У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
ФЕАДАЛЬНЫЯ МАЁНТКІ I IX УЛАДАЛЬНІКІ
(па матэрыялах М.Спірыдонава і У.Пашкевіча)
Найбольш раннія звесткі, якія тычацца тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна, адносяцца да канца ХV – пачатку ХVІ стагоддзя. Кругляншчына, як і ўся Беларусь, уваходзіла ў той час у склад Вялікага княства Літоўскага. Першым сярод населеных пунктаў Кругляншчыны ў крыніцах упамінаецца Цяцерын («Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», які складзены прыкладна ў 1390-я гг.). Тое, што Цяцерын далучаны стваральнікам спіса да ліку гарадоў, паказвае, што ў той час тут было значнае драўлянае ўмацаванне. Менавіта такія ўмацаванні зваліся ў старажытнарускі час «гарадамі» (пазней у тым жа сэнсе пачало ўжывацца слова «замак»).
Сучасная Кругляншчына ў той час падзялялася на дзве часткі. Большая ўваходзіла ў вялікую воласць, цэнтрам якой быў Цяцерын, яна цягнулася ўздоўж Друці на поўдзень, да паўднёвай мяжы сучаснага Бялыніцкага раёна. Другая частка належала Друцкаму княству, цэнтр якога горад Друцк (Одруцк) знаходзіўся каля паўночнай мяжы Кругляншчыны, тэрыторыя займала большую частку Талачынскага і цэнтральную Крупскага раёнаў. Пазней, у ХVІ стагоддзі абедзве часткі ўвайшлі ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства.
Друцкае княства здаўна належала мясцоваму княжацкаму роду – князям Друцкім, якія, напэўна, былі нашчадкамі аднаго з сыноў славутага полацкага князя ХІ стагоддзя Усяслава Чарадзея. Пад уладай вялікіх князёў літоўскіх яны захавалі сваю вотчыну, што паступова была падзелена паміж шматлікімі прадстаўнікамі роду. У пачатку ХV стагоддзя жыў князь Сямён Дзмітрыевіч Друцкі, шэсць сыноў якога каля 1423 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні паміж сабой. Можна меркаваць, што паўночная частка Кругляншчыны ўвайшла ў тую долю, якую ўзяў сабе другі сын Сямёна Дзмітрыевіча – Іван Пуцята, што нарадзіўся каля 1390 г. і неаднаразова называецца ў крыніцах з 1422 да 1440 г. Яго ўладанні былі падзелены паміж сынамі. Прынамсі, два з іх – Васіль і Дзмітрый Пуцяцічы – валодалі часткамі Кругляншчыны. 3 больш позніх звестак вынікае, што Васілю дасталася тая частка Друцкага княства, дзе ўзніклі маёнткі Арава і Дудаковічы, а Дзмітрыю – Радча і Лясная.
Цяцерынская воласць у канцы ХІV – пачатку ХV стагоддзя была ўладаннем аднаго з нашчадкаў Гедыміна – удзельнага князя Лугвена (у хрышчэнні Сямёна) Альгердавіча. Галоўным з яго ўладанняў быў горад Мсціслаў, ад якога ён, а потым і яго нашчадкі пісаліся князямі Мсціслаўскімі. Князь Лугвен-Сямён прыняў праваслаўе, заснаваў пад Мсціславам так званы Ануфрыеўскі манастыр, на ўтрыманне якога вызначыў некалькі сёл у Мсціслаўскай воласці, а таксама мядовую даніну з Цяцерына («дань медовая Тетеринская»). Гэтыя яго падараванні былі потым пацверджаны яго сынам Юрыем і ўнукам Іванам.
Князь Лугвен памёр у 1431 г., пасля чаго Мсціслаў і, напэўна, Цяцерын перайшлі да яго сына Юрыя Сямёнавіча. Аднак у хуткім часе ў Вялікім княстве Літоўскім адбыліся бурныя падзеі. Пачалася міжусобная вайна паміж 2 прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад – братам Лугвена Свідрыгайлам Альгердавічам і братам папярэдняга вялікага князя Вітаўта Жыгімонтам Кейстутавічам. У ходзе гэтай барацьбы Юрый Мсціслаўскі падтрымаў свайго дзядзьку Свідрыгайлу (дарэчы, яго прыхільнікамі былі і князі Друцкія, у тым ліку Іван Пуцята). Між тым поспех быў на баку Жыгімонта, які ў 1432 г. адлучыў Свідрыгайлу ад вялікага княжання, а ў 1436 г. устанавіў кантроль над усходам Беларусі, які да таго быў галоўным фарпостам Свідрыгайлы. Уладанні Юрыя Мсціслаўскага былі канфіскаваны, а сам ён вымушаны эмігрыраваць у Ноўгарад. Магчыма, што пад канфіскацыю трапілі і вотчыны Івана Пуцяты, які апошнія гады жыцця правёў пры Свідрыгайлу на Валыні, дзе той княжыў пасля паражэння ад Жыгімонта.
У 1440 г. Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты ў выніку змовы. На пасад быў запрошаны трынаццацігадовы сын польскага караля Уладзіслава Ягайлы Альгердавіча і стрыечны брат Юрыя Мсціслаўскага – Казімір. Фактычна ўладу атрымала групоўка літоўскіх паноў на чале з віленскім ваяводам Доўгірдам, якая кіравала дзяржавай ад імя юнага гаспадара. Тады князь Юрый і, напэўна, Іван Пуцята ці яго дзеці атрымалі назад свае вотчыны. Аднак Юрый хутка разышоўся з новым урадам Вялікага княства Літоўскага, паспрабаваў утварыць з Мсціслаўскага і Смаленскага княстваў незалежную дзяржаву. Яго выступленне пацярпела няўдачу, і ён зноў павінен быў уцякаць за мяжу. Цяцерынская воласць яшчэ раз была канфіскавана, на гэты раз пан Доўгірд проста забраў яе сабе. Прыкладна ў 1442 г. велікакняжацкі пісар Сямён Сапега аформіў прывілей, паводле якога Цяцерын ад імя Казіміра перадаваўся ў вотчыну віленскаму ваяводу. Але Доўгірд нядоўга карыстаўся гэтым набыткам, у 1443 г. ён памёр без нашчадкаў, пасля чаго Цяцерынская воласць вярнулася пад кантроль рады Вялікага княства Літоўскага. Каля 1445 г. маёнтак Княжы Двор Цяцерынскай воласці (напэўна, сучасныя Княжыцы пад Магілёвам) быў падараваны князю Івану Раманавічу Крошынскаму, які паходзіў са Смаленшчыны. Даравальную падпісаў пераемнік Доўгірда на пасадзе віленскага ваяводы Ян Гаштаўт.
Прыкладна ў гэты час Гаштаўт падараваў баярыну Булгаку нейкае сяло, якое пры князю Лугвену трымаў баярын Сымон. Да гэтага сяла належалі бортнікі (сяляне, галоўнай павіннасцю якіх было назіранне за бортнымі дрэвамі і збор мёду), што жылі ў паселішчах Шансковічы (месцазнаходжанне не выяўлена) і Шапялевічы. Гэты запіс з’яўляецца першым упамінаннем Шапялевічаў у гістарычных крыніцах.
Пазней, магчыма, Цяцерын разам з Мсціславам быў перададзены знакамітаму ўцекачу з Масквы, унуку героя Кулікоўскай бітвы Уладзіміра Храбрага, князю Васілю Яраславічу, які ў час усобіцы ў Маскоўскім княстве атрымаў у 1446-49 гг. прытулак у Літве і валодаў Мсціславам, Бранскам, Старадубам і Гомелем.
Потым Казімір дазволіў вярнуцца ў Вялікае княства мяцежнаму Юрыю Лугвенавічу і аддаў яму бацькоўскія ўладанні на правах вотчыны. У 1451 г. Юрый памёр, Мсціслаў і Цяцерын былі перададзены сыну Івану. Апошні разам з жонкай Ульянай у 1468 г. яшчэ раз падцвердзіў правы манастыра атрымліваць мядовую даніну з Цяцерынскай воласці.
Іван Юр’евіч Мсціслаўскі памёр каля 1468 г., пакінуў 2 непаўналетніх дачок – Ульяну і Анастасію. Яго вотчыны зноў адышлі да дзяржавы і былі перададзены ў пажыццёвае валоданне іншаму Гедзімінавічу – цёзцы апошняга мсціслаўскага князя – Івану Юр’евічу Заслаўскаму. Князь Заслаўскі памёр каля 1499 г. і неўзабаве памерла яго жонка, якая трымала ў дзяржанні Цяцерынскую воласць. Новы вялікі князь Аляксандр Казіміравіч большасць былых вотчын князёў Лугвенавічаў (Цяцерын, Княжыцы і Папову Гару – сучасную Красную Гару ў Бранскай вобласці) падараваў у 1501 г. сваёй жонцы Алене, дачцы вялікага князя маскоўскага Івана III. Уласна Мсціслаўская воласць была пакінута сыну Івана Заслаўскага Міхаілу, якому было дазволена ўзяць шлюб са старэйшай дачкой Івана Мсціслаўскага і карыстацца ў далейшым тытулам князя Мсціслаўскага.
3 больш позніх звестак вядома, што дачка Івана Юр’евіча Заслаўскага Аксіння прыкладна ў гэты ж час выйшла за князя Васіля Андрэевіча Палубінскага, які, верагодна, паходзіў са Смаленшчыны ці княстваў у вярхоўях Акі і пасля захопу яго вотчын Іванам III атрымаў у якасці кампенсацыі маёнтак Палубічы ў Берасцейскім павеце. У пасаг за Аксінняй былі вызначаны тры сялы ў Цяцерынскай воласці, якія павінен быў перадаць брат князёўны, Міхаіл Мсціслаўскі.
Вялікая княгіня Алена валодала Цяцерынскай воласцю да сваёй смерці (1513). Значную частку гэтай воласці з Княжыцамі і Галоўчынам (якія, аднак, былі за межамі Кругляншчыны – у сучасным Бялыніцкім раёне) яна падаравала свайму набліжанаму, князю Мацвею Мікіцінічу, які прыбыў разам з ёй з Масквы. Астатняя частка воласці перайшла ў 1513 г. у лік дзяржаўных маёнткаў. Яна была перададзена ў намесніцтва князю Палубінскаму, які выступіў у якасці намесніка («дзяржаўцы») цяцерынскага маёнтка ў студзені 1516 г.
Пазней Цяцерын быў вернуты князю Міхаілу Іванавічу Мсціслаўскаму, спачатку як намесніцтва. У 1523 г. вялікі князь Жыгімонт II выдаў прывілей, паводле якога князь Мсціслаўскі можа валодаць Цяцерынам пажыццёва, а ў выпадку яго смерці гэтае ўладанне будзе перададзена жонцы Жыгімонта Боне.
Факт пераходу Цяцерынскага намесніцтва ад Палубінскага да Мсціслаўскага ўзняў пытанне пра пасаг князёўны Аксінні, якая была жонкай першага і сястрой другога. У якасці гэтага пасагу за Палубінскім былі пакінуты сёлы, на якія ў 1524 г. ён атрымаў велікакняжацкі прывілей. У склад гэтых сёл уваходзілі Шапялевічы і Кругла (Круглае) з наваколлямі.
