У МІРНАЙ ПРАЦЫ


    Вайна прынесла вялікія пакуты і страты беларускаму народу. Разам з усімі пацярпела і Кругляншчына: 38 населеных пунктаў раёна былі знішчаны цалкам, 20 – часткова. Дзесяткі вёсак, сярод якіх Дарожкавічы, Гоенка, Казёл, Круча, Стаі, Старое Палессе, Цяцерына, Шапялевічы, Залоссе, Зелянкова, Прыгані і інш. ператварыліся ў руіны. Разам з людзьмі былі спалены вёскі Гоенка і Бярозка. Больш за 2 тыс. сем’яў засталіся без жылля. Было спалена 2470 дамоў і 1976 грамадскіх будынкаў, разбураны машынна-трактарныя станцыі, ільнозаводы, школы. Знішчана 92 працэнты калгаснай жывёлы. Пасяўныя плошчы ў раёне скараціліся за гады вайны: зерневых у 4 разы, бульбы ў 6, лёну ў 20 разоў. Але самыя цяжкія страты людскія; загінула 2169 чалавек, у партызанах і падполлі 216. Фашысты расстралялі больш за 3 тыс. мірных жыхароў раёна, больш за 1,5 тыс. юнакоў і дзяўчат было вывезена ў Германію (200 з іх загінулі на чужыне). Вось такой паўстала Круглянская зямля пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28 чэрвеня 1944 г. Але не разгубіліся круглянцы, адразу ж узяліся за працу. Ужо праз некалькі месяцаў пасля вызвалення былі адноўлены ўсе 132 калгасы раёна, тры МТС. У надзвычай цяжкіх умовах быў сабраны ўраджай 1944 г., раён змог разлічыцца з дзяржавай па абавязковых пастаўках хлеба і іншых прадуктаў, а таксама больш за 15 тыс. пудоў хлеба здаць у фонд Чырвонай Арміі. Напружаная праца прыносіла свае вынікі: праз год у раёне былі адноўлены і працавалі 2 швейныя і 4 шавецкія арцелі, электрастанцыя, радыёвузел. Радыёфікаваны калгасы імя Чкалава, «Беларуская вёска», «Хваля», імя Сталіна. У школах навучалася больш як 7,5 тыс. дзяцей. Цяжка было ў тыя пасляваенныя гады наладзіць вучэбны працэс. Школы разбураны, ні партаў, ні падручнікаў. Дапамагала сялянская кемлівасць: з дошак ад нямецкіх ваенных павозак рабілі грувастыя сталы, за якімі і вучыліся пасляваенныя школьнікі. Не хапала настаўніцкіх кадраў, падручнікаў, пісьмовых прылад. Як і ўсюды на Беларусі, школьнікі пісалі на газетах. У раённым цэнтры быў адкрыты дзіцячы дом, куды сабралі ўсіх беспрытульных дзяцей, бацькі якіх былі расстраляны або знішчаны, ці не вярнуліся з фронту. Дзіцячы дом быў разлічаны на 190 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў. Пры дзетдоме была свая дапаможная гаспадарка – на 15 гектарах зямлі. Вырошчвалі бульбу, ячмень, агародніну. Займаліся гэтым самі дзеці разам з выхавальнікамі. Як маглі дапамагалі ім мясцовыя жыхары, дзяліліся апошнім. Моладзь і настаўнікі Комсеніцкага сельскага савета, напрыклад, сабралі па дварах посуд, вопратку. Можа і не вельмі многа – 168 розных прадметаў налічваў іх падарунак, але ж трэба памятаць, у які час гэта рабілася. Адчуваючы цяпло і клопат дарослых, дзеці імкнуліся аддзякаваць добрай вучобай: больш за 60% вучняў скончылі 1944/45 навучальны год толькі на выдатна і занялі першае месца ў Магілёўскай вобласці па вучобе і дысцыпліне. Цяжэй за ўсё было тым, хто застаўся без даху над галавой. Летам 1945 г., выступаючы перад насельніцтвам у першую гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сакратар раённага камігэта партыі Рудэнка акрэсліў задачу – да зімы для ўсіх, хто жыве ў зямлянках, пабудаваць новыя дамы. Але добрыя планы і суровая рэчаіснасць не заўсёды ішлі побач. I ўвосень 1946 г. 845 сем’яў калгаснікаў раёна рыхтаваліся да зімоўкі ў зямлянках. У Паўлавіцкім сельсавеце, дзе ў вайну было спалена 102 дамы, да гэтага часу змаглі адбудаваць толькі 37. У калгасе «Май» Кручанскага сельскага савета была спалена 81 хата і толькі 19 сем’яў за два гады мірнага жыцця пабудавалі новыя. У калгасе «Перамога» была адбудавана амаль палавіна спаленых дамоў, 28 семяў працягвалі жыць у зямлянках. У 1947 г. Савет Міністраў СССР па просьбе ўрада Беларусі прыняў пастанову «Аб мерах дапамогі ў аднаўленні раёнаў Беларускай ССР, якія асабліва пацярпелі ад акупацыі». Але гэта дапамога была несуразмернай з тымі стратамі і патрэбамі, што мела беларуская вёска. У 1947 г. дзяржава адпусціла Круглянскаму раёну сродкі на будаўніцтва 37 дамоў. Пры тым цяжкім становішчы, у якім апынуўся партызанскі раён, дапамогі не магло хапіць нават на сем’і інвалідаў і тых, хто загінуў на франтах вайны. Грашовыя крэдыты на будоўлю дамоў таксама не заўсёды траплялі да тых, каму прызначаліся. У Круглянскім сельсавеце, напрыклад, 21 тыс. руб. з гэтай сумы была адпушчана на іншыя патрэбы, у Скуратаўскім – 19 тыс., у Цяцерынскім – 7,5 тыс. руб. У выніку больш за 600 сем’яў раёна сустрэлі і вясну 1947 г. у зямлянках, большасць з іх не мела нават зрубаў. Без уліку матэрыяльнага становішча людзей у першы пасляваенны час у 1946 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову выпусціць дзяржаўную пазыку на 20 мільярдаў руб. тэрмінам на 20 гадоў «у мэтах прыцягнення сродкаў насельніцтва да выканання пяцігадовага плана аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі, павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народа і далейшага ўмацавання ваенна-эканамічнай магутнасці краіны». Зразумела, што гэта адносілася і да раёнаў, якія асабліва пацярпелі ад акупацыі. Каб не сарваць мерапрыемства, у працоўныя калектывы былі накіраваны прадстаўнікі РК КП(б)Б. Вось як гэта адбывалася ў калгасе «13-ы Кастрычнік». 3 мая 1946 г. калгаснікаў сабралі ў праўленні. Спачатку перад імі выступіў упаўнаважаны райкома, потым слова ўзяў старшыня калгаса Бабровіч. Ён, паказваючы прыклад, першы падпісаўся на суму ў 400 руб. Два дні працягвалася падпіска ў калгасах Комсеніцкага сельскага савета. Людзі падпісаліся на 101 тыс. руб. Праўда, такіх грошай у наяўнасці ў калгаснікаў не было, таму больш за 60% гэтай сумы яны павінны былі аддаць пазней, з будучай заработнай платы. Каб зразумець, у якую кабалу траплялі калгаснікі, скажам: у той час, нават па афіцыйных звестках, больш палавіны беларускіх калгасаў не выдавалі грошай і амаль трэцяя частка з іх – нават хлеба на працадні. Тым не менш, 4 мая 1947 г. была выпушчана другая дзяржаўная пазыка аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі СССР. Па Круглянскім раёне яна склала 858 тыс. руб., рабочыя і служачыя падпісаліся на 446 тыс. руб., калгаснікі – на 412 тыс. руб. 3 гэтай падпіскі толькі 37% было ўнесена наяўнымі...

    Шырокая ідэалагічная работа разгарнулася ў 1946 г. у сувязі з выбарамі ў Вярхоўны Савет СССР. Гэта былі першыя пасляваенныя выбары. Паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады, выбраных на аснове Канстытуцыі СССР 1936 г., даўно скончыліся: Вярхоўны Савет СССР быў выбраны ў 1937 г., Вярхоўны Савет БССР – у 1938 г., мясцовыя Саветы БССР – у 1939 г. У іх складзе адбыліся вялікія змены: многія дэпутаты былі рэпрэсіраваны, загінулі ў гады вайны, змянілі месца жыхарства. Круглянцы галасавалі за Іосіфа Мітрафанавіча Кардовіча. Яны добра ведалі гэтага чалавека, які нарадзіўся ў в. Друцк суседняга Талачынскага раёна. Другім кандыдатам ў вышэйшы орган улады ад Круглянскай выбарчай акругі вылучаўся Л.Ф. Цанава.

    2 студзеня 1947 г. раённая газета паведаміла сваім чытачам, што даў згоду балатавацца кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР І.В. Сталін. У сувязі з гэтым у Мінску была арганізавана сталінская выбарчая акруга. Адпаведны настрой працаўнікам вёскі стваралі вершы, прысвечаныя правадыру і яго дзейнасці, якія друкаваліся амаль у кожным нумары раёнкі.

    Палітычная сітуацыя, характэрная для 1930-х г., хоць і ў меншай ступені, але працягвала панаваць на беларускай зямлі і пасля вайны. 19 верасня 1946 г. выйшла пастанова ЦК ВКП(б) і Савета Міністраў СССР «Аб мерах па ліквідацыі парушэння Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах». У ёй указвалася на няправільнае выдаткаванне працадзён, раскраданне грамадскіх калгасных зямель шляхам павелічэння прысядзібных участкаў, разбазарванне калгаснай маёмасці і г.д. Пастанова аднаўляла даваенную пастанову 1939 г. «Аб мерах аховы грамадскіх зямель калгасаў ад разбазарвання» і ўказвала на неабходнасць «правесці да 15 лютага 1947 г. ва ўсіх калгасах агульныя сходы калгаснікаў для заслухоўвання справаздачы праўленняў калгасаў аб выніках гаспадарчай дзейнасці за 1946 г...». У калгасах Круглянскага раёна таксама пачалі выконваць пастанову, вышукваючы існуючыя і неіснуючыя парушэнні. 6 кастрычніка 1946 г. раённая газета «Ленінскі сцяг» паведамляла аб ходзе гэтай кампаніі, канстатуючы факты грубых парушэнняў Статута. У чым заключаліся гэтыя грубыя парушэнні? У калгасе «Адраджэнне» Шапялевіцкага сельскага Савета да грубых парушэнняў залічылі дапамогу суседняму калгасу імя Сталіна, у які без аплаты на дзевяць дзён перадалі двух коней, і калгасу «Працоўны сцяг» (тут 3 дні працавалі 2 коней і 1 калгаснік). Акрамя таго, старшыня калгаса «Адраджэнне» без рашэння агульнага сходу выдзеліў сенажаць дырэктару і настаўніцы Боўсевіцкай НСШ, якія вучылі дзяцей калгаснікаў. Клопат і ўважлівыя адносіны да людзей таксама вызначаліся як крымінал. Гэтага было дастаткова, каб сумленнага старшыню пазбавіць пасады.

    У гэты час партыя паставіла перад сельскай гаспадаркай задачу аб стварэнні ў найкарацейшы тэрмін уласнай устойлівай сыравіннай базы па вытворчасці натуральнага каўчука. I на Беларусі без уліку мясцовых прыродных умоў пачалі вырошчваць кок-сагыз. Нават свае перадавікі ў гэтай справе былі. Звеннявыя Праскоўя Храноўская і Матрона Кротава з калгаса «Шлях Леніна» Комсеніцкага сельскага савета ў 1950 г. здымалі па 35 – 40 ц. з гектара карэнняў кок-сагызу.

    Станоўчыя змены на вёсцы пачалі адбывацца з 1953 г.: вераснёўскі пленум КПСС абвясціў адзіным шляхам павышэння вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці. Новыя падыходы да разліку з дзяржавай, пастаўленыя на эканамічную аснову, садзейнічалі часоваму ажыўленню калгасаў. Многія з іх павялічылі пасевы лёну, які добра аплочваўся пры спрыяльных умовах і прыносіў добрыя грашовыя даходы. Калгас «Маяк» Комсеніцкага сельсавета, які па выніках 1953 г. выканаў план здачы дзяржаве льнотрасты на 173%, атрымаў за яе 228 701 руб. і 178 цэнтнераў пшаніцы. Калгас «Камінтэрн» Цяцерынскага сельскага савета атрымаў за лён 169 310 руб. і 110 цэнтнераў пшаніцы.

    У 1950 – 60-я гг. у жыцці людзей Круглянскага раёна адбывалася шмат розных падзей. Гэта быў у многім супярэчлівы, але і цікавы час. Людзі шчыра спадзяваліся, што наперадзе іх чакае светлая будучыня, верылі Камуністычнай партыі, якая на XXI з’ездзе зрабіла выснову, што краіна ўступіла ў новы этап развіцця – разгорнутае будаўніцтва камунізму. Ды і падставы для такой веры, здавалася, былі. У другой палавіне 50-х гг. адбыліся змены ў лепшы бок ва ўсіх сферах жыцця савецкага грамадства. Менавіта ў гэты час былі дасягнуты значныя поспехі ў галіне навукі: запуск у космас першага штучнага спадарожніка Зямлі, першы атамны ледакол, развіццё атамнай энергетыкі. Аб усім гэтым шмат пісалася і гаварылася. Таму і лозунг «дагнаць і перагнаць ЗША па вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва» быў успрыняты працоўнымі як рэальная праграмная ўстаноўка. У такіх умовах нарадзіўся і атрымаў шырокае распаўсюджанне рух за камуністычную працу (пазней – рух за камуністычныя адносіны да працы). З’явіліся такія калектывы і на Кругляншчыне. Аднак дакладных звестак не захавалася – 16 жніўня 1959 г. Круглянскі раён быў ліквідаваны, а Загаранскі, Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Скуратаўскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельскія саветы былі перададзены Бялыніцкаму раёну. На адным з пасяджэнняў Бялыніцкага раённага камігэта партыі разглядалася пытанне «Аб рабоце пярвічнай партыйнай арганізацыі саўгаса «Круглянскі» па кіраўніцтву рухам за камуністычную працу». Адзначалася, што жывёлаводам Казіміроўскай малочна-таварнай фермы прысвоена званне калектыву камуністычнай працы, а жывёлаводы Улужскай фермы паставілі сваёй мэтай таксама заваяваць яго. Удзельнікі руху імкнуліся працаваць як мага лепей. Жывёлаводы Казіміраўскай фермы за першы квартал 1965 г. надаілі ад кожнай каровы па 305 кг. малака, фермы в. Улужжа – па 343 кг., у той час як сярэдні ўдой па саўгасе склаў 291 кг. Так, людзі імкнуліся працаваць як мага лепей. I не іх віна была ў тым, што рух гэты, як і многае іншае, быў надуманы і, не маючы пад сабой аб’ектыўных падстаў, паступова выраджаўся, набываючы ўсё больш фармальны характар.

    У тыя гады краіна сачыла за ходам асваення цалінных і абложных зямель. Цалінная эпапея, як вядома, не прынесла жаданых вынікаў, аднак моладзь, якая апынулася там у вельмі цяжкіх умовах, здзейсніла сапраўдны працоўны подзвіг. Больш за 100 юнакоў і дзяўчат з Кругляншчыны працавалі на цаліне. Выбіралі лепшых, бо лічылася за гонар прадстаўляць сваю моладзь на далёкіх цалінных землях. Калі быў кінуты заклік вылучыць моладзь на новабудоўлі ўсходніх і паўночных раёнаў краіны, таксама паехалі лепшыя. З Круглянскага раёна ў другой палавіне 1950-х гг. туды было накіравана 70 пасланцоў.

    Змены, якія адбываліся ў эканамічным жыцці раёна ў 60 – 80-я гг., не насілі кардынальнага характару. Круглянскі раён па-ранейшаму заставаўся сельскагаспадарчым. Прамысловыя невялікія прадпрыемствы (ільнозавод, маслазавод, птушкафабрыка і інш.) займаліся перапрацоўкай мясцовай сыравіны, пазней – невялікія промыслы пачалі з’яўляцца ў асобных гаспадарках. У калгасе «Свабода», напрыклад, пачалі апрацоўваць мясцовую сыравіну і рабіць скураныя паліто, курткі, кажухі. Але аснову эканомікі раёна складае сельская гаспадарка. Па даных 1990 г. доля аграпрамысловага комплексу ў валавым грамадскім прадукце займала 75%. Тут вырошчваюць жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, з тэхнічных культур – лён-даўгунец. Жывёлагадоўля развіваецца ў мяса-малочным кірунку. Зямельны фонд раёна замацаваны за 9 калгасамі, 7 саўгасамі, птушкафабрыкай (1994). За апошнія 2 з лішнім дзесяцігоддзі пасяўная плошча ў раёне зменшылася амаль на 1 тыс. га. Калі ў 1968 г. яна складалася з 38 419 га., у 1991 г. – з 37 415 га. За гэты час зменшыліся плошчы пад пасевамі зерневых і зернебабовых на 1266 га., ільну – на 575 га., бульбы і агародніны – на 2471 га. Адначасова з мэтай умацавання кармавой базы больш як на 3 тыс. га. павялічыліся плошчы пад кармавымі культурамі.

    Назіраецца значная кантрастнасць вытворчых паказчыкаў у гаспадарках раёна. Асобныя з іх дасягнулі наступных рубяжоў: 30 ц. збожжа з гектара, каля 200 ц. бульбы, 10 ц. лёну, надойваюць ад каровы больш за 3 тыс. кг. малака за год, атрымліваюць 800-грамовыя сутачныя прывагі пры адкорме буйной рагатай жывёлы. Аднак у большасці калгасаў і саўгасаў асноўныя вытворчыя паказчыкі значна ніжэйшыя за гэтыя.

    За два апошнія дзесяцігоддзі павялічылася вытворчасць мяса (у разліку на 100 га. сельскагаспадарчых угоддзяў). Калі ў пачатку 70-х гг. гэты паказчык складаў крыху больш за 80 ц., у 1991 г. – 147,8 ц. Выраслі і надоі малака. У 1989 г. сярэдні надой малака ад кожнай каровы па раёне быў 3032 кг. I гэта тым больш адметна, што на працягу 1966 – 80 гг. назіралася тэндэнцыя да яго паніжэння. У 1980-я гг. у раёне з’явіліся даяркі-чатырохтысячніцы, якія надойвалі ад кожнай каровы больш за 4 тыс. кг. малака. У 1987 г. сярод іх былі Н.Я. Кунцава і М.М. Мінчукова (калгас «Кастрычнік»), В.Р. Асіпоўская (калгас «Рассвет»), Н.М. Зубчанка (калгас «Шлях Леніна»), Т.Я. Лустава (саўгас «Круглянскі»), П.Г. Фралоў (саўгас «Някрасава»), В.С. Нырцова (саўгас «Усход»), А.С. Ганчарова (калгас «Шлях камунізму»).

    Эканамічны стан раёна, як і ўсёй рэспублікі, ляжыць у аснове матэрыяльнага дабрабыту людзей. Аб узроўні жыцця перш за ўсё мяркуюць па грашовых даходах і па тым, што можна купіць за гэтыя грошы. Цяжка жылося на вёсцы ў пасляваенныя гады. Грошай за сваю працу калгаснікі амаль не атрымлівалі. Таму і адмена карткавай сістэмы ў снежні 1947 г. не магла істотна палепшыць іх жыццё. Але ўсё ж гэта была нейкая палёгка. Бо разам з адменай картак адмяняліся і высокія цэны ў камерцыйным гандлі, уводзіліся адзіныя дзяржаўныя рознічныя цэны. Пры гэтым яны панізіліся ў параўнанні з пайковымі цэнамі на хлеб і муку на 12%, крупу і макаронныя вырабы – на 10%. На тканіны, абутак, вопратку ўстанаўліваліся новыя цэны – у 3,2 раза ніжэй за камерцыйныя. Адмяняліся і нізкія цэны нарміраванага забеспячэння, устаноўленыя ў гарадах і рабочых пасёлках. Таму ў пачатку 50-х гг. узровень жыцця працоўных павышаўся не за кошт росту заработнай платы, а за кошт далейшага зніжэння рознічных цэн на тавары масавага ўжытку. За 1950 – 54 гг. яны зніжаліся чатыры разы. У 50-я гг. пачала трохі адступаць галеча, якая панавала на беларускай вёсцы. Змяненне эканамічнага курсу ў бок павелічэння матэрыяльнай зацікаўленасці калгасаў дазволіла павялічыць грашовыя даходы гаспадарак і аплату працы калгаснікаў. Пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб змяненні практыкі планавання сельскай гаспадаркі» (1955 г.), «Аб статуце сельскагаспадарчай арцелі і далейшым развіцці ініцыятывы калгаснікаў у арганізацыі калгаснай вытворчасці і кіравання справамі арцелі» (1956) давалі магчымасць калгасам самастойна вырашаць асобныя пытанні. Многія з іх унеслі ў статут дапаўненні аб матэрыяльным забеспячэнні калгаснікаў, якія страцілі працаздольнасць. Аднак правы калгаснікаў на матэрыяльнае забеспячэнне па старасці былі значна меншыя, чым у рабочых і служачых. Ды і гарантый на такое забеспячэнне амаль не было, бо знаходзілася яно ў непасрэднай залежнасці не ад працы селяніна, а ад эканамічных магчымасцяў гаспадаркі. I толькі з прыняццем у 1964 г. закона «Аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў» становішча крыху змянілася. Людзі, што працавалі ў калгасах шмат гадоў і амаль нічога не мелі за цяжкую працу, атрымалі гарантаванае права на пенсію па старасці, па інваліднасці, члены сем’яў калгаснікаў – у выпадку страты карміцеля, жанчыны – дапамогу па цяжарнасці і родах. Аднак закону былі ўласцівы рысы сацыяльнай несправядлівасці, што характарызавала дзяржаўную палітыку ў цэлым у адносінах да сялян. Гэта праявілася ў механізме вызначэння пенсіі і ўстанаўленні больш позняга, чым для рабочых і служачых, пенсійнага узросту, у больш нізкіх мінімальных і максімальных памерах пенсій і інш. Большая частка калгаснікаў Круглянскага раёна, як і наогул у Беларусі, атрымлівала мінімальную пенсію – 12 руб. у месяц. Нават па тым часе сума гэтая была мізэрная. Таму і вымушаны былі калгаснікі працягваць працаваць. У 1989 г. на тэрыторыі Круглянскага раёна пражывала 2715 ветэранаў працы, якія мелі пенсію менш за 60 руб. Праўда, некаторым з іх дапамагалі калгасы. Паводле палажэння аб унутрыкалгасным забеспячэнні калгаснікаў, якое прымалася на агульнакалгасным сходзе, ветэранам працы за званне «Заслужаны калгаснік» ці «Ганаровы калгаснік» калгас даплачваў да пенсіі 20 руб. у месяц. Даваліся льготы за карыстанне электраэнергіяй, газам, радыё, выдзяляліся пуцёўкі для адпачынку, будаўнічыя матэрыялы, афармлялася за кошт калгасаў падпіска на газеты, часопісы і інш. Устанаўліваліся і персанальныя пенсіі, аднак не болей 80 руб. у месяц разам з усімі іншымі даплатамі. Калі ў 1984 г. толькі калгасы «Шлях Леніна» і «Шлях камунізму» рабілі гэтыя даплаты, у 1989 г. такімі формамі ўнутрыкалгаснай падтрымкі пенсіянераў было ахоплена 565 чалавек. Расходы па раёне на гэтыя мэты склалі 10 742 руб. Яшчэ больш маштабнай была дапамога ў 1990 г.: дзевяць калгасаў раёна аказалі яе на суму 37 654 руб. Але на сённяшні дзень – гэта ўжо гісторыя. Эканамічны крызіс, які закрануў усе галіны эканомікі, прымусіў гаспадаркі адмовіцца ад эканамічнай падтрымкі тых, хто ўсё жыццё аддаў калгаснай справе. Аб’ём рознічнага тавараабароту за 1958 – 66 гг. павялічыўся ў Круглянскім раёне больш як на 80%, з 3257 тыс. руб. да 5874 тыс. руб., колькасць магазінаў – амаль на трэць. З’явіліся новыя гандлёвыя палаткі, сталовыя, буфеты. Рост эканамічнага патэнцыялу ў 2-й палавіне 1960-х гг., які адбыўся дзякуючы ажыццяўленню эканамічнай рэформы, садзейнічаў павелічэнню нацыянальнага багацця. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту нацыянальнага даходу ў Беларускай ССР былі ў той час больш за 9%. Гэта дазваляла больш увагі аддаваць паляпшэнню ўмоў жыцця і працы людзей. У той час сродкі масавай інфармацыі яшчэ друкавалі паведамленні аб зніжэнні цэн на тыя ці іншыя тавары. Павышалася заработная плата рабочых і служачых. З 1 студзеня 1965 г. была ўведзена мінімальная заработная плата 45 – 50 руб. у месяц. У 1968 г. адбылося яе новае павелічэнне да 60 руб. У 1966 г. уведзена гарантаваная аплата працы калгаснікаў. Да гэтага часу ўзровень аплаты ў калгасах быў значна ніжэйшы, чым у іншых галінах народнай гаспадаркі. Многія лічаць, што гэтая акцыя была несвоечасовай. Жыццё паказала, што кардынальных змен у развіцці калгасаў не адбылося. Больш таго, з цягам часу расла іх запазычанасць, развіваліся ўтрыманскія тэндэнцыі. Але з сацыяльных пазіцый гэтая з’ява, безумоўна, была станоўчай. Менавіта так і ўспрынялі яе самі калгаснікі. Вось што напісаў у газету «Сельскае жыццё» 28 сакавіка 1967 г. хлебароб калгаса «Кастрычнік» М.Р. Бараўцоў: «Мой сярэдні месячны заработак – 70-90 рублёў. Гэта ўдвая больш, чым раней. Задаволены і працай, і аплатай». У гэтых кароткіх словах – удзячнасць працоўнага чалавека, які ўрэшце рэшт адчуў нейкую стабільнасць у сваім жыцці. Перад калгасамі адразу паўстала пытанне: дзе браць грошы для штомесячнай аплаты? Эканамічна моцныя гаспадаркі імкнуліся не карыстацца крэдытамі, а зарабляць грошы шляхам паляпшэння якасці прадукцыі, зніжэння яе сабекошту. Дбайныя гаспадары пачалі лічыць кожны рубель, кожную капейку. Аднак большасць калгасаў, спадзеючыся на крэдыты, не рабіла асаблівых захадаў, каб адшукаць магчымасці для рэалізацыі партыйна-ўрадавай пастановы. У снежні 1966 г. Круглянскі РК КПБ разгледзеў на адным з пасяджэнняў бюро пытанне аб выкананні пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб павышэнні матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у развіцці грамадскай вытворчасці» ў калгасах «Іскра» і «Свабода». Бюро канстатавала, што станоўчыя змены ў жыцці гэтых калгасаў адбыліся з пераходам на гарантаваную аплату, якая крыху павялічылася.

    Магчымасці, што з’явіліся ў 2-й палавіне 50-х гг. для больш гарманічнага развіцця грамадства, не былі выкарыстаны. Новыя падыходы да распрацоўкі сацыяльнай палітыкі не атрымалі далейшага развіцця. Спачатку працэс гэты запаволіўся, а потым і зусім спыніўся. Цяжкасці, характэрныя для савецкай эканомікі 1970 – 1-й палавіны 80-х гг., перакос у бок тэхнакратычных падыходаў вялі да застою ў сацыяльнай сферы, параджалі нізкі жыццёвы ўзровень насельніцтва.

    Крызісны стан эканомікі, які суправаджаўся спадам эканамічных паказчыкаў і разам з тым хуткім ростам грашовых даходаў насельніцтва ў 2-й палавіне 80-х гг., абвастрыў існуючае становішча. Рэзка панізіліся таварныя запасы. Нездавальняючыя суадносіны паміж грашовымі даходамі і наяўнасцю тавараў у магазінах сталі агульнай з’явай. Калі ў першым паўгоддзі 1990 г. грашовыя даходы насельніцтва Круглянскага раёна павялічыліся на 2,5 млн. руб., дык тавараабарот – толькі на 1,5 млн. руб. Справы пагаршаліся яшчэ і тым, што рост грашовых даходаў насельніцтва ішоў больш шпаркімі крокамі, чым рост прадукцыйнасці працы і павелічэнне вытворчасці прадукцыі. За першае паўгоддзе 1990 г. у саўгасе «Круча» было налічана заработнай платы на 402 тыс. руб., або на 46,5% больш у параўнанні з папярэднім годам. Апярэджванне даходаў у параўнанні з вытворчымі паказчыкамі склала 23%. У калгасах «Свабода», «Шлях Леніна», «50 год Кастрычніка» дыспрапорцыя паміж ростам аплаты працы і вытворчасцю прадукцыі вагалася ад 22 да 9%. Вымушанае накапленне грошай пад уплывам растучага дэфіцыту многіх тавараў і паслуг (на 1 ліпеня 1990 г. астатак укладаў у ашчадных касах раёна складаў 25 млн. 712 тыс. рублёў) спараджала хуткую інфляцыю. Неймаверны рост рознічных цэн, распачаты ў 1992 г., не мог выправіць становішча з недахопам тавараў. У наступныя гады ў раёне працягвалася падзенне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі.

    Расказ аб зменах, якія адбыліся ў жыцці жыхароў Кругляншчыны ў пасляваенныя гады, быў бы няпоўны, калі не сказаць аб умовах працы людзей, аб навакольным асяроддзі, у якім яны жывуць. Так, Круглае не ўваходзіць у лік тых населеных пунктаў Беларусі, экалагічнае становішча якіх найбольш цяжкае. Яшчэ два дзесяткі гадоў таму назад аб экалагічных праблемах тут і гаворкі не было. Але зараз усім відавочна: бяднеюць рэкі, губляе свае якасці зямля. На пачатак 1990-х гг. сярэднегадавая нагрузка пестыцыдаў на 1 га. ворыва склала па раёне 3-7 кг (пры сяреднеабласным паказчыку 3,5 кг.). Усе гэтыя і многія іншыя праблемы знайшлі адлюстраванне ў раённай праграме «Здароўе», што была распрацавана, каб зберагчы ўсе тыя багацці, якія дала прырода Кругляншчыне, для нашчадкаў. На жаль, пагаршэнне эканамічнага становішча не дазволіла выканаць многія пункты гэтай праграмы.

    Пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, радыяцыйнае забруджванне беларускай зямлі, зніжэнне якасці прадуктаў харчавання, рост сацыяльнай напружанасці – усё гэта неспрыяльна адбіваецца на здароўі людзей. Медыцына, якая і сама хварэе, няздольная пакуль у поўнай ступені выконваць ускладзеныя на яе функцыі. Шмат гадоў мы з гонарам адзначалі, што наша краіна займае вядучае месца па колькасці ўрачоў, сярэдняга персаналу. Мы падлічвалі койка-месцы і многія іншыя паказчыкі. Што ж, усё гэта так. Калі звярнуцца да статыстычных паказчыкаў, якія адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё Круглянскага раёна ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, відавочна, што за гэтыя гады матэрыяльная база медыцыны значна палепшылася. Цяжка нават параўнаць сённяшні стан медыцыны з тым, што было ў раёне пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Круглянский район

    Звернемся да ўспамінаў М.А. Бялянкінай, якая ў 1944 г. была накіравана ў Круглае, каб адрадзіць мясцовую бальніцу: «Тыя некалькі баракаў, у якіх знаходзіўся стацыянар, цяжка было назваць установай аховы здароўя. I тым не менш бальніца функцыяніравала з першых дзён вызвалення раёна ад гітлераўцаў. Разам са мною працавалі былы партызанскі ўрач Таццяна Іванаўна Драздоўская і многія медсёстры, якія прайшлі загартоўку полымем вайны. Вялікім было наша жаданне, каб не толькі пазбавіць людзей ад хваробы, але і вылечыць параненыя вайной душы, загаіць боль цяжкіх успамінаў».

    На пачатак 90-х гг. у Круглянскім раёне было пабудавана і дзейнічала 4 бальніцы, 13 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 4 аптэчныя пункты. Раённы атрад медыцынскіх работнікаў складаўся з 33 урачоў і 188 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. Аднак па забяспечанасці ўрачамі ў разліку на 10 тыс. насельніцтва раён значна адстае ад сярэдняга паказчыка па Магілёўскай вобласці. У апошні час у нашым грамадстве вядзецца шмат размоў аб міласэрнасці. Мы раптам убачылі, што побач з намі жывуць людзі, якім вельмі патрэбна дапамога, чалавечая цеплыня. Ёсць такія людзі і ў Круглянскім раёне. Вось бясстрасная статыстыка: па стане на пачатак 1990 г. тут пражывала 5998 пенсіянераў (31,4% ад агульнай колькасці насельніцтва), сярод іх 276 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 382 удзельнікі вайны. Дапамога патрэбна і 483 сем’ям загінуўшых воінаў і партызан, больш як 200 адзінокім старым, 11 інвалідам Савецкай Арміі, 66 інвалідам працы першай групы, 57 інвалідам па зроку і інш Сацыяльнай дапамогай па месцы пражывання былі ахоплены ў 1988 г. 80 чалавек, у 1991 – 369 чалавек. Створана і дзейнічае малое прадпрыемства «Электратэхтавары». Амаль палавіна рабочых тут – інваліды. На дапамогу абяздоленым прыходзяць працоўныя калектывы, асобныя грамадзяне. У 1989 г. у раённы фонд міласэрнасці было пералічана 23 700 руб., у 1990 г. – больш за 30 тыс. Значную ролю ў яго папаўненні адыгралі калгасы імя Дзімітрава. «Шлях Леніна», імя Калініна, саўгасы «Някрасава», «Цяцерына», ПМК-92, калектывы птушкафабрыкі, райсельгасхіміі і інш. З 2-й палавіны 60-х гг. актыўна пачала праводзіцца работа па перабудове вёсак. У Круглянскім раёне прыкладам дбайных адносін да гэтай справы можа служыць калгас «Шлях Леніна». У апошнія гады тут штогод будавалася 10-15 дамоў гаспадарчым спосабам. Будаўніцтва вялося не толькі на цэнтральнай сядзібе, а і ў астатніх населеных пунктах. На фермах створаны сауны, душавыя, ёсць пакоі для адпачынку. Калгас купляе і перабудоўвае дамы, у якіх ніхто не жыве. Пабудаваны гандлёвы цэнтр у в. Комсенічы.

    Аднак не ўсё так гладка ішло ў вырашэнні гэтай праблемы. Шмат было і перакосаў. Галоўная прычына заключалася ў тым, што саму ідэю аб збліжэнні горада і вёскі, якая ляжала ў аснове перабудовы, зразумелі няправільна. Лічылася, што вёска павінна ў поўнай ступені ўспрыняць умовы жыцця горада. Насуперак волі і разважлівасці вясковых жыхароў на вёсцы пачалі будаваць шматпавярховыя дамы. Тысячы невялікіх вёсак былі аб’яўлены «неперспектыўнымі». У выніку гэтай палітыкі перастала існаваць кожная чацвёртая вёска, а сельскае насельніцтва скарацілася на трэць. Ва ўмовах, калі беларуская вёска з’яўлялася асноўным асяродкам існавання мовы, захавання народных традыцый, гэта пагражала лёсу самой нацыі. Усе гэтыя працэсы адбываліся і ў Круглянскім раёне. Калі прааналізаваць статыстычныя даныя, якія характарызуюць колькасць сельскіх населеных пунктаў і іх жыхароў паміж двума перапісамі 1970 г. і 1989 г., паўстане такая карціна: за два дзесяцігоддзі ў раёне знікла 26 вёсак, гэта значыць, колькасць населеных пунктаў скарацілася на 17% – з 177 да 151. Яшчэ больш прыкметна скарацілася сельскае насельніцтва – на 40%. Калі ў 1970 г. у вёсках Круглянскага раёна пражывала 20 483 чалавекі, у 1989 г. – ужо 12 103.

    У 1967 г. раённы цэнтр Круглае быў пераўтвораны ў гарадскі пасёлак. Гэтай падзеі жыхарам Круглага давялося чакаць даволі доўга. Яшчэ ў красавіку 1958 г. Круглянскі райвыканком накіраваў у Магілёўскі абласны Савет просьбу аб пераўтварэнні райцэнтра з вёскі ў гарадскі пасёлак. На той час у Круглым дзейнічала 11 прадпрыемстваў, 17 кааператываў, 27 арганізацый і ўстаноў. Найбольш буйныя з іх – ільнозавод, маслазавод, МТС (пераўтвораная ў РТС), райпрамкамбінат, 2 цагельныя заводы, буйная швейная арцель. У райцэнтры былі пабудаваны двухпавярховы цагляны універмаг, двухпавярховая сярэдняя школа, дзіцячы дом, раённы Дом культуры, тыпавая сталовая, бальніца, амбулаторыя, лазня, васьмікватэрны двухпавярховы дом, праведзены водаправод. Пасля таго, як была здадзена ў эксплуатацыю Цяцерынская ГЭС, райцэнтр быў добра забяспечаны электраэнергіяй. Пражывала ў Круглым 3069 чалавек, у тым ліку рабочых і служачых 1953 чалавекі. Раённы цэнтр адпавядаў усім фармальным патрабаванням, што прад’яўляліся да пасёлкаў гарадскога тыпу. Для жыхароў Круглага гэта мела і матэрыяльнае значэнне – у жыхароў вёскі заработная плата за тую ж працу была на 10 – 20% ніжэй, чым у такіх жа рабочых і служачых, якія пражывалі ў гарадскіх пасёлках. Але хадайніцтва Магілёўскага аблсавета, накіраванае ў Савет Міністраў БССР 22 мая 1958 г., не мела на той час падтрымкі. Тэндэнцыі на ўзбуйненне раёнаў прывялі да таго, што ў 1959 г. Круглянскі раён быў наогул скасаваны. Толькі 30 ліпеня 1966 г. выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб утварэнні новых раёнаў Беларускай ССР», у выніку чаго Круглянскі раён з цэнтрам у в. Круглае быў адноўлены. У яго склад былі перададзены Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Цяцерынскі і Шапялевіцкі сельскія саветы Бялыніцкага раёна. А 11 сакавіка 1967 г. в. Круглае стала гарадскім пасёлкам.

    Беларусы – нацыя, якая старэе. Гэтыя адмоўныя тэндэнцыі цалкам характэрныя і для Круглянскага раёна. Калі ў прамежку паміж трыма Усесаюзнымі перапісамі колькасць людзей пенсійнага ўзросту ў раёне хоць і марудна, але памяншалася (у 1970 іх было 5281 чалавек, у 1979 — 5247, у 1989 – 5240 чалавек), удзельная вага ў агульным складзе мела пастаянную тэндэнцыю да павелічэння: 1970 г. – 22,5%, 1979 г. – 25,8%, 1989 г. – 27,4%.

    Паменшылася колькасць працаздольнага насельніцтва: у 1979 г. было 10 263 чалавекі, у 1989 г. – 9 383 чалавекі. Скарачэнне працаздольнага насельніцтва цалкам ішло за кошт вясковых жыхароў. Гарадское ж працаздольнае насельніцтва ў раёне за гэты час павялічылася амаль на трэць. Калі ў 1979 г. у Круглым пражывала 2775 чалавек у працаздольным узросце, у 1989 г. – 3895 чалавек. Сельскае працаздольнае насельніцтва за гэты час паменшала на 2 тысячы.

    Да станоўчых змен, якія адбыліся ў складзе насельніцтва раёна, можна аднесці рост яго адукацыйнага ўзроўню. За 1979 – 89 гг. колькасць жыхароў, якія мелі толькі пачатковую адукацыю, зменшылася ўдвая. У 1989 г. на 1 тыс. жыхароў (15 гадоў і болей) прыходзілася 693 чалавекі з вышэйшай і сярэдняй (поўнай і няпоўнай) адукацыяй, у тым ліку 66 з вышэйшай (закончанай і незакончанай), 134 з сярэдняй спецыяльнай, 288 з сярэдняй агульнай, 205 з няпоўнай сярэдняй адукацыяй.

    Невялікія змены адбыліся ў нацыянальным складзе насельніцтва раёна. У 1989 г. у Круглянскім раёне пражывала 19 111 чалавек. Сярод іх — 17 947 (93,9%) беларусаў, 809 (4,2%) рускіх, 180 (1%) украінцаў, 36 (0,2%) палякаў, 8 яўрэяў, 131 (0,7%) іншых нацыянальнасцей.

    Страта нацыянальнай самасвядомасці, што характарызуе беларусаў у апошнія дзесяцігоддзі, адрачэнне ад роднай мовы, народных традыцый хоць і ў меншай ступені, чым у гарадах, але ўласціва і вёсцы. Невялікія змены адбываліся ў свядомасці насельніцтва Круглянскага раёна. Сведка таму – матэрыялы двух апошніх перапісаў. Калі ў 1979 г. 99,4% насельніцтва раёна назвалі сваёй роднай мовай беларускую, дык у 1989 г. гэты паказчык панізіўся да 96,4%. Назвалі беларускую мову роднай – 97,5% беларусаў, 93,8% рускіх, 44,4% украінцаў, 11,1% палякаў, што пражываюць на тэрыторыі раёна. Гэта сведчыць аб тым, што тыя станоўчыя працэсы і тэндэнцыі па абуджэнні народнай памяці, якія пакрысе набіраюць сілу на Беларусі, знойдуць добры водгук на Кругляншчыне.

    Круглянская зямля мае багаты гістарычны лёс, шмат адметных падзей адбывалася на ёй. Сведкамі гэтых падзей засталіся помнікі гісторыі, археалогіі, культуры. Шмат з іх ужо згублена назаўсёды. Але тым больш увагі патрабуе да сябе тое, што яшчэ захавалася. Спадчына – гэта ўсе тыя скарбы духоўнай і матэрыяльнай культуры, што засталіся ад папярэдніх пакаленняў, якія мы павінны зберагчы і перадаць сваім нашчадкам. Так здарылася, што на беларускай зямлі родную мову пачалі забываць нават на вёсцы, гэтай шматвяковай скарбніцы народных традыцый, звычаяў, абрадаў, народнай мудрасці. Вядома, што вяртанне да вытокаў пачынаецца з дзяцінства. Таму і аддаюць вялікую ўвагу ў раёне дзіцячым дашкольным установам як першай ступені ў рэалізацыі закону аб мовах. Яшчэ ў 1989 г. дашкольныя ўстановы паставілі сваёй мэтай знаёміць дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў, народнымі казкамі. Дзяцей вучылі правільнаму вымаўленню гукаў, размаўляць па-беларуску. Ініцыятарам адраджэння роднай мовы ў дашкольных установах стаў у раёне дзіцячы садок № 7. Менавіта тут і была створана першая група з беларускай мовай навучання. Потым аналагічныя групы пачалі дзейнічаць і ў садках № 1 і № 4. Зараз усе сельскія дзіцячыя садкі з’яўляюцца беларускамоўнымі. Тут праводзяцца спецыяльныя заняткі па вывучэнні роднай мовы. Родная мова гучыць на ранішніках, якія праводзяцца разам з бацькамі, – «Кірмаш», «Юр’еў дзень», «Гуканні вясны», «Каляды», «Усмешкі і загадкі дзеда Усяведа», на тэматычных святах – «У гасцях у беларускіх казачных герояў», «Купалле», на вячорках. Для дзяцей арганізуюць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, у дашкольных установах аформлены куткі беларускай народнай творчасці. Працуюць гурткі нацыянальнай беларускай культуры, фальклорныя.

    Абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, выхаванне любві да роднага краю – важнейшы кірунак дзейнасці агульнаадукацыйных школ. У раёне працуе (на 1995 г.) 10 сярэдніх, 4 няпоўных сярэдніх, 10 пачатковых школ. Зараз агульнаадукацыйная школа, як і ўсё грамадства, перажывае цяжкі час. Не першы год ідуць рэформы, але асабліва прыкметных змен не адбылося. Усё ж нейкія крупінкі вопыту назапашаны. Настаўнікі (у раёне працуе 355 педагогаў, у тым ліку 266 з вышэйшай адукацыяй) імкнуцца даць дзецям не толькі веды па тых ці іншых навуках, але і выхоўваць у іх рысы, уласцівыя беларускаму народу, – працавітасць, сціпласць, уважлівыя адносіны да старэйшых, добразычлівасць, разважлівасць. Званне «Заслужаны настаўнік Беларусі» было прысвоена Н.А. Ігнатовіч, У.С. Казлову, Н.М. Лістратавай, В.Г. Пляскач, М.У. Трыпуціну. Характэрны адносіны моладзі да прафесіі настаўніка, якая лічыцца, бадай, самай папулярнай прафесіяй сярод выпускнікоў Круглянскай сярэдняй школы. Прычым многія, атрымаўшы дыплом, вяртаюцца ў родную школу. Каля 70% настаўнікаў школы яе выпускнікі. Гэта вельмі добра, што настаўніцкія кадры фарміруюцца пераважна з мясцовай моладзі. Шмат увагі аддаецца ў школах раёна вывучэнню роднай мовы. У раёне 13 сярэдніх і няпоўных сярэдніх школ з беларускай мовай навучання, 2 – з рускай. У 1991/92 навучальным годзе ў Круглянскай, Загаранскай, Філатаўскай школах былі створаны класы з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы. Больш як 30 вучняў розных школ раёна пажадалі вучыцца ў абласной школе «Юны філолаг» (беларускае аддзяленне).

    Практычна ва ўсіх школах раёна кабінеты беларускай мовы і літаратуры аформлены ў нацыянальным стылі. У 7 школах створаны краязнаўчыя музеі і этнаграфічныя куткі.

    Адраджэнню беларускіх нацыянальных традыцый, абрадаў, звычаяў, абуджэнню гістарычнай памяці садзейнічае пазакласная і пазашкольная работа. Формы яе вельмі разнастайныя: алімпіяды, конкурсы, ранішнікі, дыспуты, факультатывы, курсы, выставы, экскурсіі, выпуск літаратурных газет, літаратурныя чытанні і г.д. У 1991 г. была праведзена першая школьная раённая алімпіяда па беларускай мове і літаратуры. Старанна рыхтаваліся да яе школьнікі. Пераможца алімпіяды – вучаніца Круглянскай сярэдняй школы, а пазней студэнтка філалагічнага факульгэта Белдзяржуніверсігэта Алена Казакова – падтрымала гонар раёна ў абласной, а потым і ў рэспубліканскай алімпіядах. Дыпламантамі раённага і абласнога конкурсаў мастацкага чытання, прысвечанага 100-гадоваму юбілею М. Багдановіча, сталі вучні Загаранскай сярэдняй школы Дзіма Вырвіч і Віталь Кандрацьеў.

    Зберажэнню традыцый, гістарычных каранёў садзейнічаюць і этнаграфічна-фальклорныя святы, вячоркі, калядкі, кірмашы. Настаўнікі і вучні Філатаўскай няпоўнай сярэдняй школы разам з работнікамі саўгаса «Някрасава» стварылі этнаграфічны ансамбль «Верасок». У Грыбінскай сярэдняй школе дзейнічае клуб «Спадчына», створаны сумесна з сельскай бібліятэкай. Тут жа арганізаваны драматычны гурток, рэпертуар якога складаецца з твораў беларускіх драматургаў. Цікавыя магнітафонныя запісы беларускіх народных песень у выкананні мясцовых жыхароў зрабілі вучні Ваўканосаўскай сярэдняй школы. Запісваюць беларускі фальклор і вучні Загаранкаўскай школы. Тут жа вядзецца работа па стварэнні музея народнага быту. Народныя промыслы – разьба па дрэве, вырабы з саломкі, вязанне, вышыўка – вабяць многіх школьнікаў у апошні час. Для іх ствараюцца спецыяльныя гурткі народных рамёстваў, такія, як у Рубежскай і Шапялевіцкай сярэдніх школах.

    Духоўнаму ўзбагачэнню жыхароў Круглянскага раёна садзейнічае дзейнасць бібліятэк. Вялікую метадычную работу ў гэтым кірунку праводзіць цэнтральная бібліятэка г.п. Круглага. У пасляваенны час яна аднавіла сваю дзейнасць адразу ж пасля вызвалення. Спачатку размясцілася ў будынку народнага суда, потым адвялі куточак у сельскім савеце. Кожны вечар пасля працы тут збіраліся людзі, слухалі зводкі Саўінфармбюро, наладжвалі агульныя чыткі газет, разам марылі аб перамозе. За 1944 – 49 гг. кніжны фонд Круглянскай бібліятэкі павялічыўся больш як на 2 тыс. кніг (усяго 7 325 кніг). Зараз у бібліятэчнай сістэме Круглянскага раёна больш за 260 тыс. кніг. Штогод яны абслугоўваюць прыкладна 13 тыс. чытачоў, што складае 60% жыхароў раёна.

    На пачатку 1990-х гг. атрымалі новыя будынкі Цяцерынская, Загаранская, Кручанская сельскія бібліятэкі, капітальна адрамантаваны памяшканні Марцянавіцкай і Елькаўшчынскай бібліятэк.

    Непазнавальна змяніўся інтэр’ер бібліятэк. Пры іх афармленні выкарыстоўваюцца вырабы мясцовых майстроў. «Зямля пад белымі крыламі», «У глыбіню стагоддзяў заглянуць», «Мы – беларусы», «Нам засталася спадчына», «Тут мой пачатак», «Слова наша роднае» – гэтыя і іншыя назвы выстаў літаратуры можна сустрэць амаль у кожнай бібліятэцы. Зараз бібліятэкі пераасэнсоўваюць сваю ролю і месца ў духоўным жыцці людзей. Калі раней яны былі ў асноўным ідэалагічнымі ўстановамі, цяпер іх галоўная задача – асветніцкая. Менавіта гэтым і кіруюцца бібліятэчныя работнікі ў сваім творчым пошуку новых форм. Укараняюцца і напаўняюцца новым зместам выстаўкі-віктарыны, праводзяцца прэм’еры і прэзентацыі кніг, агляды і дні перыёдыкі. Стала ўжо традыцыяй, што ні адзін юбілей беларускіх пісьменнікаў не заетаецца па-за ўвагай бібліятэк. Да святочных дат афармляюцца выставы ці адкрытыя прагляды літаратуры, праводзяцца гутаркі, арганізуюцца літаратурныя гульні, конкурсы, віктарыны. У бібліятэках раёна прайшлі літаратурныя дні, прысвечаныя бёларускім пісьменнікам І. Шамякіну, К. Крапіве, А. Зарыцкаму, Н. Гілевічу і інш. 1991 г. быў годам Максіма Багдановіча. Адным з галоўных кірункаў дзейнасці бібліятэк раёна была прапаганда яго твораў. У Круглянскай, Шапялевіцкай, Запрудскай, Цяцерынскай, Грыбінскай, Кручанскай бібліятэках адбыліся святы кнігі, прысвечаныя славутаму сыну зямлі беларускай. Боўсевіцкая бібліятэка правяла літаратурны дзень «Паэзія М. Багдановіча – гімн роднаму беларускаму народу». Паўсюдна прайшлі літаратурныя і паэтычныя гадзіны, музычныя гадзіны і вечары. Шчырае паэтычнае слова Багдановіча гучала і ў час конкурсаў, віктарын, на гутарках і аглядах. Актыўны ўдзел у конкурсе на лепшы верш, апавяданне «Слова пра Багдановіча» прынялі вучні Круглянскай сярэдняй школы. Спроба пяра для некаторых удалася. Лепшыя з іх было вырашана даслаць у Мінск для ўдзелу ў аналагічным конкурсе, аб’яўленым часопісам «Бярозка». Вучаніца Круглянскай сярэдняй школы Марыя Вадап’ян стала адным з яго пераможцаў. Вынікам намаганняў бібліятэк было і тое, што значна ўзрасла цікавасць да творчасці М. Багдановіча. За год бібліятэкі раёна выдалі амаль 2,5 тыс. кніг паэта. Але не гэта галоўнае. Людзі змаглі лепш пазнаёміцца з самабытнай творчасцю паэта.

    Захаванню спадчыны садзейнічаюць і іншыя культурна-асветныя ўстановы раёна, сярод якіх (даныя 1993 г.) 33 дамы культуры і клубы, дзесяткі масавых бібліятэк, 5 музычных школ і інш. Хаця за апошнія гады нямала зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, большасць з іх па-ранейшаму размешчаны ў прыстасаваных памяшканнях.

Круглянский район

    Больш за 100 энтузіястаў працуе ва ўстановах культуры раёна. Іх аб’ядноўвае нялёгкая, але патрэбная людзям прафесія работніка культуры. Дзякуючы іх намаганням ствараюцца калектывы мастацкай самадзейнасці. Пры ўстановах культуры дзейнічае 20 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, 175 калектываў мастацкай самадзейнасці. Ансамбль народнай песні раённага Дома культуры «Вераснянка» (кіраўнік Л. Галыгіна) удастоены звання народнага калектыву. Пры раённым доме культуры плённа працуе клуб аматараў музыкі. Кіраўнікі клуба імкнуцца як мага больш людзей навучыць адчуваць цудоўнае. Надоўга захаваюцца ў памяці ўспаміны аб вечарах рускага раманса, старадаўняй музыкі і многіх іншых.

    Важнай падзеяй у жыцці раёна стала адкрыццё раённага музея.

    Значную ролю ў духоўным жыцці Круглянскага раёна адыгрывае газета «Сельскае жыццё». Чытачы (а імі з’яўляюцца не толькі тыя, хто жыве на Кругляншчыне) знаходзяць на яе старонках шмат цікавага аб гісторыі роднага краю і яго людзях, аб помніках культуры. Літаратурныя старонкі знаёмяць з творчасцю мясцовых паэтаў і празаікаў.

    У даўнія часы развіваліся на Кругляншчыне розныя рамёствы. Былі тут свае кавалі, ткачы, абараначнікі. Няшмат засталося людзей, якія змаглі зберагчы народнае ўмельства. Галоўнае – не згубіць гэтыя апошнія кроплі народнага таленту, перадаць яго маладым.

В.В.Грыгор’ева


ГЭТА БЫЛО ПАСЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ


    Лета 1944 года... Яшчэ на захадзе грымела кананада, яшчэ зарава далёкіх пажараў асвятляла неба, а на Беларусь прыйшлі ўжо мір і цішыня. Яснае сонца свабоды ззяла і над Круглянскім раёнам.

    Нялёгкай цаной дасталася яна, гэтая свабода. Прыходзілі сяляне ў свае вёскі і на месцы іх знаходзілі папялішчы, прыходзілі і не далічваліся сваіх родных, блізкіх. Атрымлівалі з фронту пахавальныя і аплаквалі бацькоў, братоў, сясцёр. Вярталіся інваліды дамоў, і зноў слёзы, дзе і гора і радасць – папалам.

    Толькі жыццё зноў брала верх. З лубянкай дзедаўскай выходзіў у поле хлебароб, поўнай жменяй сыпаў у глебу залатое зерне, з любоўю даглядаў пасевы. А іншыя ішлі за пятнаццаць – дваццаць кіламетраў пехатой да раённага цэнтра і валаклі адтуль на сваіх загорбках насенне. Жывыя думалі аб жывым.

    У жніўні 1944 года, літаральна праз дзесяць дзён пасля вызвалення, у Круглым адбыўся раённы сход камсамольцаў.

    Мала юнакоў было на гэтым сходзе, усё больш дзяўчаты. Сабраліся камсамольцы, каб пагутарыць аб сваіх справах, падумаць аб будучым. Вайна кацілася ўсё далей і далей на захад. Шмат спраў накапілася на вызваленай зямлі беларусаў. Аб гэтым і вяла гутарку на сходзе камсамолія.

    Таня Лісова, брыгадзір камсамольскай брыгады калгаса «Перамога» Сіманавіцкага сельсавета, расказала, што ў яе брыгадзе дзесяць камсамолак. Дзяўчаты раздабылі косы, навучыліся касіць і нарыхтавалі патрэбную колькасць кармоў для тых жывёлін, якія меліся ў калгасе.

    Мужчын у вёсцы амаль няма, вось і прыйшлося дзяўчатам узяцца за іх справу.

    Апрача нарыхтоўкі кармоў, камсамолкі займаліся зборам сродкаў для дзіцячага дома, у якім жылі дзеці-сіроты, дапамагалі настаўнікам абсталяваць школу, расшуквалі раскіданае арцельнае дабро. Потым брыгада ў поўным саставе пераключылася на ўборку ўраджаю і працавала ўдарна.

    Загадчык хаты-чытальні Сіманавіцкага сельсавета Дарашэнка ў сваім выступленні расказаў, што камсамольцы сельсавета шмат папрацавалі на аднаўленне народнай гаспадаркі. Для правядзення сенакосу і ўборкі ўраджаю створаны чатыры камсамольска-маладзёжныя групы. Лепшай з іх з’яўляецца камсамольская брыгада Лісовай.

    Першы сход камсамольскага актыву раёна... Больш за 20 гадоў аддзяляе нас ад той незабыўнай падзеі, а памяць народная зберагала ўсё. Выходзілі за самаробныя трыбуны так-сяк апранутыя, прывыклыя за гады няволі да нішчымніцы, ды і тады яшчэ не еўшы ўволю, выходзілі так і не скароныя нічым камсамольцы і вялі дзелавую размову аб патрэбах фронту, думалі аб дапамозе дзецям воінаў Чырвонай Арміі і партызан, абмяркоўвалі планы аднаўлення разбураных гаспадарак.

    Вось кароткія даныя аб праробленай камсамольцамі раёна рабоце. У раёне было створана 30 камсамольска-маладзёжных брыгад па збору калгаснай маёмасці і інвентару. Для правядзення сенакосу былі арганізаваны 23 камсамольска-маладзёжныя брыгады, для уборкі ўраджаю – 18. У фонд дапамогі дзецям чырвонаармейцаў і партызан камсамольцы раёна сабралі больш за 200 пудоў хлеба, 1500 рублёў грошай і шмат прадметаў адзення і кухоннага абсталявання.

    На актыве была адзначана старанная работа на ўборцы ўраджаю камсамолак Скуратаўскага сельсавета Снапкоўскай, Кунец, Салаўёвай і іншых, якія за дзень зжыналі сярпамі да 20-25 сотых гектара збожжавых.

    Удзельнікі камсамольскай канферэнцыі заверылі, што яны зробяць усё для аднаўлення разбуранай гаспадаркі, каб жыццё на роднай зямлі расцвіло яшчэ лепш, чым было да вайны.

І. Гаўрылаў


«ПІШУ ПРА ГОРКУЮ ПРАЎДУ...»


З успамінаў Б.У. Васілеўскага, апублікаваных у газеце «Звязда» 20 жніўня 1992 г.


    Паўстагоддзя Баляслаў Васілеўскі, ураджэнец Новага Палесся, утойваў горкую праўду свайго жыцця нават ад блізкіх. Зялёным юнаком ён дапамагаў партызанам. Хапіў гора ў фашысцкай няволі. Ваяваў у італьянскім Супраціўленні. Сядзеў у сталінскіх лагерах. Баляслаў Уладзіміравіч не шукае ільгот. На старасці год ён патрабуе вярнуць добрае імя ды папрасіць прабачэння за гады, праведзеныя ў ГУЛАГу паміж жыццём і смерцю, надзеяй і адчаем.

    «Звяртаюся да вас з просьбай: дапамажыце зняць незаслужаны цяжар, які нясу я 50 гадоў. Я не дамагаюся ніякіх ільгот. Я інвалід працы 2-й групы. 24 красавіка 1992 года мне споўнілася 69 гадоў.

    Нарадзіўся я ў 1923 годзе ў вёсцы Новае Палессе Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1939 годзе скончыў 7 класаў Кручанскай сярэдняй школы. У 1940 годзе па лініі абкома камсамола быў накіраваны на абаронныя работы за Беласток у горад Шчучын-Граева, прарабіў год і, атрымаўшы адпачынак у маі 1941 года, прыехаў у сваю вёску Новае Палессе. А ў чэрвені пачалася вайна.

    У армію мяне не прызвалі – узрост не падышоў. Вясной 1942 года на акупіраванай тэрыторыі пачалі фарміравацца ачагі супраціўлення. Першым камандзірам партызанскага атрада, які размяшчаўся ў лесе за вёскай Аладзінка, быў Сяргей. Атрад так і называўся – «Сяргееў». Пазней я даведаўся, што камандаваў ім Сяргей Георгіевіч Жунін. Нас, камсамолію, трымалі сувязнымі. Зброі не хапала. Нам даручалі яе шукаць. У бліжэйшым лесе мне ўдалося знайсці 4 вінтоўкі.

