – не одно столетье, Город молодеет с каждым новым днём. Люди даже ночью трудятся на стройках, Чтоб светилась радость в городе моём. Дорогие дети, дети все на свете! Приезжайте в гости в нашу Беларусь! Я живу в столице, городе герое, И родимым краем очень я горжусь. Алеся
Росныя травінкі Падстаўляюць спінкі Залатому ручніку – Сонейку. Гэтым вершам пачынаецца кніга вершаў «Залаты ручнік», якая выйшла ў 1972 годзе ў Мінску ў выдавецтве «Беларусь». Рознакаляровай радугай з вершаў аб раслінах і кветках зіхаціць лета («Васількі», «Рамонак», «Музыка», «Вячык і мячык», «Маліна» і інш.), ласкавай цішынёю вее ад матулінай калыханкі («Калыханка»), увесь свет здаецца белым і ціхім ад белых сняжынак, якія падаюць з неба («Белая цішыня»), а цуды прыроды, калі «гром … грукае заўзята», «у хованкі зоркі гуляюць», здзіўляюць і радуюць шчырыя дзіцячыя сэрцы. І калі вы цікаўныя, кемлівыя і вясёлыя – гэтыя вершы для Вас, дашкольнікі і вучні малодшага ўзросту.
МАЛІНА Ой, маліна ты чырвоная! А ва ўсіх збаночкі поўныя, Ды Пятрок маленькі плача: - Як напоўніць мой гарлачык? Як збіраў Пятрок маліну, З’еў, нябога, палавіну. Ой, маліна ты чырвоная! А ва ўсіх збаночкі поўныя, Ды Пятрок маленькі плача: - Як напоўніць мой гарлачык? І схітрыў тады хлапчына: Наклаў шышык пад маліну. Ой, маліна ты чырвоная, А ва усіх збаночкі поўныя. І Пятрок ужо не плача: Стаў паўнюсенькі гарлачык.
МУЗЫКА На вялізным кантрабасе Жук гудзіць сярдзітым басам. -Жу-жу-бом! Жу-жу-бом! - Водзіць хобатам-смыком. Жаба слухае музыку - Самі скачуць чаравікі!
ГРОМ Хто так грукае заўзята, Аж трасецца наша хата! -Трах-тарарах! Гэта гром грукоча - Напалохаць хоча. – Трах-тарарах! Я заплюшчыў вочы: Грукай, колькі хочаш. Я заціснуў вушы: Вось і не аглушыш! – Трах-тарарах!
У 1974 годзе быў створаны мультфільм «Вася Буслик и его друзья» (1-я частка). Аўтар сцэнарыя гэтага мультфільма А.Р. Кобец-Філімонава. Звяркі: Пеўнік, Зайчык, Ваўчаня, Мішка, Асляня гулялі ў футбол на березе балота. Гуляць жа тут было забаронена. Аб гэтым паведамляла шыльда, якая стаяла каля балота «Асцярожна, балота!». Але звяркі чытаць не ўмелі, таму смела гулялі. Аж пакуль Мішка не зваліўся ў балота і ледзь не ўтапіўся. Тут якраз і падаспеў Вася Буслік. Усе разам яны не пакінулі ў бядзе Мішку. З дапамогай бярозкі выцягнулі бедалагу з балота. А каб болей звяркі не траплялі ў бяду, вырашыў Вася Буслік навучыць іх грамаце. І вось яны едуць у краіну Букварыю, каб вывучыць азбуку.
Кніга займальных арыгінальных літаратурных казак «Вянок дзівосаў» (1986г.) складаецца з 2-х частак. У першай частцы, якая называецца «Кропелькі», змешчаны пазнавальныя мудрыя казкі, якія маленькім дзецям раскрываюць сэнс падзей, сувязь асобных разрозненых з’яў прыроды, радасць жыцця. Вось апавяданне пра лянівую і бесклапотную Зязюлю, якая толькі ад самага рання да вечара лётала па лесе, ела калматых вусеняў, любавалася сабой. Нават яйка падкінула ў чужое гняздо. Прайшоў час. Зязюля пастарэла. Цяжка стала ёй на вусеняў паляваць. І паляцела Зязюлька шукаць сваё птушаня («Зязюльчыны слёзы»). А вось апавяданне пра маленькую, непрыгожую Шэрую птушку, якая вельмі хацела навучыцца спяваць, для чаго кожную ноч прылятала да ляснога возера слухаць чароўную песню блакітных прамянёў. І аднойчы яна заспявала. Голас яе трымцеў і пераліваўся, як серабрыстыя хвалі ў ззянні блакітнага месяца. Завуць гэтую птушку – Салавей («Шэрая птушка»). Здавалася б, якая сувязь паміж булкай, якую есць хлопчык і хмаркай над вёскай? Аказваецца сувязь ёсць, і яе вызначэнне, выяўленне карэнняў з’яў прыносіць дзіцяці радасць («Булька»). Пісьменніца вучыць глыбокаму разуменню сутнасці з’яў.