Князь Палубінскі пачаў узбуйняць свае ўладанні пад Цяцерынам яшчэ да таго, як атрымаў афіцыйнае пацверджанне на іх. У 1522 г. ён купіў у цяцерынскага баярына Івана Цімафеевіча Куля за 100 коп. грошаў маёнткі, якія пасля баяр Ігната, Ходара і Нічыпара Вушкавічаў атрымаў пры князю Іване Юр’евічу (Мсціслаўскім ці Заслаўскім?) іх пляменнік, бацька Івана Куля. У склад гэтых маёнткаў уваходзіў невялікі двор («дварэц») Мікіціна на р. Друць (дакладнае месцазнаходжанне не вызначана), некалькі сялянскіх сем’яў у сяле Ліхінічы (сучаснае Ракушава) і зямельныя надзелы ў сяле Азёры (Езеры) пад назвай Кудрычы, Кузнеўшчына, Рагозна і Бабічына (некаторыя з іх пазней ператварыліся ў вёскі). Гэты дакумент датаваны не каляндарным годам, а 11-м індыктам (годам 15-гадовага цыкла), таму пры публікацыі ён памылкова аднесены да 1492 г. У ім упамінаецца цяцерынскі намеснік (цівун) князя Міхаіла Мсціслаўскага, а апошні набыў тытул князя Мсціслаўскага толькі ў 1499 г. Немагчыма і датаванне 1507 г. (на які таксама прыпадаў 11-ы індыкт), бо ў той час Цяцерын належаў княгіні Алене. Застаецца толькі 1522 г.
У 1522 г. упамінаецца яшчэ адзін населены пункт Кругляншчыны – Шупені, дзе ў той час ужо існаваў невялікі замак. Валодаў ім тады нейкі шляхціц (гаспадарскі дваранін) Грыгаровіч.
У 1524 г. упершыню з’яўляецца ў дакументах назва сучаснага райцэнтра Круглае. У гэты час князь Васіль Палубінскі судзіўся з уладальнікам суседняга маёнтка Дудаковічы – князем Фёдарам Іванавічам Дудакоўскім (унукам Васіля Іванавіча Пуцяціча) за крыўды, якія апошні рабіў круглянскім (у тэксце — «курглянскім») падданым князя Палубінскага.
Дудаковічы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1506 г., калі імі валодаў бацька Фёдара Дудакоўскага – князь Іван Дуда, які, верагодна, і заснаваў гэты маёнтак. 3 больш позніх дакументаў вынікае, што саўладальнікам Івана быў яго брат Дзмітрый, які ў 1500 г. трапіў у маскоўскі палон і там памёр. Пазней удовы гэтых братоў (Іван памёр раней 1520 г.) падзялілі Дудаковічы такім чынам, што непасрэднымі ўладальнікамі засталіся ўдава Івана Настасся і яе дзеці, а ўдава Дзмітрыя са сваімі дзецьмі павінна была атрымліваць частку мядовай даніны і мець доступ у бабровыя гоны, дзе палявалі на баброў. Пазней гэта права перайшло да сына Дзмітрыя князя Фёдара і яго жонкі. Апошняя ўжо пасля смерці мужа (1541 г.) разам са сваім сынам Рыгорам нагадвала пра свае правы на даніну з Дудаковічаў, якімі ў той час валодаў малодшы брат Фёдара Дудакоўскага Іван Іванавіч (сам Фёдар памёр у 1530 г.).
Абодва сыны Васіля Іванавіча Пуцяціча Іван Дуда і Дзмітрый былі саўладальнікамі маёнтка Арава, падзел якога адбыўся наступным чынам: сам маёнтак застаўся ва ўладанні нашчадкаў Дзмітрыя, а нашчадкі Івана атрымалі права на частку даніны з яго. Сын Дзмітрыя князь Фёдар Дзмітрыевіч (які ад галоўнага маёнтка ўсіх Пуцяцічаў Горы пісаўся князем Горскім) памёр каля 1540 г., а ў наступным годзе ўпершыню непасрэдна згадваецца «дань медовая Оревская», якую гэты князь выплочваў свайму стрыечнаму брату Івану Іванавічу Горскаму ( Дудакоўскаму ).
У Васіля Іванавіча Пуцяціча былі браты Міхаіл і Дзмітрый, якім таксама належала доля ў маёнтках на поўначы Кругляншчыны. Пра Міхаіла і яго сына Юрыя, якія жылі ў другой палавіне ХV – пачатку ХVІ стагоддзя, звестак амаль няма. Адметнай фігурай быў сын Юрыя, князь Васіль Юр’евіч Талачынскі – родзіч у трэцім калене вышэйзгаданых Фёдара і Івана Дудакоўскіх і Фёдара Дзмітрыевіча Горскага. Што да Дзмітрыя Пуцяціча, то ён упамінаецца ў 1467 г., а з 1492 г. да сваёй смерці ў 1505 г. займаў высокую пасаду кіеўскага ваяводы. Ён не пакінуў дзяцей, маёнткі яго пасля смерці былі падзелены паміж аддаленнымі родзічамі. Васіль Талачынскі атрымаў вялікі маёнтак Стараселле, тэрыторыя якога была размешчана ў межах сучаснага Шклоўскага і Талачынскага раёнаў, а таксама маёнтак (Двор) Радча, да якога належаў дварэц Лясны. Гэты ж Васіль у 1544 г. атрымліваў і частку даніны з Аравы, што яму выплочвалі дзеці Фёдара Дзмітрыевіча – князі Грыгорый і Абрам Бурнеўскія. Тытул двух апошніх князёў сведчыць пра тое, што цэнтр іх маёнтка знаходзіўся не ў Араве, а ў размешчаным па суседству з ёю двары Бурнеўка.
У першай чвэрці ХVІ стагоддзя Кругляншчына падзялялася на некалькі феадальных маёнткаў: Арава і Бурнеўка належалі галіне князёў Друцкіх-Бурнеўскіх, Дудаковічы – князям Друцкім-Дудаковіцкім, Радча і Лясная – спадчынніку Дзмітрыя Пуцяціча князю Васілю Друцкаму-Талачынскаму, Круглае з Шапялевічамі і іншымі паселішчамі – князю Васілю Палубінскаму. Частка Цяцерынскай воласці з Шупенямі і Азёрамі лічылася дзяржаўнай уласнасцю і знаходзілася ва ўладанні князя Міхаіла Мсціслаўскага.
Князь Мсціслаўскі ў гэты час знаходзіўся ў вельмі складаных адносінах са сваім сынам Фёдарам. Варожасць паміж імі прывяла да таго, што Міхаіл адмовіўся аддаць сыну маёнтак і пакінуў яго без сродкаў да існавання. За Фёдара заступіўся вялікі князь Жыгімонт, які загадаў князю Мсціслаўскаму матэрыяльна забяспечыць сына, а са свайго боку выказаў намер пазбавіць Міхаіла Цяцерынскай воласці і перадаць яе Фёдару. Гэтая пагроза прымусіла Міхаіла ў 1525 г. са складу Мсціслаўскага княства вылучыць сыну замак Радамль, пасля чаго Цяцерын быў пакінуты ў руках Міхаіла.
Аднак князь Фёдар хутка пасля гэтых падзей пакінуў дзяржаву і паступіў на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III. Амаль адначасова памёр і малодшы сын князя Міхаіла – Васіль. Міхаіл, які застаўся без нашчадкаў мужчынскага полу, у 1526 г. падараваў Мсціслаўскае княства вялікаму князю Жыгімонту. Напэўна, у адказ яму была падаравана Цяцерынская воласць, бо ў канцы жыцця князь Мсціслаўскі вядомы як яе паўнапраўны ўласнік. Частку гэтай воласці ён прадаў віленскаму ваяводу Альбрэхту Гаштаўту (Гаштольду), уладальніку сумежнага маёнтка Шклоў. У канцы 1528 г. Міхаіл паведамляў свайму цяцерынскаму намесніку, што ўзамен за частку поля пад Цяцерынскім замкам ён саступаў пану Гаштаўту маёнтак Азёры (Езера). Магчыма, у гэты ж час да Гаштаўта перайшоў і замак Шупені, які пазней утвараў адзінае ўладанне з Азёрамі.
Міхаіл Мсціслаўскі памёр каля 1529 г., пакінуў удаву Ульяну (дачку князя Гальшанскага) і чатырох дачок: Марыну, Тамілу, Настассю і Багдану, якія ўсе ў той час былі яшчэ незамужнімі. Цяцерын да 1541 г. заставаўся ў руках Ульяны, а потым быў падзелены на 4 часткі паміж князёўнамі Мсціслаўскімі. Старэйшая з іх Марына каля 1530 г. узяла шлюб з панам Юрыем Рыгоравічам Осцікам, далёкім родзічам славутых паноў Радзівілаў.
Яна нарадзіла з ім адзінага сына Юрыя, у 1546 г. аўдавела і зноў выйшла замуж у 1555 г. за пана Мікалая Кішку.
Другая сястра, Таміла, выйшла ў 1535 г. за старога князя Мацвея Мікіцініча, уладальніка суседняга маёнтка Галоўчын. Яна нарадзіла сына Астафія і ў 1539 г. аўдавела, у 1540 г. узяла шлюб з князем Андрэем Саламярэцкім, які памёр у 1541 г., пасля чаго Таміла ў 1542 г. выйшла замуж за пана Яна Забярэзінскага, дзеля гэтага перахрысцілася ў каталіцтва пад імем Барбара. Трэці муж яе памёр у 1545 г., а ў наступным годзе памерла і сама Таміла-Барбара. Адзіным спадчыннікам яе застаўся адзінаццацігадовы сын Астафій Галаўчынскі, які памёр маладым і нежанатым у 1557 г.
Трэцяя сястра, Настасся, у 1540 г. выйшла замуж за Рыгора Рыгоравіча Осціка, брат якога быў мужам яе старэйшай сястры. У 1557 г. Р.Р.Осцік памёр і Настасся ў 1559 выйшла замуж за князя Стафана Збаражскага.
Падобны лёс напаткаў і чацвёртую сястру Багдану. Яна выйшла ў 1546 г. замуж за князя Андрэя Міхайлавіча Сангушку, нарадзіла яму дачку Ганну, страціла мужа ў 1560 г. У 1561 г. яна ўзяла шлюб з панам Андрэем Цеханавецкім.
Цяцерынская воласць была падзелена паміж чатырма ўладальніцамі і іх мужамі. Пасля смерці Астафія Галаўчынскага яго доля адышла да цётак і, напэўна, была падзелена паміж імі. Доля Марыны, якая памерла ў 1563 г., адышла да яе сына Юрыя Осціка, а доля Багданы, якая памерла ў 1565 г., да яе дачкі, князёўны Ганны Сангушкі, якая ў 1570 г. узяла шлюб з панам Мікалаем Паўлавічам Сапегам. Бяздзетная Настасся ў 1564 г. падаравала сваю долю Цяцерына і воласці мужу, князю Стафану Збаражскаму, разам з якім валодала ёю да сваёй смерці ў 1580 г. Яны ж, магчыма, набылі пасля смерці Юрыя Осціка ў 1579 г. і яго долю, сканцэнтравалі ў сваіх руках большую частку маёнтка, уладальніцай якога заставалася і Ганна Сангушка, доля якой пасля яе смерці ў 1580 г. адышла да Мікалая Сапегі.
На жаль, крыніцы не дазваляюць прасачыць, якая частка Цяцерына і навакольнай воласці ўваходзіла ў долю кожнага з саўладальнікаў. Магчыма, тэрытарыяльнага падзелу не праводзілася наогул, а дзяліўся толькі даход з маёнтка.
Абодва саўладальнікі, Стафан Збаражскі і Мікалай Сапега, пасля амаль адначасовай смерці сваіх жонак у 1580 г. узялі шлюбы. Збаражскі ў 1581 г. узяў дачку польскага пана Андрэя Фірлея Дароту, з якой меў адзіную дачку Барбару. Дарота Фірлей пасля яго смерці ў 1586 г. выйшла замуж за Льва Сапегу. Далёкі родзіч апошняга Мікалай Сапега ўзяў шлюб з далёкай родзічкай Збаражскага, князёўнай Ганнай Вішнявецкай. Да сваёй смерці ў 1599 г. ён нарадзіў з ёю чатырох сыноў і дачку.