    У нашай вёсцы нейкі час жыў акружэнец, які ўцёк з палону, вельмі добры, разумны чалавек. Звалі яго «дзядзька Ваня». Ён даў мне заданне схадзіць у вёску Зелянькова і прынесці 2 аўтаматы ППД. Рызыка была вялікая, але я заданне выканаў. Зброю мне перадаў каваль Шура Паташоў. Я прасіўся: «Дзядзька Ваня, вазьмі мяне ў партызаны!» Ён адказваў: «Ты яшчэ малады, ненавучаны, ты нам больш патрэбны сувязным».

    Мінуў нейкі час. Атрад вырас, і нас пачалі браць на заданні. Бралі сякеры, пілы, ломікі і ішлі на чыгунку валіць тэлеграфныя слупы, выварочваць рэйкі. Разграмілі раз’езд Трацілава. У 1942 годзе наш атрад накіраваўся знішчаць станцыю Слаўнае. Мяне замацавалі за камандзірам падрыўной групы Міхаілам Кулакоўскім. Задача: узарваць воданапорную вежу, дзе запраўляліся паравозы. Учатырох мы цягалі снарады на вежу, а ўзрывалі яе ўжо спецыялісты. За ўзрыў воданапорнай вежы мне камандзір паабяцаў ордэн Чырвонай Зоркі.

    На чыгунку нас бралі часта. Вёска Новае Палессе была ў глушы, і фашысты наведваліся ў яе вельмі рэдка. Але ў 1943 годзе пачалася блакада, немцы прыціснулі партызан, і атрад пачаў адступаць. Бяззбройную камсамолію з сабой не ўзялі. Я ўбачыў сакратара райкома камсамола Гурскага, ён з жонкай уцякаў ад немцаў на павозцы. На просьбу ўзяць з сабой адказаў: «Ратуйцеся як можаце».

    Перад адступленнем у 1944 годзе немцы ўзялі мяне разам з іншымі адабранымі і вывезлі ў лагер Нойгамер. У няволі я пасябраваў з адным хлопцам, і мы вырашылі ўцякаць у Італію ці ў Югаславію да Ціта.

    Мы пачалі распытваць аднаго італьянца – звалі яго Андрэ, – як прабрацца ў Італію. Ён згадзіўся быць нашым правадніком. Гаварылі мы па-нямецку. У адну з бамбёжак мы ўцяклі, дабраліся да маленькай станцыі, дзе ўдалося залезці ў таварны вагон. Прыехалі ў Мюнхен. Тут пераселі ў другі таварняк і ў ім перасеклі італьянскую граніцу ў раёне Брэнера, горнага перавала ў Альпах.

    Андрэ пайшоў сваёй дарогай, а мы трапілі ў лапы жандараў. Нас пад канвоем адвезлі ў горад Верона ў лагер ваеннапалонных. 3 яго мы ўцяклі без цяжкасцяў. Ішлі ад вёскі да вёскі. Італьянцы, народ добры, сардэчны, кармілі нас. Так мы прыйшлі ў невялікі гарадок каля Мілана. Там быў заводзік, выпускаў нейкія прыборы. Нас акружылі італьянскія рабочыя, а калі даведаліся, што мы рускія, прывялі хлопца. Ён загаварыў з намі на чыстай рускай мове. Бацька Валодзі быў італьянскі падданы, яго разам з сям’ёй выслалі ў 1938 годзе ў Італію. Валодзя пазнаёміў нас з італьянцам Анжэла Расіні, ён быў камандзірам партызанскай групы, Анжэла прывёў нас да патрона (памешчыка). Тут нас пераапранулі ў добрыя касцюмы, і мы былі залічаны ў 45-ю брытаду «Гарыбальдзі».

    Мы былі вельмі знясіленыя. Нам давалі адпачыць і на заданні накіроўвалі рэдка. Вайна заканчвалася. Партызаны першыя ўвайшлі ў Мілан. Немцаў прыціснулі амерыканцы, і яны ўжо не супраціўляліся. А ў чэрвені – ліпені 1945 года было аб’яўлена па радыё, што ўсе рускія, якія ўцяклі з палону, павінны прыбыць на рэпатрыяцыйныя пункты для адпраўкі на радзіму.

    Я адразу прыехаў, куды было ўказана, і пачаў чакаць адпраўкі. Нас пераапранулі ў амерыканскую форму. Падалі машыны, і негры, удалыя шафёры, павезлі нас у Аўстрыю. Тут, у горадзе Цветль-Штыфт, намі заняўся НКУС. Пачаліся цяжкія допыты: дзе жыў, дзе служыў? Як у палон трапіў? Праз гэтае сіта я праходзіў тры месяцы. Нарэшце падабралі нас шэсць чалавек і накіравалі ў Венгрыю. У горадзе Кечкемет мы атрымалі выбракаваных коней з воінскіх часцей і пагналі іх сваім ходам праз Венгрыю, Румынію і Закарпацкую Украіну. У горадзе Каламыя раздалі іх па разнарадцы.

    Увосень 1945 года я атрымаў дакументы і прыехаў у свой райваенкамат. У вёсцы Новае Палессе ад роднага дома застаўся толькі попел. У раённым цэнтры Круглае атрымаў я пашпарт на шэсць месяцаў, уладкаваўся на работу на будаўніцтва цагельнага завода.

    У чэрвені 1946 года прыйшла да мяне міліцыя, прымусілі сабрацца і змясцілі ў камеру. Пасядзеў месяц. Потым з такімі ж быў накіраваны ў Магілёў і далей – па чыгунцы – у Карэла-Фінскую ССР, горад Кандапога, на папяровы камбінат. Камендант зачытаў, што прыбылі мы на спецпасяленне тэрмінам на шэсць гадоў. Без права выезду з горада.

    Хто пачаў даходзіць пакрысе, хто адразу памёр, а я без дазволу паехаў дадому ў сваё Круглае. У 1947 годзе мяне арыштавалі за самавольны выезд са спецпасялення. Месяц трымалі ў камеры ў Круглым, а потым павезлі ў абласную турму ў Магілёў. Тут мяне змясцілі ў 127-ю камеру на трэцім паверсе – і пайшлі допыты. Будзяць у 12 гадзін ночы – і ў падвал. Там сядзіць капітан-чэкіст. Пытаецца мала, больш пакурвае, некуды ідзе на гадзіну і больш. Потым вядуць назад у камеру. Сямімесячныя допыты нічога не далі, і мяне перавялі ў 132-ю камеру-адзіночку.

    Працэдура старая: апоўначы вядуць на допыт, надае чэкіст па мордзе – і зноў у камеру. 300 грамаў хлеба, міска баланды, 9 грамаў цукру. У адзіночцы я прасядзеў чатыры з палавінай месяцы.

    Нарэшце адчынілася акенца камеры, і мне зачыталі прыгавор. Асобая нарада МУС РСФСР (тройка) замяніла спецпасяленне тэрмінам пакарання ў калоніі строгага рэжыму па артыкуле 82, частка II. Прыйшоў вартаўнік, і мяне перавялі ў агульную камеру, большую.

    Нядоўга пратрымаўшы ў Магілёве, нас накіравалі ў перасылачную турму Оршы. Тут сфарміравалі этап на Поўнач, на 501-ю сталінскую будоўлю. Пагрузілі ў невялікія крытыя таварныя вагоны чалавек па 50 – 60. На вагонах буйнымі літарамі было напісана «Смала» – нейкі чэкісцкі код.

    Везлі доўга. У вагоне стаяла параша, дыхаць не было чым. А кармілі так: давалі па кавалку салёнай рыбы, але без усялякай вады. Прасілі ў канвоя: «Начальнік, дай сняжку!» Злітуюцца, пададуць на прыпынку бочачку снегу, а снег жа мала хто да рота данясе. Як накінуцца на бочачку ўсім вагонам, ён больш пад ногі ляціць. Хто мацнейшы – стаялі ля крапёжных балтоў. Звонку балты астынуць, а ўнутраная частка інеем пакрыецца. Вось і лізалі жалеза.

    Прывезлі на Пячору. На варотах вялікімі літарамі напісана: «ЦПП Пячора» (цэнтральны перасылачны пункт). Тут нас доўга не трымалі, накіравалі ў тундру. Нас, зэкаў, было чалавек 350. На месцы паказалі забіты калок з надпісам «313 калона». Далі вялікую брызентавую палатку. У палатцы замест печкі паставілі жалезную бочку, вывелі трубу і пачалі паліць карлікавай бярозай. Ніякай пасцелі. Хто ў чым быў апрануты, не распранаючыся, уладкоўваўся на падлозе. Спалі шчыльна адзін да аднаго, варочаліся па камандзе. У шчыліны задувала снегам, да раніцы ўсе былі накрытыя, як прасціной. Кармілі два разы. На першае поліўка з жытняй мукі, на другое – лыжак 5 – 6 куляшу. Хлеба ніякага.

    Без лазні развяліся вошы. Падыходзіць бедалага да печкі-бочкі, здымае кашулю, страсяне – толькі іскры ляцяць ад гарачага металу. Сяк-так зляпілі лазню. Брыгада па чарзе хадзіла мыцца. Распрануцца здыхлі – і сваіх жа, з адной брыгады, не пазнаеш. Глядзіш і здзіўляешся: як толькі чалавек на нагах трымаецца, шкілет у лабараторыі прыгажэйшы.

    У мяне на фармуляры была чырвоная паласа і напісана «Уцякач». Усе штрафныя калоны былі мае. Пасля сартавання трапіў я ў 59-ю калону. Гэта быў канцлагер узмоцненага рэжыму. Кожны дзень на вахту прыносілі галовы зэкаў, прагуляных у карты. Затое лагерная арыстакратыя – зладзеі, рэцыдывісты – жылі вольна. Спецадзенне, прадукты – усё было ў іх распараджэнні. Заробленыя грошы зэкам выдавалі праз акенца вахты ў прысутнасці аховы. Зняволеныя толькі распісваліся, а грошы да капейкі забіралі блатныя. Яны аддавалі іх ахове, а тая прыносіла з волі спірт, папяросы.

    Не было той ночы, каб ахова з рэцыдывістамі не ўчыняла бойкі. Заходзіць наглядчык-чэкіст і крычыць: «Што, гады, не храпяце?» Усе ў бараку пачынаюць храпці. Адразу ж другі крык: «Што ж гэта вы, гады, храпяце, наглядчыка пужаеце?» – і пайшла дубінка ў ход. «Выходзь строіцца!» Гэта ўсё апоўначы, на вуліцы мароз 45 градусаў.

    Усе вылятаюць з барака і печку-бочку з сабой выносяць. Каманда: «Кладзіся!» – усе кідаюцца ў снег, ляжаць. Зноў крык: «Адбой!» – зэкі стрымгалоў кідаюцца ў барак, апошніх б’юць дубінкамі куды папала: па галаве, па рэбрах. Уся ўлада была ў галаварэзаў і чэкістаў, яны працавалі зладжана. Не спадабаўся ім, цябе расстралялі, а фуфайку тваю на калючы дрот закінулі – спрабаваў уцячы.

    У гэтай жа 59-й калоне брыгада з трыццаці чалавек не вытрымала здзекаў, уцякла. А куды ўцячэш, калі тундра голая вакол на тысячу вёрст? Тут жа прыляцелі на «кукурузніках» узброеныя да зубоў чэкісты. Пачалася аблава. 27 трупаў падцягнулі да варот зоны, склалі ў шарэнгу. А потым дні чатыры, выводзячы зняволеных на работу, спынялі каля іх і тлумачылі, што так будзе з кожным, хто задумае ўцякаць.

    Для трупаў рыхтавалі катлаваны. Запаўняюць адзін, выкопваюць другі. Забівалі не толькі зброяй, але і голадам. А калі што і прывозілі ў калону, дык забіралі рэцыдывісты і «сукі» – памочнікі аховы з крымінальнікаў. Прыйдзеш на абед – у тваім кацялку спачатку пагаспадарыць блатны, выцягне з дна што пагусцей, а ты ваду сёрбай. Вось так і даходзілі. Лютавала цынга. Людзей спісвалі проста: бірка на нагу – і ў катлаван. Выжывалі толькі моцныя духам, хто ўмеў цярпець праз «не магу».

    Вызвалілі мяне ў маі 1951 года, яшчэ да смерці Сталіна. У родную Беларусь вярнуўся ў жніўні 1952 года. Завёў сям’ю, нажыў трох сыноў.

    Я доўгія гады ўтойваў ад іх горкую праўду свайго жыцця. Прыйшоў час расказаць. Калі я быў у Італіі, за год асвоіў на 70 працэнтаў італьянскую мову. Мне прапаноўвалі: заставайся, жыві ў Італіі. Прыходзілі вярбоўшчыкі Польскага легіёна. А мне Радзіму, маю Беларусь, ніхто нічым не заменіць.

    Калі мяне арыштавалі ў 1947 годзе, у мяне забралі даведку, выдадзеную 45-й брыгадай «Гарыбальдзі» на італьянскай мове. Забралі і другую даведку – падзяку камандзіра часці за дастаўку коней у Каламыю. Адрас майго камандзіра групы партызанскага атрада 45-й брыгады «Гарыбальдзі»: Італія, Мілан, вуліца Касана Дада, Расіні Анжэла. Мой удзел у партызанскім руху ў Круглянскім раёне мог бы пацвердзіць Сяргей Георгіевіч Жунін, з якім мы часта сустракаліся і гутарылі ў Аладзінцы ў 1942 – 43 гадах.

    Жыву я цяпер у горадзе Верхнядзвінску Віцебскай вобласці, вуліца Савецкая, дом 164, кватэра 4. Васілеўскі Баляслаў Уладзіміравіч».

Запісаў Уладзімір Факееў.


ГАЗЕТА ПАВЕДАМЛЯЛА…


Па старонках круглянскай раённай газеты «Ленінскі сцяг» (з 1.1.1967 – «Сельскае жыццё»)*


21.1.1945 г.



КЛОПАТЫ АБ ВОІНАХ I IX СЕМ’ЯХ



    У раёне праяўляюць вялікія клопаты аб воінах Чырвонай Арміі, інвалідах Айчыннай вайны і сем’ях ваеннаслужачых.

    Толькі па нашаму раёну за адзін месяц снежань шасці сем’ям ваеннаслужачых выплачана дзяржаўнай дапамогі 1300 руб. Аддзел дзяржзабеспячэння выдаў сем’ям воінаў 1 150 метраў мануфактуры, 800 катушак нітак і вялікая колькасць выдана шытай вопраткі і абутку.

    Вялікая колькасць воінаў і інвалідаў Айчыннай вайны, якія вярнуліся ў свае сем’і, атрымалі працу па сваёй здольнасці. Яны працуюць у калгасах, на прадпрыемствах і ва ўстановах. Некаторыя з іх, па іх жаданню, паступілі вучыцца. Інваліды атрымоўваюць ад дзяржавы пенсіі, прамтавары і прадукты харчавання.

Ж. Казлоў


3.7.1945 г.


    Адкрыты дзіцячы дом на 190 дзяцей. Усе пакоі ўпрыгожаны плакатамі і рознымі малюнкамі жывой прыроды, якія малявалі самі дзеці пад кіраўніцтвам сваіх выхавальніц. У кожнай групе выпускаецца групавая насценная газета. Упрыгожана добра і зала...



ДАСТОЙНА ПРЫШЛІ ДА ГАДАВІНЫ ВЫЗВАЛЕННЯ



    Нямецка-фашысцкія захопнікі за час свайго гаспадарання на тэрыторыі нашага раёна стараліся знішчыць усё набытае нашым беларускім народам. Яны разрабавалі нашу Круглянскую МТС. Раней у нашай МТС было 42 трактары, 48 трактарных плугоў, 9 малатарняў, 17 сеялак, 13 культыватараў, 6 грузавых і 1 легкавая аўтамашына. Многа гаручага і рознага інструменту. Усё гэта разбіта і ўвезена гітлераўскімі бандытамі. Але надышоў час, калі на тэрыторыю нашага раёна прышла Чырвоная Армія і вызваліла нас ад ненавіснага ворага.

    За кароткі перыяд пасля вызвалення ад захопнікаў калектывам нашай МТС сабрана і адноўлена 11 трактароў, 5 трактарных плугоў, 2 малатарні, 2 аўтамашыны і інш. У 1944 годзе малатарнямі МТС намалочана 700 тон збожжа ў калгасах. Трактарамі паднята 150 гектараў зябліва.

    Новых вытворчых перамог дабіліся нашы трактарысты ў гэтым годзе ў спаборніцтве па дастойнай сустрэчы першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. Разам з усімі працоўнымі рэспублікі мы святкуем першую гадавіну свайго вызвалення. Святу падрыхтаван дастойны падарунак. Круглянская МТС у сёлетнім годзе гадавы план мяккай пахаты выканала на 145 працэнтаў. Пры веснавой сяўбе работа трактароў выканана на 140 працэнтаў. Пад’ём папараў ужо выканан на 353 працэнты. Першынство ў спаборніцтве заваявалі трактарыст Наканечнік I. Ён на 15-сілавым трактары падняў 330 гектараў. Мазок Я. на трактары «На-Т4» падняў 416 га.

    Выдатных поспехаў дабіліся і маладыя трактарысты Галяшэвіч, Правашынскі і Емяльянаў, якія выконваюць нормы выпрацоўкі на 170 працэнтаў.

Ганчароў, дырэктар МТС


1.5.1946 г.



НА ЦАГЕЛЬНЫМ ЗАВОДЗЕ



    Цагельны завод райпрамкамбіната «Чырвоны керамнік» распачаў сваю работу па выпрацоўцы паленай цэглы. На заводзе зроблена адна напальная печ, у якой выпалена ўжо 37 тыс. цэглы.

    Спаборнічаючы паміж сабой, фармоўшчыца Жыгунова Мар’я і Халадкова Ганна выконваюць нормы выпрацоўкі на 145-150 працэнтаў. Яны ўзялі на сябе абавязацельствы за сезон даць па 100 тысяч цэглы.

Сахадзе


27.6.1946 г.



3 ЗЯМЛЯНАК У НОВЫЯ ДАМЫ



    Шырока разгорнута работа па пабудове новых дамоў калгаснікам у Калгасе «Чырвоны араты» Шапялевіцкага сельсавета. Не лічачыся з цяжкасцямі, ні з часам, з ранку да позняй ночы працуюць брыгады на пабудове дамоў. Брыгада Жыгарова П., якая будуе дом калгасніцы Барысевіч Праскоўі, муж якой загінуў на фронце Айчыннай вайны з нямецкімі захопнікамі, ужо зрубіла зруб, зымшыла і палаціла яго. Прыкладам добрай працы на пабудове дома паказваюць плотнікі Троцкі, Барысенка, Лапацентаў.

    У хуткім часе калгасніца Барысевіч атрымае новае светлае памяшканне. Закончыла пабудову новага зруба будаўнічая брыгада Дудко Ягора.

    – Хутка закончым адбудову дамоў у калгасе «Чырвоны араты», – заяўляе старшыня калгаса т. Атрохаў М. Усе калгаснікі, дамы якіх былі спалены гітлераўцамі, будуць жыць ў новапабудаваных дамах.

Медзякоў


3.7.1946 г.



АДНАЎЛЕННЕ ДАРОГ I МАСТОЎ



    За перыяд месячнага будаўніцтва дарог і мастоў у нашым раёне актыўны ўдзел прынялі калгасы Ляснянскага і Загаранскага сельсаветаў. Старшыні сельсаветаў Лепковіч і Жыбурт на месцах у сваіх сельсаветах аб’явілі месячнік будаўніцтва дарог і мастоў, зрабілі інфармацыю сельскаму актыву аб праводзімым месячніку будаўніцтва. Сельскі актыў уключыўся ў будаўніцтва дарог і мастоў.

    У калгасах Ляснянскага сельсавета былі створаны будаўнічыя брыгады па будаўніцтву мастоў і рамонту дарог. На тэрыторыі сельсавета пабудавана два новыя масты і адрамантаваны дарогі. Закончылі рамонт дарог і мастоў на сваёй тэрыторыі калгасы «Елькаўшчына», «Рассвет» і «Дуброва» Загаранскага сельсавета, дзе штодзённа выходзіла па 5-6 чалавек на дарожнае будаўніцтва.

    Але не ўсе кіраўнікі сельсаветаў звярнулі належную ўвагу на месячнік будаўніцтва дарог і мастоў. У Кручанскім сельсавеце (старшыня тав. Новікаў), дзе да гэтага часу лес, выразаны больш года назад, не могуць вывезці за паўкіламетра. У Шапялевіцкім сельсавеце (старшыня Барысевіч) падрыхтаваны лесаматэрыял ляжыць не скарыстаны для будаўніцтва моста. Дзесятнік дарожнага будаўніцтва тав. Савіцкі I. да гэтай справы адносіцца безадказна.

    Справу будаўніцтва і рамонта дарог зусім закінуў старшыня Комсеніцкага сельсавета тав. Кавуроў. Тут на працягу месяца не адрамантавалі ні аднаго моста, ні адзін чалавек не працаваў на рамонце дарог.

Савіцкі


16.3.1947 г.


    Днямі ў кніжны магазін райцэнтра паступіла культтавараў на суму 30 913 рублёў. Сярод прыбыўшых тавараў 10 радыёпрыёмнікаў «Партызан», геаграфічныя карты, вучэбныя дапаможнікі і рад другіх тавараў.


25.5.1947 г.



АДЗНАКІ ТОЛЬКІ «5» і «4».



    У Круглянскай сярэдняй школе ў першым класе (настаўніца тав. Разумкова) вучылася 40 вучняў. Усе яны з’яўляюцца выхаванцамі Круглянскага дзіцячага дома. На працягу навучальнага года ўсе вучні мелі добрыя і выдатныя адзнакі па ўсіх прадметах і выдатную дысцыпліну. Да канца навучальнага года веды вучняў яшчэ больш павысіліся. Пры заканчэнні навучальнага года з 40 вучняў 15 выдатнікаў, а астатнія маюць адзнакі 5 і 4. Усе яны пераведзены ў другі клас.


12.10.1947 г.



ПАПАЎНЯЕЦЦА КНІЖНЫ ФОНД РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ



    3 кожным днём папаўняецца кніжны фонд раённай бібліятэкі. Калі з пачатку аднаўлення раёна бібліятэка налічвала толькі некалькі сот кніг і журналаў, то зараз яна налічвае 4600 розных кніг і журналаў. Нядаўна ў бібліятэку паступіла больш ста кніг новай літаратуры. Сярод іх «Маладая гвардыя» А. Фадзеева, «Ціхі Дон» М. Шолахава, «Пётр Першы» А. Талстога, выбраныя творы Пушкіна, Тургенева, Лермантава, Горкага. Кожны месяц прыходзяць журналы «Новый мир», «Окрябрь», «Знамя», «Полымя», «Огонёк» і рад іншых журналаў і газет.

К.Ракушаў


19.10.1947 г.



ВЫСОКА АПЛАЧВАЕЦЦА ПРАЦАДЗЕНЬ



    Калгаснікі калгаса «Рассвет» Загаранскага сельсавета ў гэтым годзе сабралі багаты ўраджай. Разлічыўшыся з дзяржавай і засыпаўшы насенныя і страхавыя фонды, калгас выдаў па 1 кілаграму зерневых і па 5 кілаграмаў бульбы на кожны працадзень. Сям’я калгасніка Лугоўскага Грыгорыя атрымала 42 пуды зернавых і 222 пуды бульбы.


26.10.1947 г.



ПАБУДАВАНА НОВАЯ ПЯКАРНЯ



    Гэтымі днямі поўнасцю закончана абарудаванне і здана ў эксплуатацыю новая пякарня. Яна разлічана на выпечку 4,5 тоны хлеба ў суткі. На абарудаванне пякарні Райспажыўсаюз затраціў 42 тысячы рублёў.


30.10.1947 г.



УЛАСНЫМІ СІЛАМІ АДНОЎЛЕНА ВЁСКА



    Вельмі вялікія цяжкасці перанеслі ў час акупацыі калгаснікі калгаса «Чырвоны араты» Шапялевіцкага сельсавета. У іх была адабрана ўся маёмасць і жывёла, спалены ўсе дамы вёскі.

    Але адразу, як толькі былі выгнаны нямецкія акупанты, на руінах і развалінах распачаліся будаўнічыя работы. Калгаснікі сваімі сіламі адбудавалі ўсе спаленыя дамы. Асабліва прыкладзена многа працы на будаўнічых работах у летні перыяд гэтага года. Тут было створана 8 будаўнічых брыгад, з якіх дзве брыгады будавалі дамы за кошт дзяржавы сем’ям загінуўшых воінаў. Усе будаўнічыя брыгады ўзялі на сябе абавязацельствы да 30-й гадавіны Кастрычніка сваімі сіламі поўнасцю закончыць будаўніцтва новых дамоў для кожнай сям’і, якія пражывалі ў зямлянках. Гэтыя абавязацельствы выкананы. 28 кастрычніка закончана будаўніцтва ўсіх дамоў. Брыгада Каласкова Трафіма пабудавала дом за кошт дзяржавы Курапаткінай Анне, брыгада Масанскага Андрэя закончыла будаўніцтва дома Голубевай Хадоссі.

    Зараз у калгасе ўсе сем’і маюць новыя, прасторныя і светлыя дамы.

А.Варанкоў


21.12.1947 г.



РАСШЫРАЕЦЦА ГАНДЛЁВАЯ СЕТКА



    Першыя дні гандлю без картачак паказваюць добрую падрыхтоўку і высокую арганізаванасць гандлюючых работнікаў. Жыва ідзе гандаль ва ўсіх магазінах. У раёне ўноў адкрыта 3 магазіны і 8 ларкоў. За першы дзень гандлю прадана харчовых і прамысловых тавараў на 200 тысяч рублёў.


12.2.1948 г.



ПРЭМІЯ ЗА ВЫКАНАННЕ ПЛАНА ЛЕСАВЫВАЗАК



    Калгас «Свабода» Скуратаўскага сельсавета першым у раёне датэрмінова выканаў дзяржаўны план лесанарыхтовак і лесавывазак. Нарыхтавана 321 кубаметр і вывезена 266 кубаметраў лесаматэрыялаў. Белтранслес за датэрміновае выкананне асенне-зімовага плана лесанарыхтовак і лесавывазак прэміраваў старшыню калгаса тав. Лістратава наручным гадзіннікам.


18.4.1948 г.



КУРСЫ ТРАКТАРЫСТАЎ ЗАКОНЧЫЛІ РАБОТУ



    Закончылі работу курсы трактарыстаў Цяцерынскай МТС. На курсах навучалася 19 чалавек. Усе курсанты паспяхова здалі выпускныя экзамены. Курсант Чэрневец Васіль здаў залік на выдатна. Зараз курсанты накіраваны на работу ў калгасы зоны МТС.


13.6.1948 г.



БУДУЕЦЦА ПАМЯШКАННЕ САНСТАНЦЫІ



    Раённы аддзел аховы здароўя распачаў будаўніцтва памяшкання для санстанцыі. На будаўніцтва гэтага аб’екта асігнавана 37 тысяч рублёў.


27.6.1948 г.



СПАБОРНІЦТВА МЕДЫЦЫНСКІХ РАБОТНІКАЎ



    Калектыў медыцынскіх работнікаў нашага раёна выклікаў на соцспаборніцтва ўрачоў, фельчараў і медыцынскіх сясцёр Бялыніцкага раёна. Днямі наша дэлегацыя на чале з загадчыкам аддзела аховы здароўя тав. Хрэбтовічам выязджала ў Бялынічы для заключэння дагавора. Медработнікі абавязаліся змагацца за лепшае абслугоўванне насельніцтва, зніжэнне захворваемасці. Дагавор прадугледжвае разгортванне прафілактычнай прапаганды, перападрыхтоўку медработнікаў, умацаванне сеткі нізавых ячэек таварыства Чырвонага Крыжа. У перыяд уборкі ўраджаю і хлебаздачы сетка медыцынскіх устаноў на сяле будзе пашырана.


11.7.1948 г.



ПАБУДАВАНЫ НОВЫ ТОК



Рыхтуючыся да ўборкі новага ўраджаю, калгаснікі калгаса «2-я пяцігодка» Круглянскага сельсавета разгарнулі будаўніцтва складскіх памяшканняў. Ужо пабудаваны новы ток размерам 50 на 14 метраў. У гэтым таку маецца дзве ёўні для сушкі збожжа. На будаўніцтве тока ўзоры працы паказалі калгаснікі Сухоцкі Іван, Цішуроў Архіп, Чэрвянец Аляксандр, Аляксееў Анупрый.

І.Церашкоў.


23.9.1948 г.



ЗАКОНЧЫЛА БУДАЎНІЦТВА ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ



    У калгасе «Перамога» Ляснянскага сельсавета на рацэ Друць завершана будаўніцтва і пушчана ў эксплуатацыю гідраэлектрастанцыя. Святло атрымалі больш 50 жылых дамоў калгаснікаў, школа, клуб і грамадскія пабудовы калгаса.

    У хуткім часе свет атрымаюць усе жылыя дамы калгаснікаў суседняга калгаса імя Варашылава гэтага сельсавета.


30.9.1948 г.



ПАБУДАВАНА ПАМЯШКАННЕ СЕЛЬСАВЕТА



    СКУРАТЫ. Сельскі савет у гэтым годзе завяршыў будаўніцтва новага памяшкання, у якім размесціцца сельсавет, хата-чытальня і аддзяленне сувязі. Зараз праводзіцца ўнутранае абсталяванне і ацяпленне памяшкання.


29.10.1948 г.



АРГАНІЗАВАНЫ ПІТОМНІК



    У калгасе імя Чкалава Круглянскага сельсавета створаны пітомнік пладовых дрэў. Ужо закладзена 190 дрэў. У бліжэйшыя дні яшчэ будзе закладзена 500 штук дрэў. Догляд за пітомнікам даручаны больш вопытнаму ў гэтай справе калгасніку Мінчукову Івану.


7.11.1948 г.



НА БУДАЎНІЦТВЕ ЛЬНОЗАВОДА



    На аднаўленчых работах па аднаўленню льнозавода з вялікім энтузіязмам працавалі камсамольцы, моладзь і ўсе рабочыя. Яны штодзённа на любых работах перавыконвалі нормы выпрацоўкі. Асабліва самааддана працавалі на падвозцы цэглы Кушняроў Уладзімір, Марозаў Мікалай, Шульц Марыя. Дзякуючы іх дапамозе майстар Салтанаў на будаўніцтве завода кожны дзень укладваў па 1500 цаглін.

    Ад цямна да цямна моладзь, спецыялісты па льну Малкіна Міля і Іванова Ніна прымаюць прывезеную льнатрасту. Да 7 лістапада план прыёму трасты будзе выкананы на 100 працэнтаў.

    У далейшым рабочыя льнозавода абавязуюцца працаваць яшчэ лепш.


4.8.1950 г.



БУДУЕЦЦА НОВЫ ПТУШАРНІК



    Добра закіпела работа ў аб’яднаным калгасе «Чырвоная звязда» Цяцерынскага сельсавета (старшыня калгаса тав. Бараноўскі). У калгасе ўжо распачата будаўніцтва грамадскіх будынкаў. Будаўнічая брыгада з 8 чалавек, якой кіруе Сяргей Бараноўскі, збудавала сцены птушарніка. Выдатныя ўзоры працы паказвалі плотнікі Сцяпан Клімаў, Уладзімір Саланенка, Пятрок Савіцкі і другія. Падрыхтаваны тут і матэрыял для поўнага заканчэння будаўніцтва і абсталявання гэтага птушарніка.

    Наступную зіму птушка калгаса будзе зімаваць у новым тыповым птушарніку.


14.10.1951 г.



САДЗЯЦЬ САДЫ



    Садаводства – важная галіна сельскай гаспадаркі. Вялікую ўвагу развіццю гэтай галіны ўдзяляе праўленне сельгасарцелі «Кастрычнік» Ляснянскага сельсавета. Яно падтрымала ініцыятыву моладзі свайго калгаса аб пасадцы саду і актыўна дапамагае ім. Ужо адведзена плошча пад новы сад, закуплена 2000 саджанцаў. У бліжэйшыя дні калгаснікі прыступяць да пасадкі іх.


23.3.1952 г.



ВУЧНІ ДАПАМАГАЮЦЬ КАЛГАСАМ



    Вучні Скляпаўскай сямігадовай школы дапамагаюць калгасам у падрыхтоўцы да веснавой сяўбы. Яны ў выхадныя дні праводзяць збор попелу і птушынага памёту для сваіх калгасаў. Асабліва ў гэтай справе праяўляюць актыўнасць вучні 7-га класа: Кучараў Васіль, Мінчукоў Фроня, Іваноў Віця і другія.


22.5.1952 г.



НА БУДАЎНІЦТВЕ ЦЯЦЕРЫНСКАЙ ГЭС



    Шырокім фронтам разгарнуліся падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве Цяцерынскай гідраэлектрастанцыі. На будаўнічай пляцоўцы кіпіць напружаная работа будаўнікоў. Завозяцца будаўнічыя матэрыялы, прыбывае магутная тэхніка. Ужо пачалося ўзвядзенне земляной плаціны. Паміж будаўнікамі шырока разгарнулася спаборніцтва. Лепшых поспехаў дабіліся брыгады Марыі Зыц і Тамары Тузавай. Дзённыя заданні члены гэтых брыгад выконваюць на 110-115 працэнтаў. Самааддана працуюць у гэтыя дні грузчыкі брыгады т. Жылінскага.


22.5.1952 г.



КАЛГАСНЫЯ ЦАГЕЛЬНЫЯ ЗАВОДЫ



    Узбуйненне калгасаў адкрыла неабмежаваныя магчымасці для ўсебаковага развіцця шматгаліннай калгаснай гаспадаркі. Умела выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці члены сельскагаспадарчай арцелі «Свабода» Скуратаўскага сельсавета. Яны рашылі сёлета пабудаваць уласны цагельны завод. Вясной брыгада Аляксея Духвалава выйшла на будаўнічую пляцоўку. Будаўнікі ўжо завяршылі рыццё катлавана для печы. Заканчваецца кладка фундамента трубы. На будаўнічую пляцоўку завезена неабходная колькасць лесаматэрыялу і цэменту. Вядзецца будаўніцтва цагельнага завода і ў калгасе імя Чапаева Паўлавіцкага сельсавета.


4.6.1953 г.



НОВЫЯ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНЫЯ ЎСТАНОВЫ



    На дзяржаўныя сродкі ў гэтым годзе адкрываюцца бібліяіэкі ў калгасе «Кастрычнік» Ляснянскага сельсавета і пры Паўлавіцкім сельсавеце. У Загаранскім сельсавеце намечана адкрыць яшчэ адну хату-чытальню. Адкрываецца таксама хата-чытальня ў калгасе імя Варашылава Круглянскага сельсавета.

    Для новых культурна-асветных устаноў у калгаснай вёсцы набываецца многа палітычнай і мастацкай літаратуры.


4.6.1953 г.



ДЗЕЦІ БУДУЦЬ ДОБРА АДПАЧЫВАЦЬ



    Ва ўсіх школах раёна праводзяцца падрыхтоўчыя работы да летняга адпачынку дзяцей. 160 вучняў і вучаніц пабудуць у піянерскім лагеры ў вёсцы Скляпава Ляснянскага сельсавета. Тут добра і весела. Лагер размесціцца ў прасторным светлым памяшканні сямігадовай школы, якая стаіць паблізу лесу і рэчкі.

    На правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі сярод дзяцей у гэтым годзе ў раёне адпускаецца 50 тысяч рублёу. У піянерскім лагеры падрыхтоўваюцца спартыўныя збудаванні. Сюды завозіцца неабходны спартыўны інвентар, накіроўваюцца вопытныя медыцынскія і фізкультурныя работнікі. Многія школьнікі пабудуць на экскурсіі ў Мінску і Магілёве. Пры школах ствараюцца зборныя дружыны піянераў, у якіх будзе шырока праводзіцца выхаваўчая работа.

В.Іваноў


2.7.1953 г.



ГАЗЕТЫ I ЧАСОПІСЫ НА ВЁСЦЫ



    Працоўныя Сіманавіцкага сельсавета моцна паважаюць наш друк. У другой палавіне бягучага года ў калгасы будуць ісці сотні экземпляраў газет і часопісаў, якія выдаюцца ў Маскве і Мінску. Многія калгаснікі і служачыя таксама рэгулярна выпісваюць і чытаюць абласную і раённую газеты.


10.3.1955 г.



АБ ЖАНЧЫНАХ РАЁНА



    106 жанчын нашага раёна выбраны дэпутатамі мясцовых Саветаў. Жанчыны прымаюць актыўны ўдзел у рабоце ўсіх звенняў дзяржаўнага апарату, 215 жанчын працуюць настаўнікамі ў школах раёна. Яны не шкадуюць сваіх сіл высокароднай справе навучання падрастаючага пакалення. 70 жанчын працуе ў медыцынскіх установах раёна. Яны беражліва ахоўваюць здароўе нашых людзей. 25 жанчын з’яўляюцца спецыялістамі сельскай гаспадаркі...


11.9.1955 г.



БУДУЮЦЬ КЛУБ



    3 году ў год паляпшаецца матэрыяльны дабрабыт хлебаробаў калгаса «Бальшавік». У бягучым годзе радыёфікаваны ўсе брыгады. Нядаўна пабудавана грамадская лазня, заканчваецца будаўніцтва клуба.


7.11.1955 г.



ЦЯЦЕРЫНСКАЯ ГЭС – УСТУПІЛА Ў СТРОЙ



    Завершана будаўніцтва Цяцерынскай гідраэлектрастанцыі. Напярэдадні кастрычніцкага свята адбылося адкрыццё станцыі. На ўрачыстасці, прысвечаныя адкрыццю ГЭС, сабраліся механізатары Цяцерынскай МТС: хлебаробы калгасаў «Камінтэрн», «Маяк» і другіх навакольных сельгасарцелей. Мітынг, прысвечаны пуску ГЭС, адкрыў старшыня райвыканкома тав. Кружаеў. Затым выступілі хлебаробы калгасаў і механізатары МТС. Мітынг закончаны. Сакратар райкома партыі тав. Сакалоўскі пераразае стужку і ўключае рубільнікі. У дамах калгаснікаў, на жывёлагадоўчых фермах, у майстэрнях МТС, у раённым цэнтры запаліліся электрычныя лямпачкі.


13.11.1955 г.



НОВЫ КАЛГАСНЫ РАДЫЁВУЗЕЛ



    Напярэдадні кастрычніцкіх свят у сельгасарцелі «Маяк» Комсеніцкага сельсавета ўведзен у строй радыёвузел на 2500 кропак. Радыёфікаваны 3 брыгады калгаса. У хуткім часе будуць радыёфікаваны астатнія брыгады...

    Радыёвузел забяспечыць калгасы «Ільіч», «Комінтэрн», імя Куйбышэва і другія. Гэта чацвёрты калгасны радыёвузел у раёне.

Л. Пасюкоў


6.5.1956 г.



РАДЫЁФІКАЦЫЯ РАЁНА



    За пасляваенны перыяд праведзена вялікая работа па радыёфікацыі раёна. Зараз у раёне ёсць 6 радыёвузлоў, якія абслугоўваюць больш трох тысяч радыёкропак. Працоўныя раёна маюць у асабістым карыстанні 300 радыёпрыёмнікаў.


1.1.1957 г.



У 1956 ГОДЗЕ



    Калгасы нашага раёна датэрмінова выканалі план здачы дзяржаве хлеба і бульбы і за праданую прадукцыю па закупачных цэнах набылі 15 грузавых і 2 легкавыя машыны.

    Калгасы «Ясная паляна», імя Булганіна, «Новае жыццё», набылі рухавікі і дынамамашыны, з дапамогай якіх будуць прыведзены ў рух млыны, піларамы, механізаваны працаёмкія працэсы ў жывёлагадоўлі, электрыфікаваны дамы калгаснікаў.

    Лепшая свінарка раёна Таццяна Шэрашава з калгаса «Ясная паляна» атрымала прыплод па 23,5 парасяці ад кожнай з 9 замацаваных за ёй свінаматак.

    Надоі малака супраць мінулагодняга па раёну павялічаны на 265 кілаграмаў і склалі па 1223 кілаграмы ад каровы. У калгасах «Перамога» і «Ясная паляна» надоі склалі 1755 – 1776 кілаграмаў ад кожнай каровы.

    Пабудаваны і ўведзены ў строй дзеючых будынак раймага, вядзецца будаўніцтва лазні і Круглянскай машынна-трактарнай станцыі. Калгасы раёна пабудавалі 3 клубы, 3 свінарнікі, 4 кароўнікі, 7 канюшань, 2 аўчарнікі і 5 птушнікаў.

    Калгас «Перамога» за здадзеную дзяржаве льнопрадукцыю атрымаў 1 мільён 84 тысячы рублёў прыбытку.


19.6.1958 г.



ЗАВОД УСТУПАЕ Ў ДЗЕЯННЕ



    Вялікае капітальнае будаўніцтва плануюць правесці ў бліжэйшыя 2-3 гады будаўнікі сельскагаспадарчай арцелі «Свабода» Скуратаўскага сельсавета. Для паскарэння работ яны ўводзяць у дзеянне цагельны завод. Ужо завершан капітальны рамонт рухавіка, прэса, падвезена неабходная колькасць паліва, гліны і іншых матэрыялаў. У хуткім часе завод пачне выраб цэглы. Толькі ў гэтым годзе арцель плануе выпусціць звыш 50 тысяч штук цаглін.


10.8.1958 г.



БУДАЎНІЦТВА Ў РАЙЦЭНТРЫ



    Напярэдадні Дня будаўніка здадзена ў эксплуатацыю раённая паліклініка. Да паслуг насельніцтва чыстыя, утульныя і абсталяваныя навейшай апаратурай лячэбныя кабінеты. У раённым цэнтры вядзецца будаўніцтва водаправода, тратуараў, лазні і двухпавярховага дома. Першая чарга водаправода здадзена ў эксплуатацыю...


20.1.1967 г.


    Авечкагадоўчая ферма саўгаса «Цяцерын» адна з самых вялікіх у раёне. За мінулы год тут атрымана ад кожнай з 800 авечак па 2,8 кг. воўны. Акрамя таго, на мясанарыхтоўчы пункт здадзена 1,5 т. бараніны...


1.8.1967 г.


    У 1947 годзе калгасы раёна пасеялі яравых, зернявых і бабовых на 2119 гектараў і азімых на 970 гектараў больш, чым у 1946 годзе і выканалі план хлебапаставак да 10 верасня.

    У гэтыя дні праславілі раён звенні высокага ўраджаю, такія, як звяно камсамолкі Цынгуравай з калгаса «Перамога» Ляснянскага сельсавета, звяно Сяліцкай з сельгасарцелі «Свабода» Скуратаўскага сельсавета, звяно Драздовай з калгаса «13-ы Кастрычнік» Круглянскага сельсавета і звяно Гадунова з калгаса «Шлях Леніна» Комсеніцкага сельсавета.


20.10.1977 г.


    Да Вялікага Кастрычніка ў 14 памешчыцкіх маёнтках круглянскай воласці працавала больш як 1500 батракоў. 22 працэнты сялянскіх гаспадарак не мела пасеваў, 30 было бясконнымі, 23 працэнты не мела кароў.

    На тэрыторыі раёна (да Кастрычніцкай рэвалюцыі) было 9 цэркваў, 4 малітоўныя дамы, 2 народныя вучылішчы, 3 царкоўна-прыходскія школы, не было ніводнага ўрача, ніводнага настаўніка з вышэйшай адукацыяй.

    Цяпер (у 1977...) на палях Кругляншчыны працуюць 658 трактароў, 236 грузавых аўтамабіляў, 77 ільнокамбайнаў і льноцерабілак.

    У 1954 – 56 гадах на рацэ Друць была ўзведзена Цяцерынская ГЭС. ГЭС выпрацоўвала каля 650 тысяч кілават-гадзін электраэнергіі ў год. Энергія Цяцерынскай ГЭС прынесла ўпершыню электрычнае святло ў гарадскі пасёлак Круглае, забяспечыла дзейнасць Цяцерынскай, Паўлавіцкай і Круглянскай МТС.


23.1.1990 г.


    Няма ніводнага населенага пункта ў калгасе «Шлях Леніна», да якога б не быў пракладзены сёння асфальт. Створана свая, мясцовая стаматалагічная дапамога.


6.2.1990 г.


    Па зводках, на першы погляд, справы ідуць нядрэнна. План па вытворчасці народнага спажывання выканан на 110%, план паслуг на 107%. Але ў магазінах нават тых тавараў, якія вырабляюцца ў раёне, няма...


28.8.1990 г.


    У мінулым годзе базавыя прадпрыемствы выдзелілі 77,3 тыс. рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дашкольных устаноў.


КРУГЛЯНШЧЫНА НА СТАРЦЕ


3 успамінаў ураджэнца вёскі Ліпск М.П Лосева


    Нарадзіўся і вырас у вёсцы Ліпск Цяцерынскага сельсавета. Да вайны скончыў 6 класаў Цяцерынскай сярэдняй школы. Увосень 1950 г., амаль пасля шасцігадовай службы ў арміі, вярнуўся на Кругляншчыну. Раён толькі уставаў на ногі. Яшчэ не высахлі слёзы і не сціх боль ад страт ваеннага часу. На вуліцах Круглага яшчэ стаялі абгарэлыя нямецкія «тыгры», многія жыхары жылі ў зямлянках. У час веснавой пасяўной можна было бачыць запрэжкі людзей, якія цягнулі плуг. На ўвесь раён былі толькі 2 аўтамашыны. Бездарожжа; задоўга да світання выстройвалася вялікая чарга каля хлебнага магазіна. I разам з гэтым быў незвычайны ўздым, працоўны энтузіязм, вера ў светлае заўтра. Гулялі вяселлі, адзначалі святы. Вяскоўцы цягнуліся адзін да аднаго. У кожнай вёсцы пасля працоўнага дня былі свае ўлюбёныя месцы, дзе збіралася моладзь. Весяліліся, спявалі. Практычна ўсе жыхары райцэнтра збіраліся ў раённым Доме культуры на спектаклі драматычнага гуртка.

Круглянский район

    Першыя крокі рабіла і спартыўная арганізацыя раёна. Прайшлі сходы ва ўсіх гаспадарках, і ў снежні 1950 г. адбылася першая раённая канферэнцыя спартыўнага таварыства «Ураджай». На ёй мяне выбралі старшынёй райсавета. Прыходзілася ўсё пачынаць з нуля. 2 мая 1951 г. было праведзена першае пасляваеннае спартыўнае мерапрыемства – лёгкаатлетычны крос па вуліцах Круглага. Па ўсёй дыстанцыі прабегу тоўпіліся балельшчыкі. А першым чэмпіёнам раёна стаў малады калгаснік з вёскі Камяншчына Іван Новікаў. У маі – чэрвені 1951 г. былі праведзены масавыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы ва ўсіх сярэдніх школах раёна, якія адыгралі вялікую ролю ў папулярызацыі спорту сярод моладзі і выявілі шмат здольных рабят. З лета 1951 г. пачалі праводзіцца раённыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Спаборніцтвы былі масавымі, хоць не было транспарту, каб дастаўляць спартсменаў у Круглае. Веласіпеды ў той час таксама былі рэдкасцю. Асобныя ўдзельнікі і цэлыя каманды напярэдадні дня спаборніцтва ў Круглае дабіраліся пешкі. Здаралася, прыбывала і больш за 200 чалавек, усіх размяшчалі на начлег па кватэрах, ніхто не адмаўляў у гасціннасці. I дзяліліся не толькі дахам, але і снеданнем. Удзень ішлі спаборніцтвы, а нанач змораныя і шчаслівыя ўдзельнікі вярталіся дадому: Вася Кавалёнак у вёску Задні Бор, Жан Градзюшка ў в. Падар, Мікалай Казлоў і Мікалай Лапыронак у вёску Глыбокае, Клаўдзія Кунцэвіч у Чыгіры, Браніслаў Ласянкоў у Азёры, Юрый Кісялёў у Прудкі, Міхаіл Кастроў у Сіманавічы, Аляксандр Патапаў у Зелянькова і г.д. У ліпені 1951 г. невялікая група спартсменаў прыняла ўдзел у чэмпіянаце вобласці па лёгкай атлетыцы. I першы вялікі поспех: Вячаслаў Навадворскі з вёскі Паляжаеўка заваяваў званне абсалютнага чэмпіёна вобласці на дыстанцыі 1500 м. У жніўні гэтага года рыхтаваліся да першай абласной спартакіяды сельскай моладзі. Каманду збіралі, аб’язджаючы ўвесь раён на веласіпедах. У вызначаны дзень уся каманда сабралася ў Круглым. А як цяжка было дабірацца да абласнога цэнтра... Колькі разоў каманды ішлі пешкі да Талачына або Бялыніч, а з гэтых пунктаў да Круглага. I ніколі ніхто не спалохаўся цяжкасцей. У Магілёве звычайна жылі на прыватных кватэрах, спалі на падлозе. Але на спаборніцтвах выступалі добра. На першай спартакіядзе нашы лёгкаатлеты заваявалі пераходны кубак за камандную перамогу. У верасні 1951 г. на рэспубліканскай спартакіядзе сельскай моладзі 2/3 зборнай каманды вобласці складалі спартсмены Круглага. Асабліва трэба адзначыць 2 сярэбраныя медалі Вячаслава Навадворскага ў бегу на 1500 і 5000 м. Добра прабег ён гэтыя дыстанцыі і на Усесаюзнай спартакіядзе ў Адэсе, дзе быў у васьмёрцы мацнейшых бегуноў краіны.

    Гэта былі першыя поспехі нашых спартсменаў. Спартыўная Кругляншчына заваявала прызнанне і павагу ў вобласці і за яе межамі.

Круглянский район

    Потым была перамога на чэмпіянаце школьнікаў па лёгкай атлетыцы ў 1953 г. і ў цэлым шэрагу іншых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, поспехі лыжнікаў і веласіпедыстаў, гарадошнікаў і плыўцоў, валейбалістаў і баскетбалістаў, футбалістаў і прыхільнікаў турызму, шахматыстаў і шашыстаў...

    Непазнавальна зараз наша Кругляншчына, змянілася ўсё – з’явіліся механізаваныя фермы, асфальтавыя дарогі, пабудаваны новыя клубы, бібліятэкі, кінатэатры і інш. У Круглым ёсць добры стадыён, многа выдатных спартыўных залаў. У кожнай школе цудоўныя настаўнікі фізкультуры. Райвыканком, аддзел народнай адукацыі, большасць кіраўнікоў калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў і арганізацый аказваюць вялікую падтрымку спартыўным арганізацыям раёна. Павялічваецца адпаведна і колькасць перамог і поспехаў нашых спартсменаў. I сёння я з задавальненнем адзначаю тых, хто прымусіў загаварыць аб спартыўнай славе Кругляншчыны ў тыя далёкія пасляваенныя гады.

Круглянский район


АДРАДЖЭННЕ РАЁНА


3 успамінаў былога першага сакратара Круглянскага райкома партыі Р.К. Шчарбінскай


    У жніўні 1966 г. я была выбрана 1-м сакратаром Круглянскага райкома партыі. З 4 прапанаваных мне раёнаў выбрала Круглянскі. Кіравалася тым, што гэта па суседству са Шклоўскім раёнам, дзе я працавала пасля сканчэння інстытута з 1953 года ў МТС, калгасе, саўгасе, райкоме партыі і ўпраўленні сельскай гаспадаркі, што зямля – галоўны набытак народа, будзе не горш, чым у гаспадарках Шклоўскага раёна. Аднак я не ўлічыла, што з 1959 г., калі Круглянскі раён аб’яднаўся і ўвайшоў у склад Бялыніцкага, вельмі многа добрых спецыялістаў, кадраў усіх прафесій і моладзі пакінулі гаспадарку і прадпрыемствы раёна, гэта першае, па-другое, на гэтай тэрыторыі нічога не будавалася. У 1966 г. на кожнага працаздольнага калгасніка і рабочага саўгаса прыпадала больш за 10 гектараў зямлі.

    Працаўнікі Кругляншчыны з вялікай радасцю сустрэлі вестку пра аднаўленне раёна, і ўсё гэта адбілася на рашэнні вызначаных задач і дзяржаўных заданняў. У кароткі час усе службы партыйныя, савецкія і гаспадарчыя былі ўкамплектаваны. 2-м сакратаром райкома партыі быў выбраны А.І. Каптурэўскі, сакратаром – Дз.Н. Асіповіч, старшынёй райвыканкома – А.П. Цітовіч, яго намеснікам – І.Ф. Сазановіч, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі – С.А. Рыхноў. Камсамольскую арганізацыю раёна ўзначаліў А.В. Бабруйскі, рэдактарам раённай газеты быў зацверджаны Ю.М. Бехцераў.

    Сёння цяжка сабе ўявіць, што ў раёне толькі 1,5 кіламетра дарогі было выкладзена каменем (у вёсцы Зарэчча калгаса «Маяк»), галоўныя артэрыі раёна, што злучалі яго з абласным цэнтрам і суседнімі Бялыніцкім, Талачынскім і Шклоўскім раёнамі, былі грунтавыя дарогі, якія вясной і ўвосень надоўга выходзілі са строю. Толькі на трактарах дастаўляліся харчовыя і прамысловыя тавары.

    Неўпарадкаваны райцэнтр, неўпарадкаваныя цэнтральныя сядзібы калгасаў і саўгасаў, адсутнасць у шэрагу мясцін школ, медыцынскіх устаноў, гандлёвых кропак і інш. Усё гэта прымусіла кіраўніцтва раёна неадкладна распрацаваць генеральны план яго добраўпарадкавання і забудовы райцэнтра. У першую чаргу пачалі будаўніцтва жылля. Кожнае прадпрыемства, ведамства, установа адшуквала сродкі, магчымасці і будавала жыллё. Не было часу чакаць, калі ў адпаведнасці з генпланам горада ўвойдзе ў строй каналізацыя, водазабеспячэнне, ацяпленне, – будаваліся аднапавярховыя і двухпавярховыя дамы. Першай будаўнічай арганізацыяй быў райпрамкамбінат, які ўзначаліў у той час Ш.Е. Сахадзе. Круглянцы павінны быць удзячныя ветэранам будаўніцтва з гэтага калектыву Ф.В. Галыгу, В.Т. Кунцаву і многім іншым за іх вялікую працу. Сіламі Бялыніцкай ПМК-5 (пазней Круглянскай ПМК-116) у кароткі час было пабудавана пяць 12 – 18-кватэрных дамоў, больш за 30 аднакватэрных дзяржаўных дамоў. У 1971 г. быў уведзены ў эксплуатацыю Дом Саветаў, Дом культуры ў саўгасе «Авангард», вялікай радасцю для ўсіх была здача ў эксплуатацыю Рубежскай, Загаранскай і Валканосаўскай сярэдніх школ. З энтузіязмам працавалі будаўнікі, выконваючы і перавыконваючы планавыя заданні. Будаўнічая брыгада на чале з брыгадзірам Я.Р. Галыгам была адна з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У раёне на той час не было ніводнага тыповага жывёлагадоўчага памяшкання. Таму тэрмінова была створана свая міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, якую ўзначаліў М.П. Шведаў. Была ўстаноўлена воданапорная вежа, пабудаваны лесапільны цэх, пачалося будаўніцтва жылля. Таксама ў кароткі час было ўведзена ў строй 3 двухпавярховыя дамы на 44 кватэры. Стала расці і ўмацоўвацца кадрамі свая база. Не магу не ўспомніць ветэранаў гэтай будаўнічай арганізацыі: муляра М.М. Кісялёва, трактарыста А.І. Палякова, шафёра В.І. Панкрацьева. Нягледзячы на недахоп працаздольнага насельніцтва, ва ўсіх гаспадарках раёна былі створаны будаўнічыя брыгады. Першымі аб’ектамі, якія ўвайшлі ў строй сумеснымі намаганнямі міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі і калгасаў, былі зернетакі ў калгасах «Кастрычнік» і «Шлях Леніна». Вялікія арганізатарскія здольнасці праявілі кіраўнікі калгасаў «Рассвет», «Шлях Леніна» і саўгаса «Някрасава» А.І. Баржымоўскі, М.А. Чамрукоў і В.М. Сырцоў, якія ўжо ў 1968 г. увялі ў строй рамонтныя майстэрні. Некаторыя кіраўнікі сельгасарцеляў не шкадавалі сіл, здароўя і сродкаў для таго, каб стварыць нармальныя ўмовы для работы працаўнікам сваёй гаспадаркі, добра разумеючы, што ўсё гэта дасць свой плён. Недахоп рабочай сілы прымушаў нас паўсюдна ўводзіць механізацыю ўсіх працэсаў у паляводстве і жывёлагадоўлі. Узначаліў гэтую работу галоўны інжынер, з 1970 г. намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі А.І. Касцюкоў.

    Помніцца, як паслядоўна разам са спецыялістамі раённага аб’яднання «Сельгастэхніка», дзе галоўным інжынерам працаваў С.П. Сасуноў, былі механізаваны асноўныя працэсы ў жывёлагадоўлі і паляводстве, амаль поўнасцю было ўведзена механічнае даенне кароў, водазабеспячэнне гноевыдаленне. У некаторых гаспадарках інжынерамі працавалі людзі, якія не мелі спецыяльнай вышэйшай адукацыі, практыкі, але гэта механізатары, якія прайшлі вялікую школу ў МТС, РТС, і яны самааддана і добрасумленна адносіліся да сваіх абавязкаў. Гэта Ц.П. Мяцеліца з калгаса імя Дзімітрава, М.Я. Запакульскі з калгаса «Перамога», У.М. Кандзіраў з калгаса «Кастрычнік», Р.Ф. Шынкароў з калгаса «Іскра», М.М. Анадзенка з калгаса «Маяк», А.І. Новікаў з калгаса «50 год Кастрычніка» і інш. Добра працавалі галоўныя інжынеры, якія прыбылі ў раён з вышэйшых навучальных устаноў, Г.В. Пруднікаў, М.М. Цяслюк, В.К. Войтаў, А.М. Палажэнцаў, А.Ф. Гусарэвіч, Л.П. Ігнатковіч, галоўны інжынер саўгаса «Някрасава», пазней упраўляючы райаб’яднання «Сельгастэхніка». Гэтыя спецыялісты імкнуліся творча ўкараніць у вытворчасць усё новае, перадавое. Упершыню ў раёне былі выкарыстаны лёнаўборачныя камбайны, паўсюдна былі абсталяваны лёнасушыльныя пункты. Амаль поўнасцю была механізавана апрацоўка бульбы. Мэтанакіравана вялася работа па захаванні агратэхнікі ўсіх сельскагаспадарчых культур, укараненні больш ураджайных сартоў збожжавых культур, бульбы, ільну. Добра была наладжана агранамічная служба калгасаў і саўгасаў раёна. За самаадданую працу многія працаўнікі раёна былі ўдастоены высокіх узнагарод. Раён ганарыўся імі. Бедныя па ўрадлівасці землі ў брыгадзе Дарожкавічы саўгаса «Круча» ў кароткі час ператварыліся ва ўраджайныя палі, выраслі надоі малака – і ўсё гэта таму, што вытворчы ўчастак узначальвала З.А. Макавецкая. Добра гаспадарылі на зямлі і іншыя брыгадзіры – П.П. Куранок, П.У. Жыбурт, В.А. Паркова і г.д. Старшыні калгасаў «Кастрычнік» (М.П. Цімаховіч), імя Дзімітрава (В.П. Сазонаў), «Маяк» (Л.В. Кананчук) і інш. былі прагрэсіўныя кіраўнікі. Яны пераймалі ўсё новае, перадавое, што мелася на ўзбраенні ў аграрнікаў на той час, і выкарыстоўвалі ў сваіх гаспадарках. 3 1966 г. заатэхнічную службу ў раёне ўзначаліў С.К. Глухаў, галоўнымі ветэрынарнымі ўрачамі працавалі Б.Ф. Вайцяховіч, пазней В.А. Маскоўскі. Добрымі спецыялістамі былі галоўныя заатэхнікі калгаса «Перамога», пазней калгаса «Шлях камунізму» А.Ц. Барздова, калгаса «Маяк» Е.С. Дарашкевіч, калгаса імя Дзімітрава Н.Л. Буевіч, птушкафабрыкі А.М. Выдумчык і іншыя. Жывёлаводы раёна, нягледзячы на цяжкія ўмовы працы, дабіваліся нядрэннага прыбаўлення ў вазе буйной рагатай жывёлы і свіней на адкорме і вырошчванні птушкі. Сярод перадавікоў былі даяркі Н.І. Федарэнка, Л.Ф. Духнова, М.Ф. Белая, свінарка В.Я. Рылькова, птушніца Г.В. Кубека, узнагароджаныя ордэнам Леніна. Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі былі ўзнагароджаны даглядчык жывёлы пастух В.Ф. Ацесленка, даяркі Т.М. Тузава, Т.Я. Даніленка, работніца птушкафабрыкі В.П. Бабкова і многія інш. працаўнікі жывёлагадоўчых ферм.