У другой частцы кнігі змешчаны «Казкі старога Яніса» – аб бязрадасным жыцці дзяцей у далёкай цудоўнай краіне Грэцыі. Гэта кніжка – пра дзядулю Яніса і яго маленькіх сяброў: хлопчыка Нікаса і дзяўчынку Марулю. Дзядуля Яніс, старызнік, вандруе на асле са сваімі сябрамі па Афінах у пошуках старых рэчаў. А вечарамі на сваім паддашку, дзе ён жыве, расказвае сваім сябрам казкі. Казкі старога Яніса аб цяжкім жыцці рабочых, булачніка Антоніса, вандроўных цыган, дзяцей бедных гараджан, якія служаць у багатых паноў і гэтым зарабляюць сабе на жыццё. Гэта Петрас – хлопчык на пабягушках, пастушок Панас – прадавец вады з ільдом. Мары аб будучым увасабляюцца ў навагодняй казцы аб добрым і святым Васіліску, які выйграў у багача ўсё яго багацце, падзяліў пароўну і падарыў людзям у навагоднюю ноч. А жывуць героі гэтай кніжкі ў цудоўнай краіне Грэцыі пад сінім бяздонным небам. Дзеці любуюцца блакітным Эгейскім морам, вяршынямі гор, якія ахутаны шызай смугой.
У 2006 годзе выйшла кніга, прысвечаная бацьку Алены – Рыгору Якаўлевічу Кобецу «Калі ўцякала сонца». Матэрыялы, якія ўвайшлі ў кнігу, пісьменніца збірала ўсё жыццё. Расказала пра тое, як ствараўся першы гукавы і першы беларускамоўны фільм «Двойчы народжаны» (1933), што стаў этапным у беларускім кінамастацтве; паведала пра незайздросны лёс кінафільма «Дняпро ў агні» (1937), які ў самы разгар сталінскіх рэпрэсій быў зняты з экрана як «палітычна шкодны»; пра сусветна вядомую кінакамедыю «Шукальнікі шчасця» (1936), якая ўвайшла ў залаты фонд савецкай кінаматаграфіі і тройчы забаранялася; пра п’есу «Гута» (1929), якая прынесла гучную славу беларускаму тэатру ў 30-я гады (спектакль па п’есе ў пастаноўцы БДТ-1, будучага Купалаўскага тэатра, падзяліў першае месца з Грузінскім тэатрам на Першай Усесаюзнай алімпіядзе тэатральнага мастацтва ў Маскве ў 1930 годзе); пра кінасцэнарый «Паўстанне гневу» (1936), пра героя Грамадзянскай вайны на Палессі — партызана Алеся Салаўя (беларускага Чапаева), які не ўбачыў экрана з-за таго, што былі рэпрэсаваны яго стваральнікі. Чытач даведаецца пра незвычайны і трагічны лёс Р. Кобеца, знакамітага драматурга, удзельніка Першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама Грамадзянскай вайны, які адбываў пакаранне ў лагерах і ссылцы амаль 22 гады за «антысавецкую агітацыю»; пра цікавых людзей з яго акружэння. Даведаецца чытач і пра тое, як пасля перабудовы, напрыканцы XX і пачатку XXI стагоддзя некаторыя недасведчаныя (і дасведчаныя) мастацтвазнаўцы з непавагай ставіліся і ставяцца да культурнай спадчыны Беларусі і пішуць новую гісторыю, наўмысна скажаючы факты. Даведаецца чытач і пра няроўную барацьбу (адзін супраць усіх) пісьменніка з яго «хуліцелямі», якія намагаюцца прынізіць яго чалавечую годнасць, а творчыя здабыткі і заслугі прыпісваюць іншым і нават робяць намаганні выкрэсліць драматурга і яго творчасць з гістрыі беларускай культуры. У творах Рыгора Кобеца адлюстрована эпоха, у якой пісьменнік, як творчая асоба, зрабіўшы шмат для Беларусі, па праву займае віднае месца ў гісторыі яе культуры.