Лёс тых маёнткаў, якія раней адасобіліся ад Цяцерынскай воласці, складваўся інакш. Шупені і Азёры пасля смерці ў 1539 г. Альбрэхта Гаштаўта перайшлі да яго адзінага сына Станіслава. Як уладальнік Шупеняў ён упамінаецца ў 1542 г. У тым жа годзе Станіслаў Гаштаўт памёр апошнім са свайго роду, пасля чаго яго вялікія вотчыны (маёнткі на Кругляншчыне ўтваралі толькі іх нязначную частку) адышлі да вялікага князя. У хуткім часе Шупені нейкім чынам перайшлі да князя Івана Васілевіча Крошынскага і яго сястры Палоніі, жонкі полацкага баярына Баркулаба Корсака. Князь Іван Крошынскі ўпамінаецца ў сувязі з гэтым маёнткам у 1549 г. Яго сястра разам з мужам у 1551 г. мелі памежны канфлікт з тагачасным саўладальнікам Цяцерына Рыгорам Осцікам (мужам Настассі Мсціслаўскай), які зрабіў наезд на сёлы Асаевічы, Ліхінічы і Аўхімкавічы, што ў той час належалі да Шупеняў.
У далейшым Шупені заставаліся ўласнасцю Палоніі Крошынскай, якая перажыла свайго мужа Баркулаба Корсака (памёр у 1576 г.). Яна памерла ў 1594 г. і завяшчала свае маёнткі адзінай дачцэ Еве, якая з 1583 г. была жонкай князя Багдана Іванавіча Саламярэцкага. Сярод гэтых маёнткаў былі і Шупені з Азёрамі, якія ў ХVІІ стагоддзі ўпамінаюцца як уладанне Евы Баркулабаўны і яе нашчадкаў.
Круглае і Шапялевічы, як адзначалася вышэй, у 1-й чвэрці ХVІ стагоддзя зрабіліся ўласнасцю князя Васіля Палубінскага. Ён працягваў валодаць імі да сваёй смерці ў 1550 г. Канчатковае размежаванне яго ўладанняў з маёнткам Цяцерын адбылося толькі ў 1540 г., на што князь Васіль і яго старэйшы сын Леў атрымалі спецыяльны велікакняжацкі прывілей. Аднак і пасля гэтага ўладальнікі Цяцерына мелі да Палубінскіх тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У 1547 г. тры князёўны Мсціслаўскія паклікалі Васіля Палубінскага ў суд за спрэчныя тэрыторыі 25, а ў 1549 – 52 гг. ужо другі яго сын, Іван Палубінскі, судзіўся з Рыгорам Осцікам за сёлы, якія яго бацька павінен быў атрымаць у пасаг за князёўнай Заслаўскай яшчэ за 60 гадоў да таго (так гаворыцца ў дакуменце, хоць на самой справе шлюб гэты адбыўся не так даўно).
З сыноў Васіля Палубінскага Леў памёр яшчэ пры яго жыцці, а Іван у 1558 г. Пасля гэтага адзінай спадчынніцай іх маёнткаў засталася дачка Льва князёўна Марына.
Спадчына Льва Палубінскага прыцягнула ўвагу скандальна вядомага авантурыста князя Дзмітрыя Фёдаравіча Сангушкі. У 1550 г. ён без згоды родзічаў непаўналетняй на той час князёўны Марыны захапіў яе і адвёз на выхаванне да сваёй цёткі, мяркуючы пазней узяць шлюб з ёю і атрымаць такім чынам яе маёнткі. Але ў 1553 г. Дзмітрыя Сангушку прывабіла больш багатая спадчына, і ён гэтак жа гвалтоўна выкраў юную князёўну Гальшку (Альжбету) Астрожскую – унучку славутага палкаводца Канстанціна Іванавіча Астрожскага, спадчынніцу палавіны яго вялізных уладанняў. За такія паводзіны князь Сангушка велікакняжацкім указам быў абвешчаны па-за законам і ў хуткім часе родзічы Гальшкі Астрожскай забілі яго.
Што ж да Марыны Палубінскай, то яна пазней узяла шлюб з шляхціцам Іванам Копцем. Ужо ў 1563 г. яна аўдавела, нарадзіўшы дачку Марыну і сына, які памёр у дзяцінстве. Неўзабаве яна атрымала шлюб з жамойцкім шляхціцам Станіславам Паўлавічам Нарушэвічам, але хутка захварэла і памерла. Дзедава спадчына яшчэ раз зрабіла яе абъектам несумленных дамаганняў. У 1567 г., напярэдадні смерці, Марына напісала завяшчанне, паводле якога ўсе яе маёнткі павінны былі адысці другому мужу, у той час як дачка ад першага шлюбу заставалася ні з чым. Родзічы Івана Копці аспрэчылі гэтае завяшчанне як напісанае пад прымусам і здолелі прывесці важкія доказы. У выніку ў 1568 г. маёнткі Марыны Палубінскай былі прысуджаны яе дачцэ, таксама Марыне, якая пазней узяла шлюб з польскім шляхціцам Каспарам Дэмбінскім. Паводле перапісу войска 1567 г. Станіслаў Нарушэвіч павінен быў паставіць з Круглага ў войска 12 узброеных коннікаў, што адпавядала памеру маёнтка прыкладна ў 240 двароў. У той жа час Стафан Збаражскі са сваёй часткі Цяцерына паставіў 10 коннікаў. На жаль, у перапісе не адлюстраваны памеры ўладанняў іншых саўладальнікаў Цяцерына.
Марына Дэмбінская ў 1595 г. мела памежны канфлікт з уладальнікам суседняй Аравы князем Фёдарам Рыгоравічам Друцкім-Горскім, які з дапамогай князёў Дзмітрыя Адзінцэвіча і Паўла Друцкага-Любецкага зрабіў наезд на Круглае.
Гісторыя Аравы і Бурнеўкі ў сярэдзіне – другой палавіне ХVІ стагоддзя была менш складанай. Імі паслядоўна валодалі сыны памерлага (каля 1540 г.) Фёдара Дзмітрыевіча Горскага – Рыгор Бурнеўскі (памёр у 1560) і Абрам (памёр у 1570) і іх сыны. У 1566 г. доля непаўналетніх дзяцей Рыгора (Пятра, Фёдара і Івана) знаходзілася пад апекай князя Пятра Друцкага-Сакалінскага.
Адзіны сын Абрама Юрый у 1600 г. саступіў сваю долю ў Араве стрыечнаму брату Фёдару (таму самаму, які за 5 гадоў да таго зрабіў наезд на Круглае).
Маёнткі Радча і Лясная, набытыя на пачатку ХVІ стагоддзя князем Васілём Друцкім-Талачынскім, былі ў 1544 г. падараваны ім жонцы – Марыі Багданаўне Заслаўскай (якая, дарэчы, была пляменніцай Міхаіла Мсціслаўскага). Пасля смерці Васіля Талачынскага ў 1546 г. Марыя ўзяла шлюб з панам Іванам Гарнастаем. У 1551 г. сёстры Васіля – Людміла, жонка Юрыя Храбтовіча, і Настасся, жонка віцебскага гараднічага Рамана Гарасімовіча, – спрабавалі адсудзіць маёнткі брата як сваю «блізкасць». Марыя ж і яе другі муж спасылаліся на дзеючую норму маёнткавага права, паводле якой уладальнік мог вольна распараджацца трэцяй часткай сваіх маёнткаў, а астатнія дзве трэці павінны былі адысці да родзічаў памерлага толькі пасля выплаты ўдаве пэўнай грашовай сумы, запісанай ёй уладальнікам. У выніку трэць спадчыны Васіля Талачынскага была навечна прысуджана Марыі, а рэшту ёй дазвалялася трымаць да выплаты адпаведнай сумы родзічамі яе першага мужа.
Радча і Лясная першапачаткова былі далучаны да той трэці, якую Марыя атрымала навечна і якую яна ў 1545 г. запісала сваёй стрыечнай сястры Ганне Фёдараўне Заслаўскай, жонцы Яна Глябовіча. У далейшым, аднак, абодва маёнткі былі ўключаны ў тую частку, якую яна ў 1554 г. завяшчала свайму мужу Івану Гарнастаю і якая пасля смерці апошняга перайшла да яго сыноў ад першага шлюбу, пасынкаў Марыі: Гаўрылы, Фёдара і Астафія. Маёнтак Радча («Регча») называецца сярод уладанняў, якія ў 1590 г. сумесна належалі сыну Гаўрылы Гарнастая Ераніму і дачцэ Астафія Зоф’і, жонцы Адама Талваша.
Родзічы Васіля Талачынскага захоўвалі права выкупіць яго спадчыну, якое яны доўга не маглі рэалізаваць з-за недахопу грошай. Сёстры Васіля, Людміла і Настасся, перадалі гэтае права дачцэ Настассі ад першага шлюбу, князёўне Багдане Канстанцінаўне Друцкай-Каноплі і яе мужу Івану Іванавічу Сапегу. Спадчыннікам гэтага права стаў старэйшы сын Багданы – Леў Іванавіч Сапега, адзін з найбольш вядомых дзеячаў свайго часу. Нарадзіўся ён у 1557 г., у 1580 г. заняў значную прыдворную пасаду велікакняжацкага сакратара, у 1581 г. – пісара Вялікага княства Літоўскага. З 1584 г. ён становіцца падканцлерам, з 1589 г. – канцлерам, кіраўніком справаводства і знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага. Выключныя здольнасці і высокія пасады спрыялі росту яго багаццяў, і ў 1590 г. Леў Сапега выкупіў у Ераніма Гарнастая ўсе маёнткі, якія некалі складалі спадчыну Васіля Талачынскага, у тым ліку Радчу і «радчынскі дварэц» (Лясную). Праз шлюб з Даротай Фірлей ён, як адзначалася вышэй, трымаў у руках і спадчыну князя Збаражскага ў Цяцерыне.
У першай палавіне ХVІ стагоддзя Дудаковічы належалі, як ужо адзначалася, сынам князя Івана Дуды Горскага: Фёдару і Івану Дудакоўскім. Яны былі апошнімі прадстаўнікамі мужчын гэтай галіны Пуцяцічаў-Горскіх. Першы з іх памёр у 1530 г., другі пасля 1551 г. Адзінай спадчынніцай маёнткаў братоў Дудакоўскіх была іх сястра Аўдоцця, жонка Багдана Храбтовіча. Пасля яе смерці ў 1558 г. гэта спадчына адышла да яе дзяцей: Пятра Багданавіча Храбтовіча і Багданы, якая была жонкай Анікея Гарнастая (брата Івана Гарнастая, да якога адышла спадчына Васіля Талачынскага).
У тым жа 1558 г. Пётр Храбтовіч прадаў сваю долю ў мацярынскай спадчыне швагру Анікею Гарнастаю. Апошні ўзяў шлюб з Багданай ужо далёка не ў маладым узросце, да гэтага ад першага шлюбу ён меў адзінага сына Фрэдэрыка, на карысць я кога завяшчаў у 1560-я гг. свае маёнткі, у тым ліку Дудаковічы . Фрэдэрык у хуткім часе памёр без нашчадкаў, пасля чаго яго ўладанні дасталіся стрыечным братам, сынам Івана Гарнастая. Але пазней сярод уладанняў Гарнастаяў Дудаковічы не ўпамінаюцца. Магчыма, яны былі набыты ў Гарнастаяў Львом Сапегам.
Да канца ХVІ стагодддзя тэрыторыя Кругляншчыны канчаткова падзялілася на шэраг самастойных маёнткаў. 3 іх толькі Арава і Бурнеўка належалі старым уладальнікам, нашчадкам князя Івана Пуцяты. Радча і, магчыма, Дудаковічы трапілі да Льва Сапегі, былое ўладанне князёў Палубінскіх Круглае належала ў канцы стагоддзя Марыі Копцеўне, удаве Каспара Дэмбінскага. Маёнтак Цяцерын належаў сумесна непаўналетняй дачцэ князя Стафана Збаражскага і сынам пана Мікалая Сапегі. Шупені і Азёры належалі Еве Баркулабаўне Корсак і яе мужу князю Багдану Саламярэцкаму.