    Была створана атмасфера беражлівых адносін да кадраў усіх галін народнай гаспадаркі. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі работу па падрыхтоўцы кадраў узначаліла Н.А. Касцюкова. Штогод 30 – 40 чалавек паступалі ў вузы і тэхнікумы.

    Нялёгкай у той час была праца кіраўнікоў гаспадарак, але ў асноўным яны спраўляліся з пастаўленай задачай. Высокай адказнасцю вызначыліся такія вопытныя кіраўнікі, як В.П. Сазонаў (калгас імя Дзімітрава), С.С. Цішуроў (калгас «Шлях камунізму»), З.П. Казырэнка (калгас «Перамога»), пазней дырэктар саўгаса «Круглянскі» М.А. Цімаховіч (калгас «Кастрычнік»), А.І. Баржымоўскі (калгас «Рассвет») і многія іншыя. У 8-й і 9-й пяцігодках Круглянскі раён перамясціўся ў абласной зводцы з прадапошняга месца ў 7-й пяцігодцы на 4 – 5 месцы сярод 20 раёнаў вобласці.

    Важным момантам у павелічэнні вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі з’яўлялася зніжэнне выдаткаў і сабекошту прадукцыі і павышэнне рэнтабельнасці гаспадарак. Гэтую работу ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі з 1967 г. узначальвала начальнік планава-фінансавага аддзела Н.А. Старавойтава. Добрасумленна ставіліся да работы галоўны бухгалтар калгаса «Кастрычнік» В.Я. Бярозка, галоўны эканаміст гэтай гаспадаркі Г.А. Белякоў, галоўны бухгалтар Я.Э. Бондарава і галоўны эканаміст А.М. Баржымоўская з калгаса «Рассвет», галоўны бухгалтар калгаса «Шлях камунізму» М.П. Збуржынскі, галоўны бухгалтар калгаса «Іскра» М.А. Нікалаеў, галоўны бухгалтар калгаса імя Калініна І.А. Салтанаў і многія інш. спецыялісты.

    У той час нядрэнна працавалі прамысловыя прадпрыемствы раёна. Ільнозавод выпускаў дабраякасную прадукцыю, перавыконваў планы, на ім склаўся добры працоўны калектыў. Заслужанай павагай карысталіся кантрольны майстар Я.Д. Каржуева, інжьшер-энергетык М.К. Кулікоў, машыніст-механік М.А. Цішуроў. Прыкметнае месца ў раёне займаў райпрамкамбінат. Ва ўсіх цэнтральных сядзібах калгасаў і саўгасаў былі пабудаваны бытавыя майстэрні, рамонтныя і прыёмныя пункты. Амаль з самага пачатку работы гэтай арганізацыі яе ўзначальвала В.Дз. Буханоўская. Райспажыўсаюз узначаліў У.П. Лістратаў. У раёне абслугоўвалася 83 гандлёвыя кропкі.

    Раённы вузел сувязі з першых дзён арганізацыі раёна ўзначаліла Т.М. Кароўкіна. Васемнаццаць сельскіх аддзяленняў сувязі забяспечвалі насельніцтва тэлефоннай сувяззю, поштай, перыядычным друкам і іншымі відамі абслугоўвання. Начальнікам аддзялення Саюз друку працаваў І.К. Казачонак, які добрасумленна выконваў свае абавязкі. Ордэнам Знак Пашаны была ўзнагароджана начальнік Кручанскага аддзялення сувязі Н.П. Малаткова, добра працавала паштальён В.К. Зайцава.

    Вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі, культуры насельніцтва рабіла інтэлігенцыя раёна – настаўнікі, работнікі культуры, медыцынскія кадры, якія не толькі добрасумленна выконвалі свой прафесійны абавязак, але і неслі добрае слова да людзей, занятых на вытворчасці. На ніве народнай адукацыі добра працавалі У.А. Каравацкі, настаўнікі В.Г. Пляскач з Шапялевіцкай СШ, Н.А. Ігнатовіч, Н.М. Лістратава з Круглянскай СШ. Ордэнам Знак Пашаны адзначана праца настаўніцы, пазней дырэктара Цяцерынскай СШ Г.Ф. Прохаравай. Добрых слоў заслугоўваюць настаўнік Зубаўскай пачатковай школы А.М. Акулёнак, дырэктар Комсеніцкай СШ І.Г. Пляскач, дырэктар Шапялевіцкай СШ У.Я. Машчонак, настаўніца школы-інтэрната Т.М. Пажарыцкая і многія іншыя. У асноўным усе школы раёна былі ўкамплектаваны добрымі педагагічнымі кадрамі.

    З першых дзён існавання раёна загадчыкам аддзела культуры райвыканкома быў прызначаны В.Ц. Ярковіч, які арганізаваў работу 19 сельскіх клубаў і бібліятэк. Усе работнікі культуры стваралі неабходныя ўмовы працоўным раёна. Вялікай падзякі за сваю працу заслугоўваюць загадчык Глыбоцкага сельскага клуба В.А. Мажайскі, загадчыца Цяцерынскай сельскай бібліятэкі С.С. Міронава, загадчыца Грыбінскай сельскай бібліятэкі З.Я. Кунец, дырэктар Круглянскага Дома культуры А.С. Осіна і многія іншыя. Паўсюдна былі створаны агітбрыгады, калектывы мастацкай самадзейнасці. Вялікія цяжкасці былі ў раёне з медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва. Функцыяніравала толькі адна раённая бальніца. Каб забяспечыць насельніцтва медыцынскім абслугоўваннем, тэрмінова давялося на базе Кручанскага, Цяцерынскага і Шапялевіцкага фельчарска-акушэрскіх пунктаў адкрываць участковыя бальніцы, а таксама Банькоўскі, Загаранскі, Ракушаўскі, Паўловіцкі фельчарска-акушэрскія пункты. З 1948 г. медыцынскую службу раёна ўзначаліў галоўны ўрач Дз.А. Хендогій. Многа медыцынскіх работнікаў прыбывала ў раён. Добра выконвалі свае абавязкі медсястра райбальніцы М.Я. Мансурава, рэнтгенолаг

    М.П. Хендогій, старшая медсястра Т.Я. Цішурова, дзіцячы ўрач І.А. Іокша і іншыя. Раённую аптэку да 1971 г. узначальвала Я.А. Кавалёва, з 1971 г. працавала І.І. Грыневіч. З 1971 г. медыцынскай службай у раёне загадваў В.М. Іокша. Раённая паліклініка не адпавядала патрабаванням таго часу, таму была пабудавана новая, узведзена таксама санітарная станцыя.

    У раёне на той час былі ўкамплектаваны адміністрацыйныя органы: суд, пракуратура, міліцыя. У 1966 – 72 гадах раённы аддзел міліцыі ўзначальваў Ф.Дз. Шчагорцаў.

    У 1969 г. я і звеннявая калгаса «Шлях камунізму» Н.М. Баліндава былі выбраны дэлегатамі 3-га саюзнага з’езда калгаснікаў. Яшчэ працуючы ў Шклове, я была ўключана ў саюзную камісію па выпрацоўцы Статута сельгасарцелі. У 1971 г. была выбарана дэлегатам 24-га з’езда КПСС. За сваю працу ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалямі, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. Вельмі ўдзячная ўсім людзям, з якімі мне давялося працаваць спачатку ў Шклоўскім, потым у Круглянскім раёнах.


СЮДЫ НЕ ЗАРАСЦЕ НАРОДНАЯ СЦЕЖКА


    ... Быў такі час, успамінаюць старэйшыя жыхары г.п. Круглае, калі людзі цягнуліся да ведаў, набывалі кнігі ва ўласныя бібліятэкі, шукалі знаёмства з навукай і літаратурай, чыталі ўсё, што маглі знайсці. Моладзь ішла вучыцца ў інстытуты і тэхнікумы, старэйшыя праходзілі курс лікбезаў.

    Расла цікавасць да кнігі, а разам з ёй неабходнасць стварыць бібліятэку, якой карысталася б уся грамадскасць. I вось у пачатку 1938 г. была адкрыта раённая бібліятэка. Першымі бібліятэкарамі былі А.Б. Болдзісава (расстраляна гітлераўцамі ў час вайны за сувязь з партызанамі) і М.Ю. Фінкінштэйн. Бібліятэка разгортвала сваю дзейнасць на базе тых кніжак, якія былі сабраны ў насельніцтва. Спачатку іх было няшмат – усяго 500 экзэмпляраў. Пазней на набыццё кніг былі адпушчаны значныя сродкі. Перад вайной кніжны фонд бібліятэкі складаў 7900 кніг. Пераважна творы рускіх і савецкіх пісьменнікаў, каля 600 кніг па розных галінах ведаў. Чытачамі бібліятэкі былі не толькі жыхары Круглага, сюды прыходзілі і прыязджалі з навакольных вёсак.

    У 1939 г. загадчыцай раённай бібліятэкі была А.І. Бандарэнка. Яна працягвала добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў: папаўняла бібліятэку цікавымі і карыснымі кнігамі, павялічвала колькасць чытачоў.

    Пачалася вайна. Кнігі на захаванне разабралі жыхары Круглага. У гады часовай акупацыі гітлераўцы і іх найміты прайшлі па дварах гараджан і загадалі здаць кнігі нямецкай уладзе, якая, маўляў, збіраецца адкрыць у Круглым бібліятэку. Людзі разумелі, што гэта хлусня. I калі прыйшоў час вызвалення, кнігі зноў занялі сваё месца на паліцах раённай бібліятэкі. У бібліятэку вярнуліся творы, якія, як і людзі, прайшлі доўгі і цяжкі шлях вайны. Тут былі кнігі, што доўгі час праляжалі ў сховішчах, кнігі, якімі зачытваліся каля партызанскіх кастроў і якія перадаваліся з вёскі ў вёску. Адразу пасля вызвалення раёна пачала дзейнічаць бібліятэка, што размясцілася ў будынку народнага суда, потым ёй адвялі куток у сельсавеце.

    Сюды ішлі людзі, тут слухалі зводкі Інфармбюро з фронту, наладжвалі гучныя чыткі газет, марылі аб перамозе, імкнуліся працаваць так, каб хутчэй наблізіць гэты дзень.

    У пасляваенную разруху, калі не хапала хлеба, солі і іншых тавараў, калі за паперу плацілі золатам, паліграфічныя камбінаты друкавалі кнігі, бо яны былі патрэбны людзям, як хлеб. Толькі за 1946 – 49 гг. Круглянская бібліятэка атрымала 2425 экзэмпляраў кніг, а да 1950 г. іх ужо было 7325. Кнігі прыходзілі з Масквы, Ленінграда і Мінска. Пры раённай бібліятэцы была створана кніжная перасоўка.

    Прайшлі гады. У раённую бібліятэку за гэты час паступіла 38 500 экзэмпляраў кніг разнастайнай тэматыкі. У бібліятэкі вялікі актыў, які дапамагае ў рабоце. Для лепшага абслугоўвання чытачоў бібліятэка арганізавала 13 кніжных перасовак, 1 філіял, працавала 10 кніганош. Кнігавыдача на перасоўках складае 5279 экзэмпляраў. Вялікую дапамогу аказваюць работнікі бібліятэкі тым, хто завочна вучыцца ў інстытутах і тэхнікумах. Змяніліся формы і метады работы. Калі раней асноўную ўвагу бібліятэка аддавала прапагандзе мастацкай літаратуры, то цяпер яна прапагандуе галіновую і грамадска-палітычную літаратуру. Індывідуальная работа з чытачамі спалучаецца з масавай. У бібліятэцы праводзяцца дыспуты і канферэнцыі чытачоў, вечары літаратурнага чытання, з густам афармляецца наглядная агітацыя да знамянальных дат і інш.

Р.Рыхнова


З ГІСТОРЫІ ШКОЛ РАЁНА


КРУГЛЯНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    1888/1889 навучальны год. Круглянская земская двухкласная школа ў старым драўляным будынку і адзіная настаўніца – дачка мясцовага бацюшкі. У школе вучыліся 21 хлопчык і 2 дзяўчынкі... З гэтага факта пачыналася хроніка стварэння адукацыі на Кругляншчыне. Да рэвалюцыі адзін вучань прыходзіўся на 600 чалавек насельніцтва. У Магілёўскай губерні з кожных 100 чалавек 76 былі непісьменныя. На тэрыторыі Круглянскай воласці да 1917 г. працавала 9 царкоўнапрыходскіх школ. Адзін настаўнік вучыў дзяцей пісаць, лічыць, выкладаў гісторыю царскай Расіі, геаграфію. Асноўным прадметам быў Закон Божы. Выкладанне вялося на рускай мове.

    Пасля кастрычніцкіх падзей школа стала агульнадаступнай, уводзілася бясплатнае навучанне. У цяжкіх умовах культурнай адсталасці, вострага недахопу кваліфікаваных кадраў і сродкаў маладая савецкая дзяржава ўводзіла новую сістэму народнай адукацыі, каб забяспечыць усеагульную пісьменнасць насельніцтва і хуткі рост навукі і культуры, выхаванне падрастаючага пакалення ў духу сацыялізму. Як маладое дрэва цягнецца да сонца, так і моладзь пацягнулася да ведаў. У 1919 г. у Круглым у былой сядзібе памешчыка Аблонскага была адкрыта школа 2-й ступені. Яна давала сярэднюю адукацыю і вучыліся ў ёй 4 гады пасля заканчэння двухкласнага вучылішча. Новая школа адразу стала клопатам усяго насельніцтва. Сяляне навакольных вёсак забяспечвалі яе палівам, арганізоўвалі падвоз дзяцей, праводзілі рамонт. У той час жыхары вёсак сеялі і апрацоўвалі зямельныя ўчасткі – так званыя «культгектары». Атрыманыя з іх сродкі накіроўваліся ў фонд усенавуча для арганізацыі абедаў у школе, матэрыяльнай дапамогі вучням, забеспячэння дзяцей абуткам, цёплым адзеннем.

    I самі вучні ўдзельнічалі ў рамонце школьных будынкаў, апрацоўцы школьнага ўчастка і саду, уборцы класных пакояў. Наогул школа была цесна звязана з насельніцтвам. Вучні выступалі з канцэртамі перад сялянамі, распаўсюджвалі кнігі, дапамагалі інвалідам і састарэлым у правядзенні сельскагаспадарчых работ і інш. У 1920 г. у школе была створана камсамольская арганізацыя. Сакратаром яе быў Шкапцоў Мікалай Паўлавіч. Камсамольцы дапамагалі ліквідоўваць непісьменнасць сярод насельніцтва, праводзілі антырэлігійную работу, арганізоўвалі мастацкую самадзейнасць. У 1923 г. арганізавалася добраахвотнае таварыства «Далоў непісьменнасць». Камсамольцы школ раёна прынялі ў гэтым руху самы актыўны ўдзел. Асабліва старанна працавалі рабяты Круглянскай школы. Яны стварылі ў вёсках камігэты ліквідацыі непісьменнасці, хаты-чытальні, чырвоныя куткі, выступалі перад сялянамі з дакладамі на палітычныя, навуковыя, антырэлігійныя тэмы. У 1929 г. будынак школы ў Круглым згарэў. Па ініцыятыве рабочых пачалі будаваць новую сярэднюю школу. Праз два гады яна ўяўляла сабой двухпавярховы будынак, была гордасцю райцэнтра. У Айчынную вайну фашысты спалілі і разбурылі на тэрыторыі раёна амаль усе школы. Пасля вызвалення дзецям не было дзе вучыцца. Урокі пачаліся ў наёмных будынках, зямлянках. Не хапала падручнікаў, не было сшыткаў. Свае першыя літары рабяты выводзілі на абрыўках старых газет, часопісаў.

    У пачатку 50-х гг. большасць школ раёна ўжо была выведзена з наёмных будынкаў. У 1974 г. паўстала пытанне пра будаўніцтва ў гарадскім пасёлку новай сучаснай школы. Такая школа была пабудавана ў 1976 г. Сёння Круглянская сярэдняя школа самая вялікая ў раёне, у ёй займаецца 56% навучэнцаў усяго раёна. У школе працуе 95 настаўнікаў, адкрыты краязнаўчы музей. Штогод 75 – 80 выпускнікоў адзінадцатых класаў ідуць у самастойнае жыццё.


БОЎСЕВІЦКАЯ НЯПОЎНАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА (НСШ)

    У в. Боўсевічы школа першапачаткова размяшчалася ў хаце Нічыпара Шастакова, потым у Сяргея Цімашкова і Яфіма Асецкага. Працавала з вучнямі мясцовая настаўніца Марыя Панкова.

    У 1920-я гг. па прапанове старшыні сельскага савета Андрэя Макаева жыхары вёскі самастойна пачалі будаваць памяшканне для тыпавой школы. У 1929 г. школа прыняла першых вучняў. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны школа стала сямігадовай. У час акупацыі памяшканне школы было часткова разбурана. У ім захоўвалася збожжа, салома, выконваліся сельскагаспадарчыя работы. Быў зняты жасцяны дах, вокны, дзверы. Пасля вызвалення раёна вучні займаліся ў розных месцах – часткова ў будынку школы, у клубе, у сялянскіх хатах. Заняткі праводзіліся ў 2 змены. Вучні адбудоўвалі родную школу, прыносілі цвікі, шкло, іншыя няхітрыя будаўнічыя матэрыялы, якіх так не хапала ў пасляваенныя гады. У 1945/46 навучальным годзе ў школу прыходзіла каля 300 вучняў з вёсак Карманоўка, Сцехаўка, Боўсевічы, Смагілаўка, Хватаўка, Новае Поле. У 1946 г. школу скончыла 27 вучняў. Аднак з 1960 г. пачаўся адваротны працэс – 1 верасня ўсё менш і менш дзяцей збіралася на ўрачыстую лінейку. У 1962 г. Боўсевіцкая 7-гадовая школа стала НСШ. Зараз Боўсевіцкая НСШ – малакамплектная школа, у якой у 1994 г. займалася 24 вучні. Многія яе выпускнікі вярталіся ў сваю родную школу, каб прадоўжыць высакародную справу сваіх любімых настаўнікаў. Сярод іх М.К. Шаройка, І.П. Марозаў, В.Ц. Дудкін, Л.Р. Драздова, Я.Л. Макаеў, Г.С. Снапкоў, Я.С. Драздоў, С.П. Барадач.


ВАЎКАНОСАЎСКАЯ I СКЛЯПАЎСКАЯ СЯРЭДНІЯ ШКОЛЫ

    У пачатку ХХ ст. у в. Ваўканосава працавала царкоўнапрыходская школа. Да 1914 г. яна знаходзілася ў сялянскай хаце Якава Запакульскага. У 1914 г. быў пабудаваны новы будынак Ваўканосаўскай царкоўнапрыходскай школы за кошт дзяржавы. У школе працаваў адзін настаўнік, ён вучыў 40 дзяцей. Навучанне праходзіла на рускай мове. Закон Божы выкладаў свяшчэннік з Дудаковіцкай мясцовай царквы. Ён жа вёў і нагляд за працай настаўніка. У 1930 г. у в. Зубава была пабудавана новая тыпавая сямігадовая школа, у ёй сталі вучыцца і дзеці навакольных вёсак Ваўканосава, Скляпава, Замышкі. У час вайны Зубаўская сямігадовая школа была спалена. 1 верасня 1944 г. на базе пачатковай школы в. Скляпава, якая знаходзілася ў былым прасторным памешчыцкім будынку пані Сяняўскай, была адкрыта сямігадовая школа. Яе дырэктарам быў М.Ц. Саўчанка. Дзяцей вучылася вельмі шмат, і на бацькоўскіх сходах ставілася пытанне аб адкрыцці сярэдняй школы. Нарэшце ў 1956 г. збылася мара дарослых і дзяцей – у школе сталі ўкамплектоўвацца старэйшыя класы. Дырэктарам сярэдняй школы быў прызначаны М.Ф. Казакоў. У школе вучылася 385 вучняў, працавала 18 настаўнікаў. Першы выпуск дзесятага класа адбыўся ў 1958 г. У сувязі з паляпшэннем працоўнага навучання ў школах рэспублікі Міністэрствам асветы пастаўлена пытанне аб будаўніцтве ў школах майстэрняў для працоўнага навучання. Камсамольская арганізацыя школы ўзяла на сябе ініцыятыву пабудаваць школьныя майстэрні. Сіламі вучняў у 1960 – 61 гг. Быў пастаўлены цагляны будынак з 2 памяшканнямі. Грамадска карысная праца стала нормай жыцця школы. У пачатку 1970-х гг. Вучні закончылі пасадку лесу на плошчы 10 гектараў. Неаднойчы вучні ўзнагароджваліся за збор металалому, лекавых раслін.


ГРЫБІНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    У 1925 г. у в. Скураты была адкрыта пачатковая школа, якая размяшчалася ў сялянскай хаце. У 1930 г. было пабудавана памяшканне пачатковай школы. У 1932 г. у сувязі з павелічэннем колькасці вучняў адкрыўся 5-ы клас. Дырэктарам быў прызначаны Е.А. Кунец. У 1941 г. школа атрымала статус сямігадовай. У час вайны будынак школы быў спалены. У 1944 г. заняткі пачаліся зноў у сялянскай хаце, гаспадаром якой быў Бяззубік. У 1945 г. у хаце, перавезенай з в. Красуля, вучні працягвалі вучобу ў чатырох класах. Дырэктарам быў прызначаны Даніловіч, першымі настаўнікамі былі В.С. Панкрацьева, Т.Ф. Мазурава. У 1952 г. у в. Скураты быў перавезены будынак Хралішчаўскай сямігадовай школы. Школа была перайменавана ў Скуратаўскую сямігадовую школу, яе дырэктарам стаў М.А. Еўпакоў. Да 1963 г. школу наведвалі вучні з вёсак Хралішчава, Бурнеўка, Лавуткі, Грыбіна, Арава. Колькасць вучняў дасягнула 300 чалавек. Школа атрымала статус васьмігадовай. Дырэктарам стаў І.М. Рылькоў. У 1989 г. у цэнтры калгаса «Свабода» быў узведзены будынак новай школы. Рашэннем райвыканкома Скуратаўская васьмігадовая школа была перайменавана ў Грыбінскую сярэднюю школу. У 1994 г. у школе займалася 80 вучняў, адкрыты камп’ютэрны клас.


ЕЛЬКАЎШЧЫНСКАЯ НЯПОЎНАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    Гісторыя Елькаўшчынскай школы пачынаецца з 1926 г. Першая школа была польскай. Яна размяшчалася ў звычайнай невялікай хаце (на тым жа месцы дзе зараз знаходзіцца сядзіба Анатоля Прасмыкага). Настаўнікам працаваў Аляксандр Дамарацкі з суседняй в. Дуброва. У 1927 – 28 гг. былі прыстасаваны пад школы яшчэ некалькі сялянскіх хат, бо дзяцей, якія жадалі вучыцца, было шмат. Праз 2 гады была пабудавана польская чатырохкласная школа, у якой выкладала Алена Іосіфаўна Чыж. У сярэдзіне 1930-х гадоў народнай будоўляй быў узведзены будынак беларускай школы, які стаіць і цяпер. Школа аб’яднала ўсе існуючыя школы ў наваколлі. Дырэктарам школы ў той час працаваў П.В. Юшко (хутка быў арыштаваны органамі НКУС), настаўнікамі – сёстры Г.П. і М.П. Зінькевічы, Г.А. Ігнаценка. Пасля вайны школу ўзначаліў В.П. Кушняроў. Потым кіраўнікамі школы былі В.Т. Пушны, Ф.В. Каваленка, В.Г. Ігнатовіч. 3 1980 г. яе нязменным дырэктарам з’яўляецца З.І. Ісачанка. У 1980 г. пад школу быў выдзелены будынак калгаснага інтэрната, у якім дзеці займаюцца і цяпер.


ЗАГАРАНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    Восенню 1922 г. у в. Загараны была адкрыта школа 1-й ступені. Размяшчалася ў памяшканні, якое да рэвалюцыі належала памешчыцы Рамушкевіч. Першы настаўнік І.Я. Рагавіцкі. У 1930 г. пачатковая школа была пераўтворана ў сямігадовую. Яе дырэктар П.В. Малалеткін першы год выкладаў у пятым класе ўсе прадметы. У пачатковых класах працавалі Н.Я. Дарасевіч і П.Е. Ярмоленка. У 1932 г. пабудавана новае памяшканне школы. З 1939 г. сямігадовая школа пераўтворана ў сярэднюю, у ёй навучалася больш за 200 вучняў, працавала 15 настаўнікаў. Пасля вызвалення раёна пачалася работа па ўзнаўленні заняткаў у школе. Будынак захаваўся, але патрабаваў капітальнага рамонту. У верасні 1944 г. пачаліся заняткі ў старым будынку. У вельмі цяжкіх умовах прыходзілася займацца вучням. Яшчэ працягвалася вайна. Не было падручнікаў, паперы і абсталявання. Працавала ўсяго 8 настаўнікаў, вучняў жа было больш за 200 чалавек. Першы выпуск сярэдняй школы адбыўся ў 1948 г. Адчуваючы вялікую патрэбу ў педагогах, 8 выпускнікоў з 11 вырашылі паступіць у педагагічныя навучальныя ўстановы. У 1973 г. школа пачала працаваць у новым двухпавярховым будынку на 320 месцаў. У 1994 г. тут было 18 настаўнікаў.


КОМСЕНІЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    У 1932 г. школа размяшчалася ў 4 драўляных хатах. У школе было шмат вучняў, асабліва вялікія пачатковыя класы (па 30-50 чалавек). У той час у школу хадзілі з вёсак Банькі, Крывуліна, Саладоўня, Дразды, Прыгані, Запруддзе, Петушкі, Лукі.

    Першыя настаўнікі – Шчалкоўская, Галаўнёў, Сафроненка, Лябёдкін, Новікаў, Ракушава, Цігуноў. Усе яны жылі на кватэрах. Па біялогіі і алгебры кніжак не было. У час вайны займаліся толькі вучні пачатковых класаў. Іх вучылі, рызыкуючы ўласным жыццём, настаўнікі Е.А. Казлова і М. Белавусава.

    Пасля вайны ў школу прыйшло шмат новых настаўнікаў на чале з дырэктарам А.С. Казловым. У 1956 г. школа яшчэ была размешчана ў 4 будынках. Школа была развіваючая. У 1956 г. – 9 класаў, з 1957 г. – 10. Дырэктарам школы быў У.Дз. Гальцоў, працавалі Л.М. Буйло. У.С. Казлоў, В.С. Конанаў, Т.М. Качуліна, Я.П. Ермакова, В.Д. Гальцоў, А.К. Якубоўская, Э.М. Васілеўская, К.Л. Барысевіч, К.П. Драздова, К.А. Ліўшыц. У пачатку 1960-х гг. вучні сталі хадзіць у новую школу. У 1983 г. школа зноў справіла наваселле – яна пераехала ў двухпавярховы будынак.


КРУЧАНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    У сярэдзіне 19 ст. пры праваслаўных цэрквах былі створаны царкоўнапрыходскія школы. У в. Круча таксама была адкрыта такая школа для навучання грамаце дзяцей. Пасля 1917 г. школа была адлучана ад царквы і пераўтворана ў пачатковую. У пачатку 1930-х гг. у мястэчку Круча адкрылася першая сярэдняя школа. Узначаліў школу Ваяводзін (у 1939 г. быў рэпрэсіраваны і далейшы лёс дырэктара невядомы). Пасля вайны пачатковая школа размяшчалася ў асобных вясковых хатах. У 1947 г. Сямён Нічыпаравіч Аніковіч перавёз стары будынак з в. Шчыток, у якім і размясцілася школа. У 1950 г. у в. Круча зноў была адкрыта сямігодка. 15 гадоў яе нязменным дырэктарам быў Васіль Усцінавіч Піменаў. У 1967 г. адбыўся першы выпуск вучняў Кручанскай СШ. 3 1968 да 1978 г. дырэктарам школы працаваў Міхаіл Герасімавіч Логасаў, пад кіраўніцтвам якога былі пастаўлены новыя будынкі школы для вучняў старэйшых класаў. 21 студзеня 1994 г. будаўнікі здалі дзяржаўнай камісіі новы будынак Кручанскай школы.


РАКУШАЎСКАЯ НЯПОЎНАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    Школа пабудавана ў 1914 г. на сродкі земства. Будынак з бетонных блокаў меў класны пакой і кватэру для настаўніка пад адным дахам. Да 1917 г. функцыянавала як земская чатырохгадовая і давала пачатковую адукацыю. Пасля 1917 г. была праведзена ўнутраная рэканструкцыя, і школа да пачатку 30-х г. існавала як пачатковая. У 30-я г. прыбудавана драўлянае памяшканне, за кошт чаго павялічылася плошча, школа была рэарганізавана ў сямігодку. У 60-я г. з’явіўся яшчэ адзін будынак, школа стала васьмігадовай. У 1973 г. да асноўнага будынка прыбудавана цаглянае памяшканне на чатыры класныя пакоі, а драўляныя памяшканні прыстасаваны пад дапаможныя. Заняткі сталі праводзіцца ў адну змену. У такім выглядзе школа існуе і цяпер.


РУБЕЖСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    Упершыню школа прыняла вучняў 1 верасня 1969 г. 763 вучні Янаўскай СШ i Паўлавіцкай васьмігадовай школы прадоўжылі навучанне ў новым будынку. У выніку Янаўская СШ была закрыта, а Паўлавіцкая васьмігодка перапрафіліравана ў пачатковую. Першым дырэктарам школы быў М.В. Граўцоў. Вучэбна – выхаваўчы працэс у школе ажыццяўлялі 27 настаўнікаў. Усе яны зараз ветэраны працы, многія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. На працягу 18 гадоў школа была самай вялікай сярод сельскіх школ. За 24 гады яна выпусціла 486 навучэнцаў. Большасць з іх атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Цяпер у школе займаюцца 84 вучні. Педкалектыў складаецца з 18 настаўнікаў. У школе 13 класаў-кабінетаў, спартыўная зала, вялікая бібліятэка, пабудавана цяпліца, агароднінасховішча, сталовая, 2 майстэрні, дзіцячая пляцоўка.


ФІЛАТАЎСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    Адкрылася школа ў 1917 г. як пачатковая. Яна размяшчалася ў доме А.І. Выгоўскага. За навучанне настаўніку плацілі, хто чым мог. Настаўнікі ў школе часта мяняліся. У 1931 г. пабудавана драўлянае памяшканне, дзе размясцілася школа сялянскай моладзі з тэрмінам навучання 5 гадоў (у 1933г. яна была пераўтворана ў сямігадовую).

    Напярэдадні Айчыннай вайны вучылася каля 300 чалавек. Школа размяшчалася ў 3 драўляных памяшканнях. Яе наведвалі вучні з бліжэйшых вёсак Баканава, Варгуцёва, Саннікі, Каменка, Царэўск (цяпер Някрасава), Каўрыжан, Любішча, Сідараўка Круглянскага раёна і з вёсак Талачынскага раёна. Дырэктар школы В.С. Буйко завёз шмат дапаможнікаў, падручнікаў, абсталявання. Калі пачалася вайна, ён сабраў надзейных вучняў і настаўнікаў, якія схавалі абсталяванне і бібліятэку ў падвале школы. Ф.С. Буйко пайшоў на фронт, дзе геройскі загінуў. Акупанты знайшлі абсталяванне і спалілі яго, а школьныя памяшканні разабралі і перавезлі ў в. Славені Талачынскага раёна, дзе знаходзіўся бліжэйшы гарнізон. Пасля вызвалення ў в. Філатава ўцалелі толькі 2 дамы. Жыхары туліліся ў зямлянках.

    Школа была адкрыта ў в.Варгуцёва, у 1962 г. пераведзена ў в. Філатава. У 1993 г. Філатаўская НСШ перайменавана ў сярэднюю, узводзіцца новы будынак.


ЦЯЦЕРЫНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    У в. Цяцерына працавала першая школа на Кругляншчыне. У канцы XVII - пачатку XVIII ст. яе ўтрымлівалі манахі базыльянскага манастыра. У сярэдзіне XIX ст. у вёсцы была адкрыта царкоўнапрыходская школа. Напярэдадні кастрычніцкіх падзей у Цяцерыне працавалі царкоўнапрыходская школа і двухкласнае народнае вучылішча ад Магілёўскай земскай управы. У царкоўнапрыходскай школе былі 4 класы, пасля якіх можна было паступаць у народнае вучылішча. Царкоўнапрыходская школа размяшчалася на месцы знесенага будынка амбулаторыі. Да рэвалюцыі ў ёй вучылася больш за 50 чалавек, паступалі з 9 – 10 класаў. Настаўнікамі працавалі Г.І. Барцэвіч і Г.І. Залеская. Народнае вучылішча знаходзілася на ўскраіне в. Цяцерын каля дарогі на в. Храпы. Пры народным вучылішчы быў інтэрнат, дзе жылі дзеці з далёкіх вёсак. Вучні прывозілі з сабой пасцельныя рэчы, прадукты харчавання. Гатавалі ім повары. У народным вучылішчы да 1917 г. выкладалі В.С. Гузкоў, П.Д. Ежгуроў, А.Д. Ежгуроў, В.С. Мамаеў, Н.П. Раханская. 3 1929 г. Цяцерынская школа стала сямігодкай. Школа размяшчалася ў былой панскай хаце. Першым яе дырэктарам быў А.Р. Пальчык. У гэты час у школе працавалі маладыя, добра падрыхтаваныя настаўнікі, якія давалі глыбокія і трывалыя веды. Сярод іх вылучаліся I.А. Цітоў, А.С. Цітова, Д.Я. Ежгуроў, П.I. Пашкоўскі, А.П. Раханскі. Пазней Ежгуроў і Пашкоўскі былі рэпрэсіраваны.

    У 1941 г. адбыўся першы выпуск Цяцерынскай сярэдняй школы. У час вайны будынак быў спалены. 31 верасня 1944 г. школа аднавіла сваю работу. Спачатку заняткі праводзіліся ў хатах калгаснікаў у в. Зарэчча, Цяцерын, Зацяцёрка, а з 15 кастрычніка 1955 г. школа перасялілася ў будынак, дзе знаходзіцца і сёння. У 1944 – 47 гг. працавала як сямігодка, а з 1947 г. зноў стала сярэдняй школай.


ШАПЯЛЕВІЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА

    У даведніку «Волости и важнейшие селения Европейской России» (С.-Пецярбург, 1866) зафіксавана, што ў мястэчку Шапялевічы былі прыходская праваслаўная царква, народнае вучылішча, яўрэйская малітоўная школа. Вядома, што да 1918 г. пры царкве дзейнічала царкоўнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа, потым на базе вучылішча была адкрыта чатырохкласная пачатковая школа. У 1928 г. школа становіцца сямігадовай. Першым дырэктарам сямігодкі быў І.М. Мажэйкаў. 3 1938 г. школа працавала па праграме развіваючай дзесяцігодкі. Першы выпуск адбыўся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 г. сярэднюю школу закончыла 12 вучняў. Дырэктарам школы быў Антон Мар’янавіч Ліпецкі. У гады вайны школа не працавала, з 1944 г. адкрылася пачатковая школа. З 1946 г. у в. Шапялевічы адкрываецца развіваючая сямігодка, якая з 1951 г. пачынае працаваць як развіваючая сярэдняя школа. Першым пасляваенным дырэктарам быў Медзякоў Віктар Самсонавіч. У 1954 г. адбыўся першы пасляваенны выпуск дзесятых класаў школы. Усяго за час існавання сярэдняй школы адбылося 40 выпускаў. Сярэднюю адукацыю атрымалі 1000 вучняў. Тысячным выпускніком школы аказаўся адзіны выпускнік 11 класа 1993 г. – Гаваркоў Вячаслаў Яўгенавіч. У школе працавалі тры заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь. Многія настаўнікі мелі ўзнагароды за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і доблесную працу на ніве народнай асветы.

    Сучасны будынак школы ўведзены ў эксплуатацыю ў кастрычніку 1961 г. З 12 кастрычніка 1961 г. пачаліся заняткі ў новым будынку пачатковых класаў школы, а з 15 кастрычніка 1961 г. — астатніх класаў. Да гэтага часу школа размяшчалася па хатах. Школа арандавала хаты ў К.Б. Катковай, Ф.А. Барысёнак, С.Ф. Мажайскага, Л.П. Каласковай, В.М. Каткова, І.Г. Механікава, Г.Дз. Мажайскага, I.М. Масанскага, Ф.С. Снапкова, Г.С. Паласковай.


ЛЁС МОЙ, ШКОЛА


З успамінаў М.У. Трыпуціна, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь


    Нарадзіўся я ў сялянскай сям’і 5 снежня 1912 г. у в. Навапруддзе Круглянскага раёна. У 1918 г. сям’я з Навапруддзя пераехала на Падгалле. Гэта быў невялікі кавалак зямлі каля гразкага балота Галае, а ўвесь надзел зямлі быў раскінуты на дзесяць кавалкаў. Пачаліся цяжкія дні і ночы працы для бацькоў і дзяцей. Дзеці дапамагалі дарослым сеяць, жаць, малаціць, пасвілі свіней і кароў.

    Неўзабаве прыйшла пара вучыцца. Бацька скончыў 3 класы, пры выпадку любіў чытаць, а маці толькі адзін дзень была ў школе ў прыватнага настаўніка. Але гэта не перашкодзіла ёй зрабіць усё магчымае, каб дзеці вучыліся. Бацька быў проста рэдкі чалавек у сваім стаўленні да школы. Не было выпадку, каб ён, калі наведваў Круглае, не гаварыў пра тое, каго з настаўнікаў бачыў і пры якіх абставінах:

    - Стаю я, мужык у армяку і лапцях на адным баку вуліцы, а па другім ідзе, як на швейнай машыне строчыць, С.А.Осін. Параўняўся са мной, пакланіўся і кажа:

    - Добры дзень, Уладзімір Міхайлавіч, калі вы сваіх дзетак да нас у школу прывядзеце?

    Затым бацька дадае:

    - Вось які ён спагадлівы да іншых. Каб жа такія былі ўсе.

    Не было выпадку, каб бацька восенню не абышоў некалькі настаўнікаў, каб не прынёс ад іх кніжак, якія чытаў дзецям доўгімі зімовымі вечарамі. I калі мы яшчэ не хадзілі ў школу, ён часта бываў у ёй як майстар на ўсе рукі: рамантаваў парты, рабіў дзверы, дошкі, вокны і інш.

    У 1928 г. я закончыў 5 класаў Круглянскай школы, адзінай на ўвесь раён. Прычым у пяты клас мяне не прынялі як сына багатага бацькі, у якога быў конь і дзве каровы. У 1927 г. такія «багатыя» бацькі за плату арганізавалі паралельны пяты клас, але на наступны год гэта было забаронена. Бацька запрог каня і павёз мяне ў Магілёў, дзе з вялікімі цяжкасцямі ўладкаваў у школу пры Першай Усебеларускай дзіцячай камуне былых беспрытульных, у якой я закончыў шосты і сёмы класы. У той прыезд бацька даў мне адзін рубель, больш у яго не было, і заплакаў ад роспачы. Па дарозе ў школу я зайшоў на вакзал, каб паглядзець на тых, з кім буду вучыцца. Тут я ўбачыў шмат мурзатых, абадраных, галодных падлеткаў. Страх агарнуў душу. Хацелася бегчы ўслед за бацькам, але стрымлівала тое, што гэтым я вельмі пакрыўджу яго.

    Адначасова са мной у Першай Усебеларускай дзіцячай камуне вучыўся і Пётр Алейнікаў, які пазней стаў вядомым артыстам. З Магілёва мне прыходзілася ездзіць таварняком да Копысі, а потым ноччу аднаму па бездарожжы праз лес дабірацца дамоў. З якой радасцю я праводзіў час дома, у родных мясцінах, дзе ведаў кожнае дрэва, кожны кусцік.

Круглянский район

    У 1933 г. я закончыў Аршанскі педтэхнікум і паступіў на завочнае аддзяленне філфака Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў у школах Дрысенскага і Плешчаніцкага раёнаў, а з 1934г. – школах Круглянскага раёна. Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру, гісторыю. У 1938 г. закончыў філфак і паступіў на гістарычны факультэт, закончыць які перашкодзіла вайна. На другі дзень вайны быў прызваны ў армію. У снежні 1941 г. пад г. Яльцом быў кантужаны і паранены. Трапіў у палон. Быў у лагерах для ваеннапалонных, у арлоўскай турме, да кастрычніка 1942 г. – у Гомельскім лагеры для ваеннапалонных. Затым – Трасцянец, Дэмблін (пад Варшавай) і апошні лагер Міндэк на Везары. Пра час, праведзены ў лагерах, успамінаць цяжка: у 30 гадоў я важыў крыху больш за 30 кг. Нас вызвалілі англа-амерыканскія часці. Саюзнікі апранулі і адкармілі палонных і прапанавалі ехаць па жаданні ў любую краіну свету, бо дома нам дадуць па 10 – 15 гадоў турмы, як пасля фінскай вайны. Мае сябры па палоне спыталі, што я буду рабіць. Адказаў, што еду толькі дадому. Яны паехалі са мной, а тысячы іншых палонных, ведаючы, што іх чакае дома, падаліся ў свет. Радзіма сустракала нас сурова. Быў Мінск, Магілёў, Башкірыя. Былі бясконцыя сустрэчы з работнікамі КДБ, і толькі 5 снежня 1945 г., у дзень свайго нараджэння, я вярнуўся дадому. Раз’ехаліся па родных мясцінах і мае таварышы. Працаваў я ў Янаўскай школе, затым завучам Скляпаўскай школы, а з 1950 г. да 1972 г. у Круглянскай школе. 20 гадоў быў загадчыкам навучальнай часткі. Добра ведаў школу і яе праблемы, быў грамадскім інспектарам пачатковых школ раёна. Працуючы загадчыкам навучальнай часткі, часта бываў на ўроках настаўнікаў, асабліва маладых, імкнуўся перадаць ім свой вопыт, падтрымаць іх ініцыятыву.

    24 жніўня 1965 г. мне было прысвоена званне заслужанага настаўніка Беларусі...


СТАРШЫНЯ


    Пакаленню, чыё дзяцінства было апалена вайной, нямала дасталася і пасля вайны. Вячаслаў Канстанцінавіч Шафранскі якраз з тых, каго называюць «дзеці вайны». Сын патомных земляробаў, ён рана зведаў цану кавалку хлеба. Рана навучыўся спраўляцца з плугам і касой. Закончыў школу, курсы шафёраў, працаваў у родным калгасе.

    Не цураўся аніякай работы. Стараўся ўсё рабіць сумленна. Гэта заўважыў тагачасны кіраўнік гаспадаркі М.А. Чамрукоў. Потым працаваў майстрам вытворчага навучання ў мясцовай школе, два гады ў раёне быў на партыйнай рабоце, вярнуўся да таго ж Чамрукова намеснікам, а ў 1973 г. змяніў яго на старшынскай пасадзе. Адначасова, пераадольваючы службовыя прыступкі, вучыўся: спачатку ў тэхнікуме, потым у вышэйшай партыйнай школе. Забягаючы наперад, трэба зазначыць, што пазней была ў Вячаслава Канстанцінавіча і аспірантура ў інстытуце народнай гаспадаркі, але за вытворчымі справамі так і не знайшоў часу завяршыць ужо распачатую дысертацыю. Шафранскі не стаў вучоным. Затое ён стаў за доўгія гады старшынства тым кіраўніком-гаспадарнікам, чыё прозвішча было вядома і на Магілёўшчыне, і ў рэспубліцы.

    А тады, у 1973 г., у спадчыну маладому старшыні дасталіся некалькі драўляна-дашчатых жывёлагадоўчых памяшканняў, малалікі машынна-трактарны парк ды зямля, якая давала па 16 цэнтнераў збожжа з гектара.

    Расказваючы сёння пра Шафранскага, вядома ж, нельга не ўспомніць тую вялікую жыллёвую праграму, што была ім ажыццёўлена. У 1973 г. на балансе калгаса знаходзілася ўсяго толькі тры кватэры. Людзі ж жылі ў звычайных чатырох – і пяцісценках, нярэдка яшчэ накрытых гонтамі. Дабрацца ад адной вёскі да другой, асабліва вясной і восенню, было цэлай праблемай з-за адсутнасці нармальных дарог. I старшыня пачаў з дарог. Потым ужо ішла іншая будаўнічая праграма — вытворчыя памяшканні, жыллё.

    Агульная працягласцъ асфальтаваных дарог у калгасе «Шлях Леніна» складае каля 50 кіламетраў, практычна да кожнага населенага пункта можна пад’ехаць на легкавым аўтамабілі. А дадаць сюды пад’езды да фермаў, машыннага двара, сушылак...

    3 жыллёвым фондам «Шляху Леніна» таксама не можа пакуль пацягацца ніводная гаспадарка раёна, пабудавана больш за 130 кватэр.

    За гады старшынства В.К. Шафранскага былі пабудаваны сучасны Дом культуры, адзінаццацігодка, дашкольныя ўстановы, гандлёвы цэнтр...

    Многія працаўнікі гаспадаркі Шафранскага былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: даярка Марыя Трафімаўна Арыстава за высокія паказчыкі атрымала ордэны Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, аператар свінагадоўчай фермы Ірына Аляксандраўна Скварцова – ордэны Працоўнай Славы II і III ступеняў, добрым арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці зарэкамендавала сябе галоўны заатэхнік Лідзія Міронаўна Жыгунова. Сярод яе ўзнагарод ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, Грамата Вярхоўнага Савета БССР. Маюць таксама высокія ўзнагароды Іван Фёдаравіч Саўкін, Дар’я Апанасаўна Бяляцкая...

    Дарэчы кажучы, праца самога В.К. Шафранскага была адзначана ў свой час ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, некалькімі Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета рэспублікі. I хоць сёння аспрэчваецца вартасць многіх узнагарод, якія раней раздаваліся падчас направа і налева, але ж нам вядома і іншае – працаўнікам сельскай гаспадаркі тыя медалі і граматы даставаліся не за прыгожыя вочы. За імі – мазалі і пот.

    Нельга зменшыць і калектыўныя перамогі калгаса ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве. А такіх перамог было 9. Калгacy прысвоена званне «Гаспадарка высокай культуры». I хто сёння можа аспрэчыць гэта рашэнне абласных кіруючых органаў. Тут адна з самых высокіх у раёне ўраджайнасць, стабільныя надоі, наогул, рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці В.К. Шафранскі давёў са сваёй камандай некалі да 40 працэнтаў.

    Цяпер В.К. Шафранскі старшыня Комсеніцкага сельскага Савета народных дэпутатаў. Калгасам кіруе яго старэйшы сын Дзмітрый, нядаўні старшыня суседняга калгаса імя Дзімітрава. Новыя абавязкі таксама даволі клопатная справа.

    I тады, калі рабіў у калгасе, і цяпер В.К. Шафранскі пастаянна клапоціцца аб ветэранах вайны і працы. Многія з іх карыстаюцца паслугамі кааператыва, які даглядае і апрацоўвае прысядзібныя ўчасткі. Няма праблем і з дастаўкай паліва. Не забываюць у сельсавеце і пра тых, хто пайшоў ужо ад нас.

    Адзін з атрыбутаў гэтай памяці – догляд могілак. Напрыклад, напярэдадні Радаўніцы былі праведзены добраўпарадкавальныя работы на могілках у вёсцы Комсенічы: высечаны непатрэбныя дрэвы і кустоўе, зроблена новая агароджа, заасфальтаваны пад’езд. Падобная «генеральная» ўборка была праведзена і ў шэрагу іншых населеных пунктаў.

    Такога кіраўніка, як Шафранскі, усё хвалюе – і гаспадарчыя справы, і сацыяльна-бытавыя, і культура паводзін кожнага чалавека паасобку. Ён – Старшыня. I гэта слова не грэх напісаць з вялікай літары.


ЗАСТАНЕЦЦА НАЗАЎСЁДЫ


3 артыкула Н.Дарашэнкі ў раённай газеце «Сельскае жыццё» за 23.10.1991г.


    ГАНЧАРОЎ Павел Палікарпавіч. Доктар медыцынскіх навук (1942), прафесар (1947), генерал-палкоўнік медыцынскай службы (1943). Нарадзіўся ў 1900 г. у в. Цяцерына Круглянскага раёна. Скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (1930). У Чырвонай Арміі з 1919 г., удзельнік савецка-польскай вайны 1920 г., разгрому войск Булак-Балаховіча каля г. Мазыр. З 1934 г. у Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава: выкладчык, начальнік кафедры, намеснік начальніка акадэміі па навуковай і навучальнай рабоце, у 1903 – 63 гг. начальнік акадэміі. Аўтар навуковых прац па медыцыне. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі. Памёр 6.9.1970г.

    Сям’я у Палікарпа Ганчарова была вялікая. Ды тады такія сем’і былі не ў рэдкасць. Бацькі гадавалі столькі дзяцей, колькі бог паслаў. Пра ўзрост Паўла потым гаварылі – равеснік века. Але гэты мяцежны век не толькі адлічваў яго гады, а і вызначыў лёс хлапчука.

    У рэвалюцыйным семнаццатым успыхнула надзея на вучобу. Усё здавалася дасягальным падлетку, які з пятнаццаці гадоў зарабляў сабе на хлеб, быў надзейным памочнікам бацькоў.

    Полымя грамадзянскай вайны азарыла жыццё Паўла. Дзевятнаццацігадовым ён уступіў у Чырвоную Армію. У той год з роднай вёскі Цяцерына ў армію пайшоў не толькі Павел. У мірны час вярталіся сялянскія сыны дамоў да новага жыцця, а Павел назаўсёды звязаў сваю долю з арміяй. Па тэрміновай службе вучыўся у Ваенна-медыцынскай акадэміі. 3 яе заканчэннем пачаўся яго шлях у медыцынскую навуку. Пачынаў урачом палка, а праз год стаў ад’ютантам аб’яднанай у той час кафедры паталагічнай анатоміі і паталагічнай фізіялогіі Ваенна-медыцынскай акадэміі.

    У тыя гады кафедру ўзначальваў выдатны патолаг акадэмік Н.Н. Анічкаў. Для Паўла Палікарпавіча работа на кафедры стала вялікай жыццёвай і навуковай школай.

    У 1941, калі вайна прад’явіла ваенным медыкам свой рахунак, Павел Палікарпавіч быў вылучаны на пасаду начальніка кафедры Куйбышаўскай Ваенна-медыцынскай акадэміі. Тут ён паспяхова і ў кароткі тэрмін наладзіў вучэбны працэс і навукова-даследчую работу ў інтарэсах ваенна-медыцынскай службы.

    Прафесара П.П. Ганчарова выхаванцы акадэміі ведалі як эрудзіраванага вучонага, выдатнага лекара. Ён умеў выклікаць у слухачоў жаданне глыбока вывучаць выкладаемы ім прадмет. А сам Павел Палікарпавіч унёс значны ўклад у рашэнне шэрагу навуковых праблем. Многія яго работы маюць не толькі тэарэтычнае, a і практычнае значэнне.

    Яшчэ ў пачатку 30-х гадоў сумесна з І.Р. Пятровым ён вывучаў ва ўмовах палётаў на баявых машынах уплыў разрэджанай атмасферы на жывёл з раненнямі чэрапа, грудзей, жывата, а таксама страты крыві. Правераныя ў лабараторных умовах, гэтыя работы паслужылі падставай да ўстанаўлення паказанняў і процівапаказанняў для эвакуацыі авіятранспартам параненых.

    П.П. Ганчаровым быў прапанаваны і ўпершыню выкарыстаны пры вывучэнні тампанады сэрца новы метад рэгістрацыі яго работы. Вынікі гэтых шырокіх даследаванняў былі ацэнены акадэмікам Н.Н. Анічкавым як выдатныя.

    У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ганчароў вёў даследаванні, звязаныя з цячэннем працэсаў пасля ранення.

    У поле зроку вучонага трапілі і проблемы ўплыву на арганізм аператыўных умяшанняў на лёгкіх і плеўры. Цікавыя даныя атрымаў ён і па радзе пытанняў прафесіянальнай паталогіі. Яшчэ ў трыдцатыя гады вучоны прымаў удзел у работах па вывучэнні электратраўм, высвятляў механізмы іх дзеяння на арганізм.

    На долю П.П. Ганчарова выпала адказная задача разгортвання дзейнасці фактычна першай у нашай краіне медыкабіялагічнай лабараторыі па вывучэнні радыяцыйных паражэнняў. З яго імем было звязана з’яўленне даследаванняў па радыяцыйных паражэннях, агульнай паталогіі, прамянёвай хваробе, а таксама лячэбна-прафілактычных мерапрыемствах пры ёй.

    Прафесар Ганчароў быў буйным ваенным патолагам. Яму належыць найбольш поўнае і навукова абгрунтаванае паняцце «ваенная паталогія». Гэтае вызначэнне ўвайшло ў энцыклапедычнае выданне. Яго пяру належыць і капітальнае даследаванне па гісторыі ваеннай медыцыны. Ён быў ініцыятарам стварэння і галоўным рэдактарам унікальнай працы «Развіццё навукі ў Ваенна-медыцынскай акадэміі за 50 гадоў Савецкай улады».

    Павел Палікарпавіч нe раз прадстаўляў савецкую медыцынскую навуку на міжнародных канферэнцыях.

    Пятнаццаць гадоў П.П. Ганчароў стаяў на чале Ваенна-медыцынскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай акадэміі імя С.М. Кірава... Тое, што паспеў зрабіць вучоны, - значны ўклад у медыцынскую навуку. Яго ідэі, працы жывуць у справах вучоных, тых, хто ідзе далей...

    Не забываюць свайго вядомага земляка і ў Цяцерыне. Павел Палікарпавіч усё жыццё не страчваў сувязь са сваёй радзімай. Нягледзячы на пастаянную занятасць, не забываўся напісаць пісьмо цяцерынскім школьнікам, з якімі многія гады быў у перапісцы, жыва цікавіўся справамі мясцовай гаспадаркі.


ПРАЦОЎНАЯ СЛАВА КРУГЛЯНШЧЫНЫ


БУЖЫНСКІ Анатоль Ануфрыевіч. Герой Сацыялістычнай Працы. Нарадзіўся 20.7.1932 г. у вёсцы Дразды Круглянскага раёна. Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь (1972). 3 1950 г. на Мінскім хлебазаводзе №2, з 1960 г. пекар-майстар, з 1977 г. майстар вытворчага ўчастка. Званне Героя прысвоена ў 1974 г. за выкананне планавых заданняў і абавязацельстваў, вялікі ўклад у павелічэнне вытворчасці харчовых тавараў. Жыве ў Мінску.
КЛІМКОЎ Пётр Дзмітрыевіч. Герой Сацыялістычнай Працы. Нарадзіўся 23.12.1923 г. у вёсцы Дарожкавічы Круглянскага раёна. Удзельнік Вялікай Аичыннай вайны. З 1951 г. памочнік майстра Віцебскага дывановага камбіната. Званне Героя прысвоена ў 1966 г. за высокія тэхніка-эканамічныя паказчыкі ў развіцці лёгкай прамысловасці. Депутат Вярхоўнага Савета СССР у 1962 – 66 гг. Жыве ў Віцебску.
ПАЎЛЯНКОВІЧ Канстанцін Рыгоравіч. Герой Сацыялістычнай Працы. Нарадзіўся 7.10.1917 г. у вёсцы Цімохаўка Круглянскага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. 3 1934 г. трактарыст Паўлавіцкай МТС. З 1951 г. на Мінскім аўтамабільным заводзе, у 1952 – 79 гг. шафёр-выпрабавальнік эксперыментальнага цэха. Званне Героя прысвоена ў 1966 г. за поспехі ў выкананні планавых заданняў, у стварэнні канструкцый і арганізацыі вытворчасці новых машын. Жыве ў Мінску.


***

АНДРЭЕНКА Уладзімір Калінавіч. Беларускі вучоны-мовазнавец. Нарадзіўся ў 1918 г. у в.Зарэчча Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую 7-гадовую школу (1934), Магілёўскі педагагічны тэхнікум (1937), Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Каля 20 гадоў працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1957 – 83 гг. старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык аддзела Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь. Займаўся навуковай дзейнасцю, зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку тэарэтычных і практычных пытанняў стварэння школьнага падручніка, праграм і методыкі беларускай мовы ў школе. У.К. Андрэенка (у сааўтарстве з М.С. Яўневічам) упершыню ў Рэспубліцы Беларусь напісаў і выдаў падручнік «Беларуская мова» для 5 – 6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з рускай мовай навучання (1963), падручнік «Беларуская мова» для 5 – 6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з беларускай мовай навучання (1970) і «Беларуская мова» для 7 – 8-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы (1964). Усе тры падручнікі былі ўхвалены настаўнікамі і атрымалі станоўчую ацэнку ў друку. У 1984 г. за стварэнне арыгінальных школьных падручнікаў, распрацоўку метадычнай сістэмы У.К. Андрэенка ўзнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР. Складальнік праграм па беларускай мове для 4 – 8-х класаў усіх тыпаў школ (1959 – 86), аўтар шэрагу артыкулаў па пытаннях складання праграм, стварэння падручнікаў і методыкі беларускай мовы і інш. У.К. Андрэенка выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь, яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990г. за падручнікі «Беларуская мова» для 6 – 9-х класаў (разам з М.С. Яўневічам). Узнагароджаны opдэнам Айчыннай вайны II ступені, баявымі медалямі, медалямі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і інш. На пенсіі. Жыве ў Мінску.
БУРНОСАЎ Васіль Емяльянавіч. Беларускі крытык, літаратуразнавец, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў з 1951 г. Нарадзіўся ў 1914 г. у в. Зелянькова Круглянскага раёна. Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску (1939). Працаваў калгаснікам, брыгадзірам, старшынёй калгаса (1933 – 34), токарам на аўтарамонтным заводзе ў Магілёве. Быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусь. У Вялікую Айчынную вайну на Заходнім фронце, цяжка паранены. З 1943 г. намеснік рэдактара газеты «Чырвоная змена», у 1944 – 47 гг. карэспандэнт газеты «Правда» на Беларусі. З 1947 г. загадваў рэдакцыяй мастацкай літаратуры ў Дзяржвыдавецтве БССР, аддзелам крытыкі ў часопісе «Полымя», працаваў намеснікам рэдактара часопіса «Камуніст Беларусі», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». Быў супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Рэспублікі Беларусь, галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». У друку дэбютаваў у 1936 г. Выступаў з артыкуламі па метадалагічных пытаннях крытыкі і літаратуразнаўства, адстойваў прынцыпы народнасці літаратуры, заклікаў да праўдзівасці і паўнаты вобразнага адлюстравання жыцця, арыентаваў пісьменнікаў на засваенне і крытычнае выкарыстанне класічных літаратурных традыцый. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 19.7.1984 г.
ВІННІКАВА Валянціна Мікітаўна. Заслужаны настаўнік Беларусі (1968). Нарадзілася ў 1918 г. у в. Даганаўка Віцебскай вобл. Скончыла Аршанскае педагагічкае вучылішча (1937). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1944 г. загадчыца Шапялевіцкай пачатковай школы Круглянскага раёна. Узнагароджана Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
ГАНКЕВІЧ Сяргей Антонавіч. Кандыдат тэхнічных навук (1979). Нарадзіўся ў 1943 г. у г.п. Круглае Круглянскага раёна. Скончыў Круглянскую сярэднюю школу (1960), Сяміпалацінскі геолагаразведачны тэхнікум (1963), Мінскі радыётэхнічны інстытут (1972). Працаваў у геадэзічнай экспедыцыі ў Казахстане, у 1963 – 66 гг. служыў на Паўночным флоце. З 1972 г. дацэнт, намеснік дэкана вячэрняга факульгэта Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Аўтар 34 вынаходніцтваў і больш за 30 навуковых артыкулаў. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці – распрацоўка радыёсістэм перадачы інфармацыі спецыяльнага прызначэння. Жыве ў Мінску.
ДАНІЛАЎ Іван Гаўрылавіч. Генерал-маёр авіяцыі (1972), заслужаны ваенны лётчык СССР (1969). Нарадзіўся ў 1923 г. у в. Паўлавічы Круглянскага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У Чырвонай Арміі з 1940 г. Скончыў авіяцыйную школу пілотаў у Горкаўскай вобл. У 1943 – 45 гг. удзельнічаў у баях у саставе 1-га Украінскага, 3-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. За гады вайны зрабіў 261 баявы вылет, удзельнічаў у 46 паветраных баях, збіў 6 варожых самалётаў, правёў 45 штурмовак. У 1945 – 49 гг. служыў у Ленінградскай ваеннай акрузе, у 1949 – 51 гг. вучыўся ў Краснадарскай школе штурманаў, у 1951 – 59 гг. у Далёкаўсходняй ваеннай акрузе, у 1959 – 69 гг. вучыўся на вышэйшых акадэмічных курсах у Калінінскай ваеннай акадэміі ПВА, у 1961 – 73 гг. у Туркестанскай ваеннай акрузе, у 1973 – 75 гг. служыў у кадрах Галоўнага штаба ПВА СССР. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Памёр у 1975 г., пахаваны ў Маскве на Увядзенскіх могілках.

