ДУК "Круглянская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"

 

Хаўратовіч Іосіф Пятровіч

 

 нарадзіўся 24.12.1929 г., в. Варгуцёва Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. Беларускі гісторык, кнігавыдавец.

 

 У 1948 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. З 1949 г. працаваў бібліятэкарам, дырэктарам Талачынскага раённага Дома культуры, інспектарам аддзела культасветустаноў Талачынскага райвыканкома. У 1955 г. скончыў БДУ.

З 1955 г. – навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, вучоны сакратар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1967 г. – кандыдат гістарычных навук. У 1976 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

З 1967 г. – загадчык рэдакцый гісторыі СССР і БССР, 1973 г. – адказны сакратар, з 1975 г. – намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Энцыклапедыі. У 1983 г. прысвоена званне заслужаны работнік культуры Беларусі.

З 1995 г. – акадэмік Беларускай Акадэміі сацыяльных навук і член яе прэзідыума.

Яго даследаванні прысвечаны гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., Вялікай Айчыннай вайны і інш.

Хаўратовіч І.П. адзін з аўтараў манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі» (1966). Аўтар нарысаў пра выдатных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху і рэвалюцыянераў В.З. Харужую, А.Р. Салаўя, Л.І. Родзевіча, С.С. Панкову, І. Пуліхава, П.М. Лепяшынскага, У.М. Азіна, М.В. Фрунзе і іншых, гістарыяграфічных даследаванняў па гісторыі КПБ і КПЗБ, артыкулаў для энцыклапедычных выданняў. Удзельнічаў у складанні дакументальных зборнікаў, у т.л. пра Кастрычніцкую рэвалюцыю на Беларусі, пра рэвалюцыйна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, пра партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра злачынствы нямецкіх фашыстаў на Беларусі, па гісторыі савецка-польскіх адносін, «Ілюстраванай храналогіі гісторыі Беларусі» (1995), у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў стварэння універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый.

Бібліяграфія:

1. Хаўратовіч Іосіф Пятровіч // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Круглянскага р-на. — Мінск, 1996. — С. 512.