У канцы ХVІ стагоддзя Тамашам Макоўскім была зроблена карта Вялікага княства Літоўскага (выдадзена ў 1613 г.). На ёй цэнтры пазначаных маёнткаў (Арава, Радча, Дудаковічы, Круглае, Шупені і Цяцерын) паказаны як мястэчкі – паселішчы, насельніцтва якіх мела прывілеі займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю.
Пачатак ХVІІ стагоддзя быў часам росквіту дзейнасці канцлера Льва Сапегі. Адначасова раслі і яго ўладанні, дзякуючы чаму ў канцы жыцця ён стаў адным з самых багатых, калі не найбагацейшым магнатам у дзяржаве.
Кругляншчына стала адным з тых раёнаў, дзе ўтварыліся асабліва буйныя ўладанні Льва Сапегі. Да маёнтка Радча ён далучыў Цяцерынскі маёнтак, калі купіў яго ў сваёй падчарыцы Барбары Збаражскай, якая ў пачатку ХVІІ стагоддзя ўступіла ў шлюб з польскім магнатам Габрыэлем Тэнчынскім. Доля гэтага маёнтка, якая належала Мікалаю Сапегу праз шлюб з князёўнай Сангушкай, у 1614 г. дасталася аднаму з яго малодшых сыноў, Аляксандру Казіміру. Апошні, аднак, у 1619 г. памёр без нашчадкаў, а сярод уладанняў яго братоў Цяцерын больш не ўпамінаецца. Магчыма, гэтая частка была таксама куплена Львом Сапегам.
Маёнтак Круглае пасля пані Дэмбінскай належаў паляку Станіславу Расцінскаму. У 1600 г. апошні прадаў яго шляхціцу Гарасіму Мікалаевічу Ломскаму, а сын Гарасіма Юрый Ломскі ў 1621 г. прадаў за 4000 коп грошаў Льву Сапегу, які ў тым жа годзе заняў вышэйшую дзяржаўную пасаду ваяводы Віленскага. Такім чынам, у руках Сапегі сканцэнтравалася прыкладна палавіна тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна, што складала толькі невялікую частку яго ўладанняў. Землі Цяцерынскага маёнтка цягнуліся на поўдзень і даходзілі да Бялынічаў. Да паўночных межаў Кругляншчыны падыходзілі землі, набытыя Сапегам у якасці спадчыны князя Талачынскага, – Талачын са Славенямі і Стараселле з Коханавам. Крыху далей, у сучасных Крупскім і Чашніцкім раёнах, знаходзіўся буйны сапежынскі маёнтак Чарэя і набытая ім жа частка Лукомскага княства. У іншых месцах Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу належалі Горы з Горкамі, Іказнь з Пагостам, Ражаны, Зэльва, Бяроза Картузская, Лепель, Бешанковічы і шмат іншых маёнткаў.
Паводле рэестра даходаў Льва Сапегі за 1624 г., вядома, што з маёнтка Цяцерын ён атрымліваў штогод грашовы падатак (чынш) у памеры 7623 злотых і 11 грошаў, а да таго натуральны падатак у выглядзе 252 бочак жыта коштам у 1890 злотых (па 3 капы грошаў, ці па 8,5 злотых за бочку). Даход з Круглага (да якога, як вынікае з больш позніх дакументаў, была далучана Радча) складаў 5000 злотых чыншу. Нагадаем, што Круглае было набыта Сапегам у Ломскага за 4 тыс. коп грошаў, што адпавядае 10 тыс. злотых. Такім чынам, затраты на набыццё маёнтка акупіліся ўсяго за два гады. Агульны даход з 10 маёнткаў на ўсходзе Беларусі (Цяцерына, Круглага, Бялыніч, Любашан, Якаўлевічаў, Стараселля, Талачына, Гор, Чарэі і Пацкава) складаў прыкладна 70 тыс. злотых, гэта былі далёка не ўсе яго ўладанні. На такія грошы можна было ўтрымліваць цэлую армію, што Сапега і зрабіў у 1625 г., калі атрымаў пасаду найвышшага гетмана (галоўнакамандуючага). У той час ішла вайна са Швецыяй, а паколькі дзяржаўная казна была пустая, гетман правёў ваенную кампанію практычна на ўласныя грошы.
Леў Сапега памёр у 1633 г., пакінуў сыноў Яна Станіслава і Казіміра Льва. Паводле яго завяшчання ўсе маёнткі на Кругляншчыне і наваколлях дасталіся Казіміру Льву, які быў у той час пісарам Вялікага княства Літоўскага. 3 гэтай пасады некалі пачынаў і яго бацька, аднак Казіміру не патрапіла паўтарыць яго бліскучую кар’еру: у 1656 г. ён памёр на пасадзе падканцлера ва ўзросце 47 гадоў, не пакінуўшы нашчадкаў. Паколькі яго старэйшы брат памёр яшчэ раней, на гэтым род славутага Льва Сапегі скончыўся.
Свае неабсяжныя ўладанні Казімір Сапега завяшчаў аддаленым родзічам – прадстаўнікам вельмі разгаліна-ванага сямейства Сапегаў. Пры гэтым Круглае з Шапялевічамі было запісана шаснаццацігадовай Ганне Сапежанцы – унучцы стрыечнага брата Казіміра – Крыштафа Станіслава Сапегі. Цяцерын у складзе іншых маёнткаў быў завешчаны ў пажыццёвае карыстанне Яну Фрэдэрыку Сапегу – унуку Мікалая Паўлавіча і пляменніку Аляксандра Казіміра, якія валодалі часткай гэтага маёнтка ў канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзя. Пасля яго смерці гэты маёнтак павінен быў перайсці да больш блізкіх родзічаў Льва Сапегі – нашчадкаў яго братоў Рыгора і Андрэя. Гэтымі нашчадкамі былі названая вышэй Ганна Сапежанка (яе дзед быў сынам Рыгора), другая Ганна – удава Станіслава Нарушэвіча і ўнучка таго ж Рыгора ад яго старэйшага сына Аляксандра Дажджбога, і князь Аляксандр Гіляры Палубінскі, маці якога Соф’я была дачкой Андрэя і пляменніцай Льва Сапегі.
У 1661 г. Ян Фрэдэрык Сапега выплаціў Аляксандру Палубінскаму 15 тысяч злотых за тую частку Цяцерына, якая адышла да апошняга паводле завяшчання Казіміра Сапегі. Напэўна, ён выкупіў маёнтак і ў іншых саўладальнікаў. У гэты час да Цяцерынскага маёнтка належалі вёскі Шыпягі, Сіманавічы, Канановічы, Ліпск, Храпы (Храпкі), Улужжа на правабярэжжы Друці, Прыгані, Старкі, Дразды, Папоўцы (Папоўка), Крывая Слабада (Крывуліна), Комсенічы, Кляпінічы, Урублеўск, Ількавічы і інш. Ян Сапега памёр у 1664 г., пасля чаго маёнткам валодала яго ўдава Канстанцыя Гербурт.
Круглае пасля смерці ў 1667 г. Ганны Сапежанкі перайшло да А.Палубінскага. У тым жа годзе падымны тарыф Вялікага княства адзначае, што маёнтак Круглае Палубінскага налічваў 580 дымоў, а Цяцерын удавы Яна Сапегі – 367. Захаваліся таксама два блізкія па часе інвентары маёнтка Круглае, адзін з якіх датаваны 1669 г., а другі, верагодна, 1673 (у тэксце інвентара стаіць памылковая дата 1643, калі Палубінскі яшчэ не быў уласнікам Круглага).
У склад маёнтка Круглае тады ўваходзілі апрача аднайменнага мястэчка з 72 дварамі мястэчкі Шапялевічы і Радча (у апошнім было ўсяго 8 двароў), вёскі Навапруддзе, Ваўканосава, Ліхінічы, Пляватка, Міхейкава, Хількавічы, Паўлавічы, Марцыянавічы, Дарожкавічы, Палессе (верагодна, суч. Новае Палессе), Зелянкова, Глыбокае, Оўсічы, Стаі, аднадворныя засценкі (хутары) Буракі, Гарадзішча, Дзянісаўшчына, Халапінка, Уздорнае, Аладзінка. Да маёнтка належалі 554 валокі (каля 12 тысяч га.) гаспадарчых зямель, з якіх у 1673 г. 314 валок (амаль 56%) пуставала, а рэшта была занята 422 сялянскімі і мяшчанскімі гаспадаркамі. Падданыя выконвалі павіннасці на суму 5937 злотых, 24 польскія грошы (1 злоты складаў 30 польскіх ці 24 літоўскія грошы) і 4,5 пенязей (1 польскі грош роўны 8 пенязям).
Даход з маёнтка ў параўнанні з 1624 г. павялічыўся, нягледзячы на выкліканыя вайной разбурэнні і запусценне значнай колькасці валок.
У далейшым, пасля смерці ў 1679 г. Аляксандра Палубінскага, былая спадчына Казіміра Сапегі ў Круглянскім раёне сканцэнтравалася ў руках Іаанны Тэадоры Нарушэвіч – дачкі Станіслава Нарушэвіча і Ганны (стрыечнай пляменніцы Казіміра). Іаанна Тэадора пасля смерці свайго першага мужа Яна Долмат-Ісайкоўскага каля 1663 г. узяла шлюб з князем Янам Агінскім, будучым ваяводам мсціслаўскім, потым полацкім. Князь Агінскі, напэўна, выкупіў усе долі маёнткаў Цяцерын і Круглае, якія належалі іншым саўладальнікам. У далейшым абодва гэтыя маёнткі сталі ўласнасцю нашчадкаў Іаанны Тэадоры і Яна Агінскага.
Маёнтак Арава ў ХVІІ стагоддзі заставаўся ўласнасцю князёў Друцкіх-Горскіх. Князь Фёдар Рыгоравіч, што памёр у 1615 г., пакінуў сына Рыгора, які перайшоў у каталіцтва і быў вядомы пад імем Гжэгажа Ежы. Брат Фёдара Іван (Ян) памёр у 1619 г., пакінуўшы сыноў Ежы, Стафана, Аляксандра і дачку Альжбету (Гальшку), якая стала жонкай Юрыя Ломскага, які прадаў Круглае Льву Сапегу. У 1642 г. Гжэгаж Ежы Горскі судзіўся са сваімі стрыечнымі братамі за долю ў Араве. У хуткім часе двое з іх, Ежы і Аляксандр, памерлі, а трэці брат Стафан быў псіхічна хворы. Карыстаючыся гэтым, Гжэгаж Ежы захапіў іх долю ў Араве (у складзе якой было ў гэты час сяло Палессе), за што ў 1664 г. іх сястра са сваім мужам Юрыем Ломскім падалі на яго ў суд.
Частка Аравы, аднак, нейкім чынам трапіла ў іншыя рукі. Так, у 1622 г. упамінаюцца араўскія падданыя пана Аляксандра Дамарацкага, якія забілі ў Талачыне слугу пана Крыштафа Камара, за што апошні падаў на Дамарацкага ў суд (па законах таго часу пан, які плаціў за сваіх падданых дзяржаўныя падаткі, быў адказны і за іх паводзіны).
Маёнтак Арава займаў значную плошчу, пра што сведчыць упамінанне ў яго складзе Палесся (магчыма, сучасная вёска Старое Палессе). Па памерах гэта плошча набліжалася да плошчы маёнткаў Цяцерын і Круглае, але населена яна была менш шчыльна. Паводле звестак падымнага тарыфа 1667 г., Арава (уласнікам якой, напэўна, быў сын памерлага ў 1659 г. Гжэгажа Ежы Горскага – Тэадор Караль) была здадзена ў арэнду Казіміру Вайдзевічу і налічвала 61 дым, іншая частка Аравы і Сурнаўка, якія былі ў пажыццёвым валоданні Канстанціна Багушэвіча, мелі 11 дымоў. Асобны маёнтак Вялікая Арава, уладальніцай якога была ўдава Яна Міцкевіча, меў таксама 11 дымоў.