Круглянский район
ДУДКОЎ Дзяніс Аляксандравіч. Беларускі гісторык. Нарадзіўся ў 1904 г. у г.п. Круглае. Скончыў БДУ імя Леніна (1928). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1931 – 41 гг. і з 1945 г. працаваў у даследчых і навучальных установах у Мінску. Вывучаў сацыяльна-эканамічныя адносіны на Беларусі, рабочы і сялянскі pyx 2-й палавіны XIX ст. – пачатку XX ст. Адзін з рэдактараў «Дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Белаpyci» (т. 2, 1940). Памёр 23.3.1948 г.
ІГНАТОВІЧ Ніна Антонаўна. Заслужаны настаўнік Беларусі (1966). Нарадзілася ў 1920 г. у в. Задні Бор Круглянскага раёна. Скончыла Магілёўскі настаўніцкі інстытут (1941), Магілёўскі педагагічны інстытут (1959). У Вялікую Айчынную вайну працавала ў сельскай гаспадарцы. У 1944 – 75 гг. настаўніца Круглянскай сярэдняй школы.

Круглянский район
КАЗЛОЎ Уладзімір Сцяпанавіч. Заслужаны настаўнік Беларусі (1975). Нарадзіўся ў 1932 г. у в.Ахімкавічы 1-я Круглянскага раёна. Скончыў СШ у Магілёве (1950), Магілёўскі настаўніцкі інстытут (1952), Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (1958). Працаваў настаўнікам у школах Круглянскага раёна.
КАДЫШАЎ Васіль Уладзіміравіч. Заслужаны настаўнік Беларусі (1967). Нарадзіўся ў 1918 г. у в. Залоссе Круглянскага раёна. Удзельнік Айчыннай вайны. Скончыў Круглянскую сярэднюю школу ў 1938 г., Тбіліскае артылерыйскае вучылішча (1940). У 1941 г. ваяваў пад Кіевам, паранены трапіў у палон, у 1942 г. уцёк у партызаны. Камандзір партызанскага атрада Круглянскай ВАГ. З 1947 г. на педагагічнай рабоце ў школах Круглянскага раёна. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Жыве ў в. Шапялевічы.
КАНТЫЛЕЎ Яўген Якаўлевіч. Нарадзіўся ў 1938 г. у в. Елькаўшчына Круглянскага p-на. Скончыў Мінскі лесатэхнічны тэхнікум (1956), факультэт журналістыкі БДУ (1969). З 1956 г. працаваў на розных прадпрыемствах і навуковых установах Мінска. Кандыдат псіхалагічных навук (1985). З 1985 г. старшы навуковы супрацоўнік НДІ працы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў. Займаецца літаратурнай дзейнасцю. Піша апавяданні, аповесці. Друкуецца з 1987 г. у часопісах «Маладосць», «Полымя».
КІСЯЛЁЎ Юрый Лукіч. Нарадзіўся ў 1935 г. у в. Прудкі Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую сярэднюю школу (1954), Беларускі політэхнічны інстытут (1959). Працаваў на МТЗ: памочнік майстра, тэхнолаг, начальнік бюро кавальскага цэха. У 1969 – 77 гг. у Мінскім канструктарска-тэхналагічным і эксперыментальным інстытуце: вядучы канструктар, загадчык сектара, намеснік начальніка аддзела кавальскай тэхналогіі. З 1977 г. на МТЗ – тэхнолаг 1-й категорыі аддзела галоўнага металурга завода. Самастойна распрацаваў праект кавальскага цэха Барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік» з перадавой тэхналогіяй атрымання гарачых штамповак і высокай ступенню механізацыі працэсаў (уведзены ў строй у 1974). Зрабіў рабочы праект кавальскага цэха дызельнага завода ў В’етнаме. Аўтар каля 30 рацыяналізатарскіх прапаноў і вынаходніцтваў, якія выкарыстаны на МТЗ, Крамянчугскім аўтазаводзе і інш. Жыве ў Мінску.
КРАСІНСКІ Анатоль Віктаравіч. Беларускі кіназнавец, доктар мастацтвазнаўства (1985). Нарадзіўся ў 1930 г. у г.п. Круглае. Скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (1955). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» (1955 – 57), з 1960 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (з 1970 загадчык сектара). Друкуецца з 1952 г. Даследуе праблемы сучаснага кінапрацэсу, гісторыю беларускага кіно. Аўтар раздзелаў у кнізе «Гісторыя савецкага кіно» (1973), «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), адзін з рэдактараў і аўтараў манаграфіі «Сучаснае беларускае кіно» (1985). Жыве ў Мінску.
КРАЎЦОЎ Віктар Канстанцінавіч. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1973), прафесар (1993). Нарадзіўся ў 1940 г. у в. Рублеўск Круглянскага раёна. Скончыў Комсеніцкую сярэднюю школу (1958), БДУ (1963). З 1965 г. выкладчык на кафедры вышэйшай матэматыкі Мінскага вышэйшага ваенна-інжынернага вучылішча. Асноўны кірунак яго навуковых даследаванняў звязаны са стварэннем высокапрадукцыйных вылічальных сістэм. Вынікі яго навуковай працы разглядаліся на многіх рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Навучальныя дапаможнікі, метадычныя распрацоўкі, напісаныя ім, аказваюць вялікую дапамогу пачынаючым выкладчыкам у асваенні методыкі выкладання вышэйшай матэматыкі ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Аўтар больш за 25 навуковых публікацый, 8 вынаходстваў, адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка «Кіраўніцтва да рашэння задач па вышэйшай матэматыцы» (1990). Жыве ў Мінску.
КРАЎЦОЎ Міхаіл Канстанцінавіч. Доктар фізіка-матэматычных навук (1995). Нарадзіўся ў 1946 г. у в. Рублеўск Круглянскага раёна. Скончыў Комсеніцкую сярэднюю школу (1964), БДУ (1969), аспірантуру пры Інстытуце матэматыкі АН БССР (1977). З 1979 г. старшы навуковы супрацоўнік інстытута па спецыяльнасці матэматычная кібернетыка. Пазней працаваў загадчыкам сектара Навукова-даследчага інстытута аўтаматызаваных сістэм планіравання і кіравання народнай гаспадаркай Дзяржплана БССР, намеснікам дырэктара Рэспубліканскага інфармацыйна – вылічальнага цэнтра Міністэрства хлебапрадуктаў БССР, намеснікам дырэктара па навуцы і галоўным навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага праектнага інстытута аўтаматызаваных сістэм кіравання Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, намеснікам генеральнага дырэктара Беларускага навукова-вытворчага аб’яднання па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, з 1994 г. вядучы навуковы супрацоўнік, з 1996 г. загадчык сектара Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу (АПК) гэтай акадэміі. Аўтар больш за 180 навуковых работ, у тым ліку манаграфіі «ІІІматграннікі, графы, аптымізацыя» (1981), якая атрымала міжнароднае прызнанне і высокую ацэнку, перакладзена ў Англіі, Германіі. Жыве ў Мінску.

Круглянский район
ЛАДЫШКІН Уладзімір Уладзіміравіч. Заслужаны ўрач Беларусі (1976). Нарадзіўся ў 1932 г. у в. Паўлава Круглянскага раёна. Скончыў Круглянскую сярэднюю школу (1952), Мінскі медыцынскі інстытут (1958). У 1958 – 68 гг. у шпіталі для інвалідаў Айчыннай вайны «Свяцк» Гродзенскай вобл.: урач-ардынатар, начальнік хірургічнага аддзялення, начальнік медыцынскай службы шпіталя, начальнік шпіталя. З 1968 г. галоўны фтызіятр Мінскага гарадскога аддзела аховы здароўя, галоўны ўрач супрацьтуберкулёзнага дыспансера №2 г. Мінска, галоўны ўрач Мінскай гарадской туберкулёзнай бальніцы (у 1975 г. аб’яднана з навукова-даследчым інстытутам туберкулёзу). Аўтар 12 навуковых прац. Узнагароджаны значком «Выдатніку аховы здароўя». Жыве ў Мінску.

Круглянский район
ЛАСЮКОЎ Прохар Аляксеевіч. Генерал-палкоўнік інжынерна-тэхнічнай службы (1958). Нарадзіўся 10.8.1902 г. у вёсцы Ахімкавічы 1-я Круглянскага раёна. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію (1932). У Чырвонай Арміі з 1920 г. З 1932 г. на адказных інжынерных пасадах у ВПС. Працаваў у галіне стварэння і ўдасканалення авіяцыйнай тэхнікі, удзельнічаў у выпрабаваннях новых самалётаў. У Вялікую Айчынную вайну галоўны інжынер ВПС Бранскага фронту, намеснік галоўнага інжынера ВПС. У 1952 – 58 гг. намеснік галоўнакамандуючага ВПС, шмат зрабіў для пераўзбраення ваеннай авіяцыі рэактыўнымі і звышгукавымі самалётамі. У 1958 – 59 гг. намеснік начальніка Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі. Памёр 12.6.1970 г.
ЛІНІЧ Мікалай Васілевіч. Кандыдат тэхнічных навук (1956). Нарадзіўся ў 1922 г. у в. Пасырава Круглянскага раёна. Скончыў Круглянскую сярэднюю школу (1940), Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя Жукоўскага (1953). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік. У 1956 – 84 гг. служыў у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце ВПС, начальнік даследчага аддзела па распрацоўцы авіяцыйных і касмічных трэнажораў для трэніроўкі экіпажаў найноўшых самалётаў і касмічных караблёў. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі. На пенсіі. Жыве ў Маскоўскай вобл.
ЛІСТРАТАВА Ніна Мікалаеўна. Заслужаны настаўнік Беларусі (1970). Нарадзілася ў 1923 г. у в. Слабада Круглянскага раёна. Скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1941). З 1944 г. працавала ў Літоўскай пачатковай школе, з 1947 г. настаўніца Круглянскай СШ. Узнагароджана значком «Выдатнік народнай асветы» (1966).
ЛУГАКОЎ Мікалай Фёдаравіч. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1979). Нарадзіўся ў 1946 г. у в.Залоссе Круглянскага раёна. Скончыў Шапялевіцкую сярэднюю школу (1963), БДУ (1968). З 1978 г. навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем пры БДУ, з 1979 г. асістэнт, з 1981 г. дацэнт кафедры фізікі Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, з 1993 г. загадчык кафедры фізікі Беларускага аграрна-тэхнічнага універсігэта. Аўтар 100 навуковых прац. Удзельнічаў у рабоце міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый і нарад. Жыве ў Мінску.
ЛУГАКОЎ Пётр Фёдаравіч. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1967). Нарадзіўся ў 1939 г. у в. Залоссе Круглянскага раёна. Скончыў Шапялевіцкую сярэднюю школу (1956), БДУ (1962). З 1962 г. у БДУ: інжынер праблемнай лабараторыі паўправадніковай тэхнікі, з 1966 г. асістэнт, потым дацэнт; у 1971 г. узначаліў лабараторыю радыяцыйнай фізікі паўправаднікоў Навукова-даследчага інстытута фізічных праблем. З 1976 г. пастаянна працуе ў гэтым інстытуце. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці – даследаванне прыроды і ўласцівасцей дэфектаў структуры, якія ўтвараюцца ў паўправадніковых матэрыялах і прыборах пры знешніх уздзеяннях (радыяцыйных, тэрмічных, механічных). Аўтар больш як 200 навуковых прац, 55 распрацовак прызнана вынаходніцтвамі. Па выніках выкананых даследаванняў выдадзена 6 даведнікаў. Жыве ў Мінску.

Круглянский район
ЛЯГУШАЎ Генадзь Сцяпанавіч. Кандыдат тэхнічных навук (1977). Нарадзіўся ў 1948 г. у вёсцы Пасырава Круглянскага раёна. Скончыў 8 класаў Круглянскай СШ (1963), Магілёўскі палітэхнікум (1967), Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (1972). Працаваў асістэнтам кафедры пад’ёмна-транспартных машын і абсталявання ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Дацэнт, загадчык гэтай кафедры. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці – механізацыя пад’ёмна-транспартных работ, удасканаленне пад’ёмна-транспартнай тэхнікі, дыягнаставанне грузападымальных машын. Аўтар больш як 30 навуковых прац, адной манаграфіі; атрымаў 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтва. Жыве ў Магілёве.
МАРКЕВІЧ Раіса Міхайлаўна. Кандыдат хімічных навук (1988). Нарадзілася ў 1958 г. у в. Казіміраўка Круглянскага раёна. Скончыла Круглянскую сярэднюю школу (1976), Беларускі тэхналагічны інстытут (1981). Працуе выкладчыкам кафедры біятэхналогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсігэта. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці — стварэнне сістэм імабілізаваных мікраарганізмаў для правядзення працэсаў біясінтэзу і ачысткі сцёкаў. Жыве ў Мінску.
МАРОЗАЎ Іван Міхайлавіч. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1979). Нарадзіўся ў 1936 г. у в. Комсенічы Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую сярэднюю школу (1954), БДУ (1960). У 1964 – 67 гг. аспірант Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. У 1967 – 69 гг. працаваў старшым і галоўным інжынерам у Аддзеле фізікі неразбуральнага кантролю АН БССР (цяпер Інстытут прыкладной фізікі). З 1979 г. дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускай політэхнічнай акадэміі. У 1981 – 85 гг. выкладчык матэматыкі ва ўніверсітэце ў Рэспубліцы Куба. Аўтар больш як 40 навуковых работ. Жыве ў Мінску.
МЕЛЬНІКАЎ Пётр Герасімавіч. Генерал-маёр (1940). Нарадзіўся ў 1900 г. у г.п. Круглае. Скончыў курсы чырвоных камандзіраў (1918), Ваенна-тэхнічную акадэмію (1937). З 1918 г. у Чырвонай Арміі, начальнік хімічных войск. Удзельнік грамадзянскай вайны і вайны у Іспаніі ў 1936 – 39 гг. у якасці ваеннага саветніка, быў цяжка паранены. У Вялікую Айчынную вайну непасрэднага ўдзелу ў баях не прымаў. Ініцыятар масавага выкарыстання бутэлек з гаручай вадкасцю «КС» супраць варожых танкаў у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Да 1957 г. служыў у Савецкай Арміі, апошняя пасада – начальнік факульгэта Акадэміі хімічнай абароны. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 13.7.1977 г., пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

Круглянский район
ПЛЯСКАЧ Вера Гаўрылаўна. Заслужаны настаўнік Беларусі (1971). Нарадзілася ў 1925 г. у в. Шапялевічы Круглянскага раёна. Скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1946), Магілёўскі педагагічны інстытут (1952), Гомельскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1960). У 1946 – 80 гг. працавала настаўніцай у Шапялевіцкай сярэдняй школе.
РЫЛЬКОЎ Уладзімір Апанасавіч. Генерал-маёр (1993). Нарадзіўся ў 1947 г. у в. Лясныя Круглянскага раёна. Скончыў Скляпаўскую сярэднюю школу (1964), ПТВ №40 у Мінску (1965), Вышэйшае Алма-Ацінскае пагранічнае вучылішча імя Ф.Э. Дзяржынскага (1971). З 1966 г. у пагранічных войсках: камандзір аддзялення, камандзір часці, камандзір злучэння, начальнік Львоўскага пагранічнага атрада. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаунай граніцы СССР».

Круглянский район
САПЛЮКОЎ Фёдар Васілевіч. Кандыдат тэхнічных навук (1967). Нарадзіўся ў 1936 г. у в. Храпы Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую СШ (1954), Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў г. Горкі (1960). У 1955 г. рахункавод трактарнай брыгады Цяцерынскай МТС, у 1960 – 62 гг. начальнік участка Смалявіцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення Мінводгаса БССР. У 1963 – 66 гг. аспірант Беларускага навукова-даследчага інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1970 г. старшы навуковы супрацоўнік па спецыяльнасці інжынерная гідралогія і гідраўліка, у 1978 – 92 гг. загадчык лабараторыі, з 1993 г. вядучы навуковы супрацоўнік гэтай установы. Аўтар 80 навуковых прац па пытаннях гідраўлікі і гідралогіі рэк і вадасховішчаў, эксплуатацыі гідрамеліярацыйных сістэм. Жыве ў Мінску.
САХАДЗЕ Шалва Ераставіч. Заслужаны работнік бытавога абслугоўвання Беларусі (1970). Нарадзіўся 27.12.1914 г. у Грузіі. З сялян. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Тбіліскі будаўнічы тэхнікум (1935). З 1939 г. у Чырвонай Арміі, служыў у Беларусі, з 1943 г. у партызанах, камандзір узвода 28-га партызанскага атрада 8-й Круглянскай партызанскай брыгады. Пасля вайны застаўся на Кругляншчыне. 3 1944 г. начальнік будаўнічага ўчастка, загадчык раённай камунальнай гаспадаркі, дырэктар райпрамкамбіната, потым райбыткамбіната ў Круглым. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалямі.
САХНЕНКА Людміла Іванаўна. Беларуская спартсменка (міжнародныя і рускія шашкі). Майстар спорту СССР (1973). Нарадзілася ў 1950 г. у в. Петушкі Круглянскага раёна. Скончыла Мінскі медыцынскі інстытут (1973). З 1980 г. асістэнт кафедры псіхіятрыі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Чэмпіёнка свету (1979), віцэ-чэмпіёнка свету (1977) у асабістым першынстве. Чэмпіёнка СССР па міжнародных (1979) і рускіх (1974) шашках у асабістым першынстве. Была пераможцай і прызёрам усесаюзных спаборніцтваў. Жыве ў Галандыі.
СТЫРКІНА (Пляскач) Святлана Паўлаўна. Савецкая спартсменка. Заслужаны трэнер СССР (1984). Нарадзілася ў 1949 г. у в. Кунцы Круглянскага раёна. Чэмпіёнка свету ў эстафетным бегу 4 х 800 м у камандных спаборніцтвах (1976). Заваявала 3 залатыя медалі на летніх, зімовых чэмпіянатах СССР і ў эстафеце 4 х 400 м (1977), сярэбраны медаль на Кубку Еўропы ў эстафеце 4 х 100 м (1977), спецыяльны прыз на спаборніцтвах «Залатыя шыпоўкі» ў Браціславе (1978), залаты медаль на чэмпіянаце СССР (1979). Сярод яе вучняў чэмпіёны свету, Еўропы і СССР. Працуе трэнерам у Маскве.
ТАМАШЭЎСКІ Анатоль Уладзіміравіч. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1982). Нарадзіўся 3.1.1943 г. у в. Ваўканосава Круглянскага раёна. Скончыў Скляпаўскую сярэднюю школу (1960). Пасля заканчэння школы працаваў у калгасе «Перамога», загадчыкам Ляснянскай сельскай бібліятэкі Круглянскага раёна. Пасля службы ў Савецкай Арміі працаваў у Магілёўскім будаўнічым упраўленні № 91 будтрэста №12. З 1967 г. у рэдакцыі круглянскай раённай газеты «Сельскае жыццё»: фотакарэспандэнт, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі, намеснік рэдактара. З 1980 г. рэдактар асіповіцкай раённай газеты «Запаветы Леніна». Вершы друкаваў у раённай газеце, «Магілёўскай праўдзе», часопісе «Вожык». Аўтар зборніка вершаў «Дняпроўскія хвалі» (1993). Жыве ў Асіповічах.
ТРЫПУЦІНА Тамара Мікалаеўна. Кандыдат філалагічных навук (1977). Нарадзілася ў 1947 г. у в. Гай Круглянскага раёна. Скончыла 7 класаў Круглянскай СШ (1961), Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці (1965), у 1972 г. Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (з 1993 г. Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт). Да 1967 г. працавала ў аддзеле тэхнічнага кантролю на Мінскім вытворчым абутковым аб’яднанні «Прамень». З 1975 г. на кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсігэта: асістэнт, старшы выкладчык, з 1984 г. дацэнт гэтай кафедры. Выкладае курс сучаснай беларускай мовы, спецкурс «Мова мастацкага слова», стылістыку беларускай мовы. Аўтар больш як 50 навуковых работ. Жыве ў Мінску.

Круглянский район
УЛАДЫКА Аляксандр Дзмітрыевіч. Кандыдат эканамічных навук (1968), прафесар (1993). Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Храпы Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую сярэднюю школу (1951), Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут (1956). Працаваў у калгасе «Рассвет» Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., галоўным аграномам Чэрыкаўскай МТС, першым сакратаром Чэрыкаўскага райкома камсамола Магілёўскай вобл. У 1962 – 64 гг. аспірант Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута, з 1964 г. намеснік начальніка Ламаносаўскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі, першы намеснік начальніка статыстычнага ўпраўлення Ленінградскай вобласці і г. Ленінграда. У 1970 – 90 гг. дацэнт кафедры эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Ленінградскай ВПШ, з 1990 г. загадчык кафедры эканомікі і аграбізнесу Акадэміі менеджмента і аграбізнесу Нечарназёмнай Зоны Расійскай Федэрацыі.
ХАЎРАТОВІЧ Іосіф Пятровіч. Беларускі гісторык, кнігавыдавец. Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Варгуцёва Круглянскага раёна; з 1933 г. жыў у Талачыне. Кандыдат гістарычных навук (1967). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976). Акадэмік Беларускай Акадэміі сацыяльных навук і член яе прэзідыума (з 1995). Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1947 – 48). Скончыў БДУ (1955). 3 1949 г. працаваў бібліятэкарам, дырэктарам Талачынскага раённага Дома культуры, інспектарам аддзела культасветустаноў Талачынскага райвыканкома. З 1955 г. навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, вучоны сакратар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1967 г. загадчык рэдакцый гісторыі СССР і БССР, адказны сакратар (з 1973), намеснік галоўнага рэдактара (з 1975) Беларускай Энцыклапедыі. Яго даследаванні прысвечаны гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., Вялікай Айчыннай вайны і інш. Адзін з аўтараў манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі» (1966). Аўтар нарысаў пра выдатных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху і рэвалюцыянераў В.З. Харужую, А.Р. Салаўя, Л.І. Родзевіча, С.С. Панкову, I. Пуліхава, П.М. Лепяшынскага, У.М. Азіна, М.В. Фрунзе і іншых, гістарыяграфічных даследаванняў па гісторыі КПБ і КПЗБ, артыкулаў для энцыклапедычных выданняў. Удзельнічаў у складанні дакументальных зборнікаў, у т.л. пра Кастрычніцкую рэвалюцыю на Беларусі, пра рэвалюцыйна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, пра партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра злачынствы нямецкіх фашыстаў на Беларусі, па гісторыі савецка-польскіх адносін, «Ілюстраванай храналогіі гісторыі Беларусі» (1995), у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў стварэння універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый.
ШУПЯНЁЎ Віктар Аляксеевіч. Кандыдат тэхнічных навук (1977). Нарадзіўся ў 1937.г. у в. Улужжа Круглянскага раёна. Скончыў Цяцерынскую СШ (1954), Маскоўскі авіяцыйны інстытут (1960). Працаваў інжынерам на заводах у Іжэўску і Мінску, потым у АН Беларусі, з 1979 дацэнт Беларускай політэхнічнай акадэміі. Аўтар больш за 40 навуковых прац па электроніцы, фізіцы паўправаднікоў. Жыве ў Мінску.

Круглянский район

***

Перадавікоў вытворчасці Кругляншчыны, чые біяграфіі прыводзяцца ніжэй, аб’ядноўвае адно – усе яны ў час існавання СССР былі ўзнагароджаны яго вышэйшай узнагародай – ордэнам Леніна.

АРЫСТАВА Марыя Трафімаўна. Нарадзілася ў 1939 г. у в. Кляпінічы Круглянскага p-на. Працавала даяркай калгаса «Шлях Леніна». Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1978). Дэпутат Вярх. Савета БССР у 1975 – 80 гг. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1974), Працоўнага Чырвонага Сцяга. Жыве ў в. Кляпінічы.
БАЛІНДАВА Ніна Мінаўна. Нарадзілася ў 1921 г. у в. Ліхінічы (Ракушава) Круглянскага р-на. Працавала звеннявой па вырошчванні лёну ў калгасе «Шлях камунізму». Узнагароджана ордэнам Леніна (1971). Жыве ў в. Радча.
БАРАЎЦОЎ Уладзімір Дзмітрыевіч. Нарадзіўся ў 1936 г. у в. Дудаковічы Круглянскага p-на. Працаваў трактарыстам, камбайнерам у калгасе «Кастрычнік». Узнагароджаны ордэнам Леніна (1976). Працуе слесарам на ферме ў в. Дудаковічы.
БЕЛАЯ Марыя Фёдараўна. Нарадзілася ў 1922 г. у в. Зарэчча Круглянскага р-на. Працавала даяркай у калгасе «Маяк». Узнагароджана ордэнам Леніна (1971). Памерла ў 1987 г.
ГАПАЕЎ Аляксандр Ягоравіч. Нарадзіўся ў 1935 г. у в. Банькі Круглянскага р-на. Працаваў трактарыстам, слесарам у калгасе імя Калініна. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1973). Жыве ў в. Банькі.
ДУХНОВА Ліна Фёдараўна. Нарадзілася ў 1930 г. у в. Дудаковічы Круглянскага р-на. Працавала даяркай у калгасе «Кастрычнік». Узнагароджана ордэнам Леніна (1973). Жыве ў в. Дудаковічы.
ЗАЙКОЎСКАЯ Марыя Фёдараўна. Нарадзілася ў 1933 г. у в. Скляпава Круглянскага р-на. Працавала звеннявой па вырошчванні лёну, даглядчыцай жывёлы ў калгасе «Перамога» (цяпер калгас «Шлях камунізму»). Узнагароджана ордэнам Леніна (1971). Жыве ў в. Скляпава.

Круглянский район
КОТАЎ Мікалай Мартынавіч. Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Зарэчча Круглянскага р-на. Працаваў трактарыстам у калгace імя Калініна. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1973).
КУБЕКА Галіна Васілеўна. Нарадзілася ў 1936 г. у в. Ракушава Круглянскага p-на. Працавала птушніцай на Круглянскай птушкафабрыцы. Узнагароджана ордэнам Леніна (1976). Жыве ў в. Ракушава.
КУРАНОК Пётр Парфенавіч. Нарадзіўся ў 1920 г. у в. Крывое Талачынскага p-на Віцебскай вобл. Працаваў старшынёй, эканамістам, намеснікам старшыні, брыгадзірам паляводчай брыгады, загадчыкам жывёлагадоўчай фермы былога калгаса «Перамога» (цяпер «Шлях камунізму»). Узнагароджаны ордэнам Леніна (1977). Жыве ў в. Замышкі.
ПУЗЫНКА Мікалай Васілевіч. Нарадзіўся ў 1934 г. у в. Лясныя Круглянскага p-на. Працаваў трактарыстам у калгасе «Перамога» (цяпер калгас «Шлях камунізму»). Узнагароджаны ордэнам Леніна (1976). Жыве ў в. Крывое Талачынскага р-на.
РЫЛЬКОВА Вольга Ягораўна. Нарадзілася ў 1926 г. у в. Пасырава Круглянскага р-на. Працавала даглядчыцай жывёлы ў калгасе «Кастрычнік». Узнагароджана ордэнам Леніна (1971). Жыве ў в. Пасырава.
СІНЬКЕВІЧ Лявонцій Фадзеевіч. Нарадзіўся ў 1939 г. у Малдавіі. Механізатар у калгасе імя Дзімітрава. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1977). Жыве ў в. Шупені.
ФЕДАРЭНКА Наталля Іванаўна. Нарадзілася ў 1906 г. у в. Тубушкі Круглянскага р-на. Працавала даяркай у калгасе «Іскра». Узнагароджана ордэнам Леніна (1971). Жыве ў в. Тубушкі.
ФРАЛОВА Ніна Макараўна. Нарадзілася ў 1933 г. у в. Елькаўшчына Круглянскага p-на. Працавала даглядчыцай жывёлы ў калгace «Рассвет». Узнагароджана ордэнам Леніна. Жыве ў в. Елькаўшчына.

Круглянский район

Круглянский район


КРУГЛЯНШЧЫНА ЛІТАРАТУРНАЯ


    З Кругляншчынай звязаны лёсы многіх беларускіх літаратараў. У 50-я г. меў перапіску з выхаванцамі Круглянскага дзіцячага дома Якуб Колас. У в. Зарэчча Цяцерынскага сельсавета ў доме бабулі правёў дзіцячыя і юнацкія гады вядомы беларускі празаік Ілья Клаз. Але найбольш цесна звязаны з Кругляншчынай жыццёвы і творчы шлях Аляксея Кулакоўскага. Летам 1939 г. пасля сканчэння настаўніцкага інстытута ў Мінску ён атрымаў накіраванне ў Круглянскі раён, стаў выкладаць беларускую і рускую мову і літаратуру ў Цяцерынскай сярэдняй школе. Прафесіянальныя клопаты на педагагічнай ніве займалі шмат энергіі і часу, але і ў гэтых умовах ён працягваў свае журналісцкія заняткі. У лістападзе 1939 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Службу ён праходзіў у кавалерыйскай часці. Вясной 1941 г. у час вучэбных заняткаў ён пашкодзіў сабе нагу, яму зрабілі аперацыю. Пасля выхаду са шпіталя ён атрымаў месячны водпуск, неабходны для канчатковага выздараўлення, і ў чэрвені 1941 г. прыехаў на адпачынак у Цяцерына, дзе ўвесь гэты час працавала яго жонка, Ніна Ульянаўна Штольберг. Папрысутнічалі на выпускным вечары, і Кулакоўскі разам з жонкай назаўтра (21 чэрвеня) паехаў у мястэчка Свіслач. Там, у пасёлку Ялізава, жылі бацькі жонкі. Але пагасцяваць давялося нядоўга. Толькі адну ноч правялі ў родзічаў, а раніцай у пасёлак даляцела жудасная вестка аб пачатку вайны. У Клічаве Аляксей Кулакоўскі быў залічаны ў вайсковае фарміраванне старшым сяржантам. Адсюль і пачаліся яго ваенныя будні. У Цяцерына зазірнуць не ўдалося. Там у пажары вайны загінула ўся маёмасць, хатнія рэчы, кнігі, рукапісы і альбом са шматлікімі выразкамі публікацый у перыядычным друку, якія Кулакоўскі любіў збіраць і захоўваць у хатнім архіве.

    Многае, што давялося ўбачыць і перажыць у час вайны і што склала змест шматлікіх яго твораў, у тым ліку і раманаў «Расстаёмся ненадоўга», «Сустрэчы на ростанях», пачалося на Магілёўшчыне. Яшчэ больш дакладную геаграфічную прывязку мае аповесць А. Кулакоўскага «Маршрут ад Клічава». Шматлікія магілёўскія адрасы пісьменніка. Што ж датычыць круглянскага перыяду яго жыцця, які працягваўся прыблізна паўгода, то ён даў багатыя ўсходы ў яго творчасці. Тут можна шукаць вытокі яго мастацкай своеасаблівасці, яго абвостраную чуйнасць да лёсаў інтэлігентаў, у прыватнасці настаўнікаў, у час вайны. А калі ўлічыць, што і ў час службы ў арміі жонка яго жыла ў Цяцерыне, і што ён увесь гэты час імкнуўся туды ў марах, дасылаў пісьмы, думаў аб гэтай вёсцы, бываў у адпачынку, то значэнне Цяцерына ў творчым пасталенні Аляксея Кулакоўскага ўзрастае яшчэ больш. Трапіўшы туды, можна паўней і глыбей адчуць лёс і слова празаіка, багацце і разнастайнасць яго творчых здабыткаў. У многіх вобразах пісьменніка шмат аўтабіяграфічных рыс.

    Падзеі, звязаныя з Кругляншчынай, назаўсёды засталіся ў яго ўспамінах, творах.

    Неаднойчы бываў на Кругляншчыне паэт Аляксей Пысін. Асабліва часта наведваўся ён у в. Ракушава ў той час, калі збіраў матэрыялы для сваёй «Балады пра Фёдара Ракушава, запісанай у вёсцы Ракушава Круглянскага раёна». Невялікі твор гэты прысвечаны беларускаму селькору. Паэт апявае гераічны і трагічны лёс юнака.

    У в. Зелянькова Круглянскага раёна ў 1914 г. нарадзіўся Васіль Емяльянавіч Бурносаў. Цікава склаўся лёс гэтага чалавека. Пасля сканчэння Цяцерынскай прафтэхшколы, дзе ён вучыўся на аддзяленні апрацоўкі металаў, Васіль Емяльянавіч працаваў брыгадзірам, потым старшынёй калгаса, токарам на Магілёўскім аўтарамонтным заводзе. У 1935 г. ён скончыў рабфак, у 1939 г. – Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава, працаваў рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на Заходнім фронце, удзельнічаў у баях, быў цяжка паранены. З часу вызвалення Беларусі В. Бурносаў супрацоўнічаў у рэспубліканскім друку, быў карэспандэнтам «Правды» па БССР (1944 – 47), актыўна ўдзельнічаў у вялікай напружанай рабоце па аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі. Потым ён загадваў рэдакцыяй мастацкай літаратуры ў Дзяржвыдавецтве БССР, аддзелам крытыкі ў часопісе «Полымя», працаваў намеснікам рэдактара часопіса «Коммунист Белоруссии», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, з 1968 г. галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Памёр 19.7.1984 г.

    Літаратурна – крытычную дзейнасць В.Е. Бурносаў пачаў у 1947 г. Ён склаў зборнік мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў пра Беларусь «Наша рэспубліка» (1970), апублікаваў шэраг артыкулаў пра творчасць рускіх і беларускіх пісьменнікаў – Л. Талстога, М. Гогаля, А. Кальцова, М. Горкага, У. Маякоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, Я. Скрыгана. Васіль Бурносаў – даўні сябра і знаўца творчасці Міхася Лынькова. Выступаў і як перакладчык.

    В. Бурносаў упісаў цікавую старонку ў біяграфію роднага краю – зрабіў разам з М. Пацёмкіным літаратурны запіс успамінаў С.Г. Жуніна. Яны склалі кнігу «От Днепра до Буга» (Мн., 1974), прысвечаную баявому шляху 8-й партызанскай брыгады.

    Даўно працуе на ніве літаратуры Анатоль Аляксандравіч Крывіцкі. Нарадзіўся ён у 1937 г. у Круглым. Тут прайшло яго дзяцінства, ён вырас, скончыў дзесяцігодку, адсюль паступіў на гісторыка – філалагічны факультэт Магілёўскага педінстытута. Пасля заканчэння настаўнічаў у горадзе Салігорску Мінскай вобласці, выступаў як актыўны член мясцовага літаб’яднання. Вершы неаднойчы друкаваліся ў салігорскай і круглянскай райгазетах, яны трапляюць таксама на старонкі «Маладосці», у зборнік «Дзень паэзіі» і іншыя перыядычныя выданні. Амаль у кожным вершы паэта голас роднай зямлі, яе непаўторнай прыроды, мінулага і сённяшняга, клопаты, справы і думкі яе працаўнікоў. Вобраз родных мясцін ніколі не пакідае Анатоля Крывіцкага. А што можа быць даражэй за сустрэчу з людзьмі, якія знаёмыя з дзіцячых гадоў!

    А. Крывіцкі прысвячае свае вершы роздумам пра гісторыю рэспублікі, нялёгкі шлях народа да шчаслівага жыцця. Яго вершы адметныя высокім грамадзянскім пафасам і патрыятызмам. Паэзія Анатоля Крывіцкага – гэта паэзія не простых каляровых малюнкаў, а багатых назіранняў і асацыяцый.

    Пэўную цікавасць маюць мясціны, звязаныя з лёсам Віктара Бяляцкага, які нарадзіўся ў 1954 г. у в. Філатава. Вучыўся ў мясцовай васьмігадовай школе. Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Л.Ф. Аляксеева ўжо тады заўважыла ў хлопца цягу да кнігі і ўсяляк заахвочвала яго творчыя захапленні. У 1973 г. Віктар скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці аграномія. У гэтым жа годзе яго прызвалі ў Савецкую Армію. У час службы ён піша вершы на рускай мове, дасылае іх у армейскую газету. Дэмабілізаваўшыся, вяртаецца ў родную вёску. Працягвае займацца паэзіяй. У 1975 г. у круглянскай раённай газеце «Сельскае жыццё» з’яўляецца першы яго верш на роднай мове пад назвай «Друць». У 1977 г. Віктар становіцца дыпламантам абласнога конкурсу чытальнікаў. Неўзабаве ён паступіў у Магілёўскае культасветвучылішча на тэатральнае аддзяленне. У Магілёве адбылося знаёмства з сакратаром абласнога аддзялення СП БССР Аляксеем Пысіным, з благаславення якога і выйшла яго першая падборка вершаў у «Магілёўскай праўдзе».

    Ён часта звяртаецца да тэмы радзімы. Родны край, любая бацькаўшчына – невычэрпная крыніца натхнення для паэта. З ранніх год у яго сэрцы расло пачуццё любові і павагі да аднавяскоўцаў, да іх сумленнага, мужнага лёсу. Голас паэта льецца нягучна, але пранікнёна, як голас дрэў на берагах Асліка і Друці. У пошуках адказу на пытанне, як жыць, перад паэтам узнікаюць, побач з тварамі бацькоў, твары яго аднавяскоўцаў. Іх цярплівасць і ўменне, жыццястойкасць і душэўная яснасць, блізкасць да прыроды і сапраўдная мудрасць служаць для яго пуцяводнай зоркай.

    Да літаратурных мясцін Кругляншчыны мы аднясем і вёску Казіміроўка, у якой у 1936 г. нарадзіўся паэт Міхась Парфенавіч Кушняроў. Пасля дзесяцігодкі ён скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і БСГА ў Горках, працаваў заатэхнікам. Жыве ў сваёй роднай вёсцы.

    Паэзія Міхася Кушнярова багатая і разнастайная па тэматыцы і вобразнай насычанасці. Але на першым плане ў ёй таксама стаіць паэтызацыя родных краявідаў. Аўтар то пакажа лясное возера, то захопіць цвіценнем маку, то запросіць да размовы з ціхай таполяй. Творчасць яго ўводзіць нас у свет маладосці і вясны, у свет, абмыты сонечнымі дажджамі, у хараство, у незвычайнасць дарог, у шчасце адкрыццяў. У паэзіі М. Кушнярова шырока распрацоўваюцца і іншыя філасофскія матывы. Верш «Сэрцы, людскія сэрцы». – гэта роздум паэта пра сэнс жыцця, пільнае і беражлівае даследаванне ўнутранага стану свайго сучасніка, яго звычайных паўсядзённых спраў, учынкаў і памкненняў. 3 іх складваецца характар чалавека, лінія жыцця, паводзін, увесь лёс, нарэшце, само шчасце. Уласцівы паэту лірызм зліваецца з грамадска значнымі тэмамі. М. Кушняроў не абмяжоўваецца інтымнымі перажываннямі. Паступова расце маштабнасць яго роздумаў, шырыцца кола інтарэсаў. Лёс планеты, мір на зямлі, дружба народаў і незабыўная памяць аб трагічных стратах вайны, любоў да роднага краю – усё пераплятаецца, узаемадзейнічае ў яго вершах, адкрывае новыя далягляды, стварае моцнае эмацыянальнае напружанне, праз якое перадаецца высокі патрыятычны і інтэрнацыяналісцкі настрой душы паэзіі.

    Выклікаючы ў памяці родны край, паэт заўсёды перажывае ўзрушэнне, і перад ім часта ўсплывае вёска, вобраз маці – традыцыйны вобраз паэзіі.

    Аблічча роднай маці, якая заўсёды ў арэоле маральнай чысціні і прыгажосці, вырастае ў абагульнены вобраз жанчыны, крыніцы жыцця і міру на зямлі.

    Атуленая лясамі і невялічкай рачулкай вёска Навапруддзе стала радзімай маладога паэта Уладзіміра Цішурова. У яго творчасці таксама гучыць як адна з асноўных тэм любоў да роднага краю. Піша Уладзімір не толькі вершы, але і песні на ўласную музыку. Галоўныя тэмы яго творчасці – Радзіма, боль вайны, землякі з іх клопатамі і трывогамі, прырода і каханне. Яго паэтычныя радкі кранаюць самыя чуйныя струны душы, усяляюць у сэрцы замілаванасць, а часам клопаты і трывогі. Вершы Уладзіміра Цішурова друкаваліся ў некалькіх зборніках «Дзень паэзіі», у калектыўным зборніку маладых беларускіх паэтаў «Лагодны промень раніцы», у рэспубліканскім і мясцовым друку.

    У апошнія гады на паэтычным небасхіле Кругляншчыны ўзышла новая зорка – Зінаіда Мялешчанка. Яна шмат друкуецца ў раённай газеце «Сельскае жыццё». Яе вершы прысвечаны роднаму краю, цяжкаму лёсу жанчыны, сваім дзецям. Яна адклікаецца на самыя важный падзеі ў жыцці рэспублікі.

    Адным словам, Кругляншчына наша – шчодрая на здольных людзей, для якіх літаратурная праца стала сэнсам жыцця. I мы павінны ведаць і шанаваць іх.

Л. Няхай, М. Вадап’ян.


Я РОДАМ З КРУГЛЯНШЧЫНЫ


    Шмат прайшло часу, паўвека пражылося, але я падрабязнай аўтабіяграфіі пра сябе так і не напісаў. Звычайна яна ў мяне была анкетна-кароткая і змяшчалася на адным лістку паперы. Я, Лужкоўскі Віктар, нарадзіўся 2 сакавіка ў 1942 годзе ў вёсцы Комсенічы Круглянскага раёна. Скончыў будаўніча-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Працаваў на будоўлях Мінска, быў вядучым інжынерам Мінскага мотавелазавода... I раптам стаў паэтам...

    Цяпер, калі да друку рыхтуецца кніжка пра маіх землякоў, я не магу не ўспомніць пра сваё мінулае, пра боль і страты, якія нам давялося перажыць у вайну і пасля вайны. Найбольш дакладна пра гэта сказана ў маім вершы «Сустрэча»:

Нас і стралялі, і палілі -
Такі Круглянскі быў раён.
Як Перамогу абвясцілі,
Зайшоў у хату паштальён.
- Жывы Іван твой, -
матцы кажа, -
Табе паштоўку, бач, прыслаў... -
I, адыходзячы, ён важна
Сустрэчы скорай пажадаў.
Сустрэча мне і сёння бачна.
Лячу па вёсцы стрымгалоў.
- Дамоў, - крычу, -
вярнуўся бацька! -
I плачу я: - З вайны... дамоў...
Не ведаў ён, што мы жывыя,
Што нарадзіўся я ў вайну.
Нас – тры клубочкі трапяткія, -
Як птушанятак, прыгарнуў.
Я к медалям на гімнасцёрцы
Прыпаў нясмелаю рукой,
Нібы лічыў за бацьку вёрсты,
Дзе ён ішоў ад бою ў бой.
Пагодны, шчасны дзень сустрэчы
Пасля бязлітасных завей:
У слёзах маці каля печы...
I хата, поўная людзей...
Пяе гармонік, ледзь не плача,
Палаюць ружамі мяхі.
Татуля грае.
А нястача
Грызе сухар сухім-сухі.
Мне тая музыка, што казка
У звоне сосен, шуме траў.
Я, упершыню спазнаўшы ласку,
Сухар салдацкі смакаваў.

    У Комсенічах праходзіла маё дзяцінства. Бацька, вярнуўшыся з Вялікай Айчыннай вайны, быў прызначаны старшынёй калгаса. Я, колькі сябе памятаю, заўсёды дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У школу пайшоў з радасцю.

    Карцела хутчэй навучыцца чытаць, пісаць. Яшчэ ў школе я спрабаваў пісаць заметкі ў раённую газету, нават часцяком друкаваўся і ў «Магілёўскай праўдзе». З часоў дзяцінства вельмі ўрэзаліся ў свядомасць дні смерці І.В. Сталіна. Я, адзінаццацігадовы юнак, не разумеў, чаму людзі такія сумныя, бачыў на свае вочы, як людзі ўсхліпвалі пры ўпамінанні гэтага «правадыра». Нават успомніліся радкі верша А. Куляшова «Пятага снежня»:

Б’е гадзіннік.
I сэрца спакойныя ўдары
За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы:
Ён працуе і ведае ўсе нашы мары,
I так светла,
так радасна ў нас на душы.

    Не ведаў я тады, што гэта былі не толькі жалобныя дні, а дні найвялікшай радасці, гэта былі дні збаўлення ад тырана, які ў крыві патапіў мільёны нявінных людзей.

    Шчыра кажучы, нічога асаблівага, пакуль я скончыў дзесяцігодку, у маім жыцці не было.

Круглянский район

    I вось школа закончана. Куды пайсці далей? Спрабаваў паступіць у музычнае вучылішча па класе баяна, але маёй аднагадовай самаадукацыі без музычнай школы было яўна недастаткова.

    Тады я падаў дакументы ў Магілёўскае чыгуначнае вучылішча №5 і пачаў асвойваць рабочую прафесію слесара-мантажніка, якая ў той час лічылася самай моднай. Пасля заканчэння вучылішча ў ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны на работу ў горад Мінск.

    Ніякай работы я не цураўся і не палохаўся. Скончыў інстытут і стаў працаваць. Спачатку працаваў майстрам, старшым майстрам, начальнікам участка, вядучым інжынерам. Але пра ўсё, што я перажыў, хацелася напісаць у вершах. I мне такі выпадак прадставіўся. Мяне як спецыяліста запрасілі з Саюза пісьменнікаў Беларусі зрабіць на іх дачах, знакамітай Лысай гары, водаправод. I я з гэтай задачай паспяхова справіўся. I тут нарадзіліся мае першыя вершы, якія я спачатку ў 1985 годзе надрукаваў у газеце «Чырвоная змена», часопісах «Вожык», «Маладосць», у альманаху «Дзень паэзіі». Потым стаў аўтарам кніг «Смага» (1991), «Лістапад у Траецкім прадмесці» (1993), на мае вершы беларускімі кампазітарамі напісаны шэраг песень. Не мог я абмінуць і гэтую тэму.

    Пра што я і напісаў паэму «Начны дазор», дзе і падагуліў дзяцінства:

Я помню прыцемак у хаце,
З падушкі голаў не падняць;
Пад пятамі казыча маці:
— Сынок, пара каровы гнаць...
Чарга-радоўка! Глянеш з ганку:
Яшчэ і сонца не ўзышло,
А Пастухова берасцянка Туркоча, будзячы сяло.
Падпасак з торбачкай і пугай,
Я, выкляўшы сваю бяду,
Ганю ў туман сівы над лугам,
Нібыта ў завадзь, чараду.
Мяне, ссінелага тапельца,
Калоціць холад, хмарыць сон.
Ратункам зыркае цяпельца
На роснай пашы ля сасён.
Ах, чарада — бычкі, кароўкі,
Туман азёрных лугавін...
Я думаў: кляты час радоўкі —
Маленства горкі ўспамін.

    Крыху ў гэтай паэме сказаў і пра сталасць:

Калісь на ўзлессі палыновым
(Таму, лічы, дзесятак год)
У час вясёлай пабудовы
Варыў я трубы, ставіў плот.
Я тут, мужык у добрай сіле,
Свой першы выстругаў радок.
Далі мне пляц і я на схіле
Сабе адгрукаў церамок.

    Апошнія гады працую дырэктарам Дома літаратара. У красавіку гэтага года мяне прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе сказана, што я паэт. А гэта да многага абавязвае...

    У прадмове да маёй новай кнігі «У кратэры вулкана», якая ў 1995 годзе выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», Анатоль Вялюгін піша: «Віктар Лужкоўскі родам з вайны. Па лясах і палетках Круглянскага (не дзеля рыфмы) партызанскага раёна, па сэрцы вясковага хлопчыка Віцькі агнём і жалезам кацілася выклятая народам бяда. Усё было: і галадуха, і золкія радоўкі, і майская сустрэча з бацькам-франтавіком, тады нястача зноў збірала ў лузе шчаўе, цягала вясной з гразкага бульбянішча нішчымныя шайморы. «Мы з бедных вёсак не ўцякалі — пусты нас выгнаў працадзень». Давялося ўзняцца на рыштаванні ў разбураным Мінску, адначасова вучыцца ў Політэхнічным інстытуце. На завод ён вярнуўся інжынерам, а потым з завадскога цэха вядучы тэхнар нясмела пастукаўся ў хорам паэзіі.

    Кожнае новае імя ў роднай літаратуры – радасць для чытача-беларуса: гусцеюць і дужэюць атожылкі з каранёў беларушчыны, шырэюць абсягі мовы, займаецца на новыя зоры наша Адраджэнне. Гэтаю парою інжынер Лужкоўскі афарыстычна заснаваў сваю творчую пазіцыю: «Нялёгка пець аб нашым часе, яшчэ цяжэй зусім не пець». А час і праўда цяжкі для краіны:

Куды ні кінешся – усюды страты:
Не чутна жаўранка, чарнее цвет калін,
I губяць матухну-зямлю нітраты, -
Калі ўсё гэта скончыцца, калі?
Апошні язь на водмелі трапеча,
Дыміцца звалка ля дубовых веж.
Спыніся,
Азірніся, чалавеча, -
У кратэры вулкана ты жывеш.
(Верш «Азірніся!»).

    Радкі балюча кладуцца на душу, і адразу паўстаюць перад вачамі непералічаныя аўтарам нягоды: і попел Чарнобыля, прыпяцкай Пампеі, і атручаныя рэчкі і азёры, на берагах якіх абсерваторна высяцца вежы свінакомплексаў, і смярдзячы дым сталічнай звалкі паблізу помніка ахвярам «Трасцянца».

    Вось толькі вехі майго жыцця. Такія дарогі. Такія набыткі. Хочацца верыць, што лепшыя творы яшчэ наперадзе, а сказаць мне ёсць аб чым.

Віктар Лужкоўскі.


АБАРВАНАЯ ПЕСНЯ


    Ёсць людзі, якія жывуць і робяць усё магчымае для таго, каб прыносіць іншым радасць і святочны настрой. З такімі аднойчы сустрэнешся і наўрад ці забудзеш. Таму для многіх у нашым раёне знаёмае прозвішча Валерыя Бондарава – пастаяннага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці, саліста ансамбля народнай песні раённага Дома культуры. На жаль, самога артыста ўжо няма сярод нас.

    Яго калегі пішуць аб ім наступнае: «Сказаць, што Валерый быў проста добры спявак, значыць нічога не сказаць. Ён валодаў не толькі моцным прыгожым голасам, гэта быў чалавек вялікай і чыстай душы, добры і адданы сябра. Сціплы і безадмоўны. Валерый заўсёды ўдзельнічаў у паездках агітбрыгады Дома культуры. I ўсюды яго сустракалі цёпла і радасна, шчыра ўзнагароджвалі апладысментамі...».

    Нарадзіўся Валерый 20 мая 1953 года ў вёсцы Шупені ў мнагадзетнай сям’і. Бацькі яго, Дзяніс Іванавіч і Лідзія Васілеўна, былі простымі сялянамі. Галава сям’і валодаў моцным прыгожым голасам, з ахвотай спяваў старадаўнія народный песні прама ў полі або на вясковым свяце. Дастаўляў гэтым вялікае задавальненне мясцовым жыхарам. Безумоўна, што любоў да песні атрымаў Валерый у спадчыну ад бацькі. Як, дарэчы, і працавітасць, і павагу да людзей працы, да роднай прыроды. Ён як дзіця мог радавацца першаму веснавому ручайку і зялёнай галінцы. Такім можа быць толькі вельмі чулы і вельмі чысты чалавек. Такім менавіта мы і памятаем Валерыя. Невыпадкова ў яго рэпертуары не было модных шлягераў. Ён быў спявак сяла, перавагу аддаваў песням грамадзянскага гучання і мяккім, лірычным.

    Валерый працаваў у калгасе імя Дзімітрава і менавіта тут пачынаў сваю творчую дзейнасць. Неўзабаве яго заўважылі, запрасілі салютам у Дом культуры. Думаю, ён мог бы стаць прафесійным спеваком, калі б не цяжкае дзяцінства, адсутнасць спецыяльнай адукацыі і прафесійных педагогаў. Пазней жа на першы план паўстала работа ў роднай гаспадарцы, на роднай бацькоўскай зямлі. Бо без яе, як без песні, не ўяўляў Валерый свайго існавання.

    А магчыма нейкім шостым пачуццём адчуваў малады чалавек трагічную развязку свайго лесу: часта давала аб сабе ведаць хворае сэрца. Вось так раптоўна прыступ абарваў яго жыццё над раскрытай кнігай, паміж лістамі якой знайшлі паперку са словамі любімай песні: «Серая лошадка в чистом поле скачет, может, кто украдкой обо мне заплачет».

    Памёр спявак вёскі, песенная гордасць раёна ў самым росквіце гадоў і ў поўнай адзіноце. Але тыя, хто яго ведаў і любіў, будуць заўсёды помніць кранаючыя душу песні і абаяльную ўсмешку Валерыя Бондарава.

Ад імя аднавяскоўцаў М. Мацюшэўскі.


НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА


    Тэрыторыя Круглянскага раёна адносіцца да гісторыка-этнаграфічнага раёна Падняпроўе, і традыцыйныя ўмовы жыцця і быту насельніцтва маюць адпаведныя характэрныя асаблівасці.

    Асаблівасці жылля. На фарміраванне тыпаў пасяленняў і сядзіб са старажытных часоў уплывалі прыродна-кліматычныя ўмовы краю, рэльеф мясцовасці, наяўнасць вадаёмаў, а таксама характар гаспадарча-вытворчай дзейнасці. Людзі сяліліся ўздоўж рэчак і іх прытокаў, каля дарог, на раскарчаваных лясных участках. Так, в. Круглае ўзнікла на левым беразе р. Друць пры возеры Сітна, в. Цяцерына – на правым, а вёскі Круча і Шапялевічы – на р. Аслік. Іншы раз вёскі пачыналіся з лясных пасёлкаў буднікаў або ўяўлялі сабой пасяленні фальварковых рамеснікаў. На думку вучоных, у лясістай мясцовасці паселішчы мелі спачатку свабодную бессістэмную забудову ці лінейную (радковую) каля ракі, гасцінца. З сярэдзіны XVI ст. пачала ўкараняцца вулічная планіроўка вёсак. Паступова вёскі ператвараліся ў мнагавулічныя. У 1785 г. в. Круглае па хадайніцтву яе ўладальніцы княгіні Дашкавай была перайменавана ў мястэчка. Мястэчкамі сталі і вёскі Круча, Цяцерына. Сельскія паселішчы Кругляншчыны былі невялікія, маладворныя. З цягам часу яны крыху павялічыліся, але нават у 2-й палавіне XIX ст. найбольшыя з іх мелі ад 10 да 30 двароў (у Круглым было 110 двароў). Памеры паселішчаў былі звязаны з геаграфічным месцазнаходжаннем і формамі землекарыстання. Сядзібы сялян паводле даўняй традыцыі забудоўваліся ў выглядзе замкнёнага чатырохвугольніка (вяночны, «круглы» двор). Хата і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры няправільнага круга (вянка), квадрата ці прамавугольніка глухімі сценамі вонкі, злучаліся рубленай агароджай – парканам. Такі двор нагадваў крэпасць, у якую можна трапіць толькі праз вароты. Па функцыянальным прызначэнні сядзібны комплекс уключаў жылыя і гаспадарчыя звёны. Акрамя хаты на кожным двары былі хлявы для ўтрымання свойскай жывёлы. Кожная частка «вянка» заўсёды займала па традыцыі пэўнае, найбольш зручнае месца, якое было падказана працяглай практыкай сельскага будаўніцтва. Хата ставілася тарцом на вуліцу, была двухкамерная (хата + трысцен-сенцы) з адгароджанай каморай, з XIX ст. у заможных сялян стала трохкамерная (хата + хата + сенцы). Шчыльна да хаты прымыкалі хлявы. У другім (паралельным) радзе таксама тарцом да вуліцы размяшчалася клець заўсёды насупраць акон хаты, каб можна было назіраць за ёй, таму што там захоўваліся зерне, мука, адзенне, пасаг нявесты. Клець служыла не толькі кладоўкай, але і летняй спальняй для юнакоў і маладых. Яе будавалі шчыльна, як і хату. За клеццю ішлі зноў хлявы. Задні, папярочны бок двара займалі пуня для сена, павець з праездам і праходам на агарод. Пад дахам паветкі захоўвалі сельскагаспадарчы інвентар, транспартныя сродкі (калёсы, сані), дровы. У павеці гаспадар займаўся розным рамяством. Клець (амбар) у многіх гаспадарках, асабліва бядняцкіх, замяняла камора ў сенцах. З боку вуліцы кампазіцыю двара замыкалі агароджа і вароты з форткай. Неабходным збудаваннем пры натуральнай гаспадарцы было гумно з сушылкай-асеццю. У мэтах супрацьпажарнай бяспекі яно размяшчалася воддаль ад двара, на агародах. За межы сядзібы выносіўся таксама склеп з дашчаным двухсхільным надсклепнікам і курная лазня. Лазні з’яўляліся характэрнай асаблівасцю Магілёўшчыны, у тым ліку і Кругляншчыны, аднак былі яны не на кожнай сялянскай сядзібе, а толькі ў больш заможных жыхароў. Будавалі іх і ўскладчыну. Лазню тапілі па чарзе ці хадзілі да суседзяў, сваякоў, узяўшы бярэма дроў. Лазні выкарыстоўваліся і ў якасці дапаможных памяшканняў. У іх сушылі лён, заквашвалі скуры пры апрацоўцы, лячылі хворых, прымалі роды. У цэнтры сядзібнай забудовы знаходзіўся адкрыты двор, які звычайна падзяляўся на дзве часткі – чысты («панадворак») і гаспадарчы, жывёльны (дзяннік), - пляцоўка для дзённага адстою жывёлы. Двары маглі раздзяляцца павеццю з варотамі альбо жардзяной загараддзю. У далейшым адбывалася функцыянальнае сумяшчэнне чыстага двара і дзенніка. Традыцыйная старажытная планіроўка сядзібы на Кругляншчыне захавала свае асноўныя рысы да XX ст. Як паказалі палявыя матэрыялы навуковай экспедыцыі 1992 г., і сёння ў вёсках Кругляншчыны існуе, як правіла, замкнёная, вяночная сядзіба, іншы раз з дзенніком. Сіла мясцовай традыцыі сказалася і ў тым, што нават у вёсках, значна разбураных у Айчынную вайну, двары аднаўляліся па ранейшым плане, па перыметры. У XX ст. некаторыя гаспадарчыя будынкі страцілі сваё значэнне і зніклі з ужытку. Аднак вяночны двор, на думку жыхароў, усё ж надае сядзібе нейкую ўтульнасць і закончанасць. Нярэдка ён і цяпер мае П-падобную форму без замёта (агароджы) каля варот. Затое па-ранейшаму шырока ўжываюцца скляпы і лазні з нязменнай канструкцыяй. Пашырылася імкненне да ўпрыгожвання дэкаратыўнай разьбой фасадаў дамоў, варотаў, агароджы. Асобна трэба сказаць пра калодзежы. На Кругляншчыне характэрныя два тыпы: зрубны калодзеж з жураўлём і з калаўротам. Цяпер больш пашыраны другі тып калодзежаў пад двухсхільным навесам, часта праём калодзежа робіцца з бетонных колцаў. Зрэдку калодзежы, як і раней, пабудаваны ў дварах.