У 2007 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” вышла кніга памяці “Карэльскія Курапаты. 1937 - 1938”. Выданне прымеркавана да 70-годдзя «вялікага тэрору» 1937 года (1937-2007). У кнізе памяці расказваецца пра тое, як у карэльскім урочышчы Сандармох, што пад Мядзвеж’егорскам (Архангельская вобл.), за некалькі дзён было расстраляна 1111 вязняў Салавецкага лагера асобнага назначэння (СЛАН), вывезеных з Салаўкоў па пастанове Тройкі УНКУС Ленінградскай вобласці. Сярод пакутнікаў былі прадстаўнікі амаль усіх народаў СССР, у тым ліку 102 беларуса, і яшчэ 70 беларусаў, якія будавалі Беламорканал, знойдзены ў тым жа ўрочышчы яны былі расстраляны крыху пазней. Былі і іншаземцы. Толькі праз 60 год (1 ліпеня 1997) пошукавыя групы Санкт-Пецярбургскага і Карэльскага «Мемарыялаў» знайшлі месца пахавання расстралянага салавецкага этапу (150 брацкіх магіл) і вязняў Белбалтлага. У кнізе памінаецца і пра тое, як 27 кастрычніка 1997 года ў сувязі з 60-годдзем трагічнай падзеі ў Сандармоху адбылося адкрыцце памятных знакаў, арганізаванае Міжнародным таварыствам «Мемарыял» і Камісіяй па аднаўленню правоў ахвяр палітычных рэпрэсій Рэспублікі Карэлія. Адбылася і акцыя пакаяння. Ёсць у кнізе і архіўныя дакументы-рапарты карных органаў пра выкананне працэдуры расстрэлаў катамі, якія за адну ноч бязлітасна забівалі па 200-250, а то і па 400 чалавек, каб выканаць план, і за гэту бесчалавечную акцыю яны атрымалі падарункі і ўзнагароды. Змешчаны і ўспаміны вязняў ГУЛАГа, якім пашчасціла выжыць, іх творы аб перажытым.
У 2009 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” пры дапамозе ўнука Рыгора Кобеца – журналіста Дзмітрыя Філімонава выйшла кніга, прысвечаная Рыгору Кобецу “Выбраныя творы”. Алена Рыгораўна з’ўлялася складальнікам кнігі. У кнігу ўвайшлі кінасцэнарыі Р.Кобеца, якія ў Беларусі ніколі не друкаваліся, хоць і пастаўлены па іх знакамітыя фільмы (“Двойчы народжаны”, “Шукальнікі шчасця” і інш.), артыкулы, успаміны, лісты з ссылкі, ліставанне з роднымі, сябрамі, успаміны яго сучаснікаў. Прадстаўлены фотаілюстрацыі з сямейнага архіва Р.Кобеца.
МЫ НЕ МОЖАМ ГЭТАГА ЗАБЫЦЬ
«Жаворонки над Хатынью» упершыню выдадзена на рускай мове ў 1973 годзе выдавецтвам «Художественная литература». У 1977 годзе кніга выйшла на беларускай мове. “Мусіць, ні ў адной з войнаў мінулага не выпала такога цяжкага і гераічнага лёсу людзям, якія, не прымаючы непасрэднага баявога ўдзелу, тым не менш змагаліся не на жыццё, а на смерць, як гэта было ў мінулай Вялікай Айчыннай вайне нашага народа. Сапраўды, не будучы салдатамі ў строгім сэнсе гэтага слова, дзеці, жанчыны, старыя рызыкавалі амаль нараўне з воінамі, якія ваявалі на фронце, таму што таксама змагаліся і нярэдка гінулі ў гэтай барацьбе. І ўся справа ў тым, што не змагацца яны не маглі, а фронт іх барацьбы праходзіў тут жа – і не толькі па палях, вёсках, але і па душах і сэрцах тысяч людзей, што насялялі акупаваныя землі нашага Саюза. За свабоду сваёй Айчыны змагаліся ўсе: дарослыя на пярэднім краі і ў партызанскіх атрадах, дзеці і жанчыны дома, ля парога свайго жылля, на вясковай аколіцы. Змагаліся, бо разумелі, што толькі самаадданая супольная барацьба можа вярнуць часова страчаную свабоду. І гэта свабода была адваявана, але плата за яе ў чалавечых ахвярах аказалася такой вялікай, што мы не маем права забыць пра гэта ні сёння, ні калі-небудзь у будучым. Вораг быў дужы і нечувана жорсткі. За самую невялікую правіннасць ці памылку з боку насельніцтва, а тым больш за прамое непаслушэнства ўладам не было літасці ні старым, ні малым. Адказвалі пагалоўна ўсе. Сотні тысяч людзей былі пазбаўлены свабоды і жыцця ў шматлікіх канцлагерах без суда і следства, другія спалены разам з іх жыллём. На месцах сотняў вясковых дамоў засталіся задымленыя коміны ўцалелых ад пажараў печаў. Хатынь – менавіта такая, некалі