Шупені ў пачатку ХVІІ стагоддзя з’яўляліся мацярынскай спадчынай Евы Баркулабаўны Корсак, якая перажыла свайго мужа, князя Багдана Саламярэцкага, які памёр ў 1602 г., як яго ўдава апошні раз упамінаецца ў 1620 г. Яна пакінула сына Багдана Багданавіча, які памёр ў 1630 г., і некалькі дачок, адна з іх была жонкай шляхціца Дзевалтоўскага. У Дзевалтоўскіх быў сын Еранім і дзве дачкі – Ганна (была жонкай Ільі Храбтовіча) і Крысціна (жонка Ераніма Камара). Другая дачка Евы Корсак Алена была жонкай Багдана Сцяцкевіча. У 1652 г. паміж унукамі Евы адбыўся судовы працэс аб падзеле яе спадчыны. Пры гэтым Ганна Дзевалтоўская са сваім мужам абвінавачвалі Ераніма Дзевалтоўскага ў тым, што яны перадалі яму на захаванне дакументы, якія тычыліся іх правоў на маёнтак Шупені, а ён пачаў дзейнічаць у згодзе з іх праціўнікам Міхалам Сцяцкевічам (сынам Багдана і Алены Саламярэцкай) і не вярнуў ім гэтыя дакументы.
Раней, у 1651 г. Крысціна Дзевалтоўская і яе муж Еранім Камар ужо валодалі часткай маёнтка Шупені з фальваркам Езера (Азёры), які аддалі ў заклад на 3 гады за 12 тыс. злотых Луку і Андрэю Рамшам.
Пазней уласнікам Шупеняў стаў Еранім Дзевалтоўскі, які ўступіў у ордэн езуітаў і ў 1659 г. падараваў маёнтак гродзенскаму езуіцкаму калегіуму.
У другой палавіне ці канцы ХVІІ стагоддзя ў царкоўную ўласнасць перайшоў і маёнтак Дудаковічы. Ён зрабіўся ўладаннем каталіцкага дамініканскага кляштара, заснаванага ў мястэчку Дудаковічы. На жаль, пакуль не выяўлены звесткі пра тое, кім і калі быў заснаваны кляштар і зроблены фундашавы запіс на яго.
ХVІІ стагоддзе было часам няўхільнага палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзілася Вялікае княства Літоўскае. Яшчэ больш узрасла ў гэты час роля магнатаў, адным з найбольш уплывовых стаў род князёў Агінскіх – уладальнікаў Круглага і Цяцерына. Як і ў ХVІ стагоддзі, пры Сапегах, гэтыя маёнткі былі невялікай часткай тых шматлікіх вотчын, што належалі Агінскім у розных канцах дзяржавы.
У пачатку ХVІІІ стагоддзя пасля смерці сваіх братоў (сыноў Яна Агінскага і Іаанны Нарушэвіч) адзіным уладальнікам Круглага і Цяцерына стаў Казімір Дамінік Агінскі, які з 1710 г. займаў высокую пасаду Трокскага ваяводы. У 1730 г. ён атрымаў пасаду віленскага ваяводы і перадаў Трокскае ваяводства свайму адзінаму сыну Юзафу Яну Тадэвушу. Апошні з 1722 г. быў мужам князёўны Ганны Вішнявецкай – дачкі буйнога магната Міхала Сервецыя Вішнявецкага. У гэты час кааліцыя князёў Агінскіх і Вішнявецкіх (брат Міхала Сервецыя Януш займаў адначасова вышэйшую ў Рэчы Паспалітай пасаду кракаўскага кашталяна) мела больш значны ўплыў у дзяржаве, чым каралі саксонскай дынастыі Аўгуст II і яго сын Аўгуст III.
Казімір Дамінік Агінскі памёр у 1733 г., а праз тры гады ў трыдцацішасцігадовым узросце памёр і яго сын Юзаф, пакінуўшы васьмігадовага сына Міхала Казіміра. Апекунамі маёнткаў апошняга сталі родзічы з іншай галіны князёў Агінскіх. Гэта галіна паходзіла ад брата Яна Агінскага, які набыў Цяцерын і Круглае – Шымона Караля. Сын апошняга Марцыян Міхал, стрыечны брат Казіміра Дамініка, ажаніў двух сваіх сыноў Ігнацыя і Станіслава з дочкамі Казіміра і сёстрамі Юзафа. Да сваёй смерці ў 1750 г. Марцыян Міхал Агінскі быў апекуном непаўналетняга пляменніка сваіх нявестак.
У 1750 г. Міхал Казімір Агінскі, якому споўнілася 22 гады, уступіў у валоданне сваімі буйнымі вотчынамі, колькасць якіх яшчэ болып павялічылася за кошт атрыманых у спадчыну па маці ўладанняў Міхала Сервецыя Вішнявецкага. Малады магнат стаў адным з найбагацейшых асоб Рэчы Паспалітай. Выдатна выхаваны і адукаваны, добры кампазітар, ён хутка ўзышоў на вяршыню палітычнага Алімпа, у 1764 г. заняў пасаду віленскага ваяводы, якой быў тады пазбаўлены не менш славуты магнат Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. У 1768 г. Міхал Агінскі атрымаў пасаду вялікага гетмана, а Радзівіл зноў стаў віленскім ваяводам.
У гэты час змяніліся ўладальнікі ў маёнтку Арава. Род князёў Друцкіх-Горскіх скончыўся на двух сынах Тэадора Караля Горскага – Казіміры і Міхале. Апошні з іх перажыў брата, не маючы дзяцей, прадаў Араву і Палессе за 15 тысяч злотых мужу сваёй сястры Ганны Пятру Корсаку. Паводле адных звестак, гэта адбылося ў 1721 г., аднак падымны тарыф 1743 г. называе ўладальнікам Аравы яшчэ князя Горскага, а не Корсака. У той жа час частка гэтага маёнтка, названая ў дакуменце Араўкай, належала шляхціцу Міцкевічу.
На захадзе сучаснай Кругляншчыны, у басейне ракі Можы знаходзіліся землі, якія адносіліся да дзяржаўнай Барысаўскай воласці. Магчыма, доўгі час гэты лясісты абшар заставаўся амаль незаселеным. Найбольш ранні з вядомых нам інвентароў Барысаўскага староства за 1670 г. нагадвае ў яго складзе вёску Паляжаеўку з трыма дварамі, дзе жылі так званыя зямяне,
альбо чыншавая шляхта – сацыяльная група, якая займала прамежкавае становішча паміж шляхтай і сялянствам. У інвентары 1765 г. на пазначанай тэрыторыі ўпамінаюцца апрача Паляжаеўкі зямянскія паселішчы (засценкі) Воўкаўшчына і Смалігаўка. У апошняй трэці ХVІІІ стагоддзя палітычны заняпад Рэчы Паспалітай асабліва ўзмацніўся. Прусія, Аўстрыя, Расійская імперыя ўсё мацней умешваліся ва ўнутраныя справы Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, а ў 1772 г. перайшлі да адкрытага захопу часткі іх тэрыторыі. У Вялікае княства Літоўскае былі ўведзены расійскія войскі. Спроба ўзброенага супраціўлення беларуска-літоўскіх войск, на чале якіх стаяў гетман Міхал Агінскі, была няўдалай, і ўрад Рэчы Паспалітай вымушаны быў пагадзіцца з пераходам усходняй часткі Беларусі да Расійскай імперыі. Адначасова часткі Польшчы і Украіны адышлі да Прусіі і Аўстрыі. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.
Новая дзяржаўная мяжа прайшла па рацэ Друць і падзяліла тэрыторыю, якая адносіцца да сучаснай Кругляншчыны, на дзве часткі. Усходняя частка яе ўвайшла ў новаўтвораную Магілёўскую губерню Расіі, заходняя засталася ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. Хоць цэнтр Аршанскага павета горад Орша апынуўся па-за межамі Вялікага княства Літоўскага, за паветам была пакінута старая назва. Гэта ўвасабляла спадзяванні беларуска-літоўскай шляхты на тое, што тэрытарыяльныя страты носяць часовы характар і ў будучым межы Вялікага княства Літоўскага будуць адноўлены.
У 1775 г. у Вялікім княстве Літоўскім быў складзены асабліва поўны падымны тарыф, які пералічваў колькасць дымоў не толькі ў кожным маёнтку, але і ў кожным населеным пункце паасобку. Гэты тарыф ахопліваў тую частку Кругляншчыны, што засталася ў складзе дзяржавы. Так, сярод паселішчаў Барысаўскага староства, якое ў той момант знаходзілася ва ўладанні Алены Агінскай (дачкі Казіміра Дамініка і ўдавы памерлага годам раней Ігнацыя Агінскага) упамінаюцца Паляжаеўка (4 дымы), Воўкаўшчына (7) і Смалігаўка (7). Апошняе з названых паселішчаў было размешчана на правым беразе р. Асліўка ніжэй па цячэнні, чым сучасная вёска Смалігаўка. Сучасная Смалігаўка ў гэты час таксама існавала, яна адносілася да Цяцерынскага маёнтка.
Да Цяцерына тарыф 1775 г. адносіць усе паселішчы, якія былі ў складзе Цяцерынскага і Круглянскага маёнткаў гетмана Агінскага. Гэта тлумачыцца тым, што мястэчка Круглае, якое раней было цэнтрам самастойнага маёнтка, трапіла ў склад Расіі і было канфіскавана ў Агінскага. На правабярэжжы Друці заставаліся мястэчкі Цяцерын і Шапялевічы з 34 вёскамі, якія разам налічвалі 921 дым.
Маёнткі Арава і Палессе былі ўласнасцю Марціна Корсака. Да першага з іх адносіліся 3 дымы ў Друцку, 6 у Араве, 1 у Грыбіне, 3 у Лавутках і вёскі Прыпадня, Грыбін, Скураты, Саннікі, Вялікія і Малыя Каскевічы, Філатава і Варгуцьева. У маёнтак Палессе ўваходзілі вёскі Палессе і Старое Палессе, Вугляны, засценак Варапаі (у якім быў 1 дым), мястэчка Круча (7 дымоў). Суседні маёнтак Араўка належаў у той час Тэадору Багдановічу. У Араўцы было 3 дымы, у Грыбіне да гэтага маёнтка належала 6, у Друцку – 1, у Залудках (магчыма, памылковае напісанне вёскі Лавуткі) – 6 дымоў. Багдановічу належалі таксама вёска Ражкі, засценкі Лычкаўшчына і Сакалоўшчына, фальварак Бурнеўка. Усяго ўладанні Корсака разам з царкоўнымі і шляхецкімі дымамі налічвалі 119, уладанні Багдановіча – 32 дымы.
В.Л.Насевіч.
СТАРОНКІ МІНУЛАГА
У 1601 г. на Магілёўшчыну абрынуліся моцныя маразы і снегапады. Баркулабаўскі летапіс паведамляе, што «тогды пшеницы, ярицы, овес, гречиху, горох и вси овощи снегом позаметала метелица...». Ратуючыся ад голаду «множество людей убогих... з жонами и детками... з волости Шкловское, з Друцка, з Дубровны, з Круглы...» подались на «низ», г. зн. на Украіну. «Того ж року была зима злая, снеги велики и сильные были морозы. Многим людям поморозило... а другие с голоду померли. А коли вже была весна в року 1602, тот наход людей множество начали мерти; по пятеро, по тридцати в яму (хоронили)... Тые же, которые на низ шли, тые вси померли, моло се застало» (Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 436). Тыя, што засталіся ў жывых, пачалі вяртацца да сваіх дамоў у 1603 г.
У другім месцы Баркулабаўскага летапісу гаворыцца аб новым бедстве, напаткаўшым Кругляншчыну ў 1603 г. На гэты раз яно было звязана з наездам чатырохтысячнага казацкага войска на чале з гетманам Іванам Куцкай. Ад гэтага наезду асабліва пацярпела Шупенская воласць (зараз вёска Шупені Круглянскага раёна).