    Калі ў планіроўцы сялянскай сядзібы не адбылося на працягу стагоддзяў прынцыповых змен, то планіроўка жылля істотна ўскладнялася і ўдасканальвалася. Вядома, што першапачатковым тыпам жылога будынка паўсюдна на славянскай тэрыторыі было аднакамернае (адначасткавае) памяшканне. Потым, каб цяплей было ў хаце і для павелічэння жылой плошчы, да задняй тарцовай сцяны сталі прыбудоўваць трысцен, як: на Магілёўшчыне завецца сенцамі. Атрымалася двухкамернае жыллё – хата + сенцы. Сенцы маглі быць дашчанай прыбудоўкай пад агульным двухсхільным дахам ці трохі ніжэйшым аднасхільным навесам. На думку вучоных хата з сенцамі існавала на Беларусі ўжо ў XVI ст. Звычайна ў сенцах адгароджвалася кладоўка – камора. У сенцах размяшчаліся некаторыя гаспадарчыя прылады і начынне: жорны, ступа, вёдры, бочкі, ночвы і інш. Тут жа выконваліся розныя хатнія работы, улетку іншы раз спалі, а ў халодныя зімовыя дні сюды бралі дробную жывёлу. Хата з сенцам, сустракаецца ў вёсках Круглянскага раёна і цяпер. З далёкіх часоў акрамя двухкамернага бытавала і трохкамернае жыллё (хата + камора + клець), якое ў 19 ст. у вясковай архітэктуры стала пераважаць. Уваход у клець рабілі з сенцаў, іншы раз – з боку двара. У працэсе цалейшага развіцця трохкамернага жылля трэцяе памяшканне ператварылася з падсобнага гаспадарчага ў жылое. Узнік тып планіроўкі хата + сенцы + хата. У гэтым выпадку ў абедзвюх хатах былі печы. Пашырэнне жылой плошчы асабліва было неабходна у вялікіх сем’ях. У другой палавіне XIX ст. заможныя сяляне пачалі выкарыстоўваць другі пакой для камфортнага быту. Акрамя двухбаковага трохкамернага жылля, калі два памяшканні злучаліся праз сенцы, бытавала і аднабаковая трохкамерная планіроўка, калі дзве жылыя хаты рабілі па адзін бок ад сенцаў (сенцы + хата + хата). На усходзе Беларусі, у тым ліку на тэрыторыі Круглянскай воласці, такая планіроўка была найбольш пашырана ў канцы XIX – пачатку XX ст. У савецкі час ускладняўся ўнутраны план хаты. Пачалі адгароджваць спальню, вылучылася кухня з печчу, а чысты пакой часта ацяпляўся грубкай. Калі жыллё займаюць дзве сям’і (бацькі з жанатымі дзецьмі), робяцца асобныя ўваходы ў хату. Заможныя сяляне будавалі і так званыя хаты-пяцісценкі, у якіх пятая капітальная сцяна, што дзеліць памяшканне ўпоперак на дзве часткі, рубілася разам з чатырма асноўнымі. Потым да тарца зруба прыбудоўваліся зрубныя ці дашчаныя сенцы. Каля ўваходу часцяком рабілі ганак рознай формы. Сёння ў вёсках Круглянскага раёна існуюць усе вышэйпералічаныя тыпы традыцыйнага жылля. Аднак прыкметай сучаснасці з’яўляецца мнагакамернасць дамоў, наяўнасць дашчанай зашклёнай веранды.

Круглянский район

    Да сярэдзіны XIX ст. сялянская хата на ўсёй тэрыторыі Беларусі па традыцыі была курная («курніца»), г. зн. ацяплялася па-чорнаму, без коміна, дым выходзіў з памяшкання праз адчыненыя дзверы, вокны і спецыяльную адтуліну ў сцяне, сумежнай з сенцамі. У другой палавіне XIX ст. замест глінабітнай курнай печы ў быт жыхароў вёскі ўвайшла печ з комінам, спачатку таксама глінабітная, пасля цагляная. У сувязі з ацяпленнем «па-беламу» паляпшаўся санітарны стан жылля, хоць у народзе і лічылі, што дым у нейкай ступені дэзінфіцыраваў памяшканне. Да канца мінулага стагоддзя курных хат фактычна не засталося. Заможныя сяляне сталі рабіць, акрамя печы, грубкі, ляжанкі. Мадэрнізаваныя традыцыйныя печы і грубкі выкарыстоўваюцца і ў наш час.

    Па этнічнай традыцыі беларусаў на Магілёўшчыне, у тым ліку і на Кругляншчыне, да другой палавіны XIX ст. бытавала земляная і гліняная падлога («ток»), пасля яе змяніла драўляная («мост»). Для земляной падлогі насыпалі зямлю прыкладна да ўзроўню другога вянка зруба і старанна ўтрамбоўвалі. Калі зверху залівалі некалькі разоў гліняны раствор, пасля высыхання атрымлівалася глінабітная падлога. «Ток» доўга трымаў цяпло і сухасць, каб быў чысты, яго мылі. Драўляную падлогу насцілалі, «масцілі» з колатых дошак, якія клалі на папярочныя брусы («падмоснікі», «лагі»), урубленыя паміж першым і другім вянкамі зруба. У яме пад «мостам», «падмосці», хавалі зімой бульбу, буракі, так робяць і цяпер.

Круглянский район

    Рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці народнага жылля найбольш праяўляліся ў будаўнічай тэхніцы, канструкцыі і спосабах пакрыцця страхі. Зруб для хаты рубілі з акоранага і прасушанага круглага сасновага бярвення, якое нарыхтоўвалі ў лесе зімой. Такая цяжкая і адказная справа, як будаўніцтва хаты, выконвалася калектыўна, усёй сям’ёй, часта талакой, з дапамогай сваякоў, суседзяў, вядомых на вёсцы цесляроў. Пры будаўніцтве хаты строга прытрымліваліся розных прыкметаў і павер’яў, каб у новай хаце шчасліва жылося. У Падняпроўі вянкі зруба замацоўвалі шляхам злучэння бярвенняў «у чашку», канцы іх выступалі за сцены зруба, атрымліваўся «вугал з астаткам» («просты вугал»). У мястэчках і гарадах у XIX ст. будынкі рабілі пераважна з абчэсаных брусоў, з «гладкім» («чыстым») вуглом без выступаў бярвенняў за сцены зруба. У XX ст. такая тэхніка стала пераважаць. У пасляваенныя гады звонку зруб пачалі абшываць дошкамі («шалёўкай»), нярэдка і фарбаваць алейнай фарбай. Назіраецца абшаляванне і з мастацкім густам – ромбамі, елачкай і г.д. Своеасаблівасці мясцовай народнай архітэктуры праяўляліся таксама ў канструкцыі страхі. Вучоныя-этнографы мяркуюць, што менавіта на паўночным усходзе Беларусі ўзнікла ў старажытнасці і шырока бытавала на працягу стагоддзяў страха закотам. I адсюль яна распаўсюдзілася часткова ў іншыя мясціны. У пасляваенны перыяд такая форма страхі зрэдку захавалася толькі ў некаторых гаспадарчых пабудовах. На падставе архаічнага закота на Магілёўшчыне бытуе і страха на кроквах з запускам крокваў у закоцвіну. У наш час практыкуецца ўмацаванне крокваў у папярочныя бэлькі. З канструкцыяй страхі закотам добра спалучалася яе двухсхільная форма. Традыцыйным дахавым матэрыялам для сялянскіх хат з’яўлялася жытняя салома – праміца. Выкарыстанне гэтага архаічнага сродку было абумоўлена гаспадарчай дзейнасцю і матэрыяльным становішчам людзей. Здаўна было вядома пакрыццё і дошкамі, але толькі ў памешчыцкіх маёнтках і ў манументальным дойлідстве. Для селяніна найбольш даступнай і таннай з’яўлялася салома. Народная практыка заўсёды падказвала, як больш карысна выкарыстоўваць сродкі навакольнага асяроддзя. Нягледзячы на лясістасць магілёўскага краю, у часы прыгонніцтва добрага лесу ў сялян было мала, а за сервітуты трэба было разлічвацца з памешчыкамі чыншам або адпрацоўкамі. Затое салома заўсёды была пад рукой. Саламяныя стрэхі былі ў XIX ст. нават у дробнай шляхты. Паводле этнічнай традыцыі на Кругляншчыне асноўным спосабам пакрыцця страхі саломай з’яўляўся «просты», «пад колас» - каласамі ўніз. Менш бытавала страха «пад шчотку», «пад стрыхоўку». Яна была больш трывалая і прыгожая, але патрабавала саломы лепшай якасці (кулявой). Пасля адмены прыгоннага права заможныя сяляне будавалі хаты з комінам, палепшанай планіроўкі, крытыя доўгімі (дрань) ці карацейшымі (дранка, дор) дошкамі, выкарыстоўвалася і гонта. Драніцай і гонтай пакрывалі і сельскія грамадскія будынкі – магазін, валасное праўленне і інш. Саламяныя стрэхі на старых будынках існавалі яшчэ і ў 20 – 30-я гады XX ст. У пасляваенны перыяд у якасці дахавых матэрыялаў пачалі выкарыстоўваць шыфер, толь, рубероід. Народнае жыллё, нават аднакамернае, універсальнае па сваім функцыянальным прызначэнні. У выніку шматвяковага вопыту была выпрацавана эканамічная, заніраваная структура хатняга інтэр’ера, што давала магчымасць пражываць разам вялікай патрыярхальнай сям’і. У хаце былі функцыянальна адасоблены зоны для сну, прыгатавання і прыёму ежы, выканання розных гаспадарчых заняткаў. Кожнаму прыстасаванню і прадмету адводзілася пэўнае месца. Большую частку кухоннай зоны займала печ. Печ ставілася ў левым альбо правым вугле ад уваходу і была павернута вусцем да бакавога акна. Месца насупраць вусця печы – вугал гаспадыні («бабін кут»). Па дыяганалі ад печы знаходзіўся «чырвоны кут». Тут стаяў стол, віселі абразы, у куце сыходзіліся шырокія нерухомыя лавы, каля стала стаяла рухомая лаўка – услон. Чырвоны кут лічыўся пачэсным месцам у хаце, сюды саджалі паважаных гасцей. Спальным месцам служыў «пол» - дашчаны насціл на вышыні 1 м ад падлогі («моста») уздоўж глухой сцяны ад печы да пярэдняй сцяны. Акрамя таго, ва ўсходняй Беларусь г. зн. і на Кругляншчыне, над полам рабілі «палаці», дзе звычайна спалі старыя. Палаці насцілаліся на ўзроўні паверхні печы («чарэнь») на брусы, якія мацаваліся да падоўжнага бруса паміж каляпечным стаўбом і пярэдняй сцяной хаты. У канцы XIX ст. у дамах заможных сялян пад уплывам гарадской моды лавы сталі замяняцца канапамі з разнымі спінкамі і падлакотнікамі. Рабілі іх мясцовыя сталяры, сярод якіх былі выдатныя майстры. Прастора паміж полам і чырвоным кутом з’яўлялася рабочым месцам у хаце. Менавіта тут зімой жанчыны ткалі палатно на кроснах, пралі ніткі на калаўротах і г.д. Наогул, у асенне-зімовы перыяд хата ператваралася ў рамесную майстэрню, дзе працавалі ўсе члены сям’і, дарослыя і дзеці: пралі, ткалі, вілі вяроўкі, плялі лапці, кошыкі, стругалі лыжкі, шылі адзенне, вышывалі і г.д. Рацыянальны прынцып функцыянальнага заніравання жылога памяшкання захоўваецца ў беларусаў і сёння ва ўмовах шматкамернага жылля (кухня, спальня, зала). Традыцыйная сялянская пабудова і цяпер найбольш аптымальна адпавядае бытавым і вытворчым патрэбам вясковых жыхароў.

Круглянский район

    Народны касцюм. Лакальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма праяўляліся не толькі ў бытаванні таго ці іншага комплексу («строю»), але таксама ў кроі і колеры адзення, характары вышыўкі і тканага арнаменту, упрыгожаннях, спосабах нашэння адзення і галаўных убораў. Вучоны-этнограф Раманюк М.Ф. вылучыў касцюм жыхароў Магілёўскага і суседніх паветаў у так званы «магілёўскі строй» (адносіцца і да Кругляншчыны). Летні жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з доўгімі, адносна вузкімі рукавамі, прысабранымі каля манжэты, адкладным (радзей стаячым) каўняром. Каля каўняра кашуля прызборвалася і завязвалася на стужку ці тасьму. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з чорным) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геаметрычныя (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Арнамент рабілі толькі на святочных кашулях. Палатняная спадніца («бяляк») была гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шляхам на падоле. У холодную пару года надзявалі суконную спадніцу з даматканага сукна (андарак, саян), чырвоную з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай. Падпяразваліся вузкім тканым, плеценым ярка дэкараваным поясам. Паверх спадніцы надзявалі фартух. Фартух шылі з трох полак белага палатна, затканага чырвоным колерам па падоле ці вышытага чырвонымі і чорнымі ніткамі. Знізу да фартуха прышывалі самаробныя карункі. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, саціну, паркалю, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў, насілі адразныя або прышыўныя да андарака, аздаблялі тасьмой, стужкамі па выразе, проймах рукавоў і ўздоўж засцежкі. Кабат зашпільваўся на аплікі пасярэдзіне альбо з левага боку грудзей. Галаўныя ўборы замужніх жанчын – чапец і намітка. Чапец (чэпік) – круглая шапачка з тонкага сукна, паркалю, шоўку, якая сцягвалася ззаду матузком. Налобная частка чапцоў упрыгожвалася зборкамі, стужкамі, тасьмой, карункамі, вышыўкай. Паверх чапца павязвалі намітку – галаўны ўбор. Намітка ўяўляла сабой доўг: (2,5-3,5 м) ручнік з лепшага кужэльнага палатна, шырынёй каля 1/2 м з тканым альбо вышытым геаметрычным арнаментам на канцах. Дзяўчаты насілі галаўныя палатняныя павязкі з затканымі ўзорам канцамі даўжынёй каля 1 м і шырынёй 30 см. Іх складвалі ўдвая і завязвалі вузлом на патыліцы, верх галавы пакідаючы адкрытым. Надзявалі дзяўчаты таксама вянкі. Аснову вянка складала палоска з лубу, бяросты, кардону шырынёй 10 – 15 см, па памеры галавы, яе абшывалі палатном і яркай фабрычнай тканінай. Вясельныя вянкі нявесты багата ўпрыгожвалі жывымі і штучнымі кветкамі, фарбаванымі пёрамі, пацеркамі, стужкамі. У другой палавіне XIX ст. распаўсюдзілася даматканая хустка, аздобленая вышыўкай і мохрыкамі, паступова наміткі і вянкі выйшлі з паўсядзённага ўжытку. На пачатку XX ст. наміткі насілі толькі старыя жанчыны, а вянок застаўся вясельным уборам маладой. Чапец бытаваў яшчэ і ў 20-я гады, але часта замяняўся невялічкай, шчыльна абвязанай вакол галавы хусткай, паверх якой павязвалі большую хустку. Дапаўнялі жаночы касцюм шытыя і нагрудныя ўпрыгожанні – пацеркі, абразкі, крыжыкі, а таксама завушніцы, пярсцёнкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою са стаячым ці адкладным каўняром вышывалі манішку. Рабілі іх з разрэзам злева ад сярэдзіны грудзей – «касавароткі». Паясным мужчынскім адзеннем былі белыя палатняныя («нагавіцы») ці суконныя («суконнікі») штаны. Надзявалі таксама палатняныя ці суконныя безрукаўкі, якія зашпільваліся на гузікі, шыйныя даматканыя хустачкі – шалікі, вышытыя чырвоным на канцах. Сарочкі насілі навыпуск паверх штаноў і абавязкова, паводле звычаю, падпяразвалі шарсцяным тканым ці плеценым поясам або рэменем. Круглы год селянін насіў лямцавую ў выглядзе каўпака шапку-магерку, а зімой яшчэ і аўчынную шапку-аблавуху, з канца XIX ст. – вушанку. Карысталіся ўлетку і саламянай, і лямцавай шапкай-брылём.

Круглянский район

    Цёплым адзеннем для мужчын і жанчын былі белыя суконныя або паўсуконныя світы халатападобнага крою і з фалдамі жаночыя святочныя экзэмпляры аздабляліся вышыўкай, нашыўкай тасьмы і шнура. Світы насілі асобна, а зімой часта надзявалі на кажух, каб не сапсаваўся ад вільгаці. Аўчынныя кажухі таксама белага колеру, не дубленый, шылі доўгія, за калена, і кароткія, да кален, – паўкажушкі. У XX ст. пачалі рабіць кажухі з дубленых аўчын светла-карычневага, жоўтага колеру. У Падняпроўі быў пашыраны прыталены крой – спінка адразная, ніжняя яе частка ў зборкі, верхняе крысо, ніз, рукавы абшываліся паскам аўчыны воўнай наверх. Святочныя жаночыя кажухі нашывалі паскамі аўчыны, каляровага сукна, тонкай пафарбаванай скуры, плеценымі тасёмкамі, шнуром. Магілёўскія кажухі вылучаліся сваім мастацкім афармленнем, дасканаласцю крою і шытва. Ансамбль традыцыйнага касцюма завяршаў абутак. Асноўным відам сялянскага абутку з’яўляліся лапці, плеценыя з ліпавага, лазовага лыка. Найбольш пашыраны былі лапці прамога пляцення, кавярзні, з глыбокім закрытым наском («слепакі», «глухія лапці»). Асабліва характэрныя былі для магілёўскага арэала лапці «шчарбакі» (бяспятнікі), неглыбокія, амаль адна падэшва. Іх насілі пераважна ўлетку на палявых работах. Лапці надзявалі на палатняныя анучы, зімой на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі. У 1-й пал. XIX ст. сярод заможных сялян павысіўся попыт на скураны абутак – боты. Боты былі пераважна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Боты бераглі, надзявалі звычайна на святы і ў царкву, перадавалі ў спадчыну дзецям. Іх заказвалі шаўцам або куплялі на кірмашах. На Кругляншчыне бытавалі рантавыя боты двух відаў, на нізкіх абцасах. Выцяжкі шылі без перадоў (галовак), прышывы мелі адразныя, прышыўныя перады. Абодва тыпы крою, трохі змененыя, дайшлі да нашых дзён. Маладзіцы і дзяўчаты марылі набыць «бацінкі» (чаравікі, «паўсапожкі», шнуроўкі) на высокіх і нізкіх абцасах, якія надзявалі на святы, гульні. Найчасцей чаравікі шылі высокія, да палавіны лыткі, на высокіх і нізкіх абцасах. Спераду або збоку бацінкі зашпільваліся на гузікі, аплікі, шнураваліся каляровымі шнуркамі, тонкімі раменьчыкамі. Сярод шляхты, мяшчан і гараджан скураны абутак быў не толькі святочным, але і паўсядзённым абуткам. З 2-й пал. XIX ст. заможныя сяляне пачалі карыстацца валеным зімовым абуткам. Выкарыстанне валёнак («валенцаў») з’яўлялася характэрнай рысай магілёўскага арэала, тым больш што тут працавалі славутыя дрыбінскія шапавалы – адыходнікі з мястэчка Дрыбін і Дрыбінскай воласці Чавускага павета. Мясцовыя майстры пераймалі іх вопыт. У XIX ст. валёнкі атрымалі шырокае распаўсюджанне на вёсцы. Сёння іх таксама носяць зімой нараўне з ботамі і бацінкамі. У сувязі з пранікненнем на вёску гарадской моды, развіццём лёгкай прамысловасці і распаўсюджаннем фабрычных матэрыялаў многія прадметы традыцыйнага народнага адзення выйшлі з ужытку і засталіся ў спадчыну нашчадкам у якасці музейных экспанатаў, як напамін аб вялікай працавітасці і высокім эсгэтычным гусце нашых продкаў. Але некаторыя з іх з крыху змененым кроем карыстаюцца вялікім попытам і сёння. Багацце традыцыйнай арнаментыкі, элементы крою ўсё больш выкарыстоўваюцца ў сучаснай лёгкай прамысловасці пры вырабе адзення і абутку.

    Асаблівасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Галоўным заняткам жыхароў Кругляншчыны ў мінулым было земляробства. Гэтаму спрыялі ўмераны клімат і сугліністыя глебы. Пануючай сістэмай земляробства са старажытных часоў з’яўлялася трохполле. На адным полі сеялі азімае жыта, на другім – яравыя культуры (авёс, грэчку), трэцяе поле (паравое) адпачывала, пакідалася пад папар. На другі год з вясны да летняга ворыва паравое поле служыла пашай для вясковага статка, а потым пад восень яго засявалі азімымі; поле з-пад азімых засявалі яравымі, а з-пад яравых зямля пераходзіла ў папар. Такі парадак змены пасеваў адбываўся штогод. Да 1-й трэці XIX ст. севазварот быў выключна збожжавым. З 30-40-х гг. у сувязі з пашырэннем пасеваў бульбы для вінакурэння ў памешчыцкіх маёнтках пачалі ўкараняць чатырохпольны севазварот, дзе ў чацвёртым полі высаджвалі бульбу. У сярэдзіне XIX ст. бульба ператварылася з агародніннай у палявую культуру не толькі ў маёнтках, але і на сялянскіх палетках. Сяляне адводзілі пад бульбу частку яравога або паравога поля, што было ўжо пэўным крокам да чатырохполля. Бульба стала для селяніна другім хлебам і кормам для жывёлы. У некаторых буйных памешчыцкіх маёнтках уводзіліся мнагапольныя (4, 6, 8-польныя і г.д.) севазвароты з пасевамі кармавых траў. Так, у маёнтку Круглае Магілёўскага павета ў 1846 г. быў 10-польны севазварот з пасевамі канюшыны, вікі, люцэрны. Пры 6-польным севазвароце, напрыклад, у першы год на полі сеялі канюшыну, на другі і трэці поле адводзілася пад выган жывёлы, на чацвёрты засявалі жытам, на пяты бульбай або лёнам, на шосты год – яравымі. Такі севазварот спрыяў аднаўленню ўрадлівасці глебы. Галоўнымі збожжавымі культурамі лічыліся азімае жыта і авёс. З жытняй мукі выпякалі хлеб, гатавалі спецыяльны «квас» для вырабу аўчын, жытнім цестам адкормлівалі свіней, жытнія пірагі дарылі на радзіны бабкам-павітухам, калядоўшчыкам. Жыта служыла іншы раз грашовым эквівалентам пры разліку з рамеснікамі-краўцамі, ганчарамі. Жытняя салома ішла на страху, а таксама на подсціл жывёле. Авёс быў выдатным кормам для коней, асабліва ў дарозе, аўсяны кісель – любімай народнай стравай, яго абавязкова падавалі на Каляды. Вырошчвалі ячмень, проса, пшаніцу і розную гародніну. З ячных круп гатавалі калядную куццю, бабіну кашу, салодкую памінальную кашу, варылі піва, ячнай саломай кармілі буйную рагатую жывёлу. Пшанічныя бліны і аладкі з’яўляліся неабходнымі стравамі святочнага застолля на Каляды, Масленіцу, Радуніцу. Пшанічны каравай пяклі на вяселле. 3 тэхнічных раслін у Круглянскім арэале сеялі лён і каноплі, не толькі для хатніх патрэб, але і на продаж. У кожнай сялянскай сям’і ткалі льняное палатно, вілі пяньковыя вяроўкі, з ільнянога і канаплянага семя выраблялі алей. Сыравіну таксама прадавалі: грошы былі патрэбны для выплаты падаткаў, куплі солі, жалезных інструментаў і прылад. У «Апісанні Магілёўскай губерні» за 1777 г. змешчаны звесткі, што жыхары значны даход мелі ад гандлю пянькой, якую адпраўлялі ў Кёнігсберг. У сярэдзіне XIX ст. дзесяціна лёну магла прынесці добры заработак – 50 рублёў срэбрам. Збожжавыя сеялі таксама на лядах – раскарчаваных лясных плошчах. Ляднае паляводства не страціла сваёй ролі на Магілёўшчыне і ў другой палове мінулага стагоддзя. Пасля рэформы 1861 г. сяляне пачалі павялічваць ворыўныя надзелы за кошт раскарчоўкі ўчасткаў лесу і хмызняку, атрыманых ад памешчыкаў. Акрамя таго, землеўладальнікі здавалі ў арэнду для расчысткі кустарнікі і зараснікі на некалькі гадоў, звычайна на 6, зрэдку на 12. Першыя гады арандатары карысталіся апрацаванай зямлёй самі, потым вярталі яе памешчыку альбо аралі далей за палову ўраджаю і адпрацоўкі. На лядах можна было некалькі гадоў атрымліваць добры ўраджай без угнаення. Потым ляды ўключаліся ў трохпольны севазварот альбо пакідаліся «ў пералог» на некалькі гадоў без апрацоўкі і служылі пашай для свойскай жывёлы. Поле пад яравое збожжа ўгнойвалася вясной, прычым у Магілёўскім павеце практыкавалася «прысцілка» пасеваў зверху тонкім слоем гною. Лічылі, што гной прыкрывае ўсходы і захоўвае вільгаць. Пад азімае жыта гной вывозілі на паравое поле ў чэрвені і пасля растрасання заворвалі. Гною патрабавалася даволі многа. Архіўныя дакументы сведчаць, што ў 1-й палавіне XIX ст. на агароды і палеткі клалі ад 80 да 200 вазоў на дзесяціну. На воз (калёсы) можна было нагрузіць ад 10 да 15-20 пудоў гною. Цяглавай сілай на Кругляншчыне па традыцыі былі пераважна коні, дзе-нідзе трымалі і валоў. У інвентарах памешчыцкіх маёнткаў за 1-ю палавіну 19 ст. адзначалася, што ў маёнтку Цяцерын Магілёўскага павета ў сялян было 432 коні і 71 вол, у маёнтку Круглае коней 1079, валоў 30. У статыстычным «Апісанні Магілёўскай губерні» за 1836 г. паведамлялася, што валы вельмі рэдка выкарыстоўваліся сялянамі ў гаспадарчых работах і ніколі ў рамізніцтве. Сяляне са сваімі коньмі і інвентаром апрацоўвалі і зямлю памешчыкаў. Коні простай беларускай пароды былі невысокага росту, слабасільныя, маглі падымаць толькі 18 – 25 пудоў, але затое вынослівыя, непатрабавальныя. Аралі зямлю на працягу стагоддзяў да 2-й палавіны XIX ст. драўлянай сахой, якую рабіў сабе кожны селянін, а жалезныя лемяшы, нарогі заказвалі мясцоваму кавалю. Таннасць, лёгкасць прылады і сіла традыцыі садзейнічалі доўгаму бытаванню сахі. На поўначы Магілёўшчыны характэрным тыпам ворыўнай прылады была аднаконная саха з нерухомым драўляным альбо жалезным адвалам – паліцай (наполкам), пастаянна замацаванай на левым сашніку (нарогу). Таму зямля адвальвалася толькі ў правы бок. Менш карысталіся тут сахой з перакладной паліцай, якая перакладвалася пры кожным павароце з аднаго сашніка на другі і па чарзе адвальвала зямлю то ўправа, то ўлева.

Круглянский район

    Гэта дазваляла араць поле ўзад і ўперад, з нерухомай жа паліцай можна было араць толькі загонамі («у звалы», «склады»). Рабілася гэта так. Спачатку пасярэдзіне паласы («загона») праганяліся дзве баразны адна ад адной на адлегласці, роўнай падвойнай шырыні баразны, і абодва пласты адвальваліся на неўзаранае месца. Атрымлівалася ўзвышэнне ў выглядзе вузкай грады пад назвай «звал» («склад»). Далей аралі з аднаго і другога боку ў прывал да складу, пакуль не заворвалі ўвесь загон. На межах суседніх загонаў заставаліся падоўжныя паглыбленні шырынёй у 2 баразны (разоры). Аралі сахой неглыбока, на 2,5 вяршкі, на 3 вяршкі ворыва лічылася ўжо глыбокім (вяршок – 6,6 см), г. зн. у сярэднім 16 – 20 см, таму што культурны слой глебы не перавышаў 25 – 30 см. Для лепшай якасці ворыва аралі два («дваенне»), зрэдку тры («траенне») разы на цяжкіх гліністых і сугліністых глебах. Першае ворыва папару або нові (аблогі) называлася пад’ёмам, а калі яно адбывалася хутка пасля ўборкі ўраджаю, то ўзмётам. Пры другім ворыве («мешань») заворвалася насенне. З увядзеннем пасеваў бульбы і канюшыны ў некаторых памешчыцкіх маёнтках яшчэ ў 1-й палавіне XIX ст. з’явіліся плугі розных марак, колькасць якіх пазней павялічвалася. Плугі выраблялі на Горацкім заводзе земляробчых прылад, былі драўляныя з жалезным нарогам і адвалам, пазней у заможных сялян сустракаліся і жалезныя плугі. Пасля кожнага ворыва зямлю рыхлілі – баранавалі (скарадзілі) бараной. Найбольш тыповая была традыцыйная плеценая (вязаная) барана ў выглядзе трапецыі з пруцця дуба, алешыны, лазы і з дубовымі зубамі (кляцамі), якіх звычайна было каля 20. У быт парэформеннай вёскі пазней увайшла і больш цяжкая брусковая, рамная барана прамавугольнай формы, збітая з бярозавых брускоў з драўлянымі, пазней – жалезнымі кляцамі. Увесь цыкл сельскагаспадарчых работ адбываўся ў адпаведнасці з народным календаром і прыстасаванымі да яго царкоўнымі святамі. Першы выхад у поле звычай дазваляў толькі пасля Благавешчання (25 сакавіка па ст. ст.), менавіта тады глеба ўжо падсыхала і можна было пачынаць заворванне. Першы выган жывёлы на пашу адбываўся, як правіла, на Юр’я (23 красавіка па ст. ст.), на першую веснавую расу, і г.д.

Круглянский район

    Рамёствы і промыслы. Важную ролю ў жыцці насельніцтва Кругляншчыны адыгрывалі розныя промыслы і рамёствы, якія забяспечвалі сялян неабходнымі бытавымі рэчамі і пэўным грашовым прыбыткам. Сыравіну для вытворчасці давалі навакольная прырода, земляробства і жывёлагадоўля. Ва ўмовах паўнатуральнай гаспадаркі сялянская Сям’я вырабляла адзенне і абутак, транспартныя сродкі і земляробчыя прылады, прадметы хатняга ўжытку і начынне. Менавіта таму да пачатку XX ст. бытавалі хатнія і саматужныя промыслы, існавалі і адыходныя промыслы. Да адмены прыгонніцтва нярэдка памешчыкі аддавалі сваіх сялян па кантрактах з купцамі на сплаў суднаў і плытоў, а таксама пасылалі іх дастаўляць тавары да прыстаняў і гарадоў. У 2-й палавіне XIX ст. пашырыўся адыход сялян па найме з мэтай грашовага заработку. У адным з архіўных дакументаў таго часу паведамлялася аб дагаворы ўладальніка маёнтка Круглае з купцом Ерліхманам на пасылку сялян для сплаву суднаў з таварамі па Заходняй Дзвіне ў Данцыг. Зімой, па лёгкім санным шляху, сяляне займаліся рамізніцтвам, перавозілі па найме памешчыцкія і купецкія тавары і прадукты (хлеб, пяньку, лён, канаплянае і льняное семя і інш.) да рачных прыстаняў і чыгуначных станцый, у Віцебск, Магілёў, Оршу, Шклоў. У інвентары маёнтка Круглае за 1846 г. адзначаецца, што пры адыходзе ў рамізніцтва селянін з 2 коньмі павінен плаціць на карысць эканоміі 1/4 частку заработку. Больш выгадна было ехаць на некалькіх вазах, таму кожны спраўны селянін імкнуўся мець ад 2 да 5 коней для паездак. Працоўныя навыкі і вопыт перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне, прычым па народным звычаі існаваў падзел мужчынскай і жаночай працы. Галоўнае месца сярод хатніх заняткаў займала тканне палатна і сукна на ручнікі, абрусы, посцілкі, адзенне, дзявочы пасаг. З позняй восені да вясны жанчыны пралі, ткалі, шылі бялізну і ніжняе адзенне, вышывалі, вязалі. Гэтыя работы дзяўчаты і маладзіцы выконвалі не толькі ў сваёй хаце, але часцей на вячорках, куды збіраліся ў доўгія зімовыя вечары. Звычайна самаробныя тканіны ішлі на ўласныя патрэбы. У некаторых вёсках Круглянскай воласці ў 2-й палавіне XIX ст. яны вырабляліся для збыту на мясцовых кірмашах. Напрыклад, у в. Елькаўшчына 1-я ткацтвам на продаж займаліся ў 8 дварах (усяго ў вёсцы было 25 двароў), і кожная майстрыха атрымлівала 10 рублёў у год чыстага заробку. У 4 вёсках бытавала саматужнае сукнаробства. У Пасыраве сукно на продаж ткалі ў 8 дварах з 33, у Скуратах у 6 з 21, у Вялікім Зубаве і Казіміраве ў 5 дварах з 25. Ткалі сукно і паўсукно з глінянай асновай пераважна белага колеру. У год кожная ткачыха мела 8 рублёў чыстага заробку. Валілі сукно як у ручную дома, так і на сукнавальнях. У Круглым у XIX ст. дзейнічалі 2 сукнавальні, адна з 1834 г., другая з 1852. На першай штогод валілі 4500 аршынаў сукна, на другой 1 майстар даваў 500 аршынаў валенага сукна ў год. Хатняе ткацтва было шырока распаўсюджана ў Круглянскім раёне і ў 20 – 30-я гг. XX ст. I сёння яшчэ можна знайсці ў скрынях жанчын старэйшага ўзросту нямала рэчаў, вытканых у даваенныя і першыя пасляваенныя гады. Вольга Пятроўна Палякова з вёскі Шапялевічы, майстрыха і спявачка, расказвала ў час навуковай экспедыцыі, што яе маці ткала абрусы ў 8 нітоў і ў 4 ніты («у цаткі»), посцілкі льняныя і паўсуконныя, дарожкі. Шмат прыгожых посцілак захоўваецца ў добрых ткачых Калужанкавай Соф’і Андрэеўны і Бярозкі Ніны Нічыпараўны з вёскі Лясныя. Вабяць вока маляўнічыя посцілкі з узорам «у дымку», з накладным шарсцяным узорам – накладанкі, посцілкі ў ніцікі (16 і 16 нітоў) з традыцыйным чырвона-чорным геаметрычным арнаментам. Сёння традыцыйнае ткацтва носіць больш аматарскі характар, пакоі многіх сельскіх дамоў упрыгожаны льнянымі ручнікамі, паўсуконнымі дарожкамі, дыванамі, посцілкамі. Мужчыны ў вольны ад сельскагаспадарчай працы час рабілі прадметы хатняга ўжытку, плялі лапці, кошыкі, вілі вяроўкі і г.д. У некаторых паселішчах у другой палавіне XIX ст. існаваў нават саматужны вяровачны промысел – у Круглым, вёсках Шупяні, Разбойна, Альшанікі. Пяньковыя вяроўкі прадавалі на кірмашах у мястэчках па 2 рублі за 1 пуд (16 кг).

Круглянский район

    Тэрыторыя Кругляншчыны лясістая. У канцы XIX ст. лясы займалі ад 25 да 50% агульнай плошчы, таму тут даволі значна былі развіты лясныя і дрэваапрацоўчыя промыслы і рамёствы. У лесе сяляне дралі ліпавае і лазовае лыка на лапці, дубовую, лазовую кару для дублення скур, нарыхтоўвалі пруцце для кошыкаў, збіралі грыбы, ягады, бярозавы сок. Вырабамі з лыку і кары ў канцы мінулага стагоддзя славіліся вёскі Дудаковічы, Пасырава, Прыгані, Ваўканосава. I ў наш час у Кручанскім і Шапялевіцкім лясніцтвах нарыхтоўваюць журавіны, у в. Татарка дзейнічае грыбаварня. Раней у лясніцтвах збіралі бярозавы сок, рабілі падсочку хвоі і нарыхтоўвалі жывіцу. Сёння многія майстры дзяруць лыка, нарыхтоўваюць лазу і плятуць кошыкі і лапці для музейных экспазіцый.

Круглянский район

    На смалакурнях гналі смалу і дзёгаць, выраблялі шкіпінар. На шкіпінарным заводзе ў маёнтку Круглае выганялася да 100 пудоў шкіпінару на продаж. У в. Дарошкавічы ў 1872 г. быў адкрыты дзягцярны завод. Да вайны смалакурні існавалі ў вёсках Шапялевічы і Гоенка, у вайну былі разбураны, аднак у Гоенцы і пасля вайны яшчэ гналі смалу, пакуль не скончылася сыравіна – пнёвы сасновы асмол. На свае патрэбы сяляне раней гналі ў невялікай колькасці «чысты» дзёгаць з бяросты, кавалі выпальвалі драўнінны (з бярозы, дубу) вугаль для кузняў. Дзёгцем мазалі калёсныя восі, насычалі сырамятную скуру і боты, загойвалі раны ў людзей і жывёлы.

    У традыцыйнай вёсцы амаль кожны дарослы мужчына быў майстрам на ўсе рукі. Ён умеў зрабіць саху, барану, граблі, сані, воз, зрубіць хату, адрамантаваць вупраж і г.д., іншы раз прыходзілася звяртацца і да прафесійных рамеснікаў-саматужнікаў. Некаторыя вёскі традыцыйна з’яўляліся гнёздамі таго ці іншага рамяства. Так, у XIX ст. калёсны промысел існаваў у вёсках Пасырава, Альшанікі, Елькаўшчына 2-я, дзе саматужнікі зараблялі да 40 рублёў у год. Круглянскія калеснікі забяспечвалі коламі (каткамі) увесь Магілёўскі павет.

    Каткі не толькі рабілі па заказе, іх можна было набыць і на кірмашах. Высокае майстэрства калеснікаў в. Пасырава было вядома за межамі Магілёўскага павета. У архіўных дакументах падкрэслівалася, што гэты промысел існаваў тут з даўніх часоў, бо было дастаткова патрэбнага лесу (бяроза, дуб). Пасыраўскія майстры працавалі толькі на заказ, рабілі колы рэдкай трываласці і чысціні аддзелкі. У сярэдзіне XIX ст. у Пасыраве налічвалася 10 калеснікаў. Скат колаў (4 штукі) каштаваў ад 3 рублёў 50 капеек да 4 рублёў. Калёсныя трубкі (трубіцы) майстры выточвалі на ручным такарным прыстасаванні. На такім станку вырабляў каткі нават у сярэдзіне нашага стагоддзя жыхар в. Пасырава Хвашчынскі Апанас Мацвеевіч. Патомны калеснік, ён пераняў традыцыйнае майстэрства ад бацькі і дзеда, якія працавалі да вайны. Майстар на ўсе рукі, ён рабіў таксама сані, гнуў вобады для колаў, палазы, дугі па заказах жыхароў і калгаса. У яго і цяпер захоўваюцца станок — «гбала» для дуг і палазоў, «нацягуш» для каткоў. Каб сагнуць дугу ці палазы, дрэва спачатку распарвалі для эластычнасці ў спецыяльным зрубным памяшканні (парня) або ў лазні. Мадэрнізаванай парнёй – жалезным карытам з накрыўкай над вогнішчам карыстаецца Апанас Мацвеевіч яшчэ і сёння, калі робіць дугі для калгасаў. Хвашчынскі займаўся і вырабам рашотаў. Абечкі рабіў з сасновай дранкі, фанеры, а мачалу для палатна атрымліваў з Яраслаўскай вобласці. Выконваў заказы сваіх землякоў і прадаваў на базары ў Круглым. Спатрэбілася, рабіў і канапы. Пасля вайны вырабляў аўчыны і шыў кажухі. Вёска Пасырава славілася на Кругляншчыне сваімі майстрамі. Часам адны і тыя ж рэчы рабілі некалькі ўмельцаў. Канкурэнцыю А.М. Хвашчынскаму асабліва стваралі Лінічы – бацька Васіль Васілевіч і сын Baсіль Васілевіч. Дома ў іх была майстэрня з такарным станком. Яшчэ і сёння служаць гаспадыням калаўроты, зробленыя Лінічамі дзесяткі гадоў таму. Малодшы Лініч 46 гадоў працаваў у калгасе трактарыстам. Цяпер на пенсіі. Ведаюць яго ў Пасыраве як дбайнага гаспадара, майстра на ўсе рукі.

    Сродкі гужавога транспарту – калёсы, сані, санкі, павозкі і дэталі для іх (палазы, дугі, аглоблі) традыцыйна выраблялі ў вёсках Дудаковічы і Арэхаўка. У Дудаковічах у канцы XIX ст. працавалі 5 майстроў-цялежнікаў з заработкам 45 рублёў у год. Дугі гнуць сёння таксама Ярмашэўскі Іван Сямёнавіч у Зубаве, Дудкін Уладзімір Кузьміч у Арэхаўцы. Гнулі дугі ў Гоенцы, дзе быў сталярны цэх. Калёсы вырабляў Мяцеліца ў Цяцерынскім сельсавеце. Для пераправы па вадзе, перавозкі сена і іншых грузаў, рыбалоўства раней была наладжана вытворчасць дзяўбежных чаўноў (даўбёнкі). На беразе Друці і цяпер можна знайсці на прычале даўбёнку. Але з пачатку XIX ст. пачалі выкарыстоўвацца больш устойлівыя дашчаныя лодкі, якія хутка выцеснілі чаўны, хаця апошнія яшчэ бытавалі і ў даваенныя гады. Чаўны мелі вострый нос і карму, вясло без уключыны. Памеры іх былі розныя. Маленькія, на 1 чалавека, вельмі небяспечныя, пасажыр павінен быў садзіцца на дно лодкі, каб яна не хісталася. Вялікія, даўжынёй 5 – 7 м, шырынёй каля 60 см на 3 чалавекі. Сёння жыхары Круглага і прырэчных вёсак раёна карыстаюцца дашчанымі лодкамі. Кожны заўзяты рыбак звычайна рабіў лодку сам. I сёння рыбак з Круглага Трапяшчонак Браніслаў Паўлавіч мае дашчаную лодку сваёй работы.

    На Крутляншчыне наогул была развіта дрэваапрацоўка. Інвентары памешчыцкіх маёнткаў за 40-я гг. XIX ст. фіксуюць наяўнасць рамеснікаў: калеснікаў, цесляроў, сталяроў, майстроў «рознай мэблі вышэйшага гатунку». Рамеснікі па вытворчасці драўлянага посуду былі ў маёнтках Круглае, Цяцерын. Вырабам посуду ў 80-я гг. XIX ст. асабліва вызначалася вёска Елькаўшчына. З 25 двароў у паселішчы бандарствам займаліся ў 11 дварах, кожны рамеснік зарабляў каля 40 рублёў у год. Бондары рабілі з дубовай, сасновай клёпкі бочкі, цэбры, балеі, жлукты, кадушкі, даёнкі, дзежы і інш. У гэтай жа вёсцы 4 майстры (у 2 дварах з 10) выдзёўбвалі і выразалі на продаж і заказ посуд, ночвы, карыты, лыжкі, рабілі лапаты, граблі, вілы і іншыя прадметы. Сталяры Круглага і в. Загараны рабілі мэблю. Асабліва падабаліся заказчыкам канапы, крэслы з разнымі спінкамі і падлакотнікамі. Такія канапы сёння ёсць у многіх сельскіх кватэрах раёна. Напрыклад, канапы, якія рабілі Вуглікаў Фёдар Антонавіч з в. Лясныя, Хвашчынскі А.М. з Пасырава і інш., і цяпер упрыгожваюць інтэр’ер жылля майстроў. Вёскі Дудаковічы, Разбойна, Прыгані, Елькаўшчына 2-я славіліся ў канцы XIX ст. вытворчасцю земляробчых прылад – сох, барон. У сярэдзіне XX ст. у вёсках раёна было нямала майстроў па дрэваапрацоўцы. Так, у Лясной працаваў бондар Ярыга Андрэй Якаўлевіч, Холюсеў Васіль Ягоравіч з Круглага займаўся сталярствам, вычэсваў цяслой вялікія ночвы для купання, таму што лазняў не было. У Баўсевічах выраблялі бёрды, калаўроты. У большасці гаспадарак раёна сёння дзейнічаюць сталярныя майстэрні. Традыцыйна атрымала развіццё мастацкая разьба па дрэве: аконныя ліштвы, франтоны, ганкі, калодзежныя навесы. У Круглым жыве вядомы разьбяр Кірпічоў Аляксандр Васілевіч, у вёсцы Рубеж працуе школа разьбы па дрэве. Народныя музычныя інструменты вырабляе А.А. Харкевіч.

Круглянский район

    Значна пашыраны былі на Кругляншчыне промыслы і рамёствы па апрацоўцы скуры. Круглае, вёскі Пасырава, Разбойна, Казімірава, Рэучча вядомыя традыцыйнай апрацоўкай аўчын. Рамеснікі-саматужнікі зараблялі ў 80-я гг. XIX ст. ад 35 да 60 рублёў у год. Рымар у вёсцы Вялікае Зубава шыў збрую і атрымліваў 70 рублёў у год. У 2-й пал. XIX ст. у сялянскі ўжытак увайшлі боты. Насілі іх пераважна заможныя сяляне і толькі на святы, у царкву. Мясцовыя патрэбы задавальнялі шаўцы. У Круглым працавала 8 майстроў, па адным было ў вёсках Елькаўшчына 1-я і Радча. Заробак шаўцоў быў параўнальна невялікі – 50 рублёў у год.

    Па звестках ЦСУ БССР аб саматужна-рамесніцкай прамысловасці ў сельскай мясцовасці за 1926 г., у Круглянскай вобласці Аршанскай акругі налічвалася 23 аўчыннікі, 8 гарбароў, 67 шаўцоў (у тым ліку 14 у Круглым), 74 краўцы (у т.л. 7 у Круглым). Боты шыў, а цяпер рамантуе абутак Холюсеў Васіль Ягоравіч з в. Пасырава. У 1946 – 50 гг. ён працаваў у арцелі райспажыўсаюза ў Круглым, апрацоўваў скуры, шыў боты, рабіў драўляныя цвікі з бярозы для абутку. Дома таксама займаўся гарбарскай і шавецкай працай, шыў боты і жаночыя паўбоцікі. Васіль Ягоравіч выхаваў у арцелі 4 вучняў, адзін з іх і цяпер працуе ў Круглым. Шавец Вуглікаў Фёдар Антонавіч з вёскі Лясныя рамантуе сучаны абутак аднавяскоўцаў з дапамогай традыцыйных інструментаў, якія ён рабіў у кузні яшчэ ў 40-я гады. Пасля вайны вырабляў аўчыны і шыў кажухі Хвашчынскі А.М., што жыве ў Пасыраве. Кушнер з Вялікага Зубава Берастаў Святаслаў Антонавіч здаўна вырабляе аўчыны і звярыныя шкуркі (зайца, лісіцы і інш.) на шапкі. У Круглым жыве выдатны вальшчык Коршунаў Іван Мікалаевіч, які робіць валёнкі. Майстэрству ён навучыўся ад бацькі, а яго дзед валяў валёнкі яшчэ да рэвалюцыі. Родам Іван Мікалаевіч са Слаўгарадскага раёна, гадоў 10 назад з жонкай Таццянай Цітаўнай яны пераехалі да дзяцей у Круглае. Яны выхавалі дзевяць дзяцей працавітымі і добрасумленнымі.

    Залежы гліны добрай якасці спрыялі развіццю цаглянай вытворчасці. У 60 – 70-я гады XIX ст. цэглу выраблялі ў в. Вялікае Зубава. Цэгла-сырэц прадавалася па 2 рублі 50 капеек за 1 тысячу штук, а абпаленая па 4 рублі 50 капеек. З 1879 г. у фальварку Янава дзейнічаў ганчарны завод. Майстар і тры рабочыя выпускалі ў год 15 тыс. штук рознага паліванага посуду: кубкі, кафейнікі, малочнікі, вазы і інш. У 1880-я гады ў вёсцы Альшанікі 4 двары з 15 займаліся ганчарствам. У нашы дні ў Круглянскім раёне працуе цагляны завод у в. Бразгучка. Там жыве і Кузьміч Анастасія Данілаўна. Пасля вайны яна вучылася ў ганчарным цэху арцелі «Чырвоны цагельнік» у г. Чавусы, потым усё жыццё працавала ў Бразгучцы. На традыцыйным нажным крузе вырабляла гліняны посуд: простыя і паліваныя збаны, гарлачы, гаршкі, макатры чырвонага колеру. Былі і іншыя ганчары. У вёсцы Паўлава таксама рабілі гаршкі.

    З іншых сельскіх рамёстваў асабліва пашырана было кавальства. Традыцыйныя курныя кузні з мяхамі раней бытавалі ў многіх паселішчах. Каваль быў паважанай асобай на вёсцы, таму што ў кузні падкоўвалі коней, акоўвалі каткі, сані, рабілі неабходныя жалезныя часткі гаспадарчых прылад і прыстасаванняў: нарогі, сашнікі, сякеры, сярпы, падковы, нажы і інш. У інвентары маёнтка Круглае за 1846 г. зафіксавана 8 кузняў для патрэб эканоміі. У канцы XIX ст. у Круглым было 3 кузні і па адной у Друцку, Елькаўшчыне 1-й, Вялікім Зубаве, Лясных, Скуратах 1-х і Шупенях. Заработак каваля складаў ад 40 да 80 рублёў у год. Да вайны і пасля вайны былі калгасныя кузні з традыцыйным абсталяваннем. Цяпер дзе-нідзе ў гаспадарках існуюць кузні з электрапрыводам.

    Багатая Кругляншчына працавітымі людзьмі, таленавітымі майстрамі. Асабліва славіліся вёскі Пасырава, Вялікае Зубава, Шапялевічы, Круглае. Тут працавала шмат патомных майстроў на ўсе рукі.

    I сёння справу дзядоў і бацькоў паспяхова працягваюць калеснік, рашотнік, аўчыннік Хвашчынскі А.М., шавец і сталяр Холюсеў В.Я. з Пасырава, слесар, сталяр, бондар, шавец і кравец Пянькоўскі М.М. з Шапялевічаў, вальшчык, бондар, сталяр, цясляр Коршунаў І.М. з Круглага, бондар В.М. Нямыцька з Кручы. Прыгожыя ўзорныя вясельныя пірагі (караваі) выпякае па просьбе сваіх землякоў Вольга Пятроўна Палякова з Шапялевічаў. Цудоўныя казачныя птушкі, кветкі, прыгожыя шкатулачкі пляце з жытняй саломкі Саланенка Ганна Лявонаўна, што жыве ў Круглым.

    У апошнія гады мясцовыя ўлады і кіраўнікі гаспадарак прыкладаюць пэўныя намаганні для развіцця падсобных промыслаў у раёне. Значныя дасягненні ў гэтым напрамку адбыліся ў калгасе «Свабода» (вёска Грыбіна Круглянскага сельсавета). На пачатку 80-х гадоў тут адкрыты швейны цэх па пашыве лёгкага адзення ў кааперацыі з Магілёўскім камбінатам надомнай працы. Шыюць у цэху таксама скураныя курткі з хрому і дублёнкі. Існуе вытворчасць поліэтыленавай плёнкі і металічнай сеткі для агароджы. У падсобных цэхах у 1991 г. было занята больш як 30 чалавек, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 908,3 тыс. рублёў. У калгасе «Шлях Леніна» дзейнічаюць швейны, шпалерны цэхі, цэх па вытворчасці металічнай сеткі і цагляны завод «Бразгучка». У 1991 г. у падсобнай вытворчасці было занята 78 чалавек, рэалізавана прадукцыі на 5020,1 тыс. рублёў. З 1991 г. працуе трыкатажны цэх раённага камбіната бытавога абслугоўвання, дзе занята 15 жанчын. Іх умелымі рукамі вырабляюцца прыгожыя джэмперы, жакеты, шарфы і галаўныя ўборы для дарослых і дзяцей з традыцыйным і сучасным арнаментам.

    Вялікую работу па збіранні этнаграфічных матэрыялаў, захаванні для нашчадкаў народнага вопыту, прапагандзе і развіцці карысных традыцый у сучасных умовах праводзіць калектыў Круглянскага гістарычна-краязнаўчага музея на чале з Тамарай Мікалаеўнай Аксёнавай. Экспазіцыя музея пастаянна папаўняецца. Культурная грамадскасць раёна робіць усё, каб у памяці будучых пакаленняў захавалася гордасць за сціплых і таленавітых стваральнікаў народнай скарбніцы.

Н.І. Буракоўская


ВУСНАПАЭТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЦЬ КРУГЛЯНШЧЫНЫ


    Круглянскі раён – невялікая, але неаддзельная частка Беларусі, звязаная з усім этнічным масівам рэспублікі мноствам ніцей, мноствам агульных рыс ва ўсіх галінах матэрыяльнага і духоўнага жыцця, у тым ліку і ў фальклоры. 3 пункту гледжання гісторыка-этнаграфічнага раяніравання ён належыць да Усходняга (Падняпроўскага) рэгіёна, мяжуе з Центральным і даволі блізкі да Паўночнага, таму тут можна назіраць розныя міжрэгіянальныя сувязі і ўплывы, на фоне якіх вылучаюцца мясцовыя асаблівасці. Гэта яшчэ раз пацвердзілі і матэрыялы экспедыцыйных запісаў апошніх гадоў. Летам 1991 г. у Круглянскім раёне вялі запісы фальклору К.П. Кабашнікаў і В.К. Кабашнікава, а таксама студэнты філфака БДУ пад кіраўніцтвам Г.А. Пятроўскай і А.М. Хрушчовай. Сабраныя матэрыялы сталі асноўнай крыніцай гэтага артыкула. Акрамя таго, былі выкарыстаны асобныя публікацыі фальклорных тэкстаў з шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць», а таксама запісы, атрыманыя з Комсеніцкай, Ваўканосаўскай і іншых сярэдніх школ. У Круглянскім раёне бытавалі і бытуюць самыя разнастайныя віды і жанры фальклору: вуснапаэтычны, музычны, харэаграфічны.

    Адным з найбольш старажытных жанраў вуснапаэтычнай творчасці з’яўляюцца замовы – мастацкія формулы, з дапамогай якіх у спалучэнні з магічнымі дзеяннямі нашы продкі імкнуліся ўплываць на навакольны свет. Яны ахоплівалі ўсе бакі жыцця чалавека, як гаспадарчай дзейнасці, так і сямейнага і грамадскага быту. Вялікая колькасць замоў была накіравана на вылячэння ад хвароб чалавека і хатняй жывёлы. Існавалі любоўныя замовы – «прысушкі» і «адсушкі». Захаваныя да нашых дзён замовы ад крывацёку, ад спалоху, ад залатніка, ад гадзюкі, запісаныя ў вёсках Дарожкавічы, Міхейкава і іншых, вельмі выразна сведчаць аб тым, што ў аснове гэтых твораў ляжыць перакананне нашых продкаў, што падобным можна выклікаць падобнае. Адсюль і сістэма вобразаў у замовах, і іх кампазіцыя, і паэтычныя сродкі. Невыпадкова ў замовах ад крывацёку ўпамінаюцца ключы, замкі, якія нешта замыкаюць, і рэчкі, цячэнне якіх спыняе сам Бог. Усе гэтыя дзеянні, якія недзе адбываюцца, пераносяцца на канкрэтны выпадак і павінны замкнуць, спыніць кроў:

Ішла паненка ад цара Давіда,
Несла залатыя ключы,
Кінула ў сіняе мора пад белы камень.
Як тых ключэй не падняць,
Так гэтай крыві сціхнуць, перастаць.

    Наіўная вера ў тое, што падобнае выклікае падобнае, праявілася і ў другой замове, дзе гаворыцца, што як з мёртвага цела кроў не цячэ, так яна не павінна цячы і ў жывога. Нашы продкі ўяўлялі многія хваробы ў выглядзе жывых істот і спрабавалі іх напалохаць або нават перахітрыць. Так, напрыклад, у замове, каб суняць боль, гаворыцца: «Боль, боль, ухадзі сёння, прыхадзі ўчора...» Перадаючы замовы з пакалення ў пакаленне, людзі ўдасканальвалі іх форму, а традыцыя замацоўвала гэтыя паэтычныя здабыткі. Спалох выганялі «з румянага ліца, з белага цела, з жыл, суставаў, вуснаў, зубоў, з кохцяў, ногцяў, з яркіх воч...». Сінонімы, эпігэты, параўнанні – мастацкія сродкі замоў, якія найбольш часта ўжываюцца.

    Каляндарна-абрадавая паэзія беларусаў – адметная з’ява ў вуснапаэтычнай творчасці ўсіх славянскіх народаў. Яна мае шмат лакальных з’яў, невядомых або вельмі слаба прадстаўленых у фальклоры астатніх славян. Народный песні – неад’емная частка розных каляндарных абрадаў і свят – разам з магічнымі дзеяннямі, замовамі, танцамі складалі раней адзіныя фальклорна-этнаграфічныя комплексы. Каляндарныя абрады і святы былі накіраваны на атрыманне добрага ўраджаю, забеспячэнне плоднасці статка, ахову гаспадаркі ад розных варожых чалавеку сіл. Яны адлюстравалі наіўныя памылковыя ўяўленні нашых продкаў аб навакольным свеце і характары ўзаемасувязей у ім, але разам з тым захавалі нямала рацыянальнага, што вынікала з працоўнай практыкі многіх пакаленняў. Звычайна каляндарна-абрадавая паэзія дзеліцца на чатыры цыклы адпаведна порам года: зімовы, веснавы, летні і восеньскі. У цэнтры зімовага цыкла – калядныя святы і звязаныя з імі абрады. Калядам папярэднічаў Піліпаўскі пост. У гэты час моладзь збіралася на супрадкі звычайна ў хаце, якую спецыяльна наймалі для гэтай мэты. Дзяўчаты пралі, спяваць дазвалялася толькі так званыя паставыя або «святыя» песні, у якіх своеасабліва распрацоўваліся некаторыя сюжэты, звязаныя з хрысціянскім веравучэннем. Гэтыя песні, параўнальна лепш, чым у іншых раёнах Беларусі, захаваныя на Кругляншчыне, працягваюць эпічныя – казачныя і былінныя – традыцыі. Адна з такіх песень «Пра Цмока» апавядае аб тым, як прынесеная ў ахвяру паганаму Цмоку царская дачка ўтаймоўвае гэту пачвару, прыводзіць яе да цара. З песні паўстае перад слухачамі вобраз казачнага Цмока, які паядае людзей, паліць іх агнём.

... Зірнець Анюта ды на левы бок -
Ажно плывець ды паганы Цмок.
А ў яго з роту жар сыпіцца,
А ў яго з наздзёр полымя шугаіць,
А ў яго з вушэй дым выхажаіць.
Зірнець Анюта ды на правы бок -
Ажно едзіць святы Юр’я,
Святы Юр’я ды на сівам кані.
Юр’я кап’ём, конь капытом.
- Адпаясуй, Анюта, кованы поіс,
Ды чыпай, Анюта, Цмока за рогі,
Павядзем Цмока ды на цараў двор...

    Найбольш поўныя варыянты песні – пра Цмока былі запісаны ў в. Міхейкава ад Марыі Карнееўны Кошкінай і ў в. Шапялевічы ад Вольгі Пятроўны Паляковай. У Піліпаўку тут спявалі і іншыя паставыя песні – пра сіротку, пра Аляксея, пра грэшную дзеўку, якая нарадзіла сыноў і пусціла іх на Дунай, а калі прыйшла на споведзь, цела яе рассыпалася дробным макам. Песні гэтыя вучылі сумленнасці, міласэрнасці, добразычлівасці, спачуванню слабым і бедным. На Піліпаўскі пост прыпадае Міколін дзень, з якім таксама былі звязаны паставыя песні. Сярод іх трэба вылучыць творы хлебаробскай тэматыкі, што нагадваюць тыя калядныя і велікодныя, дзе вельмі красамоўна перадаецца заклапочанасць будучым ураджаем:

А святая Мікола,
Іна па полю хадзіць,
Госпада Бога просіць:
- Урадзі, Божа, жыта,
Буйное, ядраноя.
Колысам каласіста,
Снапамі нажоніста.
Будзем мы жыта жаці,
Міколу памінаці.

    У мікольскіх песнях адлюстраваны і тыя абрады і звычаі, якімі тут суправаджалася гэта свята. Па словах В.П. Паляковай з в. Шапялевічы, на Міколу збіраліся суседзі да таго гаспадара, у якога ўвесь мінулы год захоўваўся абраз св. Міколы, і, запаліўшы свечкі, з песнямі пераносілі гэты абраз да другога гаспадара, у якога абраз заставаўся на наступны год. Спявалі:

А світая Мікола, ні забудзь нас ніколі,
А пакуль жа мы жыць будзем.
Мы ж цябе ні забудзім.
А жоначкі-лябедачкі, а бярыце мяцелачкі,
А бярыце ж мяцелачкі, а мяціце й дарожачкі,
А мяціце ж дарожачкі, куды будуць свячу несці,
Свячу несці са ўсімі са святымі,
Са ўсімі са святымі, з баярамі з маладымі.
Хлопчыкі-малойчыкі, а бярыце тапорчакі,
А бярыце ж тапорчакі, церабіце дарожачкі,
Церабіце дарожачкі, куды будуць свячу несці,
Куды будуць свячу несці са ўсімі святымі,
Са ўсімі святымі, з баярамі маладымі.