нічым не адметная вёсачка ў партызанскім краі пад Мінскам, якую спасцігла лютая доля, самая лютая з усіх, якія толькі былі ў мінулай вайне. Ціхім сакавіцкім днём сорак трэцяга года атрад нямецкіх карнікаў акружыў вёску і за некалькі гадзін спаліў яе разам з усімі жыхарамі. Гэта кніга – жывое і бясхітраснае апавяданне аб людзях Хатыні, аб яе бяспрыкладнай трагедыі, аб дзецях гэтай лясной вёсачкі, якія ніколі ўжо не стануць дарослымі. Хто ведае, колькі б выйшла з іх цудоўных людзей працы, навукі, культуры, якімі, можа, ганарыліся б будучыя пакаленні, але вось іх няма – і ніколі ўжо не будзе. Пісьменніца сабрала вялікі матэрыял аб гэтай вёсцы, і хоць сабраць яго было нялёгка, таму што да крыўднага мала засталося жывых сведкаў даваеннага жыцця хатынцаў, ды і самой страшнай трагедыі, апавяданне вызначаецца праўдзівасцю і дастатковай паўнатой. Перад вачамі чытачоў у працы і клопатах праходзіць жыццё двух сялянскіх сем’яў з іх нялёгкім даваенным лёсам, да краёў напоўненым трывогамі і нястачамі ў гады вайны. Чытач убачыць простага, сумленнага, умудронага жыццём дзеда Карабана, бескарыслівага сябра дзятвы і дарадчыка старэйшых; пазнаёміцца са скупа, але дакладна абмаляванымі вобразамі бабулі Тэклі ці няўдачлівага, мітуслівага Пучка. Асобна выдзелены аўтарскай увагай лёс малодшых хатынцаў – Лёксы, Адася, Антося, і як бы ў дапаўненне да гэтага прыведзена апавяданне гарадской дзяўчынкі Анюты пра страшнае жыццё ў акупаваным Мінску, - апавяданне, якое кранае і студзіць кроў сваёй дзіцячай непасрэднасцю. Розныя людзі насялялі гэту вёску, з рознымі схільнасцямі і звычкамі. Але той сакавіцкі дзень сорак трэцяга года аб’яднаў іх усіх адзіным і агульным трагічным лёсам, за якім засталася вечная памяць аб іх, якая, як святыня, зберагаецца народам. На месцы спаленай Хатыні цяпер вялікі дзяржаўны мемарыял, як знак памяці аб заўчасна загінуўшых людзях гэтай вёскі і многіх спаленых у гэту вайну беларускіх сёл. Але самы цудоўны архітэктурны помнік не здольны ва ўсёй паўнаце перадаць нам цеплыню загубленага чалавечага жыцця. Хатынцы нам цяпер як ніколі блізкія, і цікавасць да іх расце. Нам хочацца ведаць, як жылі яны, хочацца адчуць іх чалавечыя трывогі і хваляванні, спазнаць іх надзеі, якім не суджана было збыцца. Для таго і напісана гэта кніга – яна дапамагае лепш зразумець і запомніць тых, каго няма з намі, але чый подзвіг навек будзе асвятляць наша свабоднае жыццё, падаючы прыклад самаадданай любові да сацыялістычнай Радзімы”. Васіль Быкаў
Для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту напісана аповесць «Блакітны экспрэсс», якая ў 1981 годдзе была выдадзена асобнай кніжкай. Каб напісаць гэтую аповесць пісьменніца едзе працаваць з будаўнічым атрадам навучэнцаў прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча. Два месяцы, праведзеныя на камсамольскай будоўлі з будучымі чыгуначнікамі падказалі сюжэт аповесці «Блакітны экспрэс». Твор гэты прываблівае да сябе перш за ўсё тым, што на старонках яго паказана было сучаснае жыццё моладзі, такім, якім яно ёсць на справе. Юнакі і дзяўчаты, якія яшчэ нядаўна жылі ў свеце, у нечым далёкім ад рэальнасці, сутыкнуліся і з добрым, і з благім. Інакш кажучы, адчулі вытворчыя адносіны паміж людзьмі не на словах, а зблізку – на саміх сабе. Галоўная увага сканцэнтравана на тым, як адбываецца працэс згуртавання невялікага калектыву, дзе ўзнікаюць і вырашаюцца канфлікты, дзе байцы будаўнічага атрада набываюць магчымасць як бы ўбачыць саміх сябе, адчуць адказнасць перад людзьмі за кожны свой учынак. Прывабным атрымаўся ў аповесці вобраз галоўнай гераіні- будучай журналісткі Ані Баразны, якая прыехала на практыку ў будаўнічы атрад і хавае сваю прафесію. Яна хоча толькі назіраць за жыццём, каб потым, як кажуць, раскрыць свае карты і прыняць актыўны ўдзел у вырашэнні тых канфліктаў, што узніклі