Летапіс сведчыць, што «казаки... брали приставство з волости Шупеньской, то есть грошей коп 50, жыта мер 300, яловец полтораста, кабанов 50, сал свиных 100, меду пресного пудов 60, масла пудов 10, куров 500, сена воз 300». Акрамя такіх пабораў, як адзначыў летапісец, у запарожскім войску было «великое своволенство: што хто хочет, то броит».
У 50 – 60-я г. ХVІІ ст. Кругляншчына апынулася ў тэатры ваенных дзеянняў, якія вёў рускі князь Аляксей Міхайлавіч супраць Рэчы Паспалітай. Рускія войскі ўварваліся сюды летам 1654 г. Супраць іх выступіла літоўскае войска на чале з гетманам Янушам Радзівілам. Вялікі гетман сабраў каля 10 тысяч шляхты літоўскай і наёмнікаў і рушыў на Магілёў.
Рускія войскі пад камандаваннем ваяводы князя Аляксея Мікітавіча Трубяцкога 23.8.1654 г. у брод пераправіліся праз раку Друць каля мястэчка Цяцерын, імкнучыся зайсці ў тыл князю Янушу Радзівілу, які стаяў пад Бялынічамі. Трубяцкі сустрэў Радзівіла каля мястэчка Шапялевічы. У бітве, якая завязалася, рускія войскі нанеслі зруйнавальнае паражэнне войску Я.Радзівіла. Вось як аб гэтай бітве гаворыцца ў паперах пасольства Дз.П.Тургенева да гетмана Багдана Хмяльніцкага: «... и сошли Радзивилла меж Шклова и Борисова под Шепелевичами и Радзивилла со всем войском побили наголову, и в языцех поимали; выбрав самых лутших людей, и бунчук, и знамена, и литавры, и пушки, и пушечные всякие запасы, и кореты, и рыдваны, и шатры, и полатки и весь обоз взяли, и побив Радзивилла, пришли под Шклов» (Акты Юго-Западной России. Т. 14. Спб., 1889. С. 87). Радзівіл з рэшткамі свайго войска ўцёк пад Барысаў.
Другіх буйных бітваў на тэрыторыі Круглянскага раёна не было, але пастоі і перамяшчэнні як рускіх, так і войскаў Рэчы Паспалітай былі на працягу ўсёй вайны. У ліпені 1655 г. у мястэчку Круглым размяшчалася нават стаўка рускага цара Аляксея Міхайлавіча.
Тэрыторыя Кругляншчыны, занятая рускімі войскамі, знаходзілася ў ваяводскім упраўленні. Аднак многія шляхціцы, якія прысягнулі цару, захавалі свае ўладанні. Цяцерынскі павет цар перадаў у падпарадкаванне палкоўніку Канстанціну Паклонскаму і дазволіў яму ў гэтым павеце раздаваць казакам «жития, которые похочет, увидя по его прямой службе».
За гады вайны мястэчкі і сёлы, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна, пацярпелі вялікія страты. Насельніцтва цярпела як ад рускіх войскаў, так і ад войскаў Рэчы Паспалітай. Напрыклад, уладанні Ломскіх – мястэчка Круча з вёскамі Старое Палессе, Мікуліна, Вялікая Слабада, Труханаўка, Гняздзілаўка былі разбураны рускімі войскамі. А вось мястэчка Круглае з воласцю (уладанне ваяводы віленскага Паўла Сапегі) пацярпела ад войска «коронного Ясновельможного пана Стефана Чарнецкого». Нанесеную «каронным» войскам шкоду «войты круглевской волости Семен Мольчаков, Малашко Овтушкович и Филипп Омельянович» спісалі на рэестр, які Сапега падаў у суд, патрабуючы вяртання страт (АВАК, дак. № 202, с. 231).
У пачатку ХVІІІ стагоддзя Рэч Паспалітая была ўцягнута ў Паўночную вайну супраць Швецыі на баку Расіі. Для Вялікага Княства Літоўскага становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў гэты час у самым разгары была так званая «дамавая вайна» паміж двума княжацкімі родамі – Сапегаў і Агінскіх. Гэта вайна заключалася ў асноўным у спусташэнні ўладанняў праціўнікаў.
Уладанні старосты Жмудскага Казіміра Агінскага Круглае, Цяцерын і Бялынічы, якія яшчэ нядаўна (да 1696) належалі Сапегам, знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад апорнага пункта сапежынцаў – крэпасці Быхава. Адсюль Сапега рабіў спусташальныя набегі на ўладанні Агінскага. У кастрычніку 1702 г. Быхаў быў узяты казакамі пад кіраўніцтвам старадубскага палкоўніка Міклашэўскага. Для барацьбы са сваімі праціўнікамі Сапегі папрасілі дапамогі ў шведскага караля Карла XII. 3 таго часу «вайна дамавая» непасрэдна злілася з Паўночнай вайной, бо як толькі шведы з сапежынцамі ўварваліся ў Польшчу, Агінскі накіраваўся у Маскву за дапамогай. Пётр I, кіруючыся сваімі інтарэсамі, паабяцаў даць 40 тысяч рублёў на літоўскае войска і прыслаць 36 тысяч рускіх войскаў.
Канцэнтрацыя і перамяшчэнне рускіх войскаў на тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна адбывалася, пачынаючы з зімы 1704 – 1705 гг. Пастой рускай арміі лёг цяжкім грузам на жыхароў Аршанскага павета, у склад якога ўваходзіла Круглянчшына. Палкоўнік Марка фон Кірхен даносіў Пятру I 28 кастрычніка 1706 г., што аршанскі павятовы сеймік вырашыў выпісаць правіянт на тутэйшае войска «и с восьми тысяч дымов и с каждого дому по солянки муки, по два гарца круп, по два фунта масла или солонины, по солянки овса, по возу сена весу по десяти пуд, а ежели того провианту нам довольно, сколько мы будем здесь стоять, не будет, обещали еще давать сколько нам понадобиться».
Акрамя дастаўкі ў рускую армію правіянту, сяляне прыцягваліся на работы па будаўніцтве абарончых умацаванняў. Вось як пра гэта паведамляе ў сваіх запісах ігумен Арэст. У 1707 г. «под городом... Копысью... делаемы были ...великие скопы для копания оных давано крестьянского народу с заступами, секирами и топорами из всего повета Оршанского по нескольку сот в неделю…»
Аднак камандаванне рускай арміі не абмяжоўвалася зборам «положенного провианту». У сваім універсале генерал князь Рапнін загадваў забіраць у шляхты акрамя ўзятага правіянту валоў і бараноў. У гэтай сувязі князь Агінскі ў пісьме ад 7 жніўня 1707 г. скардзіўся Пятру I і прасіў яго адмяніць указ князя Рапніна. Цар указ не адмяніў, аднак напісаў камандуючаму арміяй Б.П.Шарамецеву пісьмо, у якім загадваў фельдмаршалу «с местностей Агинского, старосты гордовского, с местечек Кругла, Цецерина, Белынич.., лишних поборов никаких брать не вели, кроме провианту положенного» (Письма и бумаги Петра Великого. Т. 7, вып. 1. Пб., 1918, дак. № 2221, с. 50).
У той жа дзень 30 студзеня 1708 г. Пётр I напісаў яшчэ адно пісьмо Шарамецеву з загадам паслаць «в маетность гетмана Агинского, где живет жена его на залогу ундер офицера и вели ему там быть, пока его жена там будет... и тех маетностей никому поборов брать не вели» (Там жа, дак. № 2220, с. 50).
Нягледзячы на шматлікія ахоўныя лісты ад самога цара, «все они, – як пісаў Пятру I гетман Агінскі – ...важности не имеют». Некаторае ўяўленне аб тым, як выконваліся царскія ахоўныя лісты і як змагаўся цар з парушальнікамі, дае пісьмо Пятра I да А.К.Пятрова-Саловава ад 4 сакавіка 1708 г. Вось змест гэтага пісьма: «Доносил нам староста Гордовской господин Агинский, что Изюмского полку казаки и протчие нерегулярные, которые стоят в местечках его в Тетеринове, в Круглом и Белькчинях (Белыничах), жителям многие чинят обиды и разорения, также и убивства (как он сказывал, что бутто двух баб убили). И о том разыщи, и по розыску, буде то правда, учинить тем ворам указ, чего они будут достойны, с опщево совету с брегадиром Шидловским...» (Там жа. Т. 7, вып. 1. Пб., 1918, с. 88, дак. № 2290).
У чэрвені 1708 г. шведскія войскі пад кіраўніцтвам Карла XII рушылі з Мінска ў напрамку на Магілёў. Адступаючы, руская армія праводзіла тактыку «частичного уничтожения и оголожения противника». На шляху шведскіх войскаў знішчаліся ўсе харчовыя запасы, каб яны не дасталіся ворагу. Тактыка «оголожения», якую праводзіла рускае войска, вымушала шведаў звяртацца да крайняга насілля ў адносінах да мясцовых жыхароў, каб здабыць правіянт для арміі. Князь Меншыкаў пісаў Галаўніну, што шведы «мучают, вешают и жгут мужиков (как прежде никогда не бывало), дабы ямы хлебные паказывали...».
По ходу свайго руху шведскія войскі, з якімі былі і сапежынцы, не забываліся таксама спусташаць уладанні праціўнікаў Сапегі. Накіроўваліся нават спецыяльныя атрады для знішчэння маёнткаў, размешчаных удалечыні ад праходжання арміі.
27 ліпеня шведскія войскі пераправіліся цераз раку Друць за 10 вёрстаў на поўнач ад Бялыніч каля вёскі Алешкавічы. Рускія войскі занялі пазіцыі на рацэ Вабіч, якая працякае па тэрыторыі Круглянскага раёна.
Рускае камандаванне заставалася ў поўным няведанні адносна далейшых планаў Карла XII. Таму былі вызначаны два раёны канцэнтравання рускіх войскаў: паўночны ў раёне вёсак Ахімкавічы, Клімавічы і мястэчка Стараселле (на выпадак руху шведаў да Цяцерына) і паўднёвы (Галоўчын, Новае Сяло, Гнездзін) – на выпадак, калі Карл XII накіруецца да Галоўчына або ў абыход яго на поўдзень. На ваенным савеце ў Магілёве 23 чэрвеня было вырашана ісці да Галоўчына князю Меншыкаву і генералу князю Рапніну з 6 тысячамі інфантэрыі, на пазіцыю да Стараселля – генералу Аларту з 6 тысячамі і генерал-лейтэнанту Пфлугу са сваёй брыгадай. Асноўныя ж сілы арміі, г.зн. дывізія фельдмаршала Шарамецева, заставаліся каля Шклова і павінны былі рухацца ў залежнасці ад абставін у найбольш пагражальным напрамку. 28 чэрвеня падпалкоўнік Нашчокін, пасланы Пфлугам да Цяцерына і Круглага, высветліў, што шведы рухаюцца да Галоўчына. Аднак ужо 29 чэрвеня рускім раз’ездам давялося падавацца назад, бо было выяўлена наступленне і да Круглага значнага шведскага атрада сілаю больш за 3 тысячы «с 6 волоскими хоронгвами», якія занялі вёску Шупені. Шведы занялі і вёску Ількавічы, на паўдарозе паміж Галоўчынам і Цяцерынам, адкуль яны маглі рухацца не толькі да Галоўчына, але і да Стараселля, а, магчыма, і ўразрэз паміж Алартам і Гольцам на Клімавічы да Шклова. Аларт у данясенні Шарамецеву ад 29 чэрвеня пісаў таксама, што «в Тетерине партия, в тридцати волохах состоящая, прибыла, которая у некоторого шляхтича всю скотину отняли и вскоре назад уступили...». Пад уплывам падобных вестак і Гольц і Аларт палічылі, што шведы скіраваны менавіта на іх атрад, а таму пачалі рыхтавацца да бою. Гольц прыцягнуў да сябе з Княжыцаў дывізію Рапніна, а Аларт «между кляштором Дудаковичем и Круглою лес велел вырубить для усиления позиций засеками».