    Цэнтральнае месца ў зімовым каляндарна-абрадавым цыкле займала каляднае свята і прымеркаваныя да яго абрады і песні. Каляды на Кругляншчыне мала чым адрозніваюцца ад іх святкавання ў іншых рэгіёнах Беларусі, хоць, магчыма, тут яны не набылі такой ярка выражанай карнавальнасці, як у некаторых рэгіёнах Палесся, дзе калядоўшчыкі вадзілі «каня», «мядзведзя», «жорава», «казу», насілі «звязду». Тут таксама хадзілі калядоўшчыкі, якія спявалі гаспадарам велічальныя песні з пажаданнямі добрага здароўя, ураджаю, прыбытку, за што атрымлівалі пачастунак. У калядках выказана жаданне наблізіць гэта свята («А калядачкі, барджэй, барджэй...»), прадоўжыць яго, малюецца багатае застолле, смачныя стравы:

А калядныя бліны ладныя,
Ой люлі, люлі, бліны ладныя.
А пшанічныя — вельмі пышныя.
Ой, люлі, люлі, вельмі пышныя.
Каб калядачак нядзель дзесятачак,
Ой, люлі, люлі, нядзель дзесятачак.
Нашы дзеванькі нагуляліся б,
Ой, люлі, люлі, нагуляліся б,
Нашы праснічкі наваляліся б,
Ой, люлі, люлі, наваляліся б,
Чаравічкі ўсе істапталіся.

    Аналізуючы рэпертуар калядных песень, можна заўважыць, што тут і да гэтага часу бытуе нямала твораў шлюбнай або сямейна-бытавой тэматыкі, непасрэдна не звязанай з гэтым святам. У мясцовай традыцыі пэўная група гэтых песень трывала ўключана ў калядны цыкл, аб чым гавораць і асаблівасці тэкстаў, якія захоўваюць мясцовы калядны прыпеў «Ой, лялё...», але ў іншых рэгіёнах рэспублікі варыянты падобных песень не звязваюцца з Калядамі і выконваюцца як песні бяседныя ў любы час. Тыповым прыкладам можа служыць песня «А ў гаю вярба калыхалася», запісаная ў вёсках Міхейкава, Цяцерына, Шапялевічы, якая апавядае аб негасціннай сустрэчы сястры, што брат і яго жонка не вітаюць, не частуюць, хаваюць ад яе ўсё са стала. I ў той жа час нам не сустрэліся калядкі эпічнага плану, адрасаваныя гаспадару, гаспадыні, дзецям. У нейкай ступені набліжаецца да такіх песень калядка, запісаная ў в. Угляны, дзе захоўваюцца традыцыйная сімволіка і вобразная сістэма:

А калядачкі, а вярніцеся,
Ой, люлі, люлі, а вярніцеся,
К майму татачку найміцеся.
У майго татулькі трое варот,
Трое варот, усе на гарод.
У адных варотах – ясны месячык,
У другіх варотах – ярка сонечка,
У трэціх варотах – дробны зорачкі.
Ясны месячык – то татулечка,
Ярка сонечка – то мамулечка,
Дробны зорачкі – сестры-брацікі.

    Зімовы цыкл каляндарных абрадаў і свят завяршае масленіца, свята пераходнае, у якім чуюцца і зімовыя, і веснавыя матывы. Да апошняга часу даследчыкі беларускага фальклору лічылі, што масленіца больш уласціва рускай традыцыі, з якой беларусы нешта запазычылі, але свайго амаль не стварылі. Але запісы мінулага дзесяцігоддзя, у тым ліку і запісы ў Круглянскім, Талачынскім і некаторых іншых раёнах паказалі, што беларусы захавалі старадаўнія і вельмі характэрныя элементы гэтага свята, якія ідуць з глыбокай даўніны. Па словах нашых інфарматараў з вёсак Міхейкава, Марцянавічы, маслянку спраўлялі ўвесь тыдзень, асабліва ў шырокі чацвер. У гэты час вадзілі карагоды ў хаце, спяваючы «У карагодзе мы былі, а каго там відзілі», танцавалі полечку, зялёнае, куркувяк (кракавяк), пелі розныя частушкі. У шырокі чацвер хадзілі да маладых, якія толькі нядаўна пабраліся, і спявалі:

Масленіца!
Выйдзі, маладая маладзіца.
Масленіца!
Вынесь сыра, родзіш сына.
Масленіца!
Вынесь мачку, родзіш дачку.
Масленіца!

    У адказ маладая павінна вынесці пачастунак. Акрамя гэтага пажадання-просьбы маладым спявалі і іншыя масленічныя песні:

У нас сёння масленіца,
Прыляцела к нам ластавіца.
Села іна на калу,
Кідала масла па каму.
Нашай дзевачкі па днаму,
А каму кінула й два камы.
Нашы жоначкі там былі,
Яны масла схапілі,
У паліванай місачцы стапілі,
Маладых рабят кармілі.

    У трансфармаваным выглядзе захаваўся тут старадаўні звычай чапляць у шырокі чацвер калодку тым маладым хлопцам, якія ўвайшлі ва ўзрост, але па нейкіх прычынах не ажаніліся. Даўней гэта было пакаранне тых, хто не дбае пра прадаўжэнне роду, грамадскі напамін чалавеку аб яго абавязку, аб адказнасці і, па сутнасці, грамадская ганьба. Зараз гэта калодка ператварылася ў невялічкую калодачку або нават у кветку ці цукерку, якую могуць прычапіць не толькі халастому хлопцу, але і жанатаму, за што ён павінен адкупіцца. Аднак за гэтымі зменамі захоўваецца і сутнасць звычая і яго традыцыйная назва – «калодка» .

    Сярод веснавых свят, якія суправаджаліся адпаведнымі абрадамі і веснавымі песнямі, вылучаецца Вялікдзень, або, як яго тут яшчэ называюць, «Вялічка». На Вялікдзень ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты хадзілі валачобнікі – невялікія гурты моладзі, сярод якіх былі і спевакі, і музыкі (дудачнікі, скрыпачы, бубначы). Яны віншавалі гаспадароў, спявалі валачобныя песні, у якіх выказвалі пажаданні добрага ўраджаю, прыплоду ў статку, дабрабыту і здароўя. Абходы ў мінулым мелі рытуальны характар і былі абавязковымі. Адной з найбольш вядомых валачобных песень у Круглянскім раёне з’яўляецца песня пра сірату, якому не дасталася велікоднае яечка. Сірата адмаўляецца ад іншых падарункаў, але потым згаджаецца на замену. У адных варыянтах ён згаджаецца ўзяць курку-рабушку, у другіх – красную дзеўку. Валачобным песням уласцівы эпічныя апісанні багатага двара гаспадара, яго адзення, незвычайнай прыгажосці яго жонкі і дзетак. Гэта ідэалізацыя ў кантэксце песні і абраду звычайна ўспрымаецца як пажаданне ўсяго таго добрага, што апісваецца ў творы:

... Сядзяць мужчынкі усе вясёлыя,
Хрыстос васкрос, сын Божы.
Радзяць раду ды вялікую,
Куды пайці ў валачэбнікі.
У багатае сяло, у Дарожкавічы.
Багатаму пану ды к Міхалку.
А як жа нам двор узнаці?
А яго двор на пагорачку,
На пагорачку ды на мураўцы.
Вярэічкі пазалочаныя.
Ды вароцейкі ўсё цісовыя
Ды замочкі залатыя...

(в. Дарожкавічы)

    Не менш выразна апісваецца прыгажосць дачкі гаспадара, яе цнатлівасць, што сімвалізуе вянок, набожнасць. Дзяўчына:

Вянок звіла і ў цэркву пайшла.
Хрыстос васкрос, сын Божы.
Стала на ганачкі – ганачкі гнуцца,
Прыйшла ў цэркву – цэрква ззяець,
Прыйшла бліжэй – свечы пылаюць.
Ганачкі гнуцца ад чаравічкаў,
Цэрква ззяець ад лічыка,
Свечы пылаюць ад вяночка.

(в. Лясныя)

    Да валачобных мясцовая традыцыя адносіць песню «А ў нядзельку паранюсеньку», якая і зместам і адсутнасцю тыповага прыпеву істотна адрозніваецца ад астатніх запісаных тут валачобных песень, хаця выконваецца як велічальная сыну гаспадара. Песня звяртае на сябе ўвагу гістарычнымі рэмінісцэнцыямі, упамінаннем турэцкага хана, з якім збіраецца ваяваць малады Іванька, а таксама эпічным стылем. Тут і вобраз багатырскага каня, якога ніхто, акрамя Іванькі, не зловіць і не асядлае, і турэцкага хана, што тройчы адорвае Івана, і сам Іван, які выклікае хана на паядынак. Сярод іншых сюжэтаў валачобных песень, запісаных у Круглянскім раёне, варта адзначыць сюжэт, у аснове якога ляжыць загадванне і адгадванне загадак. Гэтыя песні вельмі блізкія да пашыраных на Беларусі балад, сюжэтным стрыжнем якіх з’яўляецца загадванне і адгадванне загадак. Пры гэтым і ў валачобных песнях і ў баладах вар’іруюцца адны і тыя ж загадкі і адказы на іх. Звычайна гэта: Што на свеце лягчэй усяго? — ногі добрага каня; Што на свеце мякчэй усяго? — маць сыра зямля; Што на свеце ямчэй усяго? — рукі матчыны (в.Старая Радча). У варыянце з в. Лясныя набор загадак некалькі іншы, але таксама вядомы: Хто бяжыць без повада; хто ні спіць ні дзень, ні ноч; хто плача без голасу; што белае не белючы; што чорнае не чэрнючы; што расцець вышэй дрэва? Герой або гераіня гэтых песень, хто правільна адгадае загадкі, выратоўвае свой табун коней і ўступае ў шлюб. Калі ўлічыць, што адгадванне загадак уваходзіла ў розныя старажытныя абрады і рытуалы, у прыватнасці ў абрад ініцыяцыі, то сувязь гэтых твораў з агульнаславянскімі традыцыямі становіцца відавочнай. Можна меркаваць, што ў мінулым усе гэтыя песні ўваходзілі ў структуру велікоднага абраду, як гэта мы зараз назіраем у вёсках Круглянскага і навакольных раёнаў, а ў некаторых рэгіёнах такое структурнае адзінства страцілася, песні-загадкі адарваліся ад абраду, сталі існаваць самастойна і наблізіліся па асобных эстэтычных крытэрыях да балад.

    З летняга цыкла найбольш трывалым аказалася свята Купалы. Па ўспамінах мясцовых старажылаў, яшчэ на іх памяці і пры іх непасрэдным удзеле гэтае свята, у аснове якога ляжалі культ сонца і культ расліннасці, адзначалася вельмі шырока, гучна, было сапраўды масавым. Са святам Купалы былі звязаны розныя павер’і, забабоны, перасцярогі. Лічылася, што ў купальскую ноч цвіце папараць, кветка якой прыносіць шчасце, што ў гэты час актывізуюцца розныя варожыя людзям сілы (ведзьмы могуць адабраць у каровы малако), ад якіх трэба бараніцца, а найбольш надзейныя сродкі – агонь і вада. Як паведаміла Ганна Андрэеўна Сальнікава з в. Міхейкава, моладзь у купальскую ноч хадзіла ў жыта, бліжэй да рэчкі або возера. Шэсце пачыналася з вёскі. Наперадзе ішлі два хлопцы і кацілі старое кола, упрыгожанае кветкамі, з прасунутай у яго калодку доўгай палкай. За імі ішлі ўслед дзяўчаты і хлопцы, музыкі (гарманіст), спявалі. Прыходзілі на месца, плялі вянкі з жыта і кветак, пазней запальвалі кола, якое ў адных вёсках прымацоўвалі да шаста, у іншых (в. Дарожкавічы) узнімалі на дрэва, на кола ставілі вядро з дзёгцем і падпальвалі. Вянкі кідалі на ваду, сачылі, у які бок паплыве ці патоне, і так імкнуліся вызначыць свой лёс. Гадалі аб суджаным і інакш: на ростанях ірвалі (зубамі) траву, клалі яе пад падушку і марылі ў сне ўбачыць жаніха. Каб ахаваць вёску ад варожых сіл, маладыя дзяўчаты ўпрагаліся ў барану і тройчы абыходзілі вёску. Некаторыя лічылі, што калі зробяць гэта, то выйдуць замуж.

    Купальскае свята багатае на песні, у якіх адбіліся многія старадаўнія ўяўленні людзей, апаэтызавана само свята і навакольная прырода. У многіх песнях падкрэсліваецца калектыўны характар свята, абавязковы ўдзел у ім усіх жыхароў, асуджэнне тых, хто ўхіляецца ад агульнай урачыстасці і агульнага рытуальнага дзейства. У адным з варыянтаў купальскай песні, запісанай у в. Прыгані, гаворыцца: «А хто не йдзе на вуліцу, няхай ляжыць калодаю гнілою...» У другім варыянце з в. Шапялевічы гэтая думка выказана больш шырока:

Ой, рана на Івана,
А хто ня йдзець на вуліцу,
Ой рана на Івана,
Ніхай ляжыць калодаю,
Ой, рана на Івана.
Калодаю дубоваю,
Ой рана на Івана.
Дзеткі ж яго цельпушкамі,
Ой рана на Івана.
Цельпушкамі, камушкамі.

    З іншых песень паўстае вобраз Kyпалкі, які абходзіць ніву: дзе ён ходзіць, там жыта родзіць, а дзе Купалава (Іванава) жонка, там родзіць пшонка; Купала сумуе, таму што няма дзе начаваць, яму раяць ісці да Васіля, у якога піва наварана, дачка заручана. У песнях упамінаюцца злы дух, якому папаліся дзве сястрыцы, а таксама сінія і жоўтыя купальскія кветкі:

Ой, рана на Йвана.
Hi хадзі, Ваня, па вуліцы,
Ой, рана на Йвана.
Сустрэнуць дабе красныя дзеўкі,
Ой, рана на Йвана.
Пасеюць цябе ў гародчаку,
У гародчаку-частакольчаку,
Ой, рана на Йвана.
Узайдзе, Ваня, рознымі кветкамі,
Ой, рана на Йвана.
Сіні васілёчкі — вянкі віці.
Ой, рана на Йвана.
Жоўты раманочкі — кветкі шыці.
Ой, рана на Йвана.

(в. Міхейкава)

    Гэты варыянт адрозніваецца ад вядомых купальскіх песень, у якіх упамінанне красак звязана з матывам інцэсту: брат і сястра Іван і Мар’я, якія цудам пазбеглі кровазмяшэння, рассейваюцца ў полі сінім і жоўтым цветам-травой, што ў народзе называюць «браткі». Тут жа размова ідзе пра Ваню і красных дзевак, матыў інцэсту не адлюстраваны. Сярод купальскіх нямала песень любоўнай і сямейнай тэматыкі і жартоўных твораў.

    Да летняга каляндарна-абрадавага цыкла належаць жніўныя песні, якія шырока прадстаўлены ў беларускім фальклоры і ў пэўнай ступені вызначаюць яго нацыянальную спецыфіку. Жніўныя песні – гэта сапраўдны гімн працы і людзям працы, гімн роднай прыродзе, еднасць з якой хлебароб адчуваў заўсёды. Разам з тым у жніўных песнях паўней, чым у іншых абрадавых творах, адлюстраваны сацыяльныя матывы, выказаны пратэст супраць прыгону і прыгнятальнікаў. Звычайна частка жніўных песень прымяркоўваецца да абрадаў зажынак і дажынак, аднак не заўсёды гэтае прымеркаванне і самі абрады тут захоўваюцца, хоць жніўныя песні і зараз бытуюць амаль у кожнай вёсцы Круглянскага раёна. Жніўным песням уласцівы звароты да поля, да нівы, да жыта, да сонейка, у гэтых зваротах і размовах, якія вядзе з імі чалавек, увасоблена яго любоў да зямлі-карміцелькі, беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя. Ідучы з поля, жнейкі спявалі:

Дабранач табе, шырокае поля,
Жыта ідраноя.
Вам на здароўя, жнейкі маладыя,
Сярпы залатыя,
Аставацца, а заўтра раненька,
Як сонейка ўзойдзець,
А бярьще хлеба па бухані
I вады па біклазі,
А сжынайце шырокае поле,
Жыта ідраноя.
Hi магу ж я ў полі стаяці,
Каласка дзіржаці.
Я ж толькі магу ў полі капамі,
А на гумне стагамі.
На гумне, гумне стагамі,
А ў таку тарпамі (старанамі),
А на стале пірагамі.

(в. Міхейкава)

    Цяжкая праца вымушала жней звяртацца да сонейка, каб яно хутчэй заходзіла, каб хутчэй яны маглі пайсці дамоў. Гэты паэтычны матыў уласцівы многім жніўным песням, хоць распрацоўваецца ён у розных творах неаднолькава.

    Найбольш вядомы прамы дыялог жнейкі з сонейкам:

Маладая малодачка з сонейкам размаўляла:
— Каб ты позненька да не заходзіла,
Каб раненька да не ўставала.
— Маладая малодачка, бязумная галовачка,
Хоць я рана зайду — цябе ў полі астаўлю,
А хоць позна ўзайду — цябе ў полі знайду.

(в. Лыскаўшчына)

    Многія жніўныя песні, што бытуюць у Круглянскім раёне, можна аднесці да агульнабеларускай спадчыны, яны пашыраны па ўсёй Беларусі. Адна з такіх агульнавядомых песень – пра свякроўку, якая звалілася з печкі (з тыну).

Пусці ж, паня, й дамоў рана,
У мяне ў домі біда стала.
Свякроў з печы звалілася,
А ў крапіўку ўвалілася.
Hi жаль жа мне свякровачкі,
А жаль жа мне крапівачкі.
Я й крапіўку свінням ссяку,
Я й свякроўку на гні спяку.

(в. Шапялевічы)

    Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі таксама багаты і разнастайны, хоць межы яго не заўсёды акрэслены дастаткова выразна. Звычайна ў яго ўключаюць песні, што суправаджалі ўборку ярыны, бульбы, ільну, некаторыя іншыя восеньскія работы. Мясцовая традыцыя пашырае паняцце «восеньскія песні», уключае ў яго разнастайныя творы, якія ў іншых рэгіёнах адносяцца да розных жанраў і жанравых разнавіднасцей пазаабрадавай паэзіі. Часам песні восеньскія называюцца таксама і мікольскімі, хоць уласна мікольскія, звязаныя з гэтым святам і з пераносам абраза, займаюць сярод іх нязначнае месца.

    У в. Шапялевічы, як у журавіны хадзілі, спявалі восеньскую песню «Доля», у якой выразна чуюцца скаргі на горкае жыццё:

А доля ж мая, доля,
А чаму ж ні такая,
А як доля, людская.
Людзі ж п’юць і гуляюць
I ўсё добрае маюць.
Я ж ні п’ю, ні гуляю,
Я й нічога не маю.
Абазвалася доля,
Ой, на тым баку мора,
На крутым беражочку,
Ой, на жоўтым пясочку.
Каб ты долю ні ўклінала,
Ты бы шла і гуляла,
Ты ж ба ў пір і ў бяседу
I к добраму саседу.

    У іншых восеньскіх песнях малююцца ўзаемаадносіны паміж членамі сям’і, апавядаецца аб лёсе сіраты, аб жыцці маладой жанчыны ў доме мужа. На перасцярогу маці не хадзіць на вуліцу, не спяваць, не слухаць гуслі дачка адказвае:

Ня песні з ума звядуць,
Ня гуслі састараюць,
Звядзець з ума ліхі муж.
Састаруюць дробныя дзеткі.

    На той падставе, што восенню адбываецца набор у салдаты, да восеньскіх адносяцца на Кругляншчыне рэкруцкія песні і ўвогуле песні ваеннай, салдацкай тэматыкі. Сярод іх «А ў Маскве, Маскве ў сталіцы», якая перадае роспач адарваных ад сваіх сем’яў жанатых салдат: пакуль яны прыйдуць з войска, «новыя хаты папусцеюць, маладыя жоны заўдавеюць, а дробныя дзетачкі пасірацеюць». Не меншае гора прыносіла салдатчына бацькам навабранца, якія пазбаўляліся работніка, нярэдка – адзінай надзеі і апоры ў сям’і:

Маці сына ў салдаты праважала,
Пад зялёным гаім пастаяла.
Уздыханнем вецця паламала,
Слёзкамі карэння пазмывала...

(в. Міхейкава)

    Сямейна-абрадавая паэзія, якае ўключае хрэсьбінныя, вясельныя (свадзёбныя) песні і хаўтурныя галашэнні таксама мае ў Круглянскім раёне некаторыя адметныя рысы. Гэта – шырокае развіццё і добрая захаванасць хрэсьбінных песень, якія, на думку многіх даследчыкаў, больш багата прадстаўлены ў беларускім фальклоры, чым у творчасці астатніх усходніх славян – рускіх і ўкраінцаў. Гэта думка пацвярджаецца і фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі Круглянскага раёна, дзе даволі поўна захаваўся хрэсьбінны абрад і песні. У структуры абрада заўсёды прысутнічае «бабіна каша», захавалася традыцыя пераапранання некаторых удзельнікаў абраду (зараз – у доктара або міліцыянера), павітуху возяць у калясцы (на калёсах) і інш. Галоўныя персанажы хрэсьбінных песень – парадзіха, нованароджаны, яго бацька, павітуха, кум і кума. У песнях выказваюцца добрыя пажаданні дзіцяці, шчырая ўдзячнасць павітусе, хоць пры ўсёй сапраўднай павазе да яе яна нярэдка бывае аб’ектам добразычлівых жартаў. Жартуюць таксама з бацькі нованароджанага, але найчасцей – з кума і кумы.

Круглянский район

    Калі бабка першы раз купае хлопчыка, яна прыгаворвае:

Мыйцеся, ручкі-ножачкі,
Добра бегайце па дарожачкі.
Каб вы шчаслівымі былі,
Гора не ведалі.
Падару цябе калечка,
Каб добрым было сардэчка.
Падару цябе бусікі,
Каб раслі вусікі.
Падару цябе плець,
Каб добрую жонку мець.

(в. Дразды)

    Некалькі іншыя пажаданні выказвала бабка, калі мыла дзяўчынку:

Мыйцеся, ручкі – ножачкі,
Добра бегайце па дарожачкі.
Расціце, валосікі, длінна,
Каб каса была завідна.
Падару цябе баціначкі,
Каб багата была ў скрынячкі.
Падару цябе вяночак,
Каб добры папаўся галубочак.

(в. Дразды)

    У песнях бабка малюецца чулай і клапатлівай, яна спяшаецца да свайго ўнучка з рознымі падарункамі: з парасёнкам, з вопраткай, з абуткам, з капейкай, з пірагом; яе частуюць, прапануюць выпіць чарачку віна, абяцаюць адвезці дамоў на кані ці нават на дванадцаці валах. Ёй спяваюць:

Запражыця, запражыця а дванаццаць валоў,
Адвязіця, адвязіця а бабульку дамоў.
А валы ж ня йдуць упіраюцца.
А бабулька на кут падзвігаецца.

(в. Шапялевічы)

    Гэтую ж песню спяваюць таксама куму і куме. Некаторыя жартоўныя хрэсьбінныя песні ў адрас бацькі дзіцяці, кума і кумы мелі эратычную афарбоўку. Так, напрыклад, у песні, адрасаванай бацьку нованароджанага, падкрэсліваецца, як ён адмыслова «скаваў» дзіця і абышоўся без кавальскіх прылад:

А спасіба кавалю,
Што дзіця скаваў,
Нам гулянейка даў,
У ручкі не хукаў,
Малатком не стукаў,
А дзіця скаваў...

(в. Угляны)

    Кум малюецца неабыякавым да кумы, ён заляцаецца да яе, робіць падарункі, прапануе дапамогу ў гаспадарцы, бярэцца пасеяць канапелькі, потым іх убраць, змалаціць, прадаць і прапіць выручаныя грошы. Купіўшы куме боцікі, кум

На ножкі адзеў
Ды на кумку паглядзеў:
Ой, ты ж кумачка-кума,
Да чаго ж ты хараша.
(в. Лясныя)

    Вясельная паэзія, таксама як і радзінная, захавалася і даволі актыўна яшчэ бытуе ў многіх вёсках. Яе далейшы лёс залежыць ад захаванасці вясельнага абраду, яго цэльнасці і завершанасці. На жаль, апошнім часам усё часцей вяселле губляе сваю нацыянальную першааснову, выпадаюць яго многія важныя звёны, замест традыцыйных песень гучаць замежныя шлягеры ў прымітыўным выкананні, што адбываецца ў выніку нашага нацыянальнага нігілізму, недаацэнкі або проста ад неразумення вялікага значэння спадчыны. Той жа вясельны абрад кожным сваім дзеяннем, кожнай песняй быў накіраваны на ўмацаванне шлюбу, на забеспячэнне шчасця маладых і іх нашчадкаў. І сватанне, дзе бацькі маладых дамаўляліся аб умовах шлюбу, аб пасагу і іншых важных для далейшага сумеснага жыцця маладых пытаннях, і запоіны («малыя заручыны»), і змовіны («вялікія заручыны»), і зборная субота (дзявочы вечар, «вянкі»), і каравай, і пасад, і дзяльба каравая не толькі стваралі пачатковую матэрыяльную базу будучай сям’і, але і рыхтавалі маладых маральна, вучылі адказнасці, павазе, згодзе, падкрэслівалі, што ў аснове сямейнага шчасця заўсёды былі ўзаемнае каханне, шчырая праца, добрыя дзеткі. Усе гэтыя думкі найбольш поўна і паслядоўна, па-мастацку завершана выказаны ў вясельных песнях, у якіх чуюцца і сур’ёзныя развагі, і жарт, і велічанне маладых, і сум нявесты, якая расстаецца з бацькамі, з роднай хатай, з сяброўкамі, і настроі ўдзельнікаў вяселля. Вясельныя песні, прыгаворы, жарты – неад’емная частка кожнага этапу вяселля, якое ў адпаведнасці з мясцовай круглянскай традыцыяй уключала сватанне, заручыны, зборную суботу або дзявочы вечар і само вясельнае застолле з пасадам маладых, дзяльбой каравая і іншымі важнымі эпізодамі. Спяваліся песні ў той момант, калі малады збіраўся ў дарогу да маладой, калі прыязджаў у двор нявесты, калі ехаў з маладой у свой двор, калі маладых сустракалі бацькі жаніха, і ўсе гэтыя творы сваім зместам і настроем дакладна адпавядалі сітуацыі. Вясельныя песні раскрываюць і сцвярджаюць тыя жыццёвыя і маральныя прынцыпы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і з’яўляліся народным маральна-этычным кодэксам. I на першым месцы ў гэтым няпісаным кодэксе была працавітасць, сціпласць, павага да старэйшых. Праводзячы дачку, маці навучае яе:

... Як пойдзеш ты ў ціхенькі Дунай па ваду,
Паставіш ты новыя ведры на ляду,
Сустрэнеш там старых людзей грамаду.
Ты ж нізенька дый пакорненька пакланіся.
А скажуць людзі: добрага роду татулька.
А скажуць людзі, што і разумна матулька.

(в. Шапялевічы)

    Гэтыя ж думкі выказаны ў песні-дыялогу паміж родам нявесты і родам жаніха, запісанай у в. Лыскаўшчына, «А сваточкі-галубочкі, просім вас».

    Вясельныя песні малююць вобраз працавітай, сціплай, кемлівай жанчыны, якая і ў чужой сям’і не губляецца, можа тактоўна і дасціпна адказаць свякрусе. Часам загады апошняй вельмі падобныя на загадкі, якія трэба не толькі адгадаць, але і дакладна выканаць:

Загадала маці чужому дзіцяці работу:
Каб на моры белае плацце памыла,
Каб на яворы белае плацце сушыла.
Каб на небе белае плацце качала.
Чужое дзіця сумела маці адказаці:
- Я ж не вутачка, каб я на моры намыла,
Я ж ня белачка, каб на яворы сушыла,
Я ж ня зорачка, каб на небе качала.
Я ж памыю белая плацця ў карыці,
Я ж пасушу белая плацця на сонцы,
Я ж пакачаю белая плацця на ўслонцы.

(в. Міхейкава)

    Асобнае месца ў вясельнай паэзіі займалі песні, якія выконваліся на вяселлі дзяўчыны-сіраты. Яны прасякнуты сумам, спачуваннем сіраце, якая ідзе на магілу маці, просіць яе парады і благаславення, жаліцца ёй на сваю горную долю. Але сярод вясельных песень пераважалі творы велічальнага характару, з якіх паўставалі ідэалізаваныя вобразы маладых – князя і княгіні. Яны прыгожыя, у багатым адзенні, на добрым кані, з вялікай дружынай. Ствараліся гэтыя вобразы пры дапамозе разнастайных паэтычных сродкаў: сімволікі, паралелізму, эпітэтаў, памяншальна-ласкальных суфіксаў і г.д. Значэнне некаторых сімвалаў раскрываюць самі песні:

А ў нядзелічку ранінька
Галічка мамульцы сон кажэць:
- Бачыла я, мамулька, дзіўны сон.
Каля нашых варот рэчка йшла,
А па той рэчанькі плыў плала.
А міз тыя плыві чаўночак.
А ў тым чаўночку сілязенька,
Кала сілязенькі вутачка.
А ня сон ты кажаш – праўдачку.
А ня рэчка плыла – сватаўё,
Ой, ні чаўночак – вазочак,
Ой, ні сілязенька – Іванька,
Ой, ня вутачка – Галічка.

(в. Міхейкава)

    Вясельны рэпертуар уключаў таксама жартоўныя песні. Яны маглі быць дастаткова з’едлівыя, але ніколі не пераходзілі ў абразу. Жартавалі з свата, нібы ён скупаваты і не хоча раскашэліцца на падарункі, з жаніха, якому прыпісваліся розныя недахопы. Асаблівага напалу дасягалі паэтычныя спрэчкі дружыны маладога і дружыны маладой. У песнях кожны з бакоў імкнуўся падкрэсліць свае перавагі і недахопы супраціўніка. Разам з тым многім жартоўным песням уласцівы мяккі гумар. Жаніх уздыхае пасля вяселля, кажа, што ўзяў сабе «біспакой»: «Пасцеліш пасцельку – кладзісь з ёй, папросіць вадзіцы – падай ёй». Маладая таксама ў роспачы, бо жаніх вельмі малы: «Што ж я буду з ім рабіці, ці ў пялёначкі ўкруціці».

    Атмасфера весялосці, жыццярадаснасці падтрымлівалася рознымі жартамі, прыгаворамі, якія, як і песні, дастасоўваліся да розных этапаў вяселля ад сватання да дзяльбы каравая. Сваты, як таго патрабавала традыцыя, звычайна пачыналі сваю размову іншасказальна, як купцы, што прыйшлі таргаваць цёлачку, да якой прыбіўся іхні бычок. Але найбольшую прастору для традыцыйных жартаў і імправізацый давала дзяльба каравая і адорванне маладых. Вось некаторыя пажаданні: «Дарую курачку-нясушку, каб нарадзіла сына і дачушку»; «Дарую серабро, каб было жыць дабро»; «Дарую курачку-квахтуху, каб пацалавала нявестка свякруху»; «Дарую зялёную рошчу, каб жаніх пацалаваў цёшчу» (в. Конанавічы). Багацце абрадавай паэзіі, якая сёння яшчэ актыўна бытуе або толькі захоўваецца ў памяці людзей старэйшага ўзросту, можа стаць добрай крыніцай адраджэння ўсяго спектра нацыянальных традыцый у раёне.

    Шырока бытуюць на Кругляншчыне творы, не звязаныя з абрадамі. Звычайна яны падзяляюцца на некалькі жанравых і сюжэтна-тэматычных груп, гэта любоўная і сямейна-бытавая лірыка, сацыяльна-бытавыя (рэкруцкія і салдацкія) песні, балады, жартоўныя, калыханкі. У любоўных і сямейна-бытавых песнях, як сведчыць іх назва, галоўная тэма – тэма кахання і сямейнага жыцця. У многім яны пераклікаюцца з абрадавымі песнямі, але, свабодныя ад розных рэгламентацый, значна пашыраюць тэматычныя межы. Песні раскрываюць душэўны стан дзяўчыны: яна марыць аб сваім каханым, аб шлюбе з ім, сумуе, калі яго няма побач, знаходзіцца ў роспачы, калі не адчувае ўзаемнасці ці калі каханы здраджвае ёй. У сямейна-бытавых песнях дамінуе тэма няўдалага замужжа. Жанчына скардзіцца на мужа-п’яніцу, ад якога, акрамя абразы, нічога не бачыць. Яе становішча ў чужой сям’і часта ўскладняецца непрыязнымі адносінамі з боку свекрыві, якая асуджае кожны яе крок. Разважаючы аб сваім нясклаўшымся сямейным жыцці, жанчына звяртаецца да свайго мужа:

За што, за што, мой міленькі, злуеш,
Нашто, нашто мае падушачкі псуеш?
Ой, ехаў ты з зялёнага гаю,
Нашто ты браў, калі ніхто не раіў?
Ехаў ты поўз зялёнага дубу,
Нашто ты браў, калі цябе не люба?
Ехаў ты ля белай бярозы,
Сватаў мяне не п’яны, а цвярозы.

(в. Цяцерына)

    Народная мараль асуджае п’янства, чэрствасць, зняважлівыя адносіны да жанчыны, але яшчэ больш непрымірыма яна ставіцца да тых, хто зневажае сваіх бацькоў. Гэта думка выказана ў песні «На вуліцы гоман», запісанай у в. Шапялевічы. Сын абвінавачвае матку ў тым, што яна «дзяцей пасушыла, жонку згубіла», і праганяе яе з двара, але хутка бяжыць услед за ёй, просячы вярнуцца. У песні «Леты мае маладыя» (в. Філатава) чуецца роздум аб пражытым, выказана жаданне вярнуць маладосць. У больш поўных варыянтах гэтай песні, запісаных у розных рэгіёнах рэспублікі, падкрэсліваецца неабходнасць шанаваць «годы маладыя», як і ўласнае здароўе.

    Тэма сямейных адносін вызначае змест народных балад – ліра-эпічных песень, пабудаваных на востра драматычным канфлікце, дзе сутыкаюцца каханне і здрада, шчырасць і мана. Шырока вядомая ўсім усходнім славянам балада пра нявестку, заклятую свякрухай у таполю (каліну). Запісаная ў в. Цяцерына песня апавядае аб тым, як маці, сустрэўшы сына з арміі, пасылае яго ссячы таполю, у якую была заклята яго жонка:

Секануў адзін раз -
Веткі нахінулісь,
Секануў другі раз-
Яна загаварыла:
- А ты, мой міленькі,
Я ж твая Галіна,
Распахні лісточкі -
Там наша дзяціна.

    Матыў ператварэння чалавека ў расліны, жывёлы, птушак – вельмі старажытны матыў, які ўзнік яшчэ ў тыя часы, калі чалавек быў шчыра перакананы ў магчымасці такога пераўвасаблення. Падобныя метамарфозы, звязаныя з міфалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў, уласцівы многім чарадзейным казкам, а таксама іншым баладам, у прыватнасці тым, у якіх распрацоўваецца сюжэт «Дачка-птушка»: маладая жанчына, сумуючы па сваіх родных, ператвараецца ў зязюлю і прылятае ў бацькоўскі сад; браты збіраюцца застрэліць птушку, але бацькі спыняюць іх, пазнаючы ў зязюлі сваю дачку. Падобныя балады вядомы і ў Круглянскім раёне.

    Разглядаючы восеньскія песні, мы адзначалі, што мясцовая традыцыя адносіць да іх рэкруцкія і салдацкія, хоць звычайна гэтыя творы класіфікуюць як сацыяльна-бытавыя. Акрамя памянёнай вышэй рэкруцкай «А ў Маскве, Маскве, у сталіцы», у в. Старая Радча была запісана яшчэ адна рэкруцкая песня «Плача пташачка ва сырым бару», сюжэт і вобразы якой вельмі рэдка сустракаюцца ў апублікавайых матэрыялах. Песня пабудавана на паралелізме: у птушкі разарылі гняздо і забралі птушаня – у жанчыны асірацела хата, калі забралі ў салдаты сына. У гэтай жа вёсцы была запісана таксама салдацкая песня «Ой ты поле, поле чыстае», якая, наадварот, шырока вядома ў беларускім, рускім, украінскім фальклоры. Варыянт яе запісаны і ў в. Марцянавічы. У песні створаны вобраз паміраючага воіна, які ляжыць пад ракітавым кустом (вярбой) і наказвае каню перадаць родным сумную вестку, ужываючы пры гэтым вядомае іншасказанне «смерць – вяселле»:

... А жане маладой перадай на словах,
Што жаніла мяне куля свінцовая,
Абручыла мяне шабля вострая,
Павянчаў мяне гроб цясовы.

    Гумарыстычныя і сатырычныя песні закранаюць розныя бакі жыцця, у тым ліку і сямейныя адносіны. I калі ў сямейна-бытавых песнях тэма нялюбага мужа набывае часам і драматычную афарбоўку, у гумарыстычных яна трансфармуецца ў тэму старога мужа, а канфлікт вырашаецца яго асмяяннем. Два варыянты песні пра старога мужа «Ажаніўся стары дзед» і «Ва ўсіх мужы маладыя» былі запісаны ў в. Марцянавічы. У процілеглым ключы гучыць жартоўная песня «Як паедзем», запісаная ў в. Філатава, якая з гумарам апавядае аб згодзе ў сям’і:

Як паедзем, паедзем
Ды к татку ў госці,
Як вып’ем мы, вып’ем
Мой муж – вінца,
Я малада – піўца,
Дзеткі – мёду.
Мёду, ду-ду-ду, мёду.
Як закусім, закусім
Мой муж – пірагом,
Я малада – тварагом,
Дзеткі нашы – сырам.
Як станцуем, станцуем
Мой мужык – казак,
Я малада – кракавяк,
А нашы дзеткі – гапак.

    Побач з гумарыстычнымі песнямі народ ствараў і сатырычныя творы, у якіх выкрываў сацыяльную няроўнасць, несправядлівасць, іншыя заганы ў грамадстве. Так жа непрымірыма ён адносіўся да розных амаральных учынкаў. Характэрна, што гэта традыцыя, якую можна прасачыць у старадаўніх песнях і казках, трымаецца і нават развіваецца сёння, аб чым сведчыць запісаная ў в. Смагілаўка песня «Нясе Надзя воду». Песня ўзнікла ў наш час як наследаванне вядомай украінскай песні «Нясе Галя воду». Новы твор, выкарыстоўваючы мелодыю і рытмічную будову першакрыніцы, гнеўна крытыкуе заганы нашага жыцця, чэрствасць, бяздушша, эгаізм, імкненне да абагачэння, нават за кошт сваіх блізкіх – усё тое пачварнае, што ўсплыло на паверхню ў нашы дні. Упершыню адзін з варыянтаў гэтай песні быў запісаны ў 1983 г. у Жыткавіцкім раёне. Відаць, актуальнасць яе садзейнічала даволі хуткаму і шырокаму распаўсюджанню ў межах рэспублікі. Круглянскі варыянт карацейшы за жыткавіцкі, ёсць адрозненні ў сістэме вобразаў: у жыткавіцкім – зяць і цешча, у круглянскім – гэта сын і маці, што яшчэ больш узмацняе крытычны напал. Песня расказвае пра пакуты маці, якая аддала ўсё жыццё дзецям, прадала хату, а прытулку сабе не мае:

... А чыя ж то маці ў сяле блукае,
Ці не тога сына, што машыну мае?
Адзін сын – маёрам, другі – пракурорам,
А бедная маці сядзіць пад заборам...

    Фальклорныя песні савецкай тэматыкі даволі рэдка трапляюцца цяпер у песенным рэпертуары, таму так прыцягвае ўвагу даследчыка запісаная ў в. Цяцерына «Лагерная песня», якая апавядае пра пакуты савецкіх дзяўчат, вывезеных фашыстамі ў Германію, дзе іх выкарыстоўвалі на самых цяжкіх работах. У в. Дарожкавічы была запісана яшчэ адна песня часоў Вялікай Айчыннай вайны, пераробка «Лявоніхі», у якой гаворыцца аб справах партызан-кулямётчыкаў.

    Завяршаючы кароткі агляд песеннай творчасці, неабходна адзначыць шырокае бытаванне калыханак, якія і сёння захоўваюць сваю асноўную функцыю – стварьщь дзіцяці адпаведны настрой, каб яно хутчэй заснула. Разам з тым калыханкі адыгрываюць вялікую пазнавальную і выхаваўчую ролю. Яны знаёмяць дзіця з навакольным светам, з жывёламі і птушкамі, з прыладамі працы і хатнім начыннем. Праз калыханкі з іх зразумелымі вобразамі і сітуацыямі («Каток паймаў рыбку за хвасток», «Пайшоў коцік на таржок, купіў Колю піражок») дзіця рыхтавалася да ўспрыняцця больш складаных вобразаў і сюжэтаў, яно назапашвала неабходны мінімум для далейшага этычнага і эстэтычнага выхавання. I што не менш важна, праз калыханкі дзіця знаёмілася з роднай мовай, адчувала яе настрой, напеўнасць, маляўнічасць. Вось чаму так неабходна захаваць і надалей гэтыя творы ў нашым паўсядзённым быце, зрабіць так, каб у аснову эстэтычнага выхавання была пакладзена нацыянальная народная паэзія.

    Частушкі і прыпеўкі да танцаў у Круглянскім раёне ў значнай частцы паўтараюць ужо вядомыя па ранейшых публікацыях, бытуюць як на беларускай, так і на рускай мовах. Тэматыка іх разнастайная, але пераважаюць лірычныя і жартоўныя:

Ой, мамачка, люблю Ваню.
Любі, дачка, даўно знаю.
Ой, мамачка, люблю Колю.
Любі, дочка, даю волю.
Надаела, надаела
На дарогу выбягаць.
Нідзе мілага не відна,
Толькі кусцікі стаяць.

    Творы апавядальных жанраў у нашых запісах прадстаўлены небагата, але гэта яшчэ не падстава для вывадаў, што Круглянскі раён бедны на казкі, легенды, паданні. Амаль усе інфарматары сталага ўзросту, ад якіх запісвалі песні, у той ці іншай ступені валодаюць казачным рэпертуарам, разлічаным на дзіцячы ўзрост, і расказваюць казкі сваім унукам. Найбольш пашыраныя – казкі пра лісу, ката, пеўніка, пра лісу, што паласавалася рыбай з сялянскіх санак, пра казу-манюку.

    У в. Хралішчава запісана некалькі былічак – забабонных апавяданняў пра сустрэчы з ведзьмарамі, чарцямі, русалкамі, якія нібыта адбываліся з самімі апавядальнікамі або з іх знаёмымі. Вось як, напрыклад, апісваецца русалка. «Жывуць каля нашай вёскі русалкі, сама бачыла, і не толькі я. Пра русалак у нас усе ведаюць. Ішла я аднойчы з лесу – па ягады хадзіла – бачу, перада мной русалка стаіць. А выглядае яна як звычайная жанчына, прыгожая нават, з доўгімі валасамі і без усякага адзення. А хваста ніякага у яе няма, гэта толькі ў казках малым дзецям гавораць. Пашчасціла мне на гэты раз, не прыкмеціла яна мяне. А як прыкмеціць русалка чалавека, дык падыходжвае і шчыкатаць пачынае. Калі не ўбяжыш, дык да смерці зашчыкочыць. Вось што я вам скажу: як убачыце русалку, бягіце ад яе ды лезьце чэраз межы папярок дарогі, а ўздоўж бегчы нельга, бо ніколі не ўбяжыш».

    Цікавыя звесткі аб засяленні краю, аб яго мінулым, аб першапраходцах, аб паходжанні назваў тых ці іншых населеных пунктаў, урочышчаў, іншых аб’ектаў захавалі мясцовыя тапанімічныя паданні. У адных выпадках паходжанне назвы гістарычная памяць народа звязвае з прозвішчам першапасяленцаў, у другіх з асаблівасцямі прыродных умоў, у трэціх з гістарычнымі падзеямі, якія тут мелі месца. Не заўсёды такія звесткі дакладныя, але яны адлюстроўваюць імкненне людзей зазірнуць у мінулае, адшукаць свае карані, канкрэтызаваць гісторыю. Не заўсёды таксама яны набываюць разгорнутую завершаную мастацкую форму, але абавязкова нясуць адпаведную інфармацыю. Існуе, напрыклад, некалькі мясцовых паданняў, якія звязаны з назвай вёскі Філатава і яе наваколлем. Па адной версіі назва звязваецца з прозвішчам чалавека, які першым пасяліўся ў гэтай мясцовасці, па другой – вёску заснавалі беглыя людзі, якія ўцякалі ад цара. Галоўным сярод іх быў нехта Філатаў. Вёска Някрасава раней называлася Царэўск. Па паданнях старая назва ўзнікла таму, што тут у час палявання спыняўся на начлег нейкі цар. У другой версіі гаворыцца, што цар надзяліў тутэйшых сялян зямлёй і ад гэтай царскай міласці пайшла назва. Вытокі назвы вёскі Саннікі звязваюць з заняткам яе першапасяленцаў, якія выраблялі добрыя санкі. Перад Філатаўскім лесам недалёка ад в. Някрасава (Царэўск) ёсць мясціна, якая мае назву Каменка. Тут шмат камянёў і крынічных мясцін. Паданне гаворыць, што на адным з вялікіх камянёў быў адбітак чалавечага следу, які мясцовыя жыхары лічылі следам Маці Боскай. Дарэчы, падобныя паданні пра камяні, на якіх нібыта захаваліся адбіткі слядоў Маці Боскай, шырока распаўсюджаны і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Такім жа агульнавядомым з’яўляецца паданне пра шведавы курганы. Гэту назву маюць курганы на полі паміж вёскамі Хралішчава і Саннікі. Даволі многа мясцовых паданняў звязана з вёскамі Ваўканосава, Казаброддзе, Кунцы, Сіманавічы і адметнымі мясцінамі вакол іх. Ад імя гаспадара сядзібы з в. Кунцы Піліпа ўтварылася назва балота, што было паблізу ад яго двара. Гэта балота мела благую славу, ім пужалі малых дзяцей, казалі ім: «Не хадзіце, дзеткі, далёка, а то выскачуць рагатыя, лахматыя, насатыя чэрці з чырвонымі паясамі ды й пахапаюць, зацягнуць вас у Піліпава балота». Іншыя назвы ў паданнях звязваюцца з імёнамі заснавальнікаў вёсак (Сіманавічы), уладальнікаў зямельных угоддзяў (Лазоўшчына каля Казаброддзя), заняткамі жыхароў (Казаброддзе) і інш.

    Яшчэ адну жанравую групу вуснапаэтычнай творчасці складаюць так званыя малыя жанры: прыказкі, прымаўкі, выслоўі, загадкі. Яны звязаны з моўнай практыкай, падагульняюць выказаную думку, нейкае назіранне, разважанне, робяць мову яркай, маляўнічай, вобразнай і неаддзельныя ад кантэксту, у якім былі ўжыты. Успамінаючы свайго родзіча, які добра расказваў казкі, адна з спявачак дадала: «Той скажа, як звяжа», другая, характарызуючы той запал, уздым, з якім некалі спявалі дзяўчаты на Купалле і іншых святах, зазначала: «Стануць пець, як дух прэць», а потым паўтарыла: «Як пець – дух прэць». Уважліва прыслухоўваючыся да народнай мовы, можна скласці цэлы зборнічак прыказак, прымавак, выслоўяў. Вось яшчэ некалькі прыкладаў прыказак і прымавак, запісаных школьнікамі раёна: «Хто спяшыць, той людзей смяшыць; Не хваліся ў тры дні, а хваліся ў тры гады; Дома і салома ядома; Не мыешся рукамі, дык абмыюць языкамі; Як ваўка не кармі, ён ўсё роўна ў лес глядзіць; Як пашыеш, так і зносіш; Пільнуй гаспадаркі – будуць на патэльні шкваркі; Чужое дабро бярэ за рабро; Добрая слава дома ляжыць, а благая па дарожцы бяжыць; Чужыя сцены вушы маюць; Малы жук ды вялікі гук; Паробіш да поту – пад’ясі ў ахоту; Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды йдуць; Запас бяды ні чыніць; Ласы на чужыя каўбасы; Пытаецца люты, ці добра абуты; Хадзі ў латаным, ды не ў хватаным; Каб не клін ды не мох, дык бы плотнік здох; Скрыпучае дрэва доўга жыве; На табе, божа, што нам нягожа; Сем вёрст да нябес і ўсе лесам; Якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын; На чужы раток не ўскінеш платок; У каго матка, у таго і галоўка гладка; Не выбірай дзяўчыну на ігрышчы, а на ржышчы; Хто ўкраў парася, у таго і ў вушах вішчыць; Гаварыў бог, каб і ты памог; Бяда не ходзіць адна».

Круглянский район

    Загадванне загадак калісь уваходзіла ў абрады, потым гэты звычай традыцыяй быў звязаны з каляднымі вечарамі і супраткамі, на якія збіралася моладзь. Зараз такога прымеркавання няма, загадкі загадваюць у вольны час бацькі сваім дзецям, настаўнікі малодшых класаў вучням; бытуюць таксама загадкі, разлічаныя на дарослую грамаду, некаторыя з іх двухсэнсоўныя, па словах інфарматараў «брыдка загадваюцца, але добра адгадваюцца». У в. Гатоўшчына, напрыклад, бытуюць загадкі: «Поўна бочачка круп, а наверсе струп» (мак), «Поўна бочачка віна, а ні дзірачкі, ні дна» (яйка), «Поўна хата вераб’ёў нагната» (гарбуз), «Матка-таўстуха, дачка-краснуха, а сын – пірабор, пабег на двор» (печка, агонь, дым), вядомыя і ў іншых вёсках раёна. Варыянт апошняй загадкі пра печку, агонь і дым быў запісаны ў в. Комсенічы. Там жа былі запісаны і іншыя творы гэтага жанру: «Адзін лье, другі п’е, а трэці расце» (дождж, зямля, трава); «Вісіць, вісіць, баўтаецца, а за яго ўсе хватаюцца» (ручнік); «Кроў маю п’юць, косці мае паляць, маімі рукамі адзін аднаго б’юць» (бяроза); «Хто ў лазе на адной назе?» (грыб); «Бяру, бяру – не выбяру, мяту, мяту – не вымяту, прыйдзе пара – пойдзе сама» (цень); «У Рыкулі чатыры кулі, а ў Іржэ толькі дзве» (карова і кабыла).

    Падводзячы вынікі кароткага агляду вуснапаэтычнай творчасці, якая сёння бытуе або толькі захоўваецца ў памяці людзей старэйшага пакалення, трэба яшчэ раз адзначыць яе жанравую разнастайнасць, багацце, своеасаблівасць і высокi мастацкі ўзровень абрадавай паэзіі.

    I ў тым, што і сёння жывуць паэтычныя скарбы, гучаць цудоўныя песні і казкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі і частушкі вялікая заслуга тых таленавітых людзей, якія захоўваюць іх і шчыра дзеляцца з усімі, хто здольны ацаніць гэтыя пярліны народнага мастацтва. Яшчэ не вельмі даўно, у даваенныя часы, калі збіралася моладзь Кругляншчыны на розныя святы стваралі круг, у сярэдзіну яго для сольнага выканання выходзілі лепшыя спявачкі, знаўцы традыцыі. I калі пра каго казалі «яна на кругу пела», гэта гучала як вышэйшая ацэнка мастацкіх здольнасцей. Большасць нашых інфарматараў, хто дзяліўся з намі песнямі, «пелі на кругу». Яны заслугоўваюць глыбокай павагі і шчырай удзячнасці. Гэта Г.А. Сальнікава, М.К. Кошкіна і М.Г. Чубікава з в. Міхейкава, В.П. Палякова з в. Шапялевічы, А.Дз. Глінская і Л.С. Мазок з в. Марцянавічы, М.І. Краўцова з в. Конанавічы, Ф.А. Варгульская з в. Арава, М.Д. Аўчыннікава з в. Дарожкавічы, Н.Ф. Пузынка з в. Лясныя, І.М. Зайкоўская з в. Ст. Радча, М.І. Котава з в. Цяцерына, Я.Я. Марозава з в. Паўлавічы, М.У. Плахоцкая з в. Філатава і многія іншыя, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё культуры Кругляншчыны.


З ПЕСЕННАЙ СПАДЧЫНЫ КРУГЛЯНШЧЫНЫ



Паставая

Аддаў мяне бацька замуж далёка.
А сказаў мне бацька ў госці не хадзіць.
А жыву я гадок, жыву другі,
А на трэці год я ў госці хачу.
Папрасіла б каня, каня не дадуць,
А пайшла б я пяшком, пяшком не дайду.
А скінуся, малада, дробнай пташкаю,
А палячу, малада, к татку ў садок,
Сяду, паду, малада, на белы цвяток.
Запяю я песеньку дужа жалкую,
Ці не зачуе гэта мая мамачка.
А што ж гэта ў нашым садзе праявілася?
А брат на двары ходзіць, ружжо набівае,
Ён гэту зязюльку застрэліць хоча.
- Не страляй, не страляй, сынку, мой сынок.
А гэта ж не зязюлька, сястрыца твая родная.
Як кінуся, малада, з таскі я ў лясы.
Сяду, паду, малада, я на елачку.
Не скрыпі, не скрыпі, елачка, я не дзевачка,
Не скрыпі, не скрыпі, сосна, мне і так тошна.
(запісана ў в. Елькаўшчына)

Калядныя

Калядачкі, вы скарэй, скарэй,
Прынясіце нам у бліны дражджэй.
Мы ж вас, калядачкі, шанаваць будзем,
Кожнага вечара святкаваць будзем.
Дзеўкі – на вуліцу, а бабы –
за люлечку,
Дзеўкі – у плёсы, а бабы – у слёзы.
(запісана ў в. Загаранкі)

    ***

Ой, па вуліцы сівы конь бяжыць,
Сівы конь бяжыць, аж зямля дрыжыць.
На ім грывачка разлятаецца,
Ой, рана, рана разлятаецца.
Молад Сярожачка ўцяшаецца.
Ой, рана, рана уцяшаецца.
Ой, уцеш мяне ў цешчы на двары,
Ой, рана, рана ў цешчы на двары.
У цешчы на двары, перад матухнай,
Ой, перад матухнай, перад цешчаю.
Ой, рана, рана перад цешчаю.
(запісана ў в. Елькаўшчына)

Масленічныя

Масленіца, чаму цябе каўзель
Ды не на сем нядзель?
Адна нядзелька,
Ды і тая караценька.

    ***

А мы масленіцу дажыдалі,
Люлі, дажыдалі.
Усю нядзельку паглядалі,
Люлі, паглядалі.
Мы думалі, масленіца сем нядзелек.
Люлі, сем нядзелек,
Ажно Масленіца – сем дзянёчкаў.
Люлі, сем дзянёчкаў.
(запісаны ў в. Загараны)

    ***

На гарэ елка сцелецца, сцелецца,
А пад ёй зайка туліцца, туліцца.
А вы, дзеўкі, не стойця, не стойця.
А гэтага зайку злавіця, злавіця,
Ды ў крупенькі зварыце, зварыце.
А дзеўкі зайку злавілі, злавілі,
I ў капустцы зварылі, зварылі.
Дзевачкі за сталом мясца ядуць, мясца ядуць,
А хлопчыкі пад сталом косці грызуць, косці грызуць.
Дзевачкі за сталом смяюцца, смяюцца,
А хлопчыкі пад сталом грызуцца, грызуцца.

    ***

А па вуліцы ехаў дваранін, дваранін,
Ды на коніку вараным, вараным.
Дзеўкі двараніна спаймалі,
Варанога коніка адабралі.
А пайшоў дваран да караля, да караля:
– А пане мой каролю,
А навошта дзеўкам даў волю?
– А было ж табе ехаць к дзеўкам
Ды здаляка шапку зняць,
Бліжэй пад’ехаць – ручку падаць.
Масленіца, масленіца.
(запісаны ў в. Елькаўшчьша)

Велікодная

А ў полі, у полі ды авёс парос,
Хрыстос васкрос, сын божы.
А ў том аўсе камень ляжыць,
На тым камні ды сакол сядзіць.
Ніхто ж яго не спаймаіць,
Не спаймаіць, не адстраляець.
Абазваўся слышны панічу,
Слышны панічу, малады Колічка.
А я ж яго ўсё ж спаймаю,
Усё ж спаймаю, адстраляю.
А сокал яго ўсё просіцца:
– А ня бі ж мяне, не страляй мяне.
А я ж табе знадабен буду.
Да як жа ты будзеш да жаніціся
I будзеш жану браць далёкую,
Ці далёкую, ці за рэчкаю,
Трэба будуць перавозчыкі.
Аны ж табе ні паабзываюцца,
А я ж табе адгукнуся,
А я ж цябе перавязу,
Пасаджу цябе хоць на самога сябе,
Жану тваю ўсе ля цябе.
(запісана ў в. Ваўканосава)

Валачобная

Ці спіш, ці ляжыш, пане гаспадару.
Хрыстос васкрэс, сын божы*.
Калі спіш, дык бог з табою,
А не спіш, гавары са мною.
А ці быў ты сягоння ў кароўнічку?
У цябе сягоння праява праявілася –
Сорак каровак ацялілася,
Яшчэ столькі назначылася.
(запісана ў в. Круча)

Купальскія

Ой, рана на Йвана.
А ў Івана ў вароціках
Стаіць конь запражоны,
Толькі сесці ды паехаці.
За горачку – па ўдовачку,
За рэчачку – па дзевачку.

    ***

Хто гэта Купала разлажыў,
Каб яго бог жыта зарадзіў.
А хто гэта Купала патушыў,
Каб яго чорт жонку задушыў.

    ***

Купальская ночка кароткая,
Соўнейка, соўнейка!
Соўнейка рана ўсходзіла,
Дзевак-хлопцаў будзіла,
Работу давала – у поле пасылала,
Каб хлопчыкі агні палілі
Поле свяцілі, жыта пільнавалі,
Каб ведзьмы заломаў не ламалі,
У кароў малака не адбіралі.

    ***

Купала на Йвана!
На Купала сонца йграла
I з месячкам размаўляла:
– Табе, месячык, лягчэй, лягчэй,
Мне, сонейку, цяжэй, цяжэй.
Ты позненька і ўсходзіш
I раненька заходзіш.
Я раненька і ўсхожу,
I пазненька захожу.
(запісаны ў в. Загараны)

Жніўныя

Я малада па лесу ішла,
Збірала ягады спяленькія.
Спяленькія ў лубачку,
Зеляненькія ў кружачку.
Спяленькія свайму татачку,
Зеляненькія свякратачку.

    ***

Як пайду я борам-борам,
Гаворачы з богам, богам.
А дай, божа, што я хочу:
Свякровачку як мамачку,
Свякратачку як татачку,
Залованьку як сястрыцу.
(запісаны ў в. Круча)

    ***

А ў нас сёння вайна была,
Усё поле зваявалі
І ў копачкі паскладалі.
Дзе нізочак, там вазочак,
Дзе горачка, там копачка.
(запісана ў в. Елькаўшчына)

    ***

Ой, бярэзінка, белая мая бярэзінка,
Баліць мая сярэдзінка.
Каб у мяне кугакала,
Хоць бы яно заплакала.
Хоць бы я яго скалыхнула,
Сярэдзінка б аддыхнула.
(запісана ў в. Ваўканосава)

Хрэсьбінная

Бабка к унучцы
Бараздзёнкай ішла,
Бабка унучцы
Парасёнка нясла:
– А на табе, ўнучка,
Парасёнка майго,
I падкрапі, унучка,
Жаваточка свайго.
(запісана ў в. Цяцерын)

Ксцінная

А ў масце, масце сон-трава расце,
А пад мосцікам – аднагодачкі.
А ў Кунцах харошыя жоначкі.
Дзе ксцінкі чуюць – там і начуюць.
Дзе гарэлачку – там нядзелячку,
Дзе салодкі мёд – там і цэлы год.
А йдзе кіслы квас – там толькі час.
(запісана ў в. Кунцы)

Вясельныя

Стукнула, грукнула на дварэ.
– Паглядзі, мамачка, ці не па мяне?
– Па цябе, дачушка, па цябе.
Возьмуць цябе, дачушка ад мяне.
– А стань, мая мамачка, ля печы.
Схавай мяне, мамачка, за плечы.
– Як жа цябе, дачушка, схаваці,
Калі ты большая за маці.

    ***

Ой ду ду, ду-ду,
Разбілі дудачку на ляду.
Нашто было дудачку разбіваці,
Haшто было Ганначку прапіваці?
Хай бы гэта дудачка іграла,
Хай бы наша Ганначка гуляла.
А ўжо дудачка найгралася.
А ўжо наша Ганначка нагулялася.

    ***

Паедзем, сваточкі, дадому,
Паелі конікі салому,
А саломы жменька – капейка,
А сена клачок – пятачок.

