ДУК "Круглянская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"

 

Ганчароў Павел Палікарпавіч

 

нарадзіўся ў 1900 г., в. Цяцерына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.,памёр 6.9.1970 г., пахаваны у Ленінградзе.Прафесар медыцынскіх навук.

 

У 1919 г. уступіў у рады Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне 1920 г., разгроме войск Булак-Балаховіча каля г.Мазыр.

Пасля тэрміновай службы закончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію. Працаваў урачом палка, праз год стаў ад’ютантам кафедры паталагічнай анатоміі і паталагічнай фізіялогіі Ваенна-медыцынскай акадэміі.

У пачатку 30-х гадоў сумесна з І.Р. Пятровым ён вывучаў ва ўмовах палётаў на баявых машынах уплыў разрэджанай атмасферы на жывёл з раненнямі чэрапа, грудзей, жывата, а таксама страты крыві. Правераныя ў лабараторных умовах, гэтыя работы паслужылі падставай да ўстанаўлення паказанняў і проціпаказанняў для эвакуацыі авіятранспартам параненых.

Прапанаваў і ўпершыню выкарыстаў пры вывучэнні тампанады сэрца новы метад рэгістрацыі яго работы.

З 1934 г. – выкладчык, начальнік кафедры, намеснік начальніка акадэміі па навуковай і навучальнай рабоце Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава.

У 1941 г. – начальнік кафедры Куйбышаўскай Ваенна-медыцынскай акадэміі.

Доктар медыцынскіх навук з 1942г., генерал-палкоўнік медыцынскай службы з 1943г., прафесар з 1947г. З 1953 па 1968 гг. – начальнік Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава. Унёс значны ўклад у рашэнне шэрагу навуковых праблем. Многія яго работы маюць не толькі тэарэтычнае, а і практычнае значэнне.

П. П. Ганчароў вёў даследаванні, звязаныя з цячэннем працэсаў пасля ранення, займаўся праблемамі ўплыву на арганізм аператыўных умяшанняў на лёгкіх і плеўры, пытаннямі прафесіянальнай паталогіі, прымаў удзел у работах па вывучэнню электратраўм, высвятляў механізмы іх дзеяння на арганізм.

Арганізаваў дзейнасць медыкабіялагічнай лабараторыі па вывучэнню радыяцыйных паражэнняў, займаўся даследваннямі па радыяцыйных паражэннях, агульнай паталогіі, прамянёвай хваробе, лячэбна-прафілактычных мерапрыемствах пры ёй.

Аўтар навуковых прац па медыцыне, буйны ваенны патолаг. Ініцыятар стварэння і галоўны рэдактар працы «Развіццё навукі ў Ваенна-медыцынскай акадэміі за 50 гадоў Савецкай улады».

Прадстаўляў савецкую медыцынскую навуку на міжнародных канферэнцыях.

Узнагароджаны ордэнамі: Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.

Бібліяграфія:

1. Ганчароў Павел Палікарпавіч // БелСЭ. — Мінск, 1971. — Т.3.—– С. 341—342.

2. Ганчароў Павел Палікарпавіч // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Круглянскага р-на. — Мінск, 1996. — С. 502.

3. Гончаров Павел Поликарпович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 6 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 121.

4. Гончаров Павел Поликарпович // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник. — Минск, 2005. — С. 220.

5. Вязицкий, П. О. Ученый, педагог, организатор военного здравоохранения. К 90-летию со дня рождения П. П. Гончарова / П. О. Вязицкий, И. Д. Кудрин // Военно-медицинский журнал. — 1990. — № 2. — С. 72—75.

6. Дарашэнка, Н. Застаецца назаўсёды / Н. Дарашэнка // Сельскае жыццё. — 1991. — 23 кастрычніка.

7. Лебединская, С. И. Современные вопросы общей патологии и медицины. — Москва : Изд-во АМН СССР, 1950.

8. Новиков, В. С. Видный деятель военной медицины. К 100-летию со дня рождения П. П. Гончарова / В. С. Новиков, В. Ю. Шанин, А. А. Вихман // Клиническая медицина и патофизиология. — 2000. — № 1. — С. 4—5.