30 чэрвеня ў Шклове савет у складзе Шарамецева, Меншыкава, князя Далгарукага, Галоўкіна і Я.Бруса прыняў рашэнне перавесці дывізію Шарамецева са Шклова да вёскі Ахімкавічы, каб прыкрыць шляхі ад Шклова да Круглага і Цяцерьша і мець магчымасць перамясціцца або ўправа, на дапамогу Аларту, або ўлева, да Гольца. Яшчэ раней да Ахімкавічаў быў накіраваны для сувязі з Алартам і назірання за шведамі бакавы атрад палкоўніка Камбела з 800 драгунаў. 1 ліпеня дывізія Шарамецева начавала каля в. Клімавічы. Князь Меншыкаў са сваёю конніцай апярэдзіў пяхотную калону, агледзеў пазіцыю каля в. Ахімкавічы і выявіў, што гэтую мясцовасць цяжка прайсці непрыяцелю і што яго зможа ўтрымаць палкоўнік Камбел з драгунамі, «понеже болото пришло великое». Было вырашана Шарамецеву пазіцыю каля Ахімкавічаў не займаць, а рушыць дывізію з артылерыяй да Галоўчына. Аларту таксама было загадана ачысціць пазіцыю каля Стараселля і накіравацца да Клімавічаў, бо было атрымана паведамленне, што шведы збіраюць сілы каля Галоўчына. На савеце 2 ліпеня было вырашана даць бой праціўніку.
Карл XII пачаў пераправу цераз раку Вабіч насупраць Галоўчына на світанні 3 ліпеня. Пасля непрацяглага бою за мост шведы захапілі яго і сталі перапраўляцца. Князь Рапнін, на пазіцыі якога абрушыліся шведы, паслаў за дапамогай да Шарамецева і Гольца. Але, не атрымаўшы яе своечасова, палкі Рапніна сталі адступаць па дарозе на в. Васількі ў бок Шклова і Магілёва. Конніца генерала Гольца з’явілася на полі бою ўжо пасля таго, як асноўныя сілы пяхоты адступілі. Яе з’яўленне прывяло толькі да лішніх страт у рускай арміі. Атрад Шарамецева пасля таго, як вярнулася накіраваная на дапамогу Рапніну конніца генерала Рэна, адступіў на Васількі па Шклоўскай дарозе. Аларт з Пфлугам, якія стаялі каля в. Клімавічы, атрымалі загад адступаць да Копысі.
У баі пад Галоўчынам супраць шведаў удзельнічала каля 5 тысяч пяхоты і каля 4 тысяч конніцы. Страты рускіх войскаў склалі: пяхоты – 113 чалавек забітымі і 272 параненымі, конніцы – 230 забітых і 401 паранены. Акрамя таго, 220 чалавек не вярнуліся на месца збору.
Бой пад Галоўчынам, нягледзячы на тое, што ён закончыўся паражэннем рускіх, меў вялікае значэнне ў справе станаўлення новай рускай арміі. Памылкі, дапушчаныя ў бітве, такія, як няўзгодненасць ва ўзаемадзеянні, вядзенне бою «казацкім, а не салдацкім спосабам» і інш., дазволілі ў будучым Пятру I ліквідаваць гэтыя недахопы.
Сам Пётр I так гаварыў пазней пра Галоўчынскі бой: «Я зело благодарю бога (что) прежде генеральной баталии виделись с неприятелем хорошенько и что от сей его армии одна наша треть так выдержала и отошла».
Ад Галоўчына шведы пайшлі на Магілёў, і баявых дзеянняў на Кругляншчыне болей не было, хоць пастой і перамяшчэнні войскаў адбываліся на працягу ўсёй Паўночнай вайны. Так, у верасні 1708 г. па тэрыторыі раёна рухаўся да Шклова са сваёй арміяй і вялікім абозам шведскі палкаводзец Левенгаўпт.
Ю.Е.Бабіцкі, Р.В.Баравы
КРУГЛЯНСКІ ЗАМАК
Дакладная дата ўзнікнення раённага цэнтра Круглае невядома. У час археалагічных разведак, праведзеных аўтарам сумесна з археолагам Мікалаем Бычковым увосень 1991 г., было знойдзена паселішча, якое паводле пад’ёмнага матэрыялу папярэдне можна датаваць бронзавым векам (ІІІ-е – пачатак І-га тысячагоддзя да н.э.). Паселішча знаходзіцца на 1-й надпоймавай тэрасе левага берага Друці (у раёне 2-га Партызанскага завулка). Сярод сабранага матэрыялу ёсць і некалькі фрагментаў зялёнапаліванай кафлі ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў.
3 крыніц вядома, што Круглае спачатку было вёскай, побач знаходзіўся прыватнаўласніцкі замак. У 2-й палавіне ХVІ стагоддзя Круглае ўжо вядома як мястэчка Аршанскага павета. Такія змены, верагодна, звязаны са зручным месцазнаходжаннем мястэчка, якое было размешчана на скрыжаванні шэрагу шляхоў, што ішлі з Магілёва, Шклова, Талачына і Бялынічаў. Ва ўспамінах шматлікіх вандроўнікаў і гандляроў ХVІ – ХVІІІ стагоддзяў адзначаецца, што адзін з асноўных шляхоў з усходу на захад (ішоў праз Магілёў), праходзіў і праз Княжыцы, Галоўчын, Круглае, Талачын. Сучасны шлях праз Бялынічы, Беразіно паявіўся значна пазней і не карыстаўся вялікай папулярнасцю да ХХ стагоддзя, пра што сведчыць і малая колькасць паселішчаў паміж гэтымі 2 населенымі пунктамі.
Аб гэтым сведчаць і назвы асноўных магістральных вуліц: Талачынская, Аршанская, Віленская. Яны сыходзіліся на гандлёвым пляцы, які, відаць, знаходзіўся ў раёне сучаснай аўтастанцыі. Астатнія 5 вуліц мелі назвы: Бычкоўская, Сітнеўская, Ісаеўская, Прудавая (ішла ад цэнтра да сядзібных сажалак), Каталіцкая і Замкавая. Дарэчы, лічыцца, што замак у Круглым існаваў у ХVІ – ХVІІ стагоддзях, пазней быццам бы знікае, на яго месцы ствараецца сядзібны комплекс. Гэта ўсё, што нам удалося даведацца пра замак – белую пляму круглянскай гісторыі.
У час вышэйзгаданых разведак нам з калегам пашанцавала знайсці Круглянскі замак. Ён знаходзіўся на пагорку вышынёй каля 20 метраў над 1-й тэрасай левага берага Друці, што раней, відаць, рабіла ў гэтым месцы круты паварот на поўнач (цяпер рака выпраўлена, але захавалася старыца). 3 паўднёвага боку замак, верагодна, быў абмежаваны шляхам-вуліцай у бок Слаўнага. Гэты шлях праглядаецца і зараз унізе вуліцы Камсамольскай, што знаходзіцца на значным штучным насыпе, зробленым у 2-й палавіне ХХ стагоддзя. 3 усходняга боку замак, напэўна, прымыкаў да мястэчка, якое было ўмацавана ровам і, магчыма, валам. Прыродны роў захаваўся ў раёне вуліцы Пушкінскай, але не выключана, што ён мог быць засыпаным і знаходзіцца крыху бліжэй, у раёне вуліц Талстога ці Набярэжнай. Недзе тут, верагодна, знаходзілася брама з мостам праз роў. Другая брама, мабыць, была ў тым месцы, дзе рака раней рабіла паварот (тут і сёння ледзь відаць зручны з’езд да ракі).
Замак быў умацаваны бастыёнамі, рэшткі чатырох з іх захаваліся. Тры бастыёны ахоўвалі замак з паўночнага боку, адзін – з заходняга. Бастыён уяўляе сабой пяцівугольнае земляное збудаванне, якое выступае за межы валоў, для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж замкавых сцен. Звычайна на іх размяшчалі вежы ці прасторную пляцоўку для гарматаў. Падобныя элементы ўмацаванняў былі пашыраны на Беларусі ў ХVІ – ХVІІІ стагоддзях.
Сёння тэрыторыя замка шчыльна забудавана прыватнымі сядзібамі і агароджана добрымі платамі. Гэтыя акалічнасці, а таксама абмежаваны час, нажаль, не дазволілі сабраць пад’ёмнага матэрыялу. Таму зразумела, што кропку ў пытанні з Круглянскім замкам ставіць яшчэ рана. Тут, як і ў папярэднім выпадку, неабходны далейшыя археалагічныя даследаванні.
З. Яцкевіч.
Дакументы сведчаць...
БАРКУЛАБАЎСКІ ЛЕТАПІС АБ ПАДЗЕЯХ ВОСЕНІ 1601 г.
...Того ж року 1601 месяца октября 10 дня целую неделю снег сильный и кгвалтовный ишол, вьшал до полголени. Тогды пшеницы, ярицы, овес, гречиху, горох и вси овоши... снегом позаметала метелица. Были теж морозы великие... А тот гнев Божий был и непогода, почавши от Менска до Полоцка к Витебску, до Орши, до Мстиславля, до Пропойска, до Рогачева, Могилева, Любошалы. Потом у Речицы, в Лоеве, в Киеве аж на Волыни добрый урожай был. А так потом много множества людей убогих з голоду на низ з жонами и детками из семею, што аж страшно было не толко видети, але трудно было и выписати, то ест з верх з волости Шкловское, з Друцка, з Дубровны, з Крыглы, з Бобра, з Витебска, с под Полоцка, с под Менска и из иншых многих украин. Того ж року была зима злая, снеги велики и сильные были морозы.
Многим людям поморозило... а другие з морозу померли.
А коли вже была весна в року 1602, тот наход людей множество почали мерти; по пятеро, по тридцати у яму [хоронили]...
Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 436.
БАРКУЛАБАЎСКІ ЛЕТАПІС ПРА СВАВОЛЬСТВЫ КАЗАКОЎ ЗАПАРОЖСКІХ У ШУПЕНСКАЙ ВОЛАСЦІ
Року 1603 были козаки Запорозкие – неякий гетман на имя Иван Куцкович. При нем было люду козацкого яко 4000; брали приставство з волости Боркулабовской и Шупеньской, то ест, грошей коп 50, жыта мер 500, яловиц полтораста, кабанов 50, сал свнных 100, меду пресного пудов 60, масла пудов 10, куров 500, сена воз 300.
Того року 1603, в месте Могилеве Иван Куцка здал с себя гетманство козацкое для того, иж у войску великое своволенство: што хто хочет, то броит. Потом по Иване Куцку был гетманом Иван Косый. Тые козаки брали приставства у Полоцк, Витебск, Могилев и по всих местах.
... А коли козаки запорожские назад на низ отселе выежджали, теперь же великую сильную шкоду по селах, по местах чинили. Жонки, девки и хлопята з собою много брали. Так же коней много с собою побрали. Один козак будет мети коней 8, 10, 12, и хлопят трое, четверо, жонки албо девки две олбо три.
Тогож року 1603, народ божий з низу до домов своих назад пошел – великое множество мужей, жон, детей, но еще больше тых было, которые на низу померли.
Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Т. 1. Мн., 1936. С. 474.
АРТЫКУЛЫ ПАСОЛЬСТВА ДА ГАСУДАРА АД ПАЛКОЎНІКА КАНСТАНЦІНА ПАКЛОНСКАГА ПРА ДАРАВАННЕ ПАКЛОНСКАМУ I ЯГО СУПРАЦОЎНІКАМ – ШЛЯХЦЕ I КАЗАКАМ МЯСЦОВАСЦІ, ДВАРОЎ I РОЗНЫХ ПРЫВІЛЕЯЎ
Список с белорусского письма, что подал полковника Константина Поклонского шляхтич Михайло Рудницкий в 1654 г. декабря в 13 день.