    ***

Спасіба, сваток, за мядок,
Напіталі душу на гадок.
Спасіба, свацця, за бліны,
Напіталі душу на тры дні.
Спасіба, сваток, за хлеб-соль,
Не палезем болей за твой стол.
(запісаны ў в. Грыбіна)

    ***

Калі наша Кацячка дзеўкай была,
Тады наша вулачка звонкай была.
Як стала яна жонкаю,
Не стала вуліца звонкаю.
(запісана ў в. Цяцерына)

    ***

Калі наша Светачка дзеўкай была,
Тады наша вуліца звонка была.
На вуліцы хадзіла-гуляла,
Дзіцюкам загану давала.
– А ўсе дзіцюкі – дуракі,
Адзін мой Ванечка харошы.
Не едзіць на места без грошы.
Ён пытаецца – што купіць?
– А купі мне сяло-весяло,
А купі мне поле чырвона,
А купі мне места багата.
А сяло весяло дзеўкамі,
Поле чырвона краскамі,
Места багата купцамі.
(запісана ў в. Загараны)

    ***

Журылася мамулька ў парозі,
Як мой сыночак у дарозі,
Можа яго конікі не бягуць,
Можа яго музыкі не граюць,
Можа яго свацейкі не пяюць?
Беглі конікі рысаком,
Пелі свацейкі галаском,
Гралі музыкі жаласна,
Аддалі Танічку радасна.
(запісана ў в. Ваўканосава)

Калыханкі

Пайшоў каток на таржок,
Купіў дзіцяці піражок,
Ці самому з’есці,
Ці дзіцяці несці?
Я сам разок укушу
I дзіцяці прынясу.
(запісана ў в. Сіманавічы)

    ***

Люлі, люлі, люлі,
Прыляцелі гулі,
Селі на вароцях,
У чырвоных боцях.
Сталі шчабятаці,
Каму боцікі даці.
А боці даці
Малому дзіцяці,
Ён будзе моцна спаці.
(запісана ў в. Кунцы)

Частушкі

Ка мне ехалі сваты
На шэрай кабыле.
Азірнуліся назад –
Жаніха забылі.

    ***

Мяне маменька радзіла
У полі пад асінаю.
Красаты дала даволі,
Долю нешчаслівую.

    ***

Не ругай мяне, матуля,
Маладую за гульню.
Пройдуць леты маладыя,
Выганяйце – не пайду.

(запісаны ў в. Запруддзе)

    ***

Ад веку мы спалі і нас разбудзілі,
Сказалі, што трэба рабіць,
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку.
Што трэба зладзеяў пабіць.
Ой, гэта ж замарная доля няшчасная –
Без хлеба і солі працуй.
Усюды смяюцца, усюды клявешчуць,
Ну проста хоць крыкні – ратуй!
Смяюцца ж над намі багатыя людзі,
Здаецца, панамі іх зваць.
Мы дружна ўстанем з мячамі, сярпамі
I згонім з зямлі палачэй.
Няхай жа нас стрэнуць свабодныя людзі
Грамаду працоўных людзей.
(песня запісана ў в. Запруддзе)


ЛЮБІЦЬ РОДНУЮ МОВУ


    Сёння ўсіх нас непакояць азонавыя дзіркі ў космасе, але мала каго турбуюць духоўныя правалы ў нашай памяці. Яны больш страшныя, бо кожнаму з нас пагражае маральная смерць. Я ўспамінаю дзяцінства: сенакос, уся вёска на лузе, гучаць песні, раздаецца смех, людзі стаміліся, але кожнага з іх не пакідае пачуццё радасці, узнёсласці. А цяпер? Кожны ў сваім кутку, суседзі ўжо не суседзі, а быццам прадстаўнікі іншых планет, якія могуць гадамі не бачыцца, не размаўляць. I ўсё чаму? У першую чаргу таму, што распалася сувязь часоў, духоўная крыніца перасохла, і нам, хто любіць свой край, прыйдзецца прыкласці шмат намаганняў, каб крыніца гэта напаіла нас жыватворнай вадой. У Фёдара Янкоўскага ў кнізе «I за гарою пакланюся» ёсць, на маю думку, вялікія словы: «Не забывайся, чалавеча, запісаць: людзям будзе, сам багацейшым станеш». Я завёў з вучнямі сшыткі «Выхавай сябе, чалавек!». Ёсць у іх і раздзелы «Помні імя сваё» і «Адкуль пайшла зямля наша?» I што вы думаеце, калі я папрасіў успомніць імёны дзядоў, прадзедаў, прапрадзедаў? Амаль ніхто з вучняў не назваў продкаў з чацвёртага калена. Трэба было звяртацца да бацькоў, але і бацькі ў гэтым пытанні амаль нічога не памятаюць. Не дзіва, што шмат хто да гэтага часу адказвае нам у праве народам звацца. Справа не ў тым, хто адказвае, а ў нас, хто беларусамі хоча звацца. Мы згубілі сваю гістарычную памяць, нашы карані неглыбока ўраслі ў зямлю, і каб уратаваць сябе, нам як мага хутчэй трэба аднаўляць сувязь часоў. Вывучэнне гісторыі патрэбна пачынаць з вывучэння гісторыі роднага краю, гісторыі сваёй сям’і...

    Па заходняй частцы раёна праз лясы і лугі цячэ гарэзлівая рэчка-прыгажуня з рамантычнай назвай Восліўка. Цудоўнае беларускае слова. Але невукі, якія забылі сваё мінулае, вырашылі назваць яе «па-навуковаму». I ў выніку атрымалася назва-пародыя Ослік. На Кругляншчыне раптам з’явілася «жывёліна», месца якой у Азіі. А паходжанне гэтага слова цесна звязана з словамі вослі-вёслы, веславаць. Шкада, што паступова з моўнага ўжытку зніклі многія словы. Нехта палічыў іх «мужыцкімі» і замяніў на «мілагучныя». Ці не па гэтай прычыне вёска Аглобля нечакана зрабілася Славянкай, але калі паглядзець зверху, вёска ўсё ж падобная на аглоблю, што разляглася на зямлі. Глінаўка, дзе знаходзіцца цагельны завод, чамусьці стала Бразгучкай. Карацей кажучы, месца паэзіі (Глінаўка) заняло «бразгаценне». Шмат назваў на Кругляншчыне яшчэ чакаюць сваёй «расшыфроўкі». Нешта чароўнае, таямнічае, дзіўнае схавана ў назве возера Хотам’е. У кожнай назве, кожным слове свая душа, свой характар, свой твар. Паляванне за словамі-таямніцамі можна толькі параўнаць з «ціхім» паляваннем за грыбамі: і душа адпачывае, і справу робіць карысную. За дванаццаць гадоў мне давялося шукаць і знаходзіць залатыя россыпы часам у гэткіх месцах, дзе ніколі не гадаў іх сустрэць. Доўга не давалася мне ў рукі слова «поткары». Што я толькі не рабіў?! I заклінаў яго, і ў новае «фанетычнае» адзенне «апранаў». Усё дарэмна. Усіх старых перапытаў. Толькі чуў адказ: поткары ёсць поткары, так нашы дзяды звалі, так і мы завем. Я скарыўся. Але вось аднойчы, калі мы з бацькам успаміналі даўніну, я пачуў, што на капутарах хата лесніка стаяла. Адразу на памяць прыйшло: вядро ў коптар, гэта значыць з гарой. I вось разгадка, коптары (каптуры) – высокае месца, поткары (падкары) – нізкае месца, пад гарой. Легенды, паданні... Іх трэба шукаць, яны ў кожнай назве мясцін, рэк, азёр, вёсак. Ёсць недалёка ад Хотамскага возера вёска Гоенка. Старыя людзі казалі, што раней там жылі вельмі бедныя, бо вёска знаходзілася ў лесе, вакол не было палёў, таму яны і былі голыя, галодныя. Так сталі ў адзін рад словы: голы; галодны, Гоенка. Больш рамантычна другое тлумачэнне, якое звязвае ўтварэнне вёскі з цыганом Гояй – Гоенка. Але мне больш даспадобы трэцяе тлумачэнне. Гоенка знаходзіцца ў маляўнічым месцы, сярод бароў, месцаў, якія загойваюць раны, адсюль і назва – Гоенка. Кожнага нас з дзяцінства акружае дзівосны свет слоў. Трэба, каб гэты свет заставаўся «жывым» для чалавека на працягу жыцця.

    Гліняны роў, Поткары, Вялікія Лукі, Малыя Лукі, Бялыніцкі брод, Завір’е, Падол, Высокая гара, Дзявочы брод, Пірушка, Восліўка, Пустое азярцо, Старыхонава ляда, Юрачкін равок, Камітэт, Пасынак, Маргі, Маркавы балотцы, Кассе, Дубняцы, Хватаўская дзялянка, Хотам’е, Перакавыя, Лужа, Штановае балота, Сцюдзёнка, Пясчаны брод, Загуменне, Сасоннік, Багатая Тоня, Падзавалле, Крыжы, Крыжавая дарога, Заліг, Баравое балота, Бярэзнік, Бараны, Васіпава Лука, Кручанка.

    Гэтыя словы для мяне – дарагія з дзяцінства, духоўны запавет продкаў нашчадкам, і гэты запавет як эстафета павінен перадавацца з пакалення ў пакаленне. Мы ні ў якім разе не павінны забываць словы Максіма Гарэцкага, які пісаў, што трэба агледзець, як дарагі камень, кожнае слоўца, узважыць, абсмакаваць і ўцяміць сілу яго... У вёсках, што прылягаюць да Шапялевічаў, карзіна – гэта тое, што сплецена з сасновай лучыны (дранкі). У Загаранках карзінай называюць звычайны кошык. У Шапялевічах посуд з ягадамі, хлеб жанчыны носяць у посцілках за спіной. У Загаранках гэтага ніколі не ўбачыш. Рэдка дзе ў баку Шапялевічаў убачыш склеп, там амаль у кожнага істопка, у Загаранках — толькі склепы. I калі я бачу жанчыну ў жакетцы-плюшаўцы – яна пераважна з боку Шапялевічаў. Народнае слова заўсёды сучаснае. Ці не аб нашым часе казаў народ, ствараючы гэтыя трапныя прымаўкі:

    Не хадзі моўча, а прабяжы воўча, тады што-небудзь ды будзе. Не так даецца жызнь, як на свадзьбе іграюць. Як скора дзелаецца, тады сляпыя ражаюцца. Усе там не сядуць, дзе поп сядзіць. Свінне не да парасят, калі яе смаляць. Раней пан, а цяпер план. Нада жыць верна і красць мерна. Спасіба Сталіну-грузіну, што абуў нас у разіну. Хто з планам жыве, таму і бог дае. Нада цяпер цішэй, тады будзе красівей. Жыві прахладна – як ёсць, так і ладна. Не паложыш какі і не возьмеш папы. Ліж бы дзенюшкі ў кармане: у Салаўках усё найдзем.

    А колькі кемлівасці, назіральнасці ёсць у трапных адказах. Пачуўшы іх, хочацца ўсклікнуць: калі гэта «мужыцкая» мова здольна нарадзіць такія адказы, гэта вялікая мова, і я ганаруся, што яна богам дадзена мне. Давайце падзівімся:

    «Што ўжо канец? – Канец рыжаму коціку: дванаццаць трусікаў з’еў і ўтапіўся». «Пакажы. – Пад хвастом у казы». «Маладзец! – Маладзец у жарабка пад пузам». «Як цябе завуць? – Чым крупы дзяруць». «Дай малака. – Падаі быка». «Здравствуйце! – Хвастом палястуйце». «Куды ты? – На кудыкіну гару». «Хто? – Токала!».

    Існуе ходкі выраз: слова – душа народа. I гэта сапраўды так. Ад слова да душы – прамы шлях, паміж імі моцная сувязь. I памятаць пра гэта мы павінны заўсёды і ўсюды.


З ЛЕКСІКІ КРУГЛЯНСКАГА РАЁНА


    Тэрміны, якія ўвайшлі ў гэты невялікі слоўнік, сабраны пераважна ў вёсках Смагілаўка і Загараны.

АБЕ́ДАШНІ, прым. Абедзенны. Абедышняя малако пакуль да вечара пастаяла – скісла саўсім.

АБЗЫ́ЎКІ, мн. Гукі, водгукі. Гэта ні чалавек, а настаяшчы ізверг, гэта ж трэба так хлопца ўдарыць галавой аб сцяну, што ажны абзыўкі пашлі.

АГЛАШЭ́ННЫ, дзеепрым. Несамавіты. Чаго ты бегыіш, як аглашэнны?

АПКЛЫ́ПАЦЬ, зак. Абысці. Пакуль нашоў плуг, прышлось апклыпаць паўдзярэўні.

АПЛАВУ́ХІ, прым. З вялікімі вушамі. Так хлопіц відны с сябе: высокі, валасы як смоль, але ж дужа нейкі аплавухі, вушы як тарэлкі.

АПЛЫВА́ТЫ, прым. Азызлы. Такі ўжо аплываты, ны яго што ні адзень – усё ня смотрыцца, вісіць як на калу.

АПО́ЧЧА, зборн. Дровы, якія дрэнна колюцца. Ня мог бырозавых дроў прывесці, надумаў гэтага апачча прыцягнуць.

АТХА́КАЦЦА, зак. Аддыхацца. Дай хоць атхакацца: бягом жа бегла, каб успець.

АШЛЭ́ПАК, м. 1. Непрыгодная рэч. Многа быравікоў мыладых найшоў, але пападаліся і ашлэпкі, я іх нагой збіваў. 2. Неахайны чалавек. Такі ўжо ашлэпак, аж глядзець праціўна.

БАБЗДЫ́Р, м. Хлопец, які трымаецца дзявочай кампаніі. Пара табе, Мішка, спадніцу надзіваць, калі ні пыглядзіш, ты усё каля баб круцісся, вінна і памерці табе бабздыром.

ВЫ́ЖЛА, м. і ж. Прайдоха. Hi связывайся з гэтым выжлам: ён выкруціцца, а ты астанісся ў дураках.

ВЫ́ЖЫК, м. Выжатае месца на ніве.

ГАЛАБРУ́Й, м. Бессаромнік. Эх ты, галабруй, луччы шоў бы дроў накалоў, чым з малінькімі дзеткамі гуляць.

ГАЛАНО́Ш, прысл. Басанож. У цябе што, розума німа галанош з бані дьхаты біжаць.

ГАМЗА́ТЫ, прым. Гугнявы. Я б на ёй жаніўся, калі б ні была яна такой гамзатай.

ГАНЯ́ЦЬ СУ́ЧКУ. Вясельны звычай хаваць мужчыну у дом, дзе чакаецца наступнае вяселле. Якое цяпера вяселле: нап’юцца і пат заборам валяюцца, дажа сучку ні гьняюць.

ГА́СПІТАК, м. Гарачы, запальчавы чалавек. А тады прыехалі гэтыя гаспіткі, быстра яго з хаты выкурылі.

ГБА́ЛА, н. Прыстасаванне выгінаць абручы. Бондар памёр, а гбала астальсь.

ГІ́ТАЛКА, ж. экспр. Каўнер. Дзеўка і матка яе хваткія, хлопіц разы два прайшоў зь ёй, яны яго за гіталку і ў загс.

ГЛІСЕ́НЬ, м. 1. Гліст. Мар’я, што гэта з маім дзяцёнкым стала, крычыць дзень і ноч, можа, глісьні завяліся? 2. Перан. Худы высокі чалавек. У іх раду усе такія глісьні, адзін тока дзет быў поўны такі мушчына.

ГРАК, м. Някемлівы чалавек. Гракам усю жысь пражыў, кнішкі ніводнай ні прачытаў.

ГРЫБАЗВО́Н, м. Балбатун, пустазвон. У харошым калікціві грыбазвоны доўга ні затрымліваюцца: ім млосна сярот рьбацяг.

ГРЫБАЗВО́НІЦЬ, незак. Балбатаць; пустазвоніць. Пайшоў за хлебам к суседу, цэлы час грыбазвоніў.

ГРЫБАЗВО́НСТВА, н. Балбатня, пустазвонства. Пъсада ў яго тъкая: грыбазвонствам занімацца.

ГРЫБА́ТЫ, прым. Губаты. У іх у раду ўсе сьлюматыя і грыбатыя.

ГУРШ, м. Скупы, маўклівы, скрытны чалавек; нелюдзень. У гэтага гурша сьнега пръшлагодняга ні дапросісся.

ДАЛЯЧЭ́Й, прысл. Далей. Твъя сістра жыве далёка, а мъя яшчэ дълячэй, аш у Ташкенці. У цябе, вінна, рук німа дълячэй кінуць.

ДАМЭ́НТА, м. экспр. Шал, вар’яцтва. Чаго дамэнта цябе бярэ, я ш табе нічога ні гъвару?

ДАРАБЭ́ЧЫНА, ж. экспр. Разбітая, сапсаваная рэч, ламачына. У цябе ні мътацыклет, а дърабэчына, ты на ім зъ места ні тронісся.

ДЗІ́ЧКА, ж. Бародаўка. Дзе тут дзічкі ні пърастуцъ, калі рукі як у кьраўніка.

ДЗЯЎБЕ́НЬ, м. Ёлупень. Эх ты, дзяўбень стары, ня мох шчуку рукамы злавіць!

ДО́ЛКАХ, прысл. Унізе. Долках шукаў, а цяпер на печы пашукай.

ДРАНІ́ЦА, ж. Дошка, якую кладуць на дно воза. Драніца анна зльмалася, трэба зьмяніць, а то гной ні вывізіш.

ДРАПАНКА́ ж. Сукенка з фабрычнага матэрыялу. Раней бабы насілі ўсё дъмътканъя, калі ў каго дрьпьнка зьвадзільсь – першъя дзеўка была нь дзярэўні.

ДРА́СЬВІНЫ, мн. Дратвы. Бяры мае драсьвіны, век бацінкі будуць насіцца.

ЕРША́ , ж. Загародка з сеткі на рацэ.

ЖЫЦЬ, незак. Весці пэўны спосаб жыцця. Штоб жыцъ у шчасці, трэба красці, красці, красці.

ЗАЗЫКАВА́ЦЬ, зак. Загізаваць. Жарка, таму каровы і зазыкавалі.

ЗАКАНА́РХАЦЬ, зак. Закапрызнічаць. Гэта ш ён як увідзіў пілу, ды так заканархаў, што прыйшлось даць.

ЗАЛЕ́ЦЬ, незак. Стынуць, мёрзнуць. Чаго стаіш на хольдзі, залеіш, пайдзём у хату.

ЗА́РЫЦЦА, зак. Квапіцца. Во ўжо жмот, на рухлядзъ старухі і то зарыцца.

ЗАХА́КАЦЦА, зак. Задыхацца. Пакуль карову зьгнала ў двор, так захакалась, што ажно ў грудзі мляна стала.

ЗАЧЫ́НАК, м. Выступ на бакавой сценцы печы. Хіба гэта печ, во раней печы дзельлі, з зачынкам; можна і пьсядзець ды і спіну пагрэць.

ЗБЭ́ЛАЦЬ, зак. Спесціць. Ты віньвата, Матруна, што сын такім вырас, ты яго малым збэльла.

ЗДЗЕ́ЦЦА, зак. Распрануцца. Січас здзенусь і сяду вячэръць.

ЗДУ́ЖЫЦЬ, зак. Адолець. Hi глядзі, што з віду ён такі худы, а ў дзярэўні ніхто яго ня здужыя.

ЗЕ́ЛЬНА, прысл. Тлумна, шумна. Пайду ьд вас, бо ў вас дужа зельна.

ЗЛЕ́ЦІЦЦА, зак. Стаць цёплай. Вьда гърачъя дужа, ажно нільзя мыцца, трэба даць ёй злеціцца.

ЗЛЫ́ГАЦЬ, зак. груб. Схадзіць. У мьгазін тьвары прывезлі, мъя жонка ўжо ўспела туды злыгаць.

ЗЛЭ́ЎДЗІЦЬ, зак. экспр. Украсці. Можа на мінуту с хаты адвярнулася, а ён усе грошы злэўдзіў.

ЗНЕ́ЦІКІ, прысл. Знянацку. Сёння Мар’я чуць богу душу ні аддала: шла, а ёй на плечы ззадзі хто-та знецікі бац!

КАЛАКАЛУ́ША, ж. Чаромха. Вясной кълъкалуша гълаву дурманіць, хочыцца зноў у мьладосці апынуцца.

КАЛЫ́ПША, м. і ж. Марудлівы, павольны чалавек. Гэтая калыпша як пачне што рабіць, да вечару ні ўправіцца.

КАРА́ЎНІК, м. Анучнік. Сёння па дзярэўні караўнік ездзіў, цугуны вазіў і платкі красівыя.

КАСА́Р, м. Вялікі нож. У цябе ножык, а ў мяне – късар дык късар!

КАЎБЫ́ , мн. Вантробы. У маёй свінні каўбы саўсім дрэнныя, усе павыкідывала.

КЛЁЎ, ж. Жалезны штыр для навязвання жывёлы. Я сваю цёлку ніколі ні пашчу, бяру цэп, убіваю клёў і няхай ходзя.

КЛІП, злучн. Калі б. Кліп ты здох, дык жыццё вісялейшае пайшло б у мяне.

КЛЫ́ПША, м. і ж. экспр. Кульгавы чалавек. С табой, клыпша, хърашо на смерць хадзіць.

КО́ЗНАЯ, прым. Цельная (пра казу). У мяне дзве казы козныя, скора казляты будуць.

КУЛЁМА, м. і ж. экспр. Нязграбны чалавек. Жонка ў яго кулёма дык кулёма, пакуль паверніцца – вечар на дварэ.

КУЛЬДА́ЦЦА, незак. Куляцца, перакульвацца. Ганна, ідзі паглядзі, дзеці ў тваёй саломі кульдаюцца.

КУ́ЛЬКА, ж. Снежка. Мама, я пайду пагуляю з дзяцьмі ў кулькі.

КУСА́НАК, м. Недаедзены кавалак. Жыў я тады ў цёткі, скупая была, сваёй доццы усё смачнъя дае, а мне тока кусанкі.

КУЦЮГУ́Р, м Гурба снегу. У тую зіму куцюгуры аш дь прьвадоў дъстъвалі.

ЛЯДУ́НКА, ж. Лядзяш. Днём адлега была, а ноччу марос ударыў, дык лядункі с крыш звісаюць па метру.

МАЧЛІ́ВЫ, прым. Мокры, дажджлівы. Калі гот мачлівы, то ціраіцца пьлавіна уръжаю.

МЯРЭ́ЧА, ж. Непраходнае месца ў лесе, гушчар. Не што б кароў на паляні пасці, дык гоня ў самую мярэчу.

НАТРУ́СКАМ, прысл. Рыхла. Так звіду пыглядзіш, дык капа вялікая, а во ўжмі, дык пылавіны ні астанецца – натрускам сена ляжыцъ.

НІЗГРА́ЙНА, прысл. Нязграбна. Работыіць многа, але ж неяк нізграйна.

НЯЗГРЭ́ДА, м. і ж. Няўклюда. На сваю гылаву нязгрэдзі гэтай даў вошкі, а ён узяў і воз з сенам піракуліў.

ПАДУ́ЖЫЦЬ, зак. 1. Паправіцца ад хваробы. Hi дывай мне гэтых лікарств, мне ўжо падужыла. 2. Адолець. Хілы на від, а такого здырывіка падужыў.

ПАЛЫ́ХАЦЬ, зак. Найсці. Калі ўсю дзярэўню аббегаць, можа што і налыхаіш!

ПАРО́ЗЬ, прысл. Паасобку. Што гэта за жаніх і нявеста, калі яны парось сідзяць!

ПАШВЭ́НДЗІЦЬ, зак. экспр. Пашанцаваць. Сёння майму каню пашвэндзіла: цэлы дзень прагуляў.

ПО́БРЫКІ, мн. Выбрыкі. Каровы ў побрыкі – дзе мне, старому, за імі ўгнацца.

ПО́СТАЦЬ, ж. Паласа. Я сваю постаць выпалала, а ты сваю сама палі.

ПУ́СЦА, н. Галёнка. У маціры маёй атлажэння салей, болі ўсяго пусца баліць.

РАЗМІ́Н, РО́ЗМІН, м. Расстанне. Дружылі, ды як дружылі: як сойдуцца, дык розміну ні было.

РАЗУМЕ́Ц, м. Разумнік. Успакойся, зналі мы і ні такіх разумцоў, ды і тыя ні змаглі нас вакруг пальца абвясці.

РЭ́ЦЬМА, прысл. З усіх ног. Я крычу быку: «Быка, быка атсюлъ!», ён рэцьма за мной.

САЛЫ́ПАЦЬ, незак. экспр. Чмокаць. Гляжу Колька прышоў і языком салыпае.

СІМЯ́НКА, ж. Насенная бульба. Сімянку сып ў гэты засік, а ў тыя два мы усыпім буйную – у адзін засік і дробную – у другі.

СКАЛО́ЦІНА, ж. Маслёнка.

СКУЛАМЕ́СІЦЬ, зак. Скамячыць. Пасцель і тую прыбраць няможа, гэта адзіяла як скуламесіць, – што час пасля яе распрымляіш.

СТЫКА́ЦЦА, незак. Цягацца. Дзелаць нічога ня дзелыіць, стыкаіцца з вугла ў вугал.

СУПУРА́Т, м. Упарты чалавек. У, супурат дурны, яму хоць кол на гылаве цяшы, а ён усё раўно na-свойму будзе дзелыць!

УБАСЦІ́, зак. Баднуць. Атыдзі aт каровы, бо можа ўбасці.

УВЕ́ЛЬКУ, прысл. Такога ж росту. Во сын вымахаў, увельку з бацьку!

УГО́, выкл. Выражэнне здзіўлення. Уго, стока ягат назьбіраў!

УДЗЮ́РАЦЬ, зак. экспр. Уліць. Дош удзюрьў, ажно раўкі пабеглі.

УЗДУ́ЖЫЦЬ, зак. Адолець. I табе не стыдна: такі бэйбус дзяцёнка ўздужыў.

УЗЛУ́ЖЖА, н Месца каля луга. Кароў у нас па ўзлужжы пасуць, там тръва бъльшая.

УЗРО́ЎЕ, н. Месца каля рова. На ўзроўі вом ланны сена аткасіў.

УКАСА́ЦЦА, незак. Умяшацца. Двое б’юцца, а ты не думай укасацца — акажысся ў дураках.

УМА́ЛКУ, прысл. У маленстве. Чаго ўмалку не вытваралі: і ў яблыні лазілі, і білісь дзярэўня на дзярэўню.

УПНУ́ЦЦА, зак. Утаропіцца. Так цэлымі днямі і сядзіць, упнецца ў кніжку і сядзіць.

УСІ́Д, м. Спакой. Няма на цябе ўсіду.

УСПЯ́Т, прысл. Услед. Унук з городу прыехаў у дзярэўню першы рас, ходзіць за мной успят і гаворыць.

УТЭ́ПАЦЦА, зак. Улезці ў што-небудзь. Ногі вытры, апяць у што-та ўтэпаўся.

УХО́ДДЗЕ, н. Супакой. Табе ўходдзя німа.

УШМАРГНУ́ЦЬ, зак. Уцягнуць (пра шнуркі). Ушмаргні мне шнуркі, ні магу сагнуцца.

ХА́КАЦЬ. незак. 1. Хукаць. На шыбу хакаіш, тады яна пацея. 2. Часта дыхаць. Відна сыбака зайца гыняў, пыглядзі, як хакыіць.

ХАЛАДЗЁНКА, ж. Халодная вада для мыцця ў бані. Цяпер астальсь пьнасіць хьладзёнкі ў баню.

ХУРАВА́ЦЬ, незак. Прыбіраць. Хызяйка што нада, як пачне хураваць па дому – люба-дорага глядзець.

ЦЕРУХА́, ж. Пацяруха. Пасля мышэй ад сена адна ціруха зыстылась, не чыга карові даць.

ЧУВЫ́РЛА, ж. Неахайная, непрыгожая жанчына. Хто б падумаў, што такі ладны з сябе хлопец, а такую чувырлу ў жонкі выбера.

ЧЭ́ПАЦЬ, незак. Ледзь жыць. Які з Грышкі работнік, пыглядзі – ён чуць чэпае.

ШАБУНЯ́ЦЬ, незак. Моцна пахнуць. Ягор напіўся, із рота як с піўной бочкі шабуняе.

ША́ЯЦ, м. Легкадумны чалавек. Толік шайцъм з малых гадоў рос, часу ні мох пражыць, кап ні абмануць.

ШПО́КНУЦЬ, зак. Стукнуць. Кажыцца мячыкам у галаву шпокнуў, а як баліць.

ШУРУ́ПІЦЬ незак. Разумець. Ты глядзі, малы, а як шурупіць у цехніцы!

ШЧАМЁ́ЛКА, ж. Пралюбадзейка. Ты чула, што гэта шчамёлка ўтварыла – к жынатаму мужыку ходзіць.

А.У. Галаўкоў


ДЫЯЛЕКТНЫЯ СКАРБЫ КРУГЛЯНШЧЫНЫ


    Кругляншчына, якая знаходзіцца ў вярхоўях р. Друць, у глыбокай старажытнасці была населена балтамі. Гэта была група плямёнаў, мова якіх блізкая да сучасных літоўскай і латышскай. Сведкай таго з’яўляецца назва р. Друць (параўнальнае літоўскае drutas «моцны»). У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. сюды сталі пранікаць славяне. З часам мясцовыя балты зліліся са славянамі, перанялі ў іх мову. У 2-й палавіне 1-га тыс. н.э. адбылася кансалідацыя дробных славянскіх плямёнаў у буйныя племянныя саюзы.

    Старажытнае славянскае насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі цяперашняй Кругляншчыны, у IX ст. увайшло ў склад племяннога саюзу крывічоў. Славяне, якія жылі на тэрыторыі сучасных суседніх раёнаў Барысаўскага, Бярэзінскага, паўднёвай часткі Бялыніцкага, у тым жа IX ст. увайшлі ў склад племяннога саюзу дрыгавічоў. Гэты фактар у пэўнай ступені адбіўся на народных гаворках.

    Пасля Вялікай Айчыннай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і педагагічнымі інстытутамі вялася праца над дыялектычным атласам беларускай мовы. Было абследавана 1027 вёсак, якія раўнамерна размешчаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі на адлегласці 12 – 15 км адна ад адной. Па спецыяльнай праграме вывучалася мова кожнай вёскі. Пасля на падставе гэтых даных было створана 338 картаў. Кожная карта прысвечана пэўнай моўнай з’яве або назве той ці іншай рэаліі. «Дыялектычны атлас беларускай мовы» выйшаў у 1963 г. Ён добра адлюстраваў фанетычную і марфалагічную сістэму гаворак. З 1971 г. вялася праца над «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак». У Круглянскім раёне для гэтых выданняў былі абследаваны гаворкі вёсак Зелянкова, Скураты і Гай. Фарміраванне дыялектаў Кругляншчыны звязана з гісторыяй краю і яго насельніцтвам. Адны даследчыкі адносяць іх да віцебска-магілёўскай групы, другія да полацкай групы паўночна-ўсходняга дыялекту. Тэрыторыя Круглянскага раёна ў мінулым з’яўлялася адным з перыферыйных раёнаў крывіцкай зямлі. Арэал паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы ў асноўных рысах адпавядае арэалу рассялення крывічоў. Гэты дыялект у значнай ступені з’яўляецца нашчадкам крывіцкага. Перыферыйнасць Кругляншчыны ў адносінах да асноўнага крывіцкага арэала і суседства яе з зонай рассялення дрыгавічоў абумовілі наяўнасць пэўных асаблівасцей гаворак, тыповых для сярэднебеларускага дыялектнага арэала. На фарміраванне гаворак сучаснага Круглянскага раёна і яго наваколляў безумоўна аказалі ўплыў шэраг гістарычных фактараў так званага дзяржаўнага перыяду, калі тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад розных дзяржаў, удзельных княстваў, сфер уплыву гарадоў і мястэчак. У X – XII ст. Кругляншчына ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пачатку XII ст. з яго вылучылася ўдзельнае Друцкае княства, якое праіснавала да пачатку XVI ст. Горад Друцк зараз вёска ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці, недалёка ад мяжы з Круглянскім раёнам. З XVI ст. Кругляншчына эканамічна была звязана з мястэчкам Бялынічы, якое з’яўлялася значным культурным цэнтрам, тут працавала друкарня. Істотная роля ў эканамічным жыцці краю належыць і Магілёву. Усё гэта аказала значны ўплыў на дыялектныя асаблівасці Кругляншчыны. Гаворкі гэтага рэгіёна даволі аднародныя. Для іх характэрны многія тыповыя для літаратурнай беларускай мовы асаблівасці, у прыватнасці наступныя:

1. У канцавых адкрытых складах пасля цвёрдых зычных на месцы гістарычных (о) і (а) паслядоўна вымаўляецца (а): ліпа, бяро́за, се́на, ба́цька.

2. На месцы гістарычных (е) і (і) - (яць) пад націскам вымаўляецца (е): не́ба, нясе́ць, лес, бе́лы.

3. На месцы гістарычнага (о) пасля мяккіх зычных перад цвёрдымі вымаўляецца (ё): далёка, зялёны, сёстры.

4. На месцы гістарычных (дь), (ть) вымаўляюцца (дзь), (ць) (так званае цеканне-дзеканне): дзе́нь, дзе́ці, ці́ха, цяпе́р.

5. Зычным (дзь), (ць), (зь), (сь), (ль), (нь), (й), (ж), (ч), (ш) характэрна падваенне або падаўжэнне: разво́дзьдзя, ве́цьця, кало́сься, каме́ньня, су́чча.

6. Наяўнасць пратэтычнага зычнага (в) перад галоснымі (о), (у): вось, ву́ліца, вуж.

7. Назоўнікі ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку маюць канчаткі (ы), (i): во́кны, азёры, палі́.

8. Назоўнікі мужчынскага роду з асновай на мяккі, цвёрды або зацвярдзелы зычны ў назоўным склоне множнага ліку маюць канчаткі (ы), (і): гарбузы́, хамуты́, нажы́, карасі́, баравікі́.

9. Прыметнікі і займеннікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў месным склоне маюць канчатак -ым. аб малады́м, у тым.

10. Дзеясловы 1-га спражэння 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу маюць канчатак -іце: нясіце, вязі́це, кладзі́це.

    У той жа час круглянскія гаворкі маюць спецыфічныя рысы, у прыватнасці:

1. На месцы старажытных (о), (е) у ненаціскным становішчы вымаўляецца выразна галосны (а) або невыразны кароткі галосны гук (ǎ) - блізкі да (а), часам да (ы): вǎда́, нǎга́, мǎлако, хо́лǎд, скǎза́ць, вǎду́, у вǎдзе́, на стале́, чǎлаве́к, чаро́т.

2. На месцы (ы) у першым пераднаціскным складзе часта вымаўляецца невыразны гук (ǎ) або (а): рыба́к, рǎба́к, раба́к, к сына́м, к сǎна́м, к сана́м.

3. На месцы гістарычнага (е) вымаўляецца (я) або (і): сціна́, сцяны́, на сцяне́, зімля́, на зямлі́.

4. У групе дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі -ыва-, -іва- пад націскам вымаўляецца гук (а): выпра́шывǎць, выка́шывǎць, зака́пывǎць.

5. У асабовых формах дзеясловаў тыпу садзі́ць, дары́ць вымаўляецца гук (о): со́дзіш, до́рыш.

6. У дзеясловах з асновай на зычны (ч) у інфінітыве і вытворных ад яго формах пасля гэтага зычнага вымаўляецца гук (э): бурчэ́ць, бурчэ́ў, бурчэ́ла, пішчэ́ць, пішчэ́ў, пішчэ́ла, крычэ́ць, крычэ́ў, крычэ́ла.

7. У асабовых формах дзеясловаў 1-га спражэння пасля губнога зычнага адсутнічае гук (ль): сыпіш, сы́пюць.

8. Назоўнікі, якія абазначаюць маладых істот, маюць канчатак -онак, -ёнак: дзіцёнак, парасёнак, цялёнак.

9. Прыметнікам і займеннікам мужчынскага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне пад націскам характэрны канчаткі -эй, -ей: маладэ́й, сляпэ́й, таке́й, тэй. У назоўным склоне множнага ліку гэтыя прыметнікі і займеннікі маюць канчаткі -эя, -ея: маладэ́я, сляпэ́я, таке́я, тэ́я.

10. Дзеясловы 3-й асобы адзіночнага ліку першага спражэння пад націскам маюць канчатак -ець: ідзе́ць, нясе́ць, бярэ́ць.

11. Дзеясловы 3-й асобы множнага ліку 2-га спражэння не пад націскам маюць канчатак -уць, -юць: хо́дзюць, во́зюць, но́сюць.

12. Дзеясловы 2-й асобы множнага ліку цяперашняга часу маюць націск на канцавым (о): нясіцё, сядзіцё, глядзіцё.

    Прывядзём некаторыя мясцовыя словы, якія пашыраны ў гаворках Круглянскага раёна: аббе́ддзе н. ’поўдзень’; абу́ва ж. ’абутак’; аддзюжыць зак. ’доўга прабыць’; азялі́ць зак. ’затлуміць’; aпyці́цца незак. ’дагледзець жывёлу’; ато́пак м. ’малы ростам’; ато́рва м. і ж. ’непаседа’; атра́жа ж. ’гразнуля’; ба́цук м. ’пацук’; блы́ндаць незак. ’бадзяцца’; бэ́гня ж. ’дрыгва’; вандзэ́лак м. ’клунак’; вы́вурзацца зак. ’вымазацца’; вы́мергаць зак. ’выдзеліць частку чаго-небудзь’; вы́мерхацца зак. ’прагаладацца’; гале́нь м. ’дзяркач’; дайні́ца ж. ’даёнка’; джагаць незак. ’лупцаваць’; дзірбак м. ’тканы палавік’; дзюрчаць незак. ’цюрчаць (пра ваду)’; за́лева ж. ’невялікае месца, залітае вадою’; засту́дзіны мн. ’халадзец’; зда́нак м. ’прывід’; зне́цейку прысл. ’знянацку’; іржа́ўка ж. ’рудая вада на балоце’; калупша м. і ж. ’павольны чалавек, які ўсюды спазняецца’; калю́гвіна ж. ’калюга’; кіклік м. ’безрукаўка’; ко́наўка ж. ’кружка’; крымсаліць незак. ’рэзаць на шматкі’; кульдаць незак. ’перакульваць’; курдуячыць незак. ’гаварыць незразумела’; куросанне н. ’седала’; лайно н. ’адзежа’; лапаціць незак. ’хутка бегчы’; лут м. ’хітрун’; лямоўка ж. ’аблямоўка’; навесы мн. ’завесы’; недалуга м. і ж. ’недарэка’; няўклюда м. і ж. ’няўмека’; памост м. ’падлога’; падпалінка ж. ’прылада для падшыўкі лапцей’; прадухвіна ж. ’прамыіна на возеры, прыкрытая снегам’; прастарэквацца незак. ’агрызацца’; пукчэць незак. ’пыхцець’; пяхтур м. ’блазнюк’; раскарач м. ’рэшткі ад прадзіва’; савой м. ’вяровачка для падплятання лапцей’; склізень м. ’смоўж’; споткі мн. ’рукавіцы’; стагавішча м. ’стажар’е’; страмна прысл. ’сорамна’; сяння прысл. ’сёння’; таўчонка ж. ’камы’; увідвоч прысл. ’прама на вачах’; увышкі мн. ’вышкі’; уцалік прысл. ’напрамкі’; халадыня ж. ’халадэча’; хлюндра ж. ’неахайная жанчына’; чалешнік м. ’чалеснік’; шпульнуць зак. ’кінуць’; шэраш м. ’іней’; юкацець незак. ’хутка бегчы’.

    Выразы:

    Абгаварыць з ног да галавы. Абшчапіў, як мядзьведзь калоду з мёдам. А пярун яго знае! Бі свайго, каб чужы баяўся. Вярзеш абы-што, аж слухаць ня міла. Гатоў ад злосці сам сябе за локаць укусіць. Дзеўка што агонь, аж у руках усё гарыць. Ешце, ешце, усё роўна свінням аддаваць. Іх сам чорт не разбярэ. Вожкі ёй пад хвост, можа, трапілі. I чуць не чула і бачыць не бачыла. Муж і жана – адна сатана. Не сячы сук, на якім сядзіш. Надзьмуўся, як жаба ў каляіне. Нашаму забору стрыечны (дваюрадны) пляцень. Праўду сказаў, як соль у вочы сыпануў. Сказаў, як адрэзаў. Табе што, цяляты язык ад’елі? Таўкуцца тут, як камары ў ступе. Чужое рукі пячэ. Што ты прычапіўся да мяне, як рапей да сабакі. Дару Вам медзі, каб былі дзеці, як мядзьведзі. Колькі ў доме сучкоў – столькі сынкоў, колькі шчэлачак – столькі дзевачак.

    Словы і выразы запісаны ў вёсках Варгуццева, Гай, Загараны, Каскевічы, Лясныя, Някрасава, Прыгані, Саннікі, Філатава, Хралішчава, Цяцерына. Матэрыялы даслалі: Грачыхіна Таісія Мікалаеўна (в. Прыгані), Лазоўская Марыя Нікіфараўна (в. Лясныя), Міронава Святлана Сямёнаўна (в. Цяцерына).

Ф.Д. Клімчук, Т.М. Трухан.


ДЫЯЛЕКТНЫЯ СКАРБЫ КРУГЛЯНШЧЫНЫ


    Багацце моўных дыялектаў Кругляншчыны дапаўняюць рэгіянальныя тапонімы. Выключна цікавая інфармацыя ёсць у назвах населеных пунктаў, рэк, лясоў, палёў, урочышчаў і інш. Яны расказваюць аб занятках продкаў, захоўваюць імёны даўно памерлых людзей, традыцыі і звычаі землякоў. Гэты слоўнік тапонімаў М.І. Асіпенка склаў на падставе матэрыялаў, сабраных мясцовымі краязнаўцамі, настаўнікамі і вучнямі школ Кругляншчыны.

КОМСЕНІЦКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

КАЛГАС «ІСКРА»

Аэрадром – луг на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Бабравінне – луг і прылягаючы да яго лес на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Бандзіна лаза – невялікі хмызняк, размешчаны на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Беражкі – поле на захад ад в. Запруддзе.
Бугор – поле на паўднёвы захад ад в. Ахімкавічы 1-я.
Віктараў бярэзнік – поле на паўночны захад ад в. Запруддзе.
Вялікае балота – поле на паўночны захад ад в. Запруддзе.
Гаўрылаў бярэзнік – невялікі лясок на паўночны захад ад в. Запруддзе.
Жукоўшчына – поле на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
За каналам – поле на поўнач ад в. Ахімкавічы 1-я.
Камароўка – поле на паўднёвы ўсход ад в. Запруддзе.
Карнілаўка – частка в. Запруддзе.
Кватэркі – поле на паўднёвы ўсход ад в. Запруддзе.
Круты бераг – луг на паўднёвы захад ад в. Запруддзе.
Ладошкава – поле на паўднёвы ўсход ад в. Запруддзе.
Лапціна – поле на паўночны захад ад в. Запруддзе.
Лемешава гара – поле на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Лысая гара – поле на паўднёвы ўсход ад в. Запруддзе.
Ляда – поле на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Марусін вір – невялікая сажалка ў цэнтры в. Запруддзе.
Машок – балота на паўночны ўсход ад в. Запруддзе.
Старынка – лес на ўсход ад в. Петушкі.
Старыя агароды – поле на паўднёвы захад ад в. Ахімкавічы 1-я.

КАЛГАС «ШЛЯХ ЛЕНІНА»

Адольфаўскі лес – лес на поўдзень ад в. Шамаўка.
Альхоўка – балота на паўднёвы захад ад в. Комсенічы.
Балалайка – поле каля в. Саладоўня на месцы былога пас. Балалайка.
Брэнькава – балота каля в. Шамаўка.
Бярозавае – балота на паўночны ўсход ад в. Комсенічы.
Бярэзінскі лес – лес на захад ад в. Рублеўск.
Васільеўка – поле на захад ад в. Комсенічы на месцы былога пас. Васільеўка.
Вілюха – поле каля в. Шамаўка.
Залeгa – поле на паўночны захад ад в. Комсенічы.
Засценкі – поле на паўночны захад ад в. Комсенічы.
Засценкі – поле на паўночны ўсход ад в. Саладоўня на месцы былога пас. Засценкі.
Кракаўскае балота – балота побач з Бярозавым балотам.
Ліпеньскае балота – балота на поўнач ад в. Комсенічы.
Рыкань – балота на паўночны захад ад в. Комсенічы.
Савінічаў лес – бярозавы гай на поўнач ад в. Міхайлаўка.
Сушкі – балота на поўнач ад в. Шамаўка.

КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

САЎГАС «УСХОД»

Зарэшнік, Карчаватка, Крыніцы – назвы лугоў за пас. Усходні.
Майданава рошча – мясцовасць на ўсход ад г.п. Круглае.
Хахол – ранейшая назва пас. Усходні.

КАЛГАС ІМЯ ДЗІМІТРАВА

Варонне балота – балота на захад ад в. Альшанікі.
Гай 1-ы, Гай 2-і – участкі леса на паўднёвы захад ад в. Шупені.
Захараншчына – участак леса на поўнач ад в. Шупені, які належаў раней пану Захаранку.
Кацярноўскі лес – лес на паўднёвы захад ад в. Альшанікі.
Кулінін мох – мясцовасць на паўднёвы захад ад в. Альшанікі.
Лавоцкая дарога – дарога паміж вёскамі Шупені і Тубышкі.

САЎГАС «КРУГЛЯНСКІ»

Арцёмава гара – месца на паўднёвы захад ад в. Улужжа.
Аўхулін вір – месца на невялікай рэчцы ў в. Ракушава.
Балабуева залега – месца ў в. Ракушава, дзе жыў Емяльян Балабуеў.
Бам – дарога да малочна-таварнай фермы в. Ракушава, будавалася вельмі доўга.
Вострава лука – частка ўзбярэжжа Цяцерынскага вадасховішча.
Вялікае балота – балота паміж вескамі Ракушава і Міхейкава.
Гарэлае балота – кавалак поля на поўнач ад в. Улужжа, раней было балота.
Грынеўка – мясцовасць каля в. Улужжа.
Грышкава залега – месца каля в. Ракушава, дзе жыў Гуркоў Рыгор.
Дручылава возера – вадаём у в. Ракушава, пабудаваны па ініцыятыве дырэктара птушкафабрыкі Дручыла М.М.
Дзямідава балота – балота на поўнач ад в. Улужжа, назва паходзіць ад імя гаспадара хутара, размешчанага побач.
Журавіннік – луг на перакрыжаванні вуліц Церашковай і Заслонава ў г.п. Круглае.
Зарэчча – частка в. Ракушава.
Казінае балота – месца ў лесе за в. Ракушава, дзе жыў аднаасобнік Трубкін, клічка сям’і была Козы.
Калінаўка – роў, размешчаны паралельна рову Каменнік.
Каменнік – роў на поўнач ад вёскі Улужжа.
Карпаў лог – месца за в. Ракушава пад Васількамі, дзе жыў раней Карп Галыга.
Карпаўка – месца на паўднёвы ўсход ад в. Улужжа, раней быў хутар.
Кранцаў лес – лес паміж Ракушавым і Паўлавічамі, калісьці належаў пану Кранцу.
Курганне – месца на поўнач ад в. Улужжа, дзе знаходзіўся пасёлак пад такой назвай.
Курынае балота – балота ў лесе каля в. Ракушава, дзе вадзілася многа птушак.
Лом – месца на правым беразе р. Друць за 300 м на поўнач ад Слабодскіх могілак, раней вялікае балота, у якое скідвалі ўсякі лом.
Лука – месца на правым беразе р. Друць, насупраць аўтадрома.
Ляксейкава балота – балота на паўночны захад ад в. Улужжа.
Маляўка – невялікае балотца на паўночны захад ад в. Улужжа.
Ніўкі – частка в. Ракушава, дзе раней размяшчаліся сялянскія надзелы.
Пагоны – месца ў лесе каля в. Ракушава, дзе раслі вялізныя дубы.
Падастроўе – мясцовасць на поўдзень ад балота Маляўка.
Падвяззе – невялікі прыток р. Друць, які працякае каля Ракушаўскай школы.
Панскае поле – мясцовасць, на якой пабудавана птушкафабрыка, раней належала Плеўскаму, якога звалі панам.
Папова лука – частка берага Цяцерынскага вадасховішча каля в. Улужжа.
Савостава балота – месца ў в. Ракушава, дзе раней жыў Савелій Трубкін па мянушцы Савоста.
Сяргеева гара – месца на паўднёвы ўсход ад в. Улужжа на беразе р. Друць, дзе знаходзіўся раней хутар.
Улучышча – мясцовасць паміж вескамі Ракушава і Улужжа.
Хролава балота – балота на паўночны захад ад в. Улужжа.
Ціванка – луг на правым беразе р. Друць каля в. Улужжа.
Шырокавідка – мясцовасць за в. Ракушава каля в. Міхейкава, з гэтага месца далёка і добра відаць.

КАЛГАС «СВАБОДА»

Будкі – невялікія сажалкі на поўдзень ад в. Лавуткі, дзе мачылі лён і каноплі.
Бярозаўка – поле за 200 м ад в. Арава на беразе р. Бярозаўка.
Верхавое балота – балота на захад ад в. Скураты, побач з в. Хралішчава.
Вялікае балота – балота на захад ад в. Лавуткі, багатае калісьці ягадамі.
Вялікі луг – луг на паўночным усходзе ад в. Арава.
Дурное балота – балота ў лесе за 400 м ад даpoгi Арава – Грыбіна, дзе расце многа ягад дурніц.
Жаб’е балота – балота на ўсход ад в. Лавуткі.
Зялёны дуб – поле на захад ад в. Лавуткі. Раней тут быў вялікі лес, потым лес спілавалі і застаўся адзін дуб.
Качанава гара – гара на поўдзень ад в. Александрова.
Кашпэрка – луг на паўночны ўсход ад в. Александрова.
Кірпічнае поле – поле на ўсход ад в. Бурнеўка.
Курганне – поле каля в. Арава, на якім знаходзяцца 6 курганоў часоў Кіеўскай Русі.
Ліпшчына – лес на поўнач ад в. Грыбіна.
Маскоўшчына – поле за 500 м ад в. Арава, назва ўзнікла ад прозвішча селяніна, які жыў на хутары.
Мох – поле на захад ад в. Скураты.
Сакалоўшчына – поле за 3 км ад в. Арава каля р. Бярозаўка, раней на ім стаяў маёнтак пана Сакалова.
Смароднік – поле на захад ад в. Бурнаўка.
Становішча – возера на паўднёвы ўсход ад в. Лавуткі.
Ухватаўка поле на захад ад в. Лавуткі, якое дзялілі паміж сабой калгас «Свабода» і саўгас «Някрасава». Поле адышло да калгаса, адсюль і назва.
Юркаў кут — поле на ўсход ад в. Лавуткі, раней там быў хутар, на якім жыў Юрка.

КАЛГАС «ШЛЯХ КАМУНІЗМУ»

Бярэзнік — лес паміж вёскамі Зубава і Лясныя.
Горад — частка в. Радча, дзе пабудаваны новыя дамы.
Дваркі — частка в. Скляпава.
Засека — месца на паўночны захад ад в. Радча паміж кар’ерам і р. Гнілка.
Лазоўшчына — месца каля в. Казаброддзе, дзе жыў пан Лазоўскі.
Маргі — лес пад Замышкамі, багаты ягадамі і грыбамі.
Міцюха — луг паміж вёскамі Казаброддзе і Пралетарый.
Перакоп — дарога ад в. Казаброддзе.
Печкі — урочышча на ўсход ад в. Гай.
Расцяробы — мясцовасць за в. Ваўканосава, раней быў лес, які выцерабілі.
Рулякоўшчына — месца, дзе раней жыў пан Рулякоў.
Хамутоўскі лес — лес каля в. Навапруддзе, які належаў пану Хамутоўскаму.
Чытавое поле — месца на ўскраіне в. Навапруддзе.

г.п. КРУГЛАЕ

Міллянава балота — месца ў пасёлку на захад ад Магілёўскай вуліцы, дзе калісьці быў хутар Емяльяна Дрына.
Прабуджэнне — паўночная частка гарадскога пасёлка.
Рышкаўка — частка г.п. Круглае каля льнозавода.
Сахадзева возера — месца каля гасцініцы, дзе была сажалка, пабудаваная па ініцыятыве дырэктара прамкамбіната Сахадзе Ш.Е.
Слабодка — частка пасёлка, раней вёска з такой жа назвай.
Царскі пасёлак — раён новай забудовы г.п. Круглае.

КРУЧАНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

ВЁСКА БЯРОЗКА

Курэнь — лес, балота і поле каля вёскі.
Хаміцкае балота — балота вакол вёскі.

ВЕСКА КАСКЕВІЧЫ

Арцёмкіна, Мардасава, Петрыкава балота — невялікія балотцы, вадаемы, названыя па прозвішчах хутаран, што жылі побач.
Грудзенкіны, Iвана Сямёнавіча, Матрафеевы, Феньчыны кусты — мясціны каля вёскі, дзе раней жылі хутаране.
Лагер — месца каля вёскі, дзе быў загон для калгасных свіней.
Лагерная дарога — дарога паміж вёскамі і лагерам.
Партызанская дарога — дарога, па якой у вёску прыходзілі партызаны.
Пасёлачная дарога — дарога праз лес, якая злучала два пасёлкі.
Сучоўка — месца, дзе раней жыў пан.
Цагельнянская дарога — дарога, па якой з вёскі ездзілі за цэглай.

ВЁСКА ЛЮБІШЧА

Дамарашчына — поле на месцы хутара, які належаў Дамарацкаму.
Любішча — асноўная частка вёскі.
Паненкіна пожня — паляна ў лесе на поўдзень ад вёскі. Раней луг, на якім любіла гуляць паненка.
Рыбакоў край — частка вёскі, жыхары якой любілі лавіць рыбу.
Сакалоўшчына — частка вёскі, дзе, паводле падання, жыў купец з сынамі і займаўся адловам сокалаў.
Янчэўшчына — поле на ўсход ад вёскі, дзе раней быў хутар Янчэўскага.

ВЁСКА НОВАЕ ПАЛЕССЕ

Баравая, Журавічы, Завідаўка, Лісіныя норы, Маяк, Пясчанка, Стаінскі бор — часткі леса вакол вёскі.
Канашоўка — поле, балота каля былой вёскі Катоўка.
Катоўка — мясцовасць, дзе раней знаходзілася вёска з такой жа назвай.

ВЁСКА ТАТАРКА

Слуцкае і Навінскае балоты — балоты вакол вёскі.
Татарскае балота — балота паміж Татаркай і Катоўкай.

ВЁСКА ВУГЛЯНЫ

Ворчакаў вугал — нізіна на полі. У старажытнасці была прыкмета: калі з’явілася на Ворчакавым вугле вада — значыць, хутка будзе вясна.
Доўгія разы — поле, якое пасля рэвалюцыі раздзялілі сялянам. Пайкі былі вузкія і вельмі доўгія.
Дрынаўка — лес на поўдзень ад Вуглян. Называецца так таму, што калісьці лес быў вельмі дрымучым.

ЛЯСНЯНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

ВЁСКА ЕЛЬКАЎШЧЫНА і яе ваколіцы

Аглобля — ранейшая назва в. Славянка.
Аксіннін хутар — частка лесу на паўночны ўсход ад в. Слабада.
Амерыка — усходняя частка в. Дуброва.
Бакава Слабада — ранейшая назва в. Слабада.
Белая дарога — дарога з Слабады на Арэхаўку, частка ранейшай дарогі з Шклова на Талачын.
Бярэзнік — невялікі лясок каля дарогі з Елькаўшчыны на Мехава.
Вал — узвышша за вёскай, дзе стаяў млын па дарозе на Літоўск.
Выган — пачатак в. Елькаўшчына.
Гай — балота каля новай забудовы в. Елькаўшчына.
Давыдкава — месца на поўнач ад вёскі, каля дарогі на Дудаковічы, дзе нарыхтоўвалі мох.
Драздова балота — балота на паўднёвы ўсход ад вёскі.
Канчанка — месца на паўднёвы ўсход ад вёскі на старой дарозе на Дуброву.
Кіраенкава балота — балота на паўднёвы ўсход ад вёскі.
Лявонава сажалка — сажалка ў вёсцы каля склада звадкаванага газу.
Маргі — поле на ўсход ад вёскі.
Матруніна гара — месца на дарозе з Елькаўшчыны на Славянку.
Новы пасёлак — частка вёскі з новай забудовай.
Падвяззе — лес на паўднёвы захад ад вёскі, насупраць Славянкі.
Падліпкі — частка лесу каля Давыдкава.
Падсталюгі — частка лесу на ўсход ад вёскі ў бок Арэхаўкі.
Пушкарэвічаў хутар — ранейшая назва цаглянага завода «Бразгучка».
Рыгорава сажалка — сажалка на поўнач ад калгаснага саду.
Савелева сажалка — месца ў паўднёва-ўсходняй частцы вёскі.
Сіваі, Качарга — частка Елькаўшчыны.
Трэцяя — частка вёскі.
Хутар — паўночная частка вёскі Дуброва.
Ягораў мох — балота на паўночны ўсход ад в. Слабада.

ВЁСКА АЗЁРЫ

Гарадзец — месца, дзе стаяла царква. Знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад вёскі.
Грышкін сад — месца, дзе стаяў дом, які быў спалены ў Вялікую Айчынную вайну. У гэтым доме жыў чалавек па прозвішчы Грышка. Знаходзіцца на захад ад вёскі.
Святое возера — вадаём на паўднёвы захад ад вёскі. Паданне сведчыць, што тут стаяла царква.

ВЁСКА БУРАЎШЧЫНА

Амшар Скапцоў — месца, якое знаходзіцца на дарозе ад Камянскіх могілак да в. Азёры.
Кісялькова гара — месца каля Азёр у Шклоўскім напрамку.
Максімаўшчына — месца каля Бураўшчыны па цячэнні ракі Вабіч. Раней быў хутар Дземчанкі Максіма.
Панскі сад — месца каля самога Літоўска. Засталося толькі адно дрэва — яблыня, а таксама векавыя вязы. Са слоў старых людзей, там жыў пан Ігнат, які меў вялікі сад.
Папоўшчына — месца, якое знаходзіцца каля Камянскіх могілак. Раней там быў алешнік.
Півонаўшчына — месца на мяжы са Шклоўскім раёнам. Там быў Півонаў хутар.
Раманькоў равок — месца на ўсход ад в. Бураўшчына, па цячэнні ракі Вабіч.
Рулякоўшчына — месца, якое знаходзіцца за другімі могілкамі в. Бураўшчына. Раней там былі хутары двух братоў Руляковых.
Рывонаўшчына — месца, якое знаходзіцца каля лесу, абапал дарогі ў Літоўск.

ВЁСКА ЗАГАРАНЫ

Антосева гара — месца на паўднёвы захад ад вёскі.
Ахрэмаўшчына — месца паміж в. Камяншчына і Тубышскім лесам. Раней там жыў Ахрэм Кісялёў.
Брама — месца на паўднёвы захад ад вёскі, раней там было балота, цяпер пабудаваны школьны стадыён.
Варкіна гара — знаходзіцца на поўдзень ад Загаран, месца, дзе быў хутар Шпілеўскай Варкі.
Вялікае балота — балота ў Загаранскім лесе.
Вялікі луг — месца, якое знаходзіцца каля канавы, на мяжы паміж калгасам «50 год Кастрычніка» і калгасам «Рассвет».
Гарэлы мост — мост на мяжы паміж калгасамі «50 год Кастрычніка» і «Іскра». Раней ён быў драўляным, у вайну спалены, адсюль і назва.
Жураўкі — месца за могілкамі на поўдзень ад вёскі, раней было балота. Меліяратары яго асушылі і зрабілі голае поле, а назва засталася.
Качарга — месца паміж майстэрняй і в. Камяншчыны. Рака Вабіч утварае там заварот, які падобны на качаргу.
Кішкунова возера — возера ў Загаранскім лесе. Пасярод возера ёсць невялікі востраў, на якім быў пахаваны Кішкуноў. Ён памёр ад туберкулёзу і загадаў пахаваць сябе на востраве.
Круг — невялікі хмызняк сярод лесу, раней там было голае месца і аралі поле, потым быў школьны стадыён.
Крутая гара — старое русла р. Вабіч. Гэта канава вельмі крутая і глыбокая, таму яе называюць Крутая гара.
Кулікоўшчына — луг, які знаходзіцца каля канавы, на мяжы паміж калгасам «50 год Кастрычніка» і калгасам «Рассвет». Там жылі браты Міхаіл і Уладзімір Кулікавы.
Лука — месца паміж вёскай і ракой.
Лявоніхін хутар — месца за майстэрняй у Загаранах.
Падвяззе — назва часткі лесу на поўнач ад Загаран пад в. Цямныя.
Панскае возера — возера ў Загаранах. Раней непадалёку быў маёнтак пана Кішкунова, якому і належала возера.
Сіўчык — невялікі хмызняк на паўднёвы захад ад вёскі, побач са школай.
Юшкін хутар — месца паміж Загаранскім і Елькаўскім лясамі.