ў атрадзе «Блакітны экспрэс». А яны, канфлікты гэтыя, не такія і простыя, як можа здацца на першы погляд. Справа не ў тым, што маладыя людзі, якія вераць у справядлівасць і праўду, ці не ўпершыню сутыкаюцца з няшчырасцю. Страшна тое, што ўрокі раўнадушша даюцца ім на самым пачатку самастойнай жыццёвай дарогі. Яшчэ больш прыкра, што ніхто іншы, а менавіта камандзір Віктар Дзергачоў аказаўся чалавекам у атрадзе выпадковым. Дзергачоў – Аня, Дзергачоў – атрад. Канфлікты паміж імі вырашае пісьменніца з псіхалагічнай заглыбленасцю ў характары кожнага. Для яе галоўнае – знайсці прычыну таго, чаму чалавек, які павінен выхоўваць іншых, сам патрабуе перавыхавання. І як у супрацьлегласць Дзергачову паказаны байцы яго атрада Антон Беразоўскі, Сарока, Андрэй Лубчонак, Рустамаў і іншыя, такія не падобныя між сабой і адначасова аб’яднаныя жаданнем да ўсяго дайсці самім, адчуць, што такое яно, самастойнае жыццё, на самай справе. Важны ідэйны сэнс набывае ў аповесці адкрыты паказальны сход, на якім у асуджэнні Дзергачова – прыстасаванца, чалавека, словы ў якога заўсёды разыходзяцца са справай, аднадушны і байцы атрада, і самі выхавальнікі. Галоўную ж перамогу атрымлівае Аня, у якой таксама развеяўся туман ружовай ідылічнасці. На старонках аповесці паўстаў яшчэ адзін вобраз – зборны, абагульнены. Гэта вобраз самой працы, якая па-сапраўднаму выхоўвае чалавека, калі ён з адказнасцю ставіцца да даручанай справы, калі жыве не так, як набяжыць, а так, як патрэбна. У 1976 годдзе аповесць атрымала прэмію на рэспубліканскім конкурсе, арганізаваным ЦК ЛКСМБ сумесна з Дзяржкамітэтам па прафадукацыі. Паводле аповесці «Блакітны экспрэс» у 1978 годзе Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага глядача пастаўлены аднайменны спектакль.
«Агні за перавалам» – працяг аповесці «Блакітны экспрэс». У кнізе, якая выйшла з друку ў 1985 годзе, аўтар расказвае пра тое, як беларускія камсамольцы, героі аповесці «Блакітны экспрэс», разам з камсамольцамі іншых рэспублік едуць будаваць Байкала-Амурскую магістраль. Адных прывяло на «будоўлю стагоддзя» імкненне зрабіць свой характар, сваё жыццё, другіх – доўгі рубель, трэціх – жыццёвыя нелады, чацвёртыя паехалі за туманам… Усё гэта той матэрыял, які будоўля пераплавіла ў першапраходца, бамаўца, чалавека са сваім непаўторным характарам. Пісьменніца пераканаўча даказвае: няма голай рамантыкі, ёсць настойлівая праца, якая выкоўвае з аднаго – героя, з другога – прыстасаванца, у залежнасці ад таго якімі маральнымі катэгорыямі жыве чалавек. Аня – гераіня аповесці – дапамагае нам тонка і безпамылкова разабрацца ў характары брыгадзіра Бандарчука, гарлапана і паказушніка. Запамінаецца і муж Ані Рустамаў, і брыгадзір-паэт Рабкоў – людзі сумленныя і чыстыя, якія працуюць без бравады і мітусні. У самым пачатку аповесці чытач даведваецца, што пры дзіўных абставінах загінуў у тайзе – згарэў у палатцы малады шафёр Сергіенка. Падазрэнне падае на Дзергачова, які разам з ім выпраўляецца ў рэйс. Віктар Дзергачоў (потым высвятляецца, што ён ні ў чым не вінаваты) павінен вярнуць сабе добрае імя. Гэта для яго вельмі важна і неабходна, тым больш, што Рустамаў і Аня ведаюць яго несумленны ўчынак у атрадзе «Блакітны экспрэс». Працэс перавыхавання Віктара Дзергачова – галоўны момант у аповесці. Пісьменніца не паскарае яго. Чытач мае магчымасць прасачыць, як гэты, увогуле неблагі чалавек, аднойчы спатыкнуўшыся ў жыцці, шукае сябе, бо хоча адчуць сваю годнасць, хоча быць патрэбным людзям. Віктару ўсё даецца нялёгка – і прызнанне на рабоце, і асабістае шчасце (яго каханне да Руфіны, а потым жаніцьба), але ён імкнецца перайначыць сябе ранейшага. Ён хоча быць і заставацца чалавекам. У аповесці праўдзіва паказана жыццё бамаўцаў – з яго праблемамі і цяжкасцямі, з ягонай неўладкаванасцю і той рамантыкай, якая асветлена святлом вялікай мэты.
Аповесці «Блакітны экспрэс», «Агні за перавалам» перапрацаваны і аб’яднаны ў раман «Агні за перавалам», які выдадзены ў 1987 годзе. У рамане няма стандартнага падыходу да вядомага. Так, «будоўля стагоддзя» рапартавала аб датэрміновым выкананні плана. Так яна гартавала моцныя характары і нараджала рэкорды. Але ці заўсёды можна апраўдаць гераізмам непапраўныя памылкі?... Прыняў жа хтосьці рашэнне, высякаючы прасеку для ЛЭП, зваліць заадно электрычныя слупы, якія забяспечвалі электрычным токам пасёлак. Так было хутчэй, прасцей. Будзе датэрмінова ЛЭП – будуць лаўры і прэміі. Засталіся без святла шэсцьдзесят хат? Дык гэта ж часовыя цяжкасці… Маштабы… Размах… Яны абавязваюць, яны патрабуюць і крыху п’яняць. Лёс пасёлкаў, рэк, лясоў адыходзяць у цень перад важнасцю будоўлі. Пераможцаў не судзяць. Але не даруе прырода памылак чалавеку і помсціць яго ж рукамі. Азлоблены Хвёдар Яроўскі забівае маладога шафёра Сергіенку. Яны не знаёмы, і Хвёдар нічога не ведае аб гэтым хлопцу, якога так любіла брыгада. Але выпадкова сустрэўшыся ў тайзе, ён помсціць будаўніку за сваё нязладжанае жыццё. За тое, што адзіную плямянніцу «забраў БАМ», - паехала на будоўлю. За тое, што за цэлы дзень ён не падстрэліў дзічыны. За гэту трасу, якая бязлітасна перавярнула звыклы ўклад яго жыцця. «Берагчы людзей трэба. Не шкадуем прыроды і іх не шкадуем. Вось і разлічваемся за сваю абыякавасць. Як мала мы ведаем гісторыю гэтага краю, звычаі людзей – а трэба было ўсё прыняць у разлік», - думала Аня. Героі рамана раскрываюцца ў экстрэмальных умовах. У першай частцы – гэта будаўнічы атрад. Тут ёсць і энтузіязм, і юнацкая прыўзнятасць. Але ёсць і безгаспадарчасць, раўнадушна да камсамольскай будоўлі. Камандзір прызнае толькі жорсткі стыль кіраўніцтва. Ён здольны на подласць. Ды і як назваць тое, што ён, настаўнік і камандзір, аблічвае сваіх вучняў-пэтэвушнікаў?.. Узнёслая наіўнасць Ані Баразны… Выклікае прыхільнасць надзейнасць майстра Рустамава… Неспакойная душа Казлова, падлетка, які ўжо спатыкнуўся ў жыцці… Імкненне распараджацца, дыктаваць свае ўмовы камандзіра Дзергачова… Характары. Канфлікт. Сутыкненне. Лёс звядзе іх яшчэ раз – перасякуцца шляхі-дарогі на БАМе. Заные ў Дзергачова старая крыўда на «чысценькіх» Аню і Рустамава. Ускалыхнецца і іх недавер да разжалаванага камандзіра. Тым больш , што ён падазраецца саўдзельнікам у забойстве. Гіне стары кедр. Павыразалі яго братоў, не выжыве і ён. «Дрэвы, як людзі, - думае Аня. – У адзіночку выстаяць цяжка». Героі сталеюць і ўсё часцей задумваюцца аб сваім месцы ў гэтым свеце, аб тым, што пакінуць пасля сябе.
Кніга «Распятая Хатынь», на рускай мове, выйшла ў свет у 2005 годзе, напярэдадні 60-годдзя Вялікай Перамогі. У кнізе Алена Кобец-Філімонава распавядае пра зверствы гітлераўцаў, выкрываючы сутнасць фашызму як тэрарыстычнай дыктатуры, якая нясе зло чалавецтву. «В Святом писании сказано: мир, который сжигает детей Божьих, сам сгорит. И мы должны сохранить мир и покой на земле. А для этого необходимо искоренить фашизм в его зародыше, где бы он ни был», – гэта, па словах аўтара, апавяданне аб тым, як збіраліся дакументальныя матэрыялы для папярэдняй аповесці «Жаваранкі над Хатынню». Тут таксама гаворыцца аб мірным жыцці вёскі з дня яе стварэння і да знішчэння. Чытач даведаецца пра сустрэчы пісьменніцы з партызанамі, ацалелымі хатынцамі. Гэта кніга - эсэ, у якой прадстаўлены невядомыя факты не толькі Хатыні, але і пра іншыя вёскі, сцёртыя з твару зямлі нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аснову «Распятай Хатыні» складаюць дакументы, дзённікі партызан і нямецкіх салдат, лісты ваенных гадоў. Многія з матэрыялаў апублікаваны ўпершыню.
Творы пісьменніцы перакладаліся на кіргізскую, літоўскую, нямецкую, рускую, татарскую і ўкраінскую мовы.
Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава ў 1973 годзе пераклала і выдала з новагрэцкай мовы зборнік вершаў вядомага грэцкага паэта Яніса Ріцоса «Макронисос».
Фотаздымкі
К. Крапіва, А. Кобец-Філімонава, А. Лось, Рыгор Семашкевіч (муж дачкі Я. Брыля) на семінары ў доме Я. Коласа.
г. Масква. Вышэйшыя літаратурныя курсы ім. А. М. Горкага.
А.Р. Кобец-Філімонава з сынам Дзімам. Грэцыя. 1964.
Валянціна - старэйшая сястра Алены. 1930 г.
Лейтэнант Мікалай Кобец (старэйшы сын Р. Кобеца) Франтавой здымак. 1943 г.
Соф'я Аляксееўна, Мікалай, Алена і Яўген. 1946 г.
Бацька Рыгор Якаўлевіч Кобец. 1968 г.
Бацька Рыгор Якаўлевіч Кобец. 1930 г.
Члены секцыі "Мемарыял" Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры 22 сакавіка 2009 ушанавалі памяць загінулых у Хатыні.
Бацька Рыгор Якаўлевіч Кобец.
А.Р.КОБЕЦ-ФІЛІМОНАВА. г.МІНСК. ЧЭРВЕНЬ 1954 г.
ДАЧКА КОБЕЦА АЛЕНА З СЫНАМ ДЗМІТРЫЕМ. 1964 г.
АЛЕНА РЫГОРАЎНА І РЫГОР ЯКАЎЛЕВІЧ НА VI З'ЕЗДЗЕ БЕЛАРУСКІХ ПІСМЕННІКАЎ. КРАСАВІК 1971 г.
Спіс крыніц
Творы
1. Кобец–Філімонава, А. Р. Казка пра месяц : вершы / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. А. Грубіна. — Мінск : Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літаратуры, 1963. — 24 с. : іл.
2. Кобец–Филимонова, Е. Г. Читайка и гуляйка : сказки / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова ; худ. Б. Заборов. — Минск : Редакция детской и юношеской литературы, 1963. — 30 с. : ил.
3. Рэц.: Каваль, М. Тысячы радасцей / М. Каваль // Літаратура і мастацтва. — 1963. — 3 снежня.
4. Кобец–Филимонова, Е. Г. Семь художников : сказки / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова ; худ. Б. Заборов. — Минск : Беларусь, 1965. — 32 с. : ил.
5. Рэц.: Гіль, М. Казкі і казачкі / М. Гіль // Літаратура і мастацтва. — 1965. — 13 красавіка.
6. Кобец–Филимонова, Е. Г. В королевстве… но не сказочном : очерки о Греции / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова. — Минск : Беларусь, 1969. — 176 с.
7. Рэц.: Грахоўскі, С. Пакуты і мужнасць Элады / С. Грахоўскі // Звязда. — 1969. — 23 красавіка.
8. Рэц.: Юревич, В. «Почему я пишу о Греции?» / В. Юревич // Нёман. — 1969. — № 12.
9. Кобец–Филимонова, Е. Г. Сказки старого Яниса / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова. — Минск : Беларусь, 1969. — 48 с.
10. Кобец–Филимонова, Е. Г. Лесной барабан : стихи / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова ; пер. с бел. В. Болдырева ; худ. О. Димидовой. — Москва : Детская литература, 1970. — 32 с. : ил.
11. Кобец–Філімонава, А. Р. Залаты ручнік / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. Н. Паплаўская. — Мінск : Беларусь, 1972. — 19 с. : іл.
12. Кобец–Филимонова, Е. Г. Стой, машинист! : повесть / Елена Григорьена Кобец–Филимонова ; худ. В. Штаркина. — Москва : Детская литература, 1976. — 175 с. : ил.
13. Кобец–Філімонава, А. Р. Жаваранкі над Хатынню : аповесць / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. А. М. Філімонаў. — Мінск. : Маст.літ., 1977. — 160 с. : іл.
14. Рэц.: Яфімава, М. Перад стартам у жыццё / М. Яфімава // Літаратура і мастацтва. — 1978. — 24 сакавіка.
15. Кобец–Філімонава, А. Р. Блакітны экспрэс : аповесць / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. Я. А. Ігнацьеў. — Мінск : Юнацтва, 1981. — 174 с. : іл.
16. Кобец–Філімонава, А. Р. Агні за перавалам : аповесць : для ст.шк. узросту / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. Т. В. Кубліцкая. — Мінск : Юнацтва, 1985. — 160 с. : іл.
17. Рэц.: Левин, А. БАМ, который построили мы / А. Левин // Знамя юности. — 1985. — 12 сентября.
18. Кобец–Філімонава, А. Р. Дзімкава зорачка : апавяданне / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава // Буслы над хатай. — Мінск, 1985.
19. Кобец–Філімонава, А. Р. Вянок дзівосаў : казкі / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. Ю. Зайцаў. — Мінск : Юнацтва, 1986. — 79 с. : іл.
20. Кобец–Філімонава, А. Р. Агні за перавалам : раман : для ст.шк. узросту / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава ; маст. Т. В. Кубліцкая. — Мінск : Юнацтва, 1987. — 428 с. , [9] л. : іл.
21. Рэц.: Марціновіч, А. Святло рамантыкі / А. Марціновіч // Чырвоная змена. — 1985. — 27 лістапада.
22. Кобец–Філімонава, А. Р. Шлях да малітвы : споведзь / Алена Рыгораўна Кобец–Філімонава. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. — 76 с.
23. Кобец–Филимонова, Е. Г. Распятая Хатынь : повесть—эссе / Елена Григорьевна Кобец–Филимонова. — Мінск : Беллітфонд, 2005. — 236 с.
24. Кобец–Філімонава, А. Калі ўцякала сонца : творчасць Рыгора Кобеца, яго жыццё і пакуты / Алена Кобец–Філімонава. — Мінск : Кнігазбор, 2006. — 464 с. [38] с. : іл.
25. Кобец–Філімонава, А. Карэльскія Курапаты 1937—1938 : расстрэльныя спісы беларусаў і асуджаных у Беларусі. Рэха ГУЛАГА / Алена Кобец–Філімонава. — Мінск : Кнігазбор, 2007. — 180 с.
26. Кобец–Філімонава, А. Маё адкрыццё Грэцыі / Алена Кобец–Філімонава // Сельскае жыццё. — 2000. — 31 мая.
27. Успаміны беларускай пісьменніцы аб Грэцыі, дзе яна пражыла два гады.
28. Кобец–Філімонава, А. На беразе Друці (з майго маленства) / Алена Кобец–Філімонава // Сельскае жыццё. — 2001. — 24 кастрычніка; 27 кастрычніка; 31 кастрычніка; 3 лістапада; 6 лістапада. — (Успаміны. Дзённікі. Дакументы).
Літаратура аб жыцці і творчасці
1. Кобец – Філімонава Алена // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 368.
2. Кобец–Філімонава Алена // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мінск : БелЭн., 1994. — Т. 3. — С. 292—294.
3. Кобец–Філімонава Алена // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 288—289.
4. Кобец–Філімонава Алена // Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік. — Мінск, 1981. — С. 177.
5. Кобец–Філімонава Алена // Беларуская дзіцячая літаратура : хрэстаматыя. — Мінск, 1996. — С. 315.
6. Кобец–Філімонава Алена // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1986. — Т. 3. — С. 86—87.
7. З калыскі над Друццю : [альбом] / ДУК «Круглянская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», дзіцячая бібліятэка ; [склад.: А. І. Нікіценка]. — Круглае, 2000. — 55 с. : іл.
8. Паўлаў, А. З калыскі над Друццю : [пра нашу зямлячку – пісьменніцу Алену Рыгораўну Кобец–Філімонаву] / А. Паўлаў // Сельскае жыццё. — 1999. — 13 кастрычніка.
9. Данькова, В. З калыскі над Друццю / В. Данькова // Сельскае жыццё. — 2001. — 20 кастрычніка.
10. Хадыка, К. Сонца нараджаецца з праўдай… / Кастусь Хадыка // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 28 чэрвеня.
Інтэрнэт-рэсурсы
1. Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава [Электронный ресурс] : сайт . – Режим доступа : https://be.wikipedia.org/wiki/Алена_Рыгораўна_Кобец-Філімонава . – Дата доступа : 18.06.2021
2. Кобец-Філімонава Алена [Электронный ресурс] // Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 : сайт . – Режим доступа : https://www.litmir.me/br/?b=551294&p=57 . – Дата доступа : 18.06.2021
3. Кобец–Філімонава Алена Рыгораўна [Электронный ресурс] // Таленты ад роднай зямлi: сайт . – Режим доступа : http://catalog.library.mogilev.by/writers/search_result.php?id=350 . – Дата доступа : 18.06.2021
4. Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава [Электронный ресурс] : сайт . – Режим доступа : http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/mogreglib/107.htm . – Дата доступа : 18.06.2021
5. Буктрейлер по книге Е. Кобец-Филимоновой “Жаворонки...” [Электронный ресурс] : сайт . – Режим доступа : https://www.youtube.com/watch?v=2XiuvJqfVEY . – Дата доступа : 18.06.2021
6. Кобец-Філімонава Алена Рыгораўна [Электронный ресурс] // Беларусь у асобах і падзеях : сайт . – Режим доступа : https://bis.nlb.by/ru/documents/128391 . – Дата доступа : 18.06.2021
7. Кобец-Филимонова Елена Григорьевна [Электронный ресурс] // Музей автографа . – Режим доступа : https://www.ggcbs.gomel.by/index.php?do=static&page=museum&id=206 . – Дата доступа : 18.06.2021