... Милосердный государь изволит ли быть милостив ко мне холопу своему бити челом его царскому величеству, чтоб поизволил в уездах, Головчинском, Белыницком, Тетеринском, аж по самый Борисов, там, казакам, чтоб волно полковнику роздать жития, которому похочет, увидя по его прямой службе, да там бы им и жити для всегдашнего и лутчего обереганья от неприятеля из-за Березины; а для того, что те уезды разорены, бити челом и молить у его царского величества, для помощи и прокормления, чтоб до того ж прибавил Горы, Горки и Кудин со всеми до их належачими волостями и пожитками, да чтоб уже там воевода никакие власти не имел. В Головчинском, Белыницком и в Тетеринском казаком в приставства роздать, и кормы свои и конские имать, а не грабить и насилства никакова не чинить, и дать о том грамоты.
Акты Юго-Западной России. Т. 14, Спб., 1889. С. 448.
ПРЫСЯЖНАЕ ПАКАЗАННЕ АБ ШКОДАХ I СТРАТАХ, ЗРОБЛЕНЫХ НАСЕЛЬНІЦТВУ МЯСТЭЧКА ЧАРЭЯ I ВАЛАСЦЕЙ МЯЛЕШКАЎСКАЙ, БЕЛІЦКАЙ, КРУГЛЕЎСКАЙ I ЧАРЭЙСКАЙ 3 БОКУ ВОЙСКАЎ КАРОНЫ ПАД КІРАЎНІЦТВАМ ВАЯВОДЫ РУСКАГА СТАФАНА ЧАРНЕЦКАГА
... Исполнение присяги войтов волости Круглевской Ясновельможного пана воеводы виленского, гетмана Великого княжества Литовского... Ясновельможного пана Чарнецкого, воеводы русского.
Того ж года, месяца и дня.
На [...] гродском, в замке Его Королевской Милости Минском, перед нами Петром Калашчевским, подстолием и подстаростом, Теодором Володковичем войским и судьей, а Станиславом Свирским писарем, [...] судебными гродскими, воеводства Минского, [...] Ясновельможного пана Павла Яна Сапеги, воеводы виленского, гетмана Великого княжества Литовского, Его Милость пан Томаш Грицкевич [...] войтов и подданных Его Милости пана воеводы Виленского, господина своего, волости и местечка Круглевского до присяги на причиненных [...], шкодах и крывдах через войско каронное Ясновельможного пана Стефана Чарнецкого, воеводы русского, [...] войты и подданные [...].
Его Милости пана воеводы Русского чыненных и [...] города Минского подданных, присягали перед нами...: Я Семен Мольчаков, и я Малашко Овтушкович, и я Филипп Омельянович войтове волости Круглевской присягаем пану Богу всемогущему, в Троице Святой Единому, на том, если [...] всяческие шкоды, обиды, издевательства над людьми, убийства, насилия, [...], которые нам и всяким [...] нашим в имении ясновельможного пана Павла Сапеги, воеводы Виленского, гетмана Великого княжества Литовского господина нашего милостивого Круглевской од войска под [...] ясновельможного пана Стефана Чарнецкого, воеводы Русского [...] на тот час того войска коронного [...] те тогда шкоды справедливе на реестр списавши при процессе даны до книг, на которых как справедливые присягаем, так нам Господь Бог поможет, а если несправедливе, Господь Бог нас убей. По которой присяге мы [...] вписать и до книг судебных гродских воеводства Минского.
Актовые книги Минского гродского суда за 1660—1664 гг. № 11785. Л. 414—419.
АКТ НА ПРОДАЖ МАЁНТКА ПАЛЕССЕ
Года 1666 месяца мая 2 дня писано в Морозовичах, того ж года июня 3 дня в книгах земских Новогродских признано, а 1789 февраля 6 дня в книги актовые гродские Минские вписано.
Акт продажи на Полесье с местечком Круча с селами Старое Полесье, Микуши, Великая Слобода, Трухановка, Гнездянка в повете Оршанском лежащие от Яна Базилия и Розы Софии Гайковны Ломских Юрию и Елене с Брухановских Протасевичам за 20 000 злотых польских.
Я, Ян Базилиан Ломский и я Роза София Гайковна Ломская... чынили ведомость тым нашим листом продажный акт, кому об этом сейчас и в последующем знать надлежит, что по смерти пана Яна Ломского секретаря Его Милости и панны Гальшки Горской Ломской добродетельных родителей моих мне Ломскому разные имения во владения достались, а между ними названное имение Круча – местечко с фольварком Полесье в повете Оршанском лежащее. То имение Круча и Полесье досталось Ломским по праву наследования...
...Это имение неприятелем было разрушено... перечисленные владения добродетельных родителей моих Полесье и местечко Круча со всеми принадлежащими к ним деревнями как то Старое Полесье, Микулино, Великая Слобода, Трухановка, Гнездиловка и другими деревнями, поддаными в них проживающими на отдельном инвентаре описанными, в повете Оршанском лежащие, самый двор с местечком с мещанами с поддаными перечисленными с их женами, детьми со всеми их повинностями... с лесами, озерами и т.д. и т.д. продали пану Юрию Протасевичу писарю Новогродскому и пане Елене Брюханской Протасевичевой за 20 000 злотых грошей монеты польской с полной суммы.
Бібліятжа АН Літвы. Аддзел рукапісаў. 21(872) XVIII. Л. 1. 1789 г.
НАТАТКІ СТОЛЬНІКА П.А.ТАЛСТОГА ПРА МАГІЛЁЎСКУЮ ГУБЕРНЮ Ў 1697 – 1699 гг.
... Апреля в 8 день от местечка Головчин, проехав три мили польских приехал обедать, проехав местечко Тетерино, на лесу. То местечко Тетерино литовского канцлера, сына князя Огинского. В том местечке 3 церкви униатские. Того же числа приехал ночевать в маентность подкомория литовского Мильского, в деревню Крутую, от стана польских 2 мили и ночевал проехав эту деревню на лесу. 9 апреля приехал в местность маршалка литовского в деревню Елльяны (Ильяны возле ст. Славяны)...
Могилевская старина. Сб. статей под ред. Романова. Вып. 1. 1898—1899.
АПІСАННЕ ГАНДЛЁВЫХ ШЛЯХОЎ, КІРМАШОЎ, МЫТНЯЎ I ТАВАРАЎ, ЯКІЯ ПРАВОЗЯЦЦА КАНТРАБАНДАЙ 3-ЗА МЯЖЫ Ў ПОЛАЦКІМ ВАЯВОДСТВЕ I АРШАНСКІМ ПАВЕЦЕ
Ліпень 1765 г.
Тракт из Могилева в Борисов.
... До Головчина мост в 7 прентов, берут по копейке. До пересеки полмили, моста нет, берут по копейке. До Кривлин (Криулин). До Дроздов моста нет, берут по копейке. В Дроздах два тракта: в Друцк – напрямик, второй – до Круглой на Шупене и т.д. и т.д. до Друцка.
На реке Друти мельница и мост в 4 прента, по 2 копейки с лошади.
Белоруссия в зпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 351.
3 ІНВЕНТАРА МАЁНТКА МАЛАЯ АРАВА
1742 года ноября 24 дня... явясь самолично Станислав отец и дети его Иосиф, Ян, Казимир и Петр Оржеховские, сей свой инвентарь вотчины Оравы меншей при внесении продажной записи в книги гродские магдебургские подали, сими словами писаные: инвентарь вотчины Оравы меншей, при записи продажной Федору и Иосифу Богдановичам дворецким братьям двоюродным от нас... Оржеховских сего 1742 года ноября 22 дня за 4000 талеров битых.
Описание двора Оравы меншей... Въезжая то церкви ворота без покрытия, вокруг огорожен бервеньем, от ворот по левой стороне амбар малый при нем кладовая длинная старая гонтом крытая, от кладовой по той же стороне белая изба, двери на завесах с клямками, три окна с круглого стекла, печ с зеленым кафелем, с избы комора, двери на завесах с клямкою, в той каморе два окна, с каморы двери в сени на завесах с клямками, по правой стороне черная изба с каморкою двое дверей на завесах, в бок сеней 2 амбара малые дранкой покрытые, с четырьмя хлевами для скота с воротами, против будынка нового старый будынек досками покрыты в нем белая изба с каморою, в избе и в каморе по два окошка, печ кафельная, при том будынке фортка и провары при проваре баня старая с присаденком, проварь старый без малейшей посуды. За новым будынком другие вороты по правой стороне идя к гумну, по левой стороне пуня большая на сено, по правой стороне другая напротив пуня на солому. Идя с двора к Друцку на речке Ораве под двором мельница об одном камне, прочие же строения пустые при мельнице.
Деревня Орава за речкою надворная при ней земля поповская по фундушу наданая Самуиле Скавроньке с двумя сынами, и дом Скавроньки с женою. Юрка Ялонка с женою и одним сыном, в оной деревне корчма при мельнице пустая, а что более найтися может земли, оной часть в закладе и впусте остается.
Другая же часть с 13 пляцами с застенком Моргами и сенокосами издревле к тем пляцам принадлежащими: Прокоп Король с женою и сыном. Улас Короленок которого Ломановский в закладе держа прогнал можно отыскивать, Михайло Хмелевский от него же прогнат.
Деревня Рожки, Змитрок Карпеченок с женой и детьми. Семен Коленовский с женой и сыном. Лаврик Цепераха с женой и двумя сынами. Лаврусь Семенцов с женой и двумя сынами, Пахом Шишко с женой и сыном, Климок Карпеченок с женой и четырьмя сынами, Андрей Шишко с женой и двумя сынами, Иван Шишко с женой и двумя сынами.
Деревня Лысковшина, Мартин Лукашевич с женой и тремя сынами. Федор Лемешевский с женой и одним сыном, Степан Коголь с женой и одним сыном. Хвецко Иванов Лукашевич с женой и двумя сынами. Осип Геранимович с женой и двумя сынами.
Деревня Лаутки, Томаш Ключонок с женой и 2 сынами, Максим Сакович с женой, Гришка Гаврилович с женой и двумя сынами. Михаил Цыганович с женой и пятью сынами.
Застенок Бурневка: за тот застенок платят 50 злотых тоже Протасевич Семянин без малейших должностей платит 50 злотых, застенок Соколовщина в три полетки две уволоки к той же вотчине принадлежит, так же к оной вотчине Ораве Малой подлежат описанные урочища и сеножати, а именно застенок Косановщина, Бохановщина, и именно сенокос Бохановщина около речки Сусеченки.
... Мы Станислав отец и сыновья мои Ореховские ... имея собственную нашу вотчину, доставшуюся нам по праву вечному от его сиятельства князя Михаила Друцкого Горского называемую Меншую Ораву с деревнями Лауткою, Грибином, Лысковщиной, Бурневкою, рощами и той же вотчине меншей Ораве изстари подлежащими с 13 пляцами в местечке Друцку... оною вотчину Меншею Ораву со всеми принадлежностями сего 1742 ноября 22 дня с дворовыми и с гуменными строениями с мельницею и с деревнями к той вотчине принадлежащими, а именно Лауткою, Грибиным, Лысковщиной, Бурневым рощами с 13 пляцами в м. Друцке, с крестьянами их женами детьми мужеска и женского полу... на лицо находящимися и бежавшими, с полным отыскиванием оных, с рогатым и нерогатым скотом со всеми их имениями землями, лесом, рощами, зарослями, пустошами, мельницею, речкою, озерами и т.д. ... продали сим Богдановичам за 4 тысячи талеров битых считая всякий талер по тынфов 6 с шестаком.
... По разделу Польши 1772 г. часть земли принадлежавшей Ораве малой, Богдановичи, оставшиеся в Польше и, не имея возможности пользоваться ею подарили Иосифу и Каролине из Богдановичей Ходошинским. (2 декабря 1772 г. от Федора Богдановича городничего Смоленского).
Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў, ф. 1319, воп. 2, спр. 96, л. 10, 11,11 адв.,13,15