ВЁСКА ЛІТОЎСК

Будзішча — лес каля вёскі.
Манькаў луг — вытокі р. Вабіч.
Петракоўскі мост — мост каля в. Літоўск.
Пушча — поле калгаса на мяжы з Шклоўскім раёнам.
Селіца — месца ў Літоўску, адкуль пачыналася вёска.
Тарасава гара — узгорак каля р. Вабіч.

РУБЕЖСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

КАЛГАС «НЯКРАСАВА»

Азярышча — поле на паўднёвы захад ад в. Хралішчава на месцы асушанага вадаёма.
Аэрадром — поле на поўдзень ад в. Хралішчава, дзе калісьці размяшчалася ўзлётная пляцоўка сельскагаспадарчых самалётаў.
Баркі — участак лесу на поўдзень ад в. Саннікі, дзе высаджваліся маладыя сасонкі.
Буевічыхіна капліца — капліца па прозвішчы паненкі Буевічыхі, на паўночны ўсход ад в. Варгуцёва.
Буевічыхіна сажалка — сажалка, непадалёку ад якой у в. Варгуцёва жыла паненка Буевічыха, на паўночны ўсход ад в. Варгуцёва.
Варгуцёва — вёска, назва якой утварылася ад заняткаў першых пасяленцаў: варылі смалу.
Варгуцеўскі лес — лес на захад ад в. Варгуцёва.
Віркі — участак поля на ўсход ад в. Саннікі, дзе вадзілася многа ваўкоў.
Вузкія — поле, назва якога ўтварылася ад назвы вузкіх надзелаў зямлі, якімі раней карысталіся сяляне, ад в. Саннікі на паўднёвы захад.
Галадоўка — поле пад в. Каскевічы, на якім ніколі не было добрых ураджаяў.
Ганчароў лес — лес на паўночны ўсход ад в. Баканава, які, паводле паданин, пасадзіў чалавек па прозвішчы Ганчар.
Гарэлае ляда — поле каля лесу на паўднёвы ўсход ад в. Саннікі. На гэтым месцы калісьці быў лес, які выкарчавалі і выпалілі.
Гадка — поле на паўднёвы захад ад в. Саннікі, дзе вадзілася шмат гадзюк. Каму Гадка, а саннікоўцам – матка.
Глінішча — мясціна ў в. Саннікі, дзе раней дабывалі гліну.
Гоенка — поле на паўднёвы ўсход ад в. Хралішчава на месцы былой в. Гоенка.
Гоенка — частка в. Хралішчава.
Гумны — месца на лузе на захад ад в. Саннікі, дзе раней знаходзіліся памяшканні для захоўвання збожжа.
Жураўкі — кусты ў полі, размешчаныя на паўднёвы ўсход ад в. Хралішчава, дзе здаўна жураўлі выводзілі сваё патомства.
Залом — лес на поўдзень ад в. Саннікі.
Каменка — месца непадалёку ад в. Някрасава перад Філатаўскім лесам, дзе вельмі шмат камянёў і крыніц.
Кісель — балота на ўсход ад в. Хралішчава.
Малінаўка — месца ў філатаўскім лесе.
Міклішча — лес на паўднёвы захад ад в. Філатава, сыры і балоцісты.
Пясочак — пясчанае месца ў лесе на поўдзень ад в. Саннікі.
Рапаева балота — месца ў лесе на захад ад в. Філатава. Назва паходзіць ад чалавека па прозвішчы Варапаеў, паводле другой версіі – ад назвы нейкіх птушак.
Саннікі — вёска, назва якой утварылася ад занятку насельніцтва: выраблялі сані.
Сідараўка — поле на паўднёвы захад ад в. Хралішчава.
Смароднік — лес на паўднёвы ўсход ад в. Хралішчава. Ёсць версія, што на гэтым месцы расло шмат чорных парэчак, якія засталіся на месцы былых хутароў.
Філатава — вёска, назва яе ўтварылася ад прозвішча жыхара, які першы пасяліўся ў гэтай мясцовасці.
Філатаўскі лес — лес на захад ад в. Філатава.
Хутары — мясцовасць на паўночны ўсход ад в. Саннікі, дзе калісьці размяшчаліся хутарскія гаспадаркі.
Чортава балота — балота ў Варгуцеўскім лесе, дзе, паводле падання, было нейкае зачараванае месца.

САЎГАС «АВАНГАРД»

Агінцы — жыхары в. Хількавічы.
Альховае балота — балота на захад ад в. Марцянавічы, дзе акрамя вольхі нічога не было.
Аніскаў равок — луг на захад ад в. Марцянавічы за садам на месцы былога хутара.
Бадзюлькін вір — месца на рэчцы на захад ад в. Марцянавічы каля саду, названа па прозвішчы гаспадара, якому належаў надзел зямлі каля рэчкі.
Бор — месца на захад ад в. Марцянавічы, недалёка ад в. Стаі, дзе раней раслі адны сосны.
Бурган — месца на захад ад в. Марцянавічы, раней узвышша сярод вязкага балота.
Гарэлае балота — балота на паўднёвы захад ад в. Марцянавічы ў бок в. Зелянькова, калісьці на тым месцы быў моцны пажар.
Гатоўшчына — поле побач з Гарэлым балотам на месцы былой в. Гатоўшчына.
Голая паляна — месца ў лесе на захад ад в. Марцянавічы, дзе не раслі дрэвы.
Давыдзькаў равок — месца на паўднёвы захад ад в. Марцянавічы ў бок в. Рубеж, на месцы хутара.
Данілкаў вір — месца на рэчцы за в. Марцянавічы насупраць хаты Данілы.
Доты — мясцовасць на паўднёвы захад ад в. Паўлавічы, раней назва вёскі, дзе стаялі немцы.
Жураўцы — поле на паўночны ўсход ад в. Хількавічы, раней балота, дзе вадзіліся жураўлі.
Забіцкае балота — балота паміж вёскамі Пераселле і Ліхінічы, дзе, паводле падання, мядзведзь забіў мужыка з бабай.
Завод — месца на паўднёвы захад ад в. Марцянавічы, побач з Гатоўшчынай, дзе раней быў цагельны завод.
Зады — невялікія балотцы на ўсход ад в. Хількавічы.
Казіны пасёлак — вуліца ў в. Паўлавічы.
Казлова балота — мясцовасць на поўдзень ад в. Паўлавічы, раней быў хутар селяніна Казлова.
Камароў равок — луг на захад ад в. Марцянавічы, за садам, на месцы хутара Камарова.
Камонева балота — балота на поўдзень ад в. Паўлавічы.
Краснагорка — сад каля в. Марцянавічы, раней в. Красная.
Круглы вір — месца на рэчцы паміж Марцянавічамі і Дарожкавічамі.
Купальскі луг — месца паміж вёскамі Хількавічы і Паўлавічы, раней там была сажалка, дзе любіў купацца пан.
Куцікава балота — мясцовасць паміж вёскамі Марцянавічы і Дарожкавічы, на месцы хутара Куцікава.
Лазарава балота — поле на паўночны ўсход ад в. Хількавічы, раней там была сажалка, якая належала селяніну Лазару.
Лапіцкі луг — луг на паўночны ўсход ад в. Хількавічы, дзе раней быў хутар селяніна Лапіцкага.
Ласіная гара — паляна ў лесе паміж вёскамі Марцянавічы і Стаі.
Лісіная гара — узгорак на ўскрайку лесу на поўдзень ад в. Паўлавічы ў бок в. Зелянькова, дзе шмат лісіных нор.
Лукашова балота — месца на поўдзень ад в. Марцянавічы, дзе хутаранін Лукашоў выкапаў сажалку.
Лысая гара — месца ў лесе паміж вёскамі Марцянавічы і Новае Палессе.
Марозаў лог — луг на поўдзень ад в. Марцянавічы ў бок в. Зелянькова, раней хутар Марозава.
Махавіцкае балота — месца на захад ад в. Марцянавічы, на якім калісьці размяшчаўся хутар Махавіцкага.
Мініна поле — поле на паўночны захад ад в Хількавічы, раней гэта зямля належала селяніну Мініну.
Міронава балота — луг на поўдзень ад в. Марцянавічы на месцы хутара селяніна Міронава.
Нінчына балота — луг на паўднёвы захад ад в. Марцянавічы ў бок в. Зелянькова, на месцы хутара адзінокай жанчыны, якую звалі Ніна.
Панаўка — поле на ўсход ад в. Хількавічы, перад в. Міхейкава, дзе раней была в. Панаўка.
Папова балота — балота паміж Паўлавічамі і Пераселлем, дзе, паводле падання, патануў поп.
Пехцераў хутар — поле на захад ад в. Марцянавічы за садам у бок в. Дарожкавічы, дзе калісьці размяшчаўся хутар Пехцерава.
Піліпчыкава балота — месца паміж вёскамі Паўлавічы і Марцянавічы, дзе стаяў хутар селяніна Піліпчыкава.
Праганаў лес — рэдкі, з невялікімі палянамі бярозавы лес на захад ад в. Марцянавічы.
Святы Мікола-луг — луг на ўсход ад в. Хількавічы, дзе, паводле падання, пахаваны святы Мікола і ўстаноўлены крыж.
Селіца — луг паміж Хількавічамі і дарогай на в. Рубеж.
Стасева ляда — участак лесу на поўдзень ад в. Паўлавічы, дзе жыў ляснік па прозвішчы Стась.
Туркава балота — луг на захад ад в. Марцянавічы ў бок в. Дарожкавічы, дзе раней жыў селянін па мянушцы Турак.
Уздорскае балота — балота паміж вёскамі Марцянавічы і Дарожкавічы.
Чапаева — другая назва в. Паўлавічы, так называўся першы калгас.
Чорнае балота — месца побач з Гатоўшчынай на паўднёвы захад ад в. Марцянавічы.
Шлях — дарога паміж вёскамі Паўлавічы і Вугляны.
Янкаў лог — мясцовасць на захад ад в. Марцянавічы, дзе жыў пан Янка.

ЦЯЦЕРЫНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

КАЛГАС ІМЯ КАЛІНІНА

Глінішча — луг на захад ад в. Зарэчча, дзе ёсць запасы ганчарнай гліны.
Голая паляна — месца ў лесе на ўсход ад Доўгага балота, дзе не растуць дрэвы.
Дзятлава балота — месца на захад ад в. Зарэчча каля Сасніка.
Доўгае балота — балота на ўсход ад в. Зарэчча.
Дуброва — лес на ўсход ад в. Зарэчча.
Дуніна балота — мясціна на ўсход ад в. Папоўка каля хаты бабы Дуні.
Зарэчча — частка в. Зарэчча, размешчаная за ракой.
Затокава балота — месца на Падстаўнікавым лузе, куды ў час паводак заходзіць вада з рэчкі.
Казіная яма — месца на рэчцы Друць, дзе любяць купацца, насупраць хаты бабы Казы.
Камяны бор — луг на ўсход ад в. Зарэчча.
Конскі брод — месца на рэчцы каля в. Зарэчча, дзе пераязджалі на конях.
Краснагорка — частка в. Зарэчча, самая прыгожая, таму так і называецца.
Лугавое балота — балота на захад ад в. Папоўка.
Лука — луг каля в. Зарэчча. Назва паходзіць ад прозвішча гаспадара.
Мартынава яміна — месца на рэчцы за в. Зарэчча.
Мачулішча — сажалка на захад ад в. Дразды.
Падстаўнік — луг на захад ад в. Зарэчча, назва паходзіць ад прозвішча гаспадара.
Рылаўка — лес на ўсход ад в. Зарэчча, назва паходзіць ад прозвішча хутараніна.
Самадумаўка — частка в. Папоўка.
Саснік — лес на захад ад в. Зарэчча.
Табар — лес на захад ад в. Папоўка, дзе спыняўся табар цыганоў.
Угода (Выгада) — нізкае месца на поўнач ад в. Папоўка, дзе вырошчвалі добрыя ўраджаі.
Чорная гара — месца на ўсход ад в. Папоўка з урадлівымі землямі.

САЎГАС «ЦЯЦЕРЫНА»

Арлова поле — поле каля в. Глыбокае па дарозе на Шапялевічы.
Арцёмаў вip — частка р. Каменка каля в. Касцюковічы.
Аўхімавы ляды — бярозавы гай на захад ад в. Касцюковічы.
Бондарава гара — месца ў паўднёвай частцы в. Цяцерына, дзе жыў бондар.
Бурчын мост – мост на дарозе Касцюковічы – Храпы.
Бярэзнікава балотца — балотца на захад ад в. Касцюковічы.
Вялікае балота — балота ў лесе на захад ад в. Касцюковічы.
Гай — поле па левы бок шашы Цяцерына—Шапялевічы за в. Храпы на месцы маладога ляску.
Ганчароўка — месца на захад ад в. Цяцерына, дзе калісьці быў хутар, гаспадары якога займаліся ганчарнай справай.
Гарэлае балота — балота на паўднёвы ўсход ад в. Глыбокае.
Доўгі лог — месца ў лесе на захад ад в. Касцюковічы.
Дрывасек — частка лесу на ўсход ад в. Касцюковічы, дзе расце многа баравікоў.
Дубы — урочышча ў лясным масіве каля в. Храпы.
За гаем — частка лесу за в. Касцюковічы.
Залега — месца на паўднёвы захад ад в. Цяцерына.
Зерцавая лагчына — лагчына ў лесе на захад ад в. Касцюковічы.
Зулеўка — месца на поўдзень ад в. Цяцерына на р. Друць, на якім калісьці стаяў млын.
Iстопкі — частка лесу каля в. Касцюковічы.
Кампека — мясціна ў в. Касцюковічы.
Казекі — балотца ў лесе на ўсход ад в. Касцюковічы.
Карчаватка — месца ў канцы в. Цяцерына, на якім калісьці рос дрымучы лес.
Кратова — частка поля на поўдзень ад в. Глыбокае.
Круцікава барада — поле на захад ад в. Храпы, раней быў масіў лесу, які выступаў у поле як барада. Побач жыў хутаранін Круцікаў.
Кулева — частка в. Глыбокае.
Латыгаўка — равок, які раздзяляе в. Касцюковічы на дзве часткі.
Лісічына — урочышча ў лясным масіве на поўнач ад былой в. Яноў.
Макаўе — частка лесу злева ад дарогі на в. Шапялевічы каля в. Глыбокае.
Маркава дарога — дарога на захад ад в. Касцюковічы.
Машок — невялікае балота на захад ад в. Цяцерына, якое было багата мохам.
Міхалоў — поле, дзе раней знаходзілася в. Міхалоў.
Міхалоўскі мост — мост на р. Каменка па дарозе з в. Глыбокае да Цяцерына.
Мужыкоўшчына — частка лесу справа ад дарогі на в. Шапялевічы каля в. Глыбокае.
Падасінка — невялікае азярцо перад в. Храпы.
Падвяззе — мясціна за Казекавым балотцам.
Паддубскае балотца — месца на ўсход ад пас. Каменка.
Паласа — частка поля пад лесам на ўсход ад в. Касцюковічы.
Панская сажалка — сажалка на ўсход ад в. Глыбокае.
Папкова балота — балота на паўночны ўсход ад пас. Каменка.
Папкова лагчына — лагчына на паўночны ўсход ад в. Касцюковічы ў лесе.
Папова гара — невялікая паляна ў лесе на поўнач ад в. Карма.
Руччо — равок на ўсход ад в. Касцюковічы.
Салёнае балота — на полі на захад ад в. Цяцерына калісьці было балота з салёнай вадой.
Старадубшчына — поле злева ад дарогі на Цяцерына каля в. Глыбокае.
Сядзібы — частка поля на поўнач ад в. Глыбокае.
Тарасава сажалка — сажалка на паўднёвы ўсход ад в. Глыбокае.
Тарэнтава балота — балотца на ўскраіне лесу на ўсход ад пас. Каменка.
Чукалава — месца на поўнач ад шашы Цяцерына – Шапялевічы перад в. Храпы.
Шарапавы кусты — мясцовасць на паўднёвы ўсход ад в. Касцюковічы.
Шведаў вір — вір на р. Каменка за в. Касцюковічы.
Шырокі пасёлак — пасёлак на ўсход ад в. Глыбокае.
Яршын — месца паміж Залегай і Ганчароўкай. Паводле падання, там жыў вельмі яршысты чалавек, якога і празвалі Яршын.

ШАПЯЛЕВІЦКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ

ВЁСКА БОЎСЕВІЧЫ

Аўласькава загарадзь — месца на ўсход ад в. Смагілаўка каля р. Аслік.
Ахрэмава лука — луг на паўночны захад ад Боўсевіч. Калісьці гаспадарамі гэтага лугу былі сяляне Лука і Ахрэм.
Ахрэмаў брод — месца за 1,5 км на поўдзень ад Боўсевіч.
Баравое балота — балота на паўднёвы захад ад Боўсевіч каля в. Смагілаўка ў лесе.
Бычачы равок — месца на ўсход ад в. Конанавічы.
Вакопы — месца на поўнач ад Боўсевіч, назва паходзіць ад таго, што калісьці людзі ў гэтым месцы закопвалі здохлую жывёлу.
Васількова балота — месца на ўсход ад Боўсевіч.
Візірка — паласа лесу на паўднёвы ўсход ад в. Кунцы.
Вурчанка — месца на паўднёвы захад ад Боўсевіч каля в. Смагілаўка.
Вялікая лука — самая вялікая па памерах частка берага р. Аслік, знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Боўсевіч.
Гаек — лес на ўсходзе ад в. Кунцы.
Гарэлае балота — балота на захадзе ад в. Конанавічы.
Гацішча — паўночна-ўсходняя частка поля за лесам каля в. Смагілаўка па шляху ў в. Шапялевічы.
Горка — месца на паўднёвы захад ад в. Смагілаўка.
Данілаў надзел — месца на поўнач ад в. Сіманавічы.
Дзярышча — месца на паўночны ўсход ад в. Кунцы.
Доўгі лог — луг, размешчаны на паўночным усходзе ад в. Боўсевічы.
Дошня — паўднёва-ўсходняя частка поля каля в. Кунцы.
Другі равок — месца ў заходняй частцы в. Кунцы.
Жуганова гара — месца на паўночны ўсход ад Боўсевіч, каля в. Сіманавічы.
Засценкі — месца на ўсход ад Боўсевіч.
Кавалёўка — месца на поўдні в. Боўсевічы, назва паходзіць ад таго, што ў мінулыя часы там знаходзіліся кузні.
Калачова лука — месца ў паўночна-ўсходняй частцы в. Сіманавічы, Калач быў гаспадаром на гэтым месцы.
Каміцет — лес каля в. Смагілаўка.
Катоўбы — поле на ўсход ад в. Боўсевічы.
Каўнеў роў — месца на захад ад в. Боўсевічы.
Кліны — частка лесу на паўночны захад ад в. Смагілаўка.
Круглы лог — месца на паўночны захад ад в. Конанавічы.
Ласінка — дарога на паўночны захад ад в. Кунцы.
Логавішча мядзведзяў — роў на поўдзень ад в. Конанавічы.
Лужа — месца на захад ад в. Смагілаўка, у лесе.
Лучкі — поле на ўсходзе в. Конанавічы.
Лысая гара — узвышша на поўдзень ад в. Кунцы.
Ляды — месца на поўнач ад в. Боўсевічы.
Ляскоў равок — месца на паўднёвы ўсход ад Боўсевіч, бліжэй да лесу каля в. Конанавічы.
Лясны надзел — месца на поўнач ад в. Сіманавічы.
Маскалёўка — месца на паўднёвы ўсход ад в. Боўсевічы.
Маскоўская дарога — шлях, які праходзіць з захаду на ўсход, каля в. Конанавічы.
Машок — равок, які знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Боўсевіч, каля в. Конанавічы.
Мядзвежжа балота — месца на захад ад Боўсевіч каля в. Смагілаўка.
Настачкін равок — месца на ўсходзе ад Боўсевіч, на полі каля в. Конанавічы.
Падасіннік — бераг лесу на паўднёвы захад ад в. Смагілаўка.
Падзавалле — месца, размешчанае ў паўночна-ўсходняй частцы в. Смагілаўка, каля р. Аслік.
Падкручча – месца на паўднёвы захад ад в. Боўсевічы. Назва паходзіць ад таго, што перад гэтым месцам вялікі ўзгорак.
Падол – поле, якое знаходзіцца на поўнач ад в. Кунцы.
Падкары – месца на поўнач ад Боўсевіч, каля в. Смагілаўка.
Паром – месца на захад ад в. Кунцы.
Пасанак – месца на захад ад в. Кунцы.
Перкавы равок – равок, які знаходзіцца на ўсход ад в. Сіманавічы.
Перкаўня – паласа лесу на паўночны ўсход ад в. Смагілаўка.
Першы равок – месца на ўсход ад в. Кунцы.
Прыварышча – равок, які знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад в. Сіманавічы.
Пшарына – поле, якое знаходзіцца на поўнач ад в. Кунцы.
Салдацкая крыніца – крыніца, якая знаходзіцца на паўночны ўсход ад в. Кунцы.
Самадумка – месца на захад ад в. Боўсевічы, назва пайшла ад таго, што людзі сяліліся тут самадумам.
Селішчы – месца на поўнач ад в. Боўсевічы, мінулыя часы тут было паселішча людзей. Зараз яшчэ захаваліся могілкі гэтых пасяленцаў.
Старая дарога – дарога, якая праходзіць з захаду на ўсход каля в. Сіманавічы.
Студзенка – лес, які знаходзіцца на поўнач в. Боўсевічы.
Стэхванаў вір – вір на р. Каменка каля в. Кунцы.
Сярожкаў мост – месца на р. Каменка, на ўсход ад в. Сіманавічы.
Трасцяніца – поле, якое знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад в. Конанавічы.
Хвашчоў роў – месца на ўсход ад в. Боўсевічы, назва паходзіць ад таго, што ў гэтым месцы шмат расло хвашчу.
Хмялькова дарога – дарога, якая праходзіць з поўдня на захад каля в. Конанавічы.
Цецерукоў надзел – месца на захад ад в. Сіманавічы.
Цімошчын роў – месца на поўдзень ад в. Боўсевічы.
Штановае балота – балота, якое знаходзіцца на захад ад в. Боўсевічы ў лесе.
Шутаў вугал – месца на паўночны захад ад в. Боўсевічы. Быў гаспадар Шут.
Шыпягскі равок – месца на ўсход ад в. Сіманавічы.
Юрачкаў роў – месца на захад ад в. Боўсевічы.

ВЁСКА ВАЎКОЎШЧЫНА

Доўгая старана – частка мясцовасці, размешчаная на захад ад вёскі.

ВЁСКА ЗАРЭЧЧА

Зарацкі равок – месца на поўнач ад вёскі.
Крынічны равок – равок, які размешчаны на ўсход ад вёскі, бярэ пачатак у лесе, вада ў ім ніколі не высыхае.
Палявы вугал – частка ляснога масіву, размешчана вуглом да саўгаснага поля.
Папова валока – частка зямельнага над зелу на ўсход ад вёскі, якая належала калісьці папу.
Плескачы – месца, дзе раней быў хутар. Назва паходзіць ад прозвішча селяніна.
Сіняе – частка лесу каля вёскі, дзе было шмат чарніц.
Стажкі – частка ўзбярэжжа р. Аслік.

ВЁСКА НОВАЕ ПОЛЕ

Асіннік – поле на паўднёвы ўсход ад вёскі.
Бярэзнік – лес на ўсход ад вёскі.
Вадапой – роў на паўночны захад ад вёскі, дзе паілі жывёлу.
Конанавіцкі шлях – дарога паміж вёскамі Новае Поле і Конанавічы.

ВЁСКА СМАГІЛАЎКА

Бараны – луг на паўднёвы захад ад вёскі.
Бялыніцкі брод – брод цераз р. Аслік на поўдзень ад вёскі.
Восіпава лука – месца на ўсход ад вёскі, там, дзе калісьці быў хутар селяніна па імені Восіп.
Высокая гара – абрыў на левым беразе р. Аслік на поўдзень ад вёскі.
Гліняны равок – равок на паўночны захад ад вёскі.
Дзявочы брод – месца на р. Аслік, дзе купаліся дзеўкі і маладзіцы.
Завір’е – луг на левым баку р. Аслік.
Задняя лука – месца на захад ад вёскі на мяжы з Бялыніцкім раёнам.
Залеж – лес на поўнач ад в. Смагілаўка.
Казённы лес – лес на левым беразе р. Аслік.
Калісценскі лес – лес на паўночны захад ад вёскі.
Капатураў лес – лес на паўночны ўсход ад вёскі, названы па прозвішчы лесніка.
Клін – лес на поўнач ад вёскі.
Крупеня – луг на поўдзень ад вёскі, паводле падання, на ім жанчына разліла крупеню, якую несла мужу.
Купрэева лужа – месца на левым беразе р. Аслік на поўдзень ад вёскі.
Падол – луг на ўсходзе ад вёскі.
Перакавое поле – поле на паўночны ўсход ад вёскі, надзелы на полі былі размешчаны ўпоперак.
Полегароды – поле на поўнач ад вёскі, раней былі агароды сялян.
Сажалкі – луг на левым беразе р. Аслік.
Хванкоў роў – луг на левым беразе р. Аслік.

ВЁСКА ШАПЯЛЕВІЧЫ

Адамаў равок – равок у лесе за в. Беларусь, злева ад дарогі Шапялевічы – Боўсевічы.
Белая лужа – поле з левага боку ад лясніцтва да раўчука, які аддзяляе яго ад лесу. Названа так таму, што раней у азярцы, якое знаходзіцца каля Шапялевіч, расло вельмі многа белых лілей.
Бізіева лучка – месца за «ямамі» ў бок в. Боўсевічы.
Борахава возера – азярцо справа ад дарогі Шапялевічы – Зарэчча, за мостам.
Брусы – поле з левага боку ад дарогі Шапялевічы – Круглае (за могілкамі в. Зарэчча).
Віселькі – лес за в. Зарэчча.
Вялікая лука – месца насупраць склада мінеральных угнаенняў у канцы в. Шапялевічы.
Гарадзішча – поле за в. Залоссе, справа ад дарогі Шапялевічы – Круча.
Глыбокая – вуліца ў в. Шапялевічы, якая ідзе паралельна Ніжняй (зараз Паркавая), называецца так таму, што хаты стаялі і стаяць высока над дарогай.
Дзебра – вуліца ў в. Шапялевічы (зараз Юбілейная), называецца так таму, што ў канцы вуліцы быў непраходны лес.
Дзякава лука – месца за піларамай.
Доўгі брод – брод цераз р. Аслік, справа ад моста (з боку в. Шапялевічы).
Доўгія рэзкі – поле з левага боку ад дарогі Зарэчча – Новае Поле, зараз там «маяк».
Дубкі – поле з левага боку ад дарогі Шапялевічы – Валкаўшчына, не даязджаючы да в. Аўсішча, раней рос дубовы гай.
Дубняцы – лес, злева ад Плескачовых кліноў, у бок возера, раней тут расло шмат дубоў.
Жыды – лес справа ад дарогі Шапялевічы – Гоенка, дзе ў час вайны былі забіты і пахаваны мясцовыя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці.
Зялёная рошча - лес справа ад р. Аслік, насупраць в. Залоссе.
Камяніца – гара каля падстанцыі.
Кассе – поле, якое знаходзіцца з левага боку ад дарогі Шапялевічы – Гоенка за Плескачовымі клінамі. Раней там рос арэшнік і малады сасняк, з якога мясцовыя жыхары рабілі касільны для косаў.
Кротава лука – месца злева ад дарогі Шапялевічы – Боўсевічы перад мостам цераз р. Аслік.
Круглы падол – лужок злева ад дарогі Шапялевічы – Зарэчча каля моста.
Крынічны равок – роў, які аддзяляе палі, прылягаючыя да в. Зарэчча, ад навакольных палёў.
Лаўнае – поле ў лесе на дарозе Зарэчча – Новае Поле.
Максімава поле – поле за раўком каля лясніцтва. Раней там быў Максімаў хутар і поле належала яму.
Малы кароўнік - месца насупраць піларамы.
Мікулінка – вуліца ў в. Шапялевічы (зараз Савецкая).
Навіна або Юркава – луг на р. Аслік насупраць свінафермы.
Ніжняя – вуліца ў в. Шапялевічы ўздоўж р. Аслік (зараз Набярэжная).
Падлужжа – лужок за Мікулінкай.
Плескачовы кліны – палі злева ад дарогі Шапялевічы – Гоенка. Названы так таму, што раней належалі Плескачам.
Папова – поле злева і справа ад дарогі Шапялевічы – Круглае за зарэчанскімі могілкамі. Да рэвалюцыі належала мясцовай царкве.
Паўлюркі – лужок справа ад дарогі каля моста.
Полька – апошняе поле з правага боку ад дарогі Шапялевічы – Гоенка перад лесам.
Чорнае, або Пустое возера – знаходзіцца за 1 – 1,5 км ад возера Хоцемля, названа так мясцовымі жыхарамі таму, што вада ў ім цёмная.
Чурылава – поле з правага боку ад дарогі Зарэчча – Новае Поле, уздоўж р. Аслік.
Шалаханава лука – месца справа ад дарогі Шапялевічы – Круча за могілкамі в. Шапялевічы.
Шырокі равок – роў за фермай саўгаса «Шапялевічы», упадае ў р. Аслік.
Ямы – лужок каля р. Аслік (левабярэжжа) за 100 – 150 м ад в. Беларусь.
Янкаў равок – месца на другі бок р. Аслік, насупраць піларамы.


ЗАГІНУЛІ Ў АФГАНІСТАНЕ


    МАКАРАЎ Міхаіл Міхайлавіч, нарадзіўся 28.9.1961 г. у в. Баклушы Даволенскага раёна Новасібірскай вобласці. Беларус. У 1976 г. Міхаіл скончыў 8 класаў Круглянскай сярэдняй школы, у 1981 г. – Жодзінскае ПТВ імя братоў Купрыянавых. Працаваў на аўтазаводзе ў Жодзіне, пасля на льнозаводзе ў г.п. Круглае. У лістападзе 1981 г. прызваны ў Савецкую Армію Круглянскім РВК. Служыў у Афганістане. Радавы М.М. Макараў загінуў 24.12.1982 г. Пахаваны ў г.п. Круглае.

Круглянский район

    З артыкула Н. Дарашэнкі «Такім ён хлопцам быў» у круглянскай раённай газеце «Сельскае жыццё» за 15.9.1987 г.

    «... Вядома, не паслужыўшы тут, ты не зразумееш маіх пачуццяў і вывадаў наконт баявой вучобы. Але служыць ганарова не толькі ў паветрана-дэсантных, а і ў іншых войсках.»

    (З пісьма Міхаіла Макарава з Афганістана брату Аляксею.)

    Ён пісаў дамоў не часта, але рэгулярна. Два пісьмы прыйшлі ў бацькоўскі дом, калі Мішу праводзілі ўжо ў апошні шлях. Маці ішла ад роднай магілы, а ў сэрцы гучалі словы з пісьмаў сына, якія заблудзіліся ў дарозе, а калі дайшлі, дык не прынеслі аблягчэння ад гора, якое напаткала сям’ю.

    Без хвалявання нельга чытаць гэтыя кароткія вестачкі.

    «Справы мае і служба праходзяць нармальна, як і раней. Машына ў спраўным стане і гатовая ў любы момант выйсці ў любую кропку Афгана. Заўтра зноў на выезд. Толькі пакуль невядома, якія машыны паедуць, хоць мая, па-мойму, як звычайна павінна стаяць першай. На гэтыя заданні я езджу кожныя 5 дзён і ўжо на памяць ведаю маршрут і месцы, дзе могуць стаяць міны. Вось ужо каторы раз мне даводзіцца ўзначальваць калону ротных машын».

    Узначальваць калону камандзір даверыць не кожнаму. I Міша ведаў, што гэта не толькі ганаровая справа – быць наперадзе, але і рызыкоўная.

    Дома, ведаючы пра нялёгкую і небяспечную службу Мішы, з нецярплівасцю чакалі пісем. I так радаваліся кожнай вестачцы, якая дапамагала даведацца, як яму служыцца.

    «Учора хадзіў у горы. Я вельмі хваляваўся перад гэтым пад’ёмам. Але ўсё прайшло добра, і сілы яшчэ засталіся. На спуску стаміўся больш, бо ўсю дарогу бягом, ды яшчэ з такім грузам, як печка-буржуйка. Пасля абеду – адпачынак да 16.00, а потым – на змену. Сапсавалася надвор’е. Прайшоў мокры снег, на дарозе нарабіў гразі. Сёння марозік крыху прыціснуў, і хадзіць становіцца лягчэй».

    Родныя ведалі, што служба ў юнака ідзе добра. Думаць так давалі падставы не толькі пісьмы, але і характар сына – усё, за што браўся, рабіў сумленна.

    Вырас Міша ў вялікай сям’і. Было іх у бацькоў 2 дачкі і 4 сыны. Для кожнага хапала ў маці з бацькам пяшчоты і ўвагі. Дзеці раслі на бацьку падобныя – сумленныя, уважлівыя да людзей, працавітыя, шчырыя.

    – Міша быў вельмі клапатлівым, нават пяшчотным сынам, – расказвае Зоя Міхайлаўна. – Вось Алёша – той раней па характары быў іншым, быццам больш суровым. А як Міша загінуў, Алёша нібы ўнаследаваў ягоныя рысы.

    «Маці піша, што ад цябе рэдка прыходзяць пісьмы... Ты не забудзь павіншаваць іх з кастрычніцкімі святамі і Воўку з днём нараджэння 6 лістапада», – дае Міхаіл брату наказ.

    Пасля заканчэння 8 класаў Міша так і заявіў – пайду вучыцца на токара. Гэты свой намер не змяніў. I паехалі маці з сынам у Жодзіна. Там на Беларускім аўтазаводзе быў для яго своеасаблівы дзень адчыненых дзвярэй – пахадзіў хлопец па цэхах, пазнаёміўся з вытворчасцю і падаў заяву ў Жодзінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча імя братоў Купрыянавых.

    Беражліва захоўваецца ў сям’і дыплом, які сведчыць, што вучыўся юнак паспяхова. Працаваць прызначылі токарам. Кожнае свята, у выхадныя дні прыязджаў дамоў. Пакуль вучыўся, была адтэрміноўка ад службы. А напярэдадні прызыву юнак працаваў на льнозаводзе, дзе рабіла маці. З ільнозаводскага калектыву і праводзілі яго ў салдаты, наказалі быць дастойным воінам.

    З таго часу, калі быў яшчэ рабочым ільнозавода, захавалася ў Макаравых грамата, якую ўручыў юнаку райком камсамола за актыўны ўдзел у грамадскай рабоце і высокія вытворчыя паказчыкі.

    Братам давялося служыць амаль адначасова. Міша пісаў з Афганістана Алёшу:

    «Як гаварыў наш ротны – савецкі салдат здольны прыжыцца і ваяваць у любых умовах. I гэта сапраўды так».

    Нялёгка было несці службу ў Афганістане. Але ў пісьмах дамоў пра гэта не пісаў. Толькі брату расказваў:

    «Вышыня месцаў, на якіх знаходзімся, 2600 метраў. Недахоп кіслароду адчуваецца, асабліва ў спякотны дзень. А спякотныя тут амаль усе. Ноччу, праўда, халадней. Мы выязджалі ўжо на невялікую аперацыю, у якой паранілі добрага хлопца. За гэта раненне душманы паплаціліся. Хоць нас было мала, але паказалі, як ваююць савецкія салдаты».

    А ў другім пісьме з радасцю паведамляе: «Служба праходзіць добра. Сёння атрымаў падзяку перад строем роты за выдатнае нясенне баявога дзяжурства і веданне сваёй баявой задачы».

    ... Вісіць на сцяне ў бацькоўскім доме партрэт сына – апошняя фатаграфія воіна-дэсантніка Міхаіла Макарава. А ў альбоме захоўваюцца здымкі, у якіх – усё Мішава жыццё. Вось ён школьнік з братам... А вось ужо юнак. Адкрыты прыгожы твар. Цёмныя цікаўныя вочы. Непакорлівы чуб упаў на высокі лоб.

    – Ён такім і памятаецца мне, – гаворыць маці. – Заўсёды жывы і ў маім сэрцы, і ў памяці ўсіх родных і блізкіх яму людзей.

    Зоя Міхайлаўна ўжо бабуля дзевяці ўнукаў. Дзеці старэйшага сына Юрыя ўжо дарослыя. З імі ды і з малымі Зоя Міхайлаўна часта гаворыць пра Мішу. I ў кожным унуку жанчыне хочацца ўбачыць штосьці ад сына, выхаваць іх такімі, якім быў ён.

    А быў сын сціплым, працалюбівым, у адносінах да блізкіх – клапатлівым, да сяброў – верным таварышам. А служба паказала, што быў ён яшчэ і адважным, мужным воінам...

    ЦЫБУЛЬКІН Аляксандр Міхайлавіч, нарадзіўся 12.12.1950 г. у в. Міхейкава Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Беларус. У 1968 г. Аляксандр скончыў Магілёўскае ПТВ №14 металістаў. У лістападзе 1969 г. прызваны ў Савецкую Армію Круглянскім РВК. Скончыў школу прапаршчыкаў. Служыў у Прыбалтыйскай, Ленінградскай ваенных акругах: з 1973 г. інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце, з 1979 г. на пасадзе бортмеханіка верталёта МІ-6. У верасні 1983 г. накіраваны ў Афганістан. Прапаршчык А.М. Цыбулькін загінуў 14.7.1984 г. Пахаваны ў в. Міхейкава. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна).

Круглянский район

    З пісьма А.М. Цыбулькіна жонцы і дзецям

    19 чэрвеня 1984 г.

    ... Сегодня получил от вас письмо и сразу пишу ответ. Вот, можно считать, месяц ещё прошел. Сегодня уже 19 число. Все ближе к дому. Работы сейчас много, так что время бежит быстро. Часто вспоминаю этот отпуск. Почему-то все не могу забыть. Даже вчера во сне видел разную ерунду. Ну а так всё нормально. Домой очень хочется, тянет. Скоро уже приедем. У меня все по-старому. Жив, здоров. Тома, пиши все. Как там дети? Очень по них скучаю. Вот уже нужно идти на построение. Следующий раз напишу побольше.

    З пісьма А.М. Цыбулькіна дзецям

    ... Письма ваши я получил. Сначала от Димы одно письмо, в котором он написал, что когда мама заставляет читать, то он прячется под кровать. Потом получил от Лены два письма. Недавно от нас поехал в отпуск дядя Сережа Бабанин. С ним я передал вам по одной баночке сока и маме одну. Напишите, если понравился вам сок, то я пришлю еще к празднику или попозже. Когда будет такая возможность. А еще хочу сказать Диме, что читать нужно. Нужно учиться хорошо, сынок, потому что сейчас такие сложные машины, управлять ими хорошо может только грамотный человек. Так что старайтесь, учитесь хорошо. И, конечно, нужно во всем маме помогать. Ей очень тяжело одной справляться с домашней работой...


ЧЕРНЫЙ ХЛЕБ КОНТРРАЗВЕДЧИКА


    З публікацыі ў газеце «Советская Белоруссия» ад 24 мая 1991 г.

    Галкоўскі Георгій Іванавіч, нарадзіўся ў 1935 г. у в. Радча Круглянскага раёна. Скончыў 7 класаў Шапялевіцкай школы і паступіў у Барысаўскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога служыў у арміі, затым працаваў сельскім настаўнікам.

    У 1958 г. прызваны на службу ў КДБ. Скончыў Вышэйшую школу КДБ імя Ф.Э. Дзяржынскага ў г. Маскве, пасля чаго год працаваў у адной з краін Афрыкі. У 1963 – 1971 гг. служыў у контрразведвальным упраўленні КДБ БССР. У 1971 – 1975 гг. у службовай камандзіроўцы на Блізкім Усходзе. Пасля вяртання працаваў намеснікам начальніка аддзела КДБ БССР. З верасня 1980 г. афіцэр бяспекі савецкага пасольства ў Індыі. Пасля вяртання перанёс сардэчны прыступ, з мая 1991 г. на пенсіі.

    Кто же они, современные бойцы «невидимого фронта», «люди, чьих фамилий не знаем», разведчики конца века?

    И вообще: встречался ли кто-нибудь из простых смертных с этими засекреченными ребятами? Еще совсем недавно даже вымышленный рассказ про разведчиков-чекистов требовал особой визы «компетентных органов...»

    В закрытом обществе закрытые структуры. Но вот мы начали чуть-чуть приоткрываться, и приотворил двери загадочный комитет.

    Накануне Дня Победы рассекречен еще один не киношно-литературный, а настоящий советский разведчик полковник Георгий Галковский. В зале чекистской славы КГБ БССР, куда ранее далеко не всем вход был доступен, впервые открыто состоялся ритуал проводов разведчика в «запас». Есть любопытная деталь в этом ритуале, уходящий передает личное оружие молодому сотруднику. Передавая пистолет в потертой кобуре юному старлею, подполковник сказал:

    – Без ложной скромности признаюсь, что стрелял я здорово. Но только в тире мне приходилось обнажать этот ствол. Хотел бы пожелать, чтобы никогда это оружие не было направлено в человека.

    В этом зале один из стендов посвящен полковнику Галковскому, вернее, не столько ему, сколько тем шпионам, чью деятельность он пресек на территории Белоруссии. Люди постарше помнят, как в конце шестидесятых годов на территории воинских частей, расквартированных в БССР, «заблудились» зарубежные дипломаты. Их взяли с поличным, и тогда выяснилось, что дипломатические паспорта были только прикрытием опытных разведчиков. Их то и обезвреживал молодой тогда еще старший лейтенант госбезопасности.

    Приходилось ему встречаться с теми, кто приезжал сюда с «деликатными» миссиями, и под Брестом, и под Гродно.

    Причем ни одно из иностранных посольств не могло возразить против аргументов и фактов, которые изобличали тех, кто приезжал в нашу страну отнюдь не с миссией доброй воли. Это было в разгар «холодной войны», когда мертвой хваткой вцепились друг в друга противоборствующие разведчики.

    Потом Галковский исчез. Учился, а вскоре и сам был направлен для выполнения деликатной миссии. Посылали его в зарубежную командировку на два года. Он смог вернуться только через десять.

    Георгий Иванович показывает мне грамоты: обыкновенные листы плотной бумаги, на которых начертано: «За выполнение особого задания». А под текстом подписи Чебрикова, Андропова, Крючкова. За каждой грамотой свои «семнадцать мгновений весны».

    Он родился в Круглянском районе, окончил Могилевское педучилище, заведовал сельской начальной школой. Если бы в те годы кто-то сказал, что придется чуть ли не заново учить родной язык и часто заглядывать в словарь, он бы не поверил.

    Георгий Иванович свободно владеет английским, французским, чуть хуже арабским. Как сам признался, когда на душе кошки скребут и предстоит сложная беседа с начальством, он приводит в порядок нервы с помощью французских философов, которых читает, естественно, в подлиннике. Томик Экзюпери у него всегда на столе. Когда впервые в жизни Георгию Ивановичу пришлось рассказывать о своей жизни мне, он держал в руках «Маленького принца».

    – Слыхал про вас такую легенду, будто ехали вы из Парижа в поезде, когда в купе зашла группа наших соотечественников. Они расположились и стали доставать черный хлеб, селедку, водку, разговаривая при этом на языке, который вам давно не приходилось слышать. А вы – «месье», и вам нельзя ни к хлебу прикасаться, ни к селедке, ни к водке, чтоб ничем себя не выдать. Как выкрутились вы из этой ситуации?

    – Конечно, это легенда. К водке я абсолютно равнодушен, никаким «месье» я не был, хотя и выступал под прикрытием другой профессии. А вот что касается черного хлеба – разговор особый. На самом деле работа разведчика рутинная и будничная, связанная со многими неудобствами. Работая под прикрытием, надо так выполнять обязанности той профессии, которая является твоей «крышей», чтоб комар носа не подточил. Нельзя давать повода для сомнения в твоей «профпригодности», дабы не вызвать подозрения, недоразумения, упрека. Нас не просто берут и посылают за рубеж. Этому предшествуют тщательный отбор и подготовка, которые занимают многие месяцы, а то и годы. Я уже не говорю о том, что люди учатся, проходят практику на Родине, анализируют методы работы противоборствующей стороны, прежде чем сделают хотя бы один самостоятельный шаг по чужой земле. И даже в таких случаях бывают всякие неожиданности. Их приходится корректировать на ходу. Посоветоваться уже не с кем. Решения приходится принимать самому.

    Разведчик должен многое уметь, кроме своей профессии и «крыши»: водить все марки автомашин при левостороннем движении, знать фотодело, радио, язык той страны, куда тебя послали и, как минимум, пару европейских. Эти качества приобретаются дома, там некогда.

    Так что белого хлеба у разведчика не бывает. (Радости, конечно, есть, но их так мало.) Рассчитываешь только на себя. И если ты что-то недоучил, не усвоил – это скажется в самую критическую минуту и может привести к гибели. Туда насильно никого не посылают. Учитываются и семейные проблемы. Все это кусочки того черного хлеба, которые необходимо проглотить.

    – Насколько мне известно, вам с женой Людмилой Николаевной удалось за рубежом вырастить троих детей, что никак не отразилось на выполнении особых заданий.

    – Да.

    – Это уже подвиг жены разведчика.

    – И ей, и мне пришлось заниматься еще и проблемами медицины. Это при всем при том, что надо было качественно выполнять ту работу, которая была прикрытием, и ту, которая является разведкой и контрразведкой. А климатические условия в стране, где мы были, такие: рядом экватор, температура в тени 47 – 49 градусов. Влажность высокая. Садишься в автомобиль и сразу ощущаешь, что уши горят, как в бане на верхней полке. Градусник в салоне показывает 30, если машина долго стояла без движения. Здоровья это не добавляет. А поскольку работа у меня складывалась, как надо, мне продлили срок пребывания в этом раю. Спасла неплохая физическая подготовка. Я имею в виду не только мускульную силу, а и нервные перегрузки. Ведь противодействие тех, кто тебе по долгу своей службы обязан мешать, тоже ощущалось. И тут напал на меня радикулит и куча еще разных хвороб, которые у нас аналогов не имеют. Я лечился кроссами. По такой вот жаре пробегал ежедневно не менее двух километров. Чуть только пожалеешь себя, можешь ставить крест на задании. Поджидали и другие ситуации. Я работал по линии контрразведки. В мои обязанности входила защита интересов советских граждан, спициалистов от происков спецслужб, нам противостоящих. Разведка для этого и существует, чтобы добывать информацию.

    – Ведь вы работали большую часть времени в годы, которые принято сегодня называть периодом застоя.

    – Тогда политика наша имела свои особенности, против нас действовали спецслужбы весьма агрессивно. Предотвращать возможные измены, вербовки советских граждан – важнейшая задача контрразведки. У ЦРУ было гораздо больше возможностей – финансовых и политических. Тем более что наши политики немало нам подбрасывали козырей. Но нам удалось сорвать много провокаций. Однако вернемся к черному хлебу. Вдали от Родины остро чувствуешь тоску по всему нашему. Детям было особенно трудно. Когда наши товарищи возвращались из отпуска или приезжали на замену, то самым лучшим подарком для нас была буханка черного хлеба. Мы делили ее на маленькие кусочки величиной с конфету. И давали их детям вместо конфет. Главный подарок для разведчика, долго работающего за рубежом, – буханка черного хлеба. Она пахнет Родиной .

    – В каких странах вам приходилось работать?

    – Во многих. Был я бизнесменом, торговал самолетами, запасными частями к ним, работал и под другими «крышами». Хорошо знаю Азию, Африку, Европу. Сейчас по миру ездит очень много советских людей. Интерес к ним со стороны спецслужб, поверьте мне на слово, отнюдь не уменьшился. Скорее, наоборот.

    – Вы работали под руководством генерала Олега Калугина?

    – Да, какое-то время он был моим начальником. Это подразделение называется так: Управление внешней контрразведки. Он был начальником управления, рядовым работником одного из отделов. Сейчас Олег Данилович критикует КГБ. Да, наша система имеет недостатки. Но она же является частью нашего общества, и эти издержки порождены внутренней и внешней политикой, которая проводится на определенных этапах. Сразу все это не изменишь. Но вот принят и начал работать Закон о КГБ, и есть надежда, что наша организация перестанет быть пугалом. Еще до принятия закона упразднены пятое управление, занимавшееся идеологическими диверсиями, другие структурные образования, которые нынче не нужны. Процесс обновления идет.

    – Не испытываете ли вы сожаления, что большая часть вашей работы выпала на время, когда внутренняя политика страны не вызывала восторга?

    – Нет. Я работал не зря. Спасал людей, а не губил. Были случаи, когда видел, как советский человек втягивается в возню, за которой неизменно последует вербовка. Например, сотрудник Аэрофлота начал активно заниматься переправкой в СССР предметов контрабанды. А добывал он их через служащих отделения Аэрофлота, среди которых работала агентура спецслужб. Они ему поставляли изделия из серебра, драгоценности по спекулятивным ценам, а он переправлял их самолетами в Союз. Когда человека покупают, за этим что последует? Было приняло решение под благовидным предлогом отправить человека домой и тем прервать опутывание его паутиной, из которой впоследствии ему одному не выбраться. А средств для подкупа наших людей у спецслужб хватает.

    – Генерал Калугин говорил, что и КГБ располагает неограниченным количеством валюты...

    – Это далеко не так. У нас существует строгая отчетность за каждую израсходованную валютную единицу. У ЦРУ возможностей больше. Они подкупают местных граждан, которые работают в советских представительствах, через них изучают советских специалистов. Особенно быстро попадаются на удочку те, кто не может устоять перед лестью. Начинается восхваление его достоинств, постоянно внушается, что с его способностями он бы был на Западе большим человеком, подставляются интересные дамы, расходы которых надо оплачивать, предлагаются деньги, и – птичка в клетке. Далее последует вербовка. Склонных к этому людей мы и выявляли, работали с ними в их же интересах. И если видели, что человек оступился случайно, с ним беседовали, и все становилось на свои места. Но были и такие, что вели двойную игру. Если мы видели, что дело зашло далеко, таких отправляли домой. Был случай: американцы завербовали местного гражданина, работавшего в нашем представительстве, и через него стали изучать сотрудников с целью их компрометации. Узнав об этом, мы перевели его на другой участок работы, увеличив зарплату. И провокацию пресекли в зародыше.

    Тогда американцы принялись за советскую гражданку, которая была замужем за иностранцем. Её шантажировали через полицию нравов, обвиняя в проституции и обещая обо всем рассказать мужу. Хотя и рассказывать было нечего... Я пошел к комиссару полиции и потребовал прекратить провокацию против женщины.

    – Георгий Иванович, извините, может быть, не за совсем корректный вопрос: в последней своей командировке вы находились под прикрытием дипломатического статуса, как и те агенты ЦРУ, которых вам приходилось задерживать с поличным в начале своей работы в КГБ Белоруссии. Невольно возникает сравнение...

    – Да, я официально числился первым секретарем советского посольства в одной из стран Азии и отвечал за безопасность. Все знали, что я офицер КГБ. Такие службы предусмотрены и существуют во всех дипломатических учреждениях других стран мира. Но одно дело отвечать за безопасность советских людей и совсем другое – нагло нарушать статус дипломата, вмешиваться во внутренние дела. Двери моего служебного кабинета никогда не закрывались. Люди шли со своими делами, заботами.

    На практику в местный университет приехали наши студенты. Их очень плохо устроили: ни кондиционеров, ни постелей, никаких элементарных удобств. И я поехал к ректору, предъявил свое дипломатическое удостоверение и добился нормальных условий для ребят. Советские люди жили в 35 точках страны. И не забывайте, что в это время наши войска еще были в Афганистане, а в стране моего пребывания находились на излечении тысячи моджахедов. Они постоянно устраивали провокации против советских людей. Это было очень напряженное время.

    – Знали ли вы своих визави из спецслужб США?

    – Конечно. И встречался с ними для выяснения судьбы советского гражданина, которого им удалось завербовать и отправить в другую страну.

    – Приходилось рисковать?

    – Всякое было. Если не идти на обострение ситуации, не поймаешь момента истины, хорошего результата не получишь. Есть риск во всяком деле. В нашем – особенно.

    – Какое для вас самое приятное событие?

    – Возвращение на Родину. Здесь не надышишься.

    – Несмотря на очереди, всеобщий дефицит, упадок культуры?

    – Все это наше, кровное. Наша боль и проблемы. Нигде, конечно, нет ничего подобного. Но это Родина, которую разведчик всегда чувствует за своей спиной.

    – А как вы устроились дома?

    – Живу в кооперативной квартире в одном из самых отдаленных микрорайонов Минска – Кунцевщине. Зато простор и природа рядом. Есть у меня автомобиль, часто езжу на свою малую родину – Круглянщину. И все никак не могу привыкнуть к тишине, надышаться.

    Идет по улице подтянутый мужчина. В толпе на него никогда не обратишь внимания. И мало кто знает, что этот человек – обыкновенный разведчик. Не выдуманный Штирлиц, а настоящий.

В.Левин


РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ


    Круглянскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей працуе з верасня 1991 г. Мае 6 экспазіцыйных залаў. У 1994 г. да 50-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музей адкрыў сваю першую экспазіцыю «Кругляншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У 1995 г. экспазіцыя папоўнілася новым матэрыялам. Музей заняў другое месца ў аглядзе-конкурсе дзяржаўных музеяў Магілёўскай вобл., які быў прысвечаны 50-годдзю вялікай Перамогі.

    У сакавіку 1995 г. адкрыта другая экспазіцыя – «Этнаграфія роднага краю», дзе шырока прадстаўлены прадметы сялянскага і местачковага побыту. Зала гісторыі і археалогіі прыстасавана пад адкрытае захоўванне фондаў і выставу народнай творчасці. Афармляецца экспазіцыя «Прырода роднага краю».

    За 1991 – 95 гг. супрацоўнікамі музея арганізавана больш за 20 выстаў рознай тэматыкі. У музеі праводзяцца заняткі з вучнямі малодшых класаў і дашкольнікамі па вывучэнні гісторыі роднага краю.

    Музей налічвае больш за 6 тысяч экспанатаў. Сярод іх прадметы з археалагічных раскопаў, сялянскага побыту, іконы канца XIX ст., нумізматыка, дакументы і матэрыялы ўзнікнення м. Круглае, іншых населеных пунктаў, знаходжання іх у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у складзе Расіі і інш.

    Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў музея і краязнаўцаў у раёне выяўена 37 народных майстроў, рукамі якіх вырабляюцца дзівосныя рэчы з саломкі і дрэва, карункавыя вырабы, посцілкі і абрусы.

    Музей сёння — гэта своеасаблівы клуб па інтарэсах, ён збірае людзей, якія горача любяць свой край, яго гісторыю, якія заклапочаны захаваннем духоўнай спадчыны народа і актыўна ўдзельнічаюць у прапагандзе гістарычных ведаў.

Круглянский район

Круглянский район

    Пры камплектаванні музея не абышлося без дапамогі добраахвотных памочнікаў. Сярод іх: М.В. Яцкевіч з Мінска, былы дырэктар музея 8-й партызанскай брыгады С.Г. Жуніна, якая дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Кругляншчыне (музей размяшчаўся ў 100-й школе г. Мінска і ўсе экспанаты з гэтага музея былі перададзены нашаму); З.Л. Дзергачова, С.Л. Шанькіна, А.У. Галаўкоў і многія іншыя.

Круглянский район

Т.М.Аксёнова.


ПОМНІКІ ГІСТОРЫІ I КУЛЬТУРЫ КРУГЛЯНСКАГА РАЁНА


ГАРАДСКІ ПАСЁЛАК КРУГЛАЕ

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 5 партызан, што загінулі ў баях з ворагам у 1942 – 43 гг. У цэнтры пасёлка, у скверы.
Магіла ахвяр фашызму, дзе пахаваны 515 жыхароў г.п. Круглае, вёсак Цяцерына і Хацькова, якіх загубілі нямецка-фашысцкія захопнікі ў 1941 – 44 гг. вул. Магілёўская, насупраць могілак.
Магіла барацьбітоў за савецкую ўладу. Пахаваны актыўныя змагары за ўсталяванне і ўмацаванне савецкай улады ў Круглянскім раёне В.І. Ракушаў і яго сыны – Фёдар і Рыгор. Вул. Савецкая, на тэрыторыі школы-інтэрната.
Мемарыял у гонар Герояў Савецкага Саюза. У парку імя 50-годдзя Кастрычніка.
Помнік землякам. На паўднёва-заходняй ускраіне пасёлка, на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Круглянскі».
Помнік У.І. Леніну. На вул. Савецкай, каля Дома Саветаў.
Помнік у гонар падпольнай партыйна-камсамольскай «Арганізацыі барацьбы за вызваленне Радзімы». На вул. Савецкай, у парку імя 50-годдзя Кастрычніка.

ВЁСКА АЛЬШАНІКІ, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА БАНЬКІ, ЦЯЦЕРЫНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА БЕЛАЎКА, ШАПЯЛЕВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

Месца загубы ахвяр фашызму. На паўночнай ускраіне вёскі.

ВЁСКА БОЎСЕВІЧЫ, ШАПЯЛЕВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла партызан. На могілках.
Магіла партызана І.І. Харкевіча. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ВЯЛІКІЯ КАСКЕВІЧЫ, РУБЕЖСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла партызан. На могілках.

ВЁСКА ГЛЫБОКАЕ, ЦЯЦЕРЫНСКІ СЕЛЬСАВЕТ


Магіла партызана, разведчыка-падрыўніка Героя Савецкага Саюза А.С. Лукашэвіча. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ГОЕНКА, ШАПЯЛЕВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

Магіла ахвяр фашызму. На паўднёвай ускраіне вёскі.

ВЁСКА ГРЫБІНА, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ДУДАКОВІЧЫ, ЦЭНТР ЛЯСНЯНСКАГА СЕЛЬСАВЕТА

Пакроўская царква. Ва ўсходняй частцы вёскі.
Помнік землякам. У скверы, насупраць будынка праўлення калгаса «Кастрычнік».

ВЁСКА ЕЛЬКАЎШЧЫНА, ЛЯСНЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ЗАГАРАНЫ, ЛЯСНЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ЗАМЫШКІ, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. За 150 м на поўнач ад будынка школы.

ВЁСКА ЗАПРУДДЗЕ, КОМСЕНІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА КОМСЕНІЧЫ, ЦЭНТР СЕЛЬСАВЕТА

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан

ВЁСКА КРУЧА, ЦЭНТР СЕЛЬСАВЕТА

Магіла Е.М. Мельнікавай і А. Мельнікава. На могілках.
Магіла П.К. Шаўцова, лейтэнанта Чырвонай Арміі. За 0,3 км на поўдзень ад вёскі.
Магіла ахвяр фашызму. За 0,4 км на поўдзень ад вёскі.
Помнік землякам. На цэнтральнай сядзібе саўгаса «Круча».
Радзіма П.А. Залуцкага, прафесійнага рэвалюцыянера.
Радзіма Н.Л. Юшкоўскага, кавалера ордэна Славы трох ступеняў.

ВЁСКА ЛЫСКАЎШЧЫНА, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Магіла М.В. Неўрава, рускага жывапісца.
Мемарыяльная дошка М.В. Неўраву. На будынку пачатковай школы.

ВЁСКА НАВАПРУДДЗЕ, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Магіла ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА НОВАЕ ПАЛЕССЕ, КРУЧАНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла партызан. На могілках.

ВЁСКА ПАСЫРАВА, ЛЯСНЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.

ВЁСКА ПАЎЛАВІЧЫ, РУБЕЖСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.

ВЁСКА РУБЕЖ, ЦЭНТР СЕЛЬСАВЕТА

Помнік землякам. У цэнтры вёскі, у скверы.

ВЁСКА СТАРАЯ РАДЧА, КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. Каля будынка праўлення калгаса «Шлях камунізму».

ВЁСКА ФІЛАТАВА, РУБЕЖСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Помнік землякам. У скверы каля школы.
Помнік С.А. Лавянецкаму, Герою Савецкага Саюза. У цэнтры вёскі.

ВЁСКА ЦЯЦЕРЫНА, ЦЭНТР СЕЛЬСАВЕТА

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. У цэнтры вёскі.
Помнік землякам. У цэнтры вёскі, каля будынка клуба.

ВЁСКА ШАПЯЛЕВІЧЫ, ЦЭНТР СЕЛЬСАВЕТА

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. У цэнтры вёскі, каля будынка клуба.
Помнік землякам. У цэнтры вёскі, каля будынка клуба.

ВЁСКА ШАЎКАВІННЕ, РУБЕЖСКІ СЕЛЬСАВЕТ

Брацкая магіла партызан. На ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках.