ЗЯМЛЯ НАШЫХ ПРОДКАЎ


Старажытная гісторыя Кругляншчыны ў помніках археалогіі


ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАЁНА


    Тэрыторыя Круглянскага раёна ўяўляе сабой своеасаблівы куток Беларусі, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Магілёўскай вобласці, у верхнім цячэнні р. Друць на плошчы 0,9 тыс. км2. Рака Друць – чацвёрты па велічыні і воднасці прыток Дняпра, з’яўляецца галоўнай воднай артэрыяй Кругляншчыны, неад’емным элементам яе ландшафту. Яна пачынаецца на Дняпроўска-Дзвінскім водападзеле з невялікай забалочанай лагчыны, на адлегласці 0,8 км. на паўднёвы ўсход ад сяла Ратамка Талачынскага раёна. За 50 км. ад вытоку размешчаны г.п. Круглае. Рачная сетка Друці складаецца з вялікай колькасці прытокаў, на берагах якіх некалі жыло старажытнае насельніцтва.

    Прыродныя ўмовы гэтага рэгіёна на працягу апошніх тысячагоддзяў заставаліся амаль нязменныя. Гэта азначае, што пры ўмерана кантынентальным клімаце яны і ў старажытнасці былі спрыяльныя для жыцця і развіцця гаспадарчай дзейнасці чалавека.


ГІСТОРЫЯ ВЫВУЧЭННЯ АРХЕАЛАГІЧНЫХ ПОМНІКАЎ


    Першыя звесткі пра археалагічныя помнікі Кругляншчыны сталі здабыткам навукі ў канцы ІХХ стагоддзя. У 1873 г. па прадстаўленні прафесара Дз.Я.Самаквасава праз губернскія статыстычныя камітэты былі сабраны звесткі пра гарадзішчы і курганы на тэрыторыі Расіі.

    Паводле звестак 1873 г., вядомы курганны могільнік каля в. Казіміроўка (цяпер знаходзіцца ў стадыі разбурэння) і 2 гарадзішчы каля вёсак Зарэчча і Цяцерын (разбураны кар’ерамі ў апошнія гады).

    Хоць апублікаваныя матэрыялы былі няпоўныя і часта, акрамя ўказання месцазнаходжання помнікаў і колькасці насыпаў у курганах, не мелі іншай інфармацыі, яны з’явіліся зыходнай базай для наступных археалагічных пошукаў.

    Для 1920-30-х гадоў характэрны абвостраны інтарэс грамадскасці Беларусі да гісторыі роднага краю, у тым ліку і да археалагічных выдатнасцяў. У той час пашыраны былі краязнаўчыя даследаванні. Пачаўся новы этап у гісторыі археалагічнага вывучэння Беларусі. На дапамогу дапытлівым энтузіястам прыйшлі спецыялісты.

    У 1924 г. навукова-экспертная камісія Наркамасветы БССР разаслала апытальны ліст, складзены І.А.Сербавым. У адказах на яго былі звесткі пра гарадзішча каля в. Казёл і курганны могільнік каля в. Ваўкоўшчына. У 1925 г. Аршанскае таварыства краязнаўства з мэтай стварэння археалагічнай карты пачало рэгістрацыю помнікаў на тэрыторыі акругі. Д.М.Васілеўскі апублікаваў частку сабраных матэрыялаў і адзначыў наяўнасць гарадзішча і курганнага могільніка ў в. Цяцерын. У 1930 г. даследаванне археалагічных помнікаў у басейне ракі Друць правёў А.Дз.Каваленя. Былі выяўлены каштоўнейшыя аб’екты, якія сведчылі пра засяленне тэрыторыі раёна з глыбокай старажытнасці.

    Да раней вядомых помнікаў прыбавіліся паселішчы бронзавага веку каля в. Малая Арава, ранняга жалезнага веку каля пас. Васільеўка, г.п. Круглае, в. Зарэчча, гарадзішча і паселішча каля в. Прыгані, курганныя могільнікі каля пас. Васільеўка, вёсак Зарэчча, Ліпск, Малыя Ражкі, Радча і Шупені. Упершыню быў раскапаны адзін курган каля пас. Васільеўка, дзе знойдзена пахаванне па абраду трупапалажэння без пахавальнага інвентару і з адзінкавымі фрагментамі керамікі. У пасляваенны час вывучэнне археалагічных помнікаў Круглянскага раёна набыло больш шырокі размах. У 1967 г. Л.В.Аляксееў правёў раскопкі курганнага могільніка каля в.Арава. Г.В.Штыхаў у 1968 г. адкрыў новыя помнікі каля вёсак Варгуцёва, Красуля, Хралішчава. У 1975 г. Я.Р.Рыер выявіў курганы каля в. Гоенка і даследаваў паселішча ў наваколлі в. Зарэчча.

    У 1977 г. пры падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры» па Магілёўскай вобласці археалагічны атрад Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова пад кіраўніцтвам В.Ф.Капыціна правёў суцэльнае абследаванне тэрыторыі Круглянскага раёна. У 1989 г. экспедыцыя Магілёўскага педінстытута прадоўжыла археалагічныя разведкі. У выніку былі адкрыты новыя помнікі і абследаваны раней вядомыя.

    Ранейшыя даследаванні і матэрыялы апошніх экспедыцый далі магчымасць абагульніць вынікі вывучэння помнікаў археалогіі Круглянскага раёна і падрыхтаваць кароткі нарыс яго старажытнай гісторыі.


НАРЫС СТАРАЖЫТНАЙ ГІСТОРЫІ


    3 якіх часоў вядомы край? Калі з’явілася тут першае насельніцтва? Гэтыя пытанні часта ўзнікаюць у сучасніка.

    Тэрыторыя Круглянскага раёна 15-25 тыс. гадоў назад знаходзілася ў непасрэднай блізкасці ад краю апошняга валдайскага (паазерскага) зледзянення, шло займала вялікія прасторы паўночнага захаду Рускай раўніны. Халодны клімат, вялікая абводненасць перашкаджалі жыццю тут чалавека ў эпоху старажытнага каменнага веку – палеаліту. Толькі пасля адступлення ледавіка, фарміравання сучаснай рачной сеткі (адбылося каля 10-12 тысяч гадоў назад) у вярхоўях Друці паяўляецца першае насельніцтва – групы паляўнічых на паўночнага аленя. Стаянкі гэтага часу (позняга палеаліту і мезаліту) у раёне пакуль не выяўлена.

    Там, дзе ў мінулым жылі людзі, у зямлі захаваліся прылады працы і зброя, прадметы побыту і ўпрыгожанні, фрагменты глінянага посуду (керамікі), рэшткі ачагоў, вогнішчаў, косці забітых жывёлін і інш. Глеба, у якой знаходзяцца разнастайныя рэшткі дзейнасці старажытнага чалавека, называецца культурным пластом. Вельмі часта культурны пласт вызначаецца больш цёмнай афарбоўкай сярод парод, якія яго акружаюць.

    Наяўнасць культурнага пласта з’яўляецца першай прыкметай старажытных паселішчаў, што размяшчаліся пераважна па берагах рэк і азёр. Старажытных людзей, жыццё якіх у многім залежала ад навакольнага асяроддзя, прыцягвала сюды мноства рыбы і вадаплаваючай птушкі, а таксама бязмежныя лясы, багатыя дзічынай.

    У эпоху новага каменнага веку (неаліту) у V – ІІІ-м тысячагоддзях да н.э. на тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна пражывалі плямёны верхнедняпроўскай культуры, асновай гаспадаркі якіх былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. На сённяшні дзень вядома неалітычная стаянка на левым беразе Друці каля в. Малая Арава.

    Адным з важнейшых дасягненняў з’яўляецца вынаходніцтва глінянага посуду, у выніку чаго з’явіліся новыя магчымасці ў прыгатаванні і захоўванні ежы. Фрагменты пасудзін (самая масавая катэгорыя знаходак на паселішчах) нясуць многа інфармацыі пра старажытную ганчарную вытворчасць, выкарыстанне прыродных рэсурсаў, мастацкія густы чалавека. Гліна ў выніку абпальвання набыла новыя якасці: стала цвёрдай і здольнай захоўваць нададзеную форму. Старажытны посуд вырабляўся ўручную. Паверхня пасудзін з вонкавага боку пакрывалася арнаментам у выглядзе адбіткаў грабеньчатага або зубчастага штампа ў спалучэнні з ямкавымі ўцісканнямі.

    Неаліт вядомы таксама многімі адкрыццямі ў развіцці першабытнай тэхнікі. З’явіліся новыя формы прылад з розных парод каменю, больш дасканалыя прыёмы іх апрацоўкі: піленне, шліфаванне, свідраванне. Шырока распаўсюджваюцца каменныя сякеры, цёслы, долаты, прызначаныя для апрацоўкі дрэва, стварэння жылля і гаспадарчых пабудоў, паляўнічых і рыбалоўных прыстасаванняў, лодак і інш. У вялікай колькасці сустракаюцца наканечнікі коп’яў, дроцікаў, стрэл, касцяныя кінжалы з крэмневымі ўкладышамі ў пазах, нажы, лёзы і інш.

    У ІІ-м тысячагоддзі да н.э.на тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна паявіліся плямёны, знаёмыя з металам, у першую чаргу з меддзю і бронзай. Наступіла эпоха бурных падзей, значных перамяшчэнняў плямёнаў.

    Бронзавы век у Верхнім Падняпроўі звязаны з рассяленнем плямёнаў сярэднедняпроўскай культуры, што ўваходзілі ў арэал пашырэння культур шнуравой керамікі. Гэтыя плямёны займалі землі ад басейнаў Эльбы і Одэра на захадзе да Верхняй Волгі на ўсходзе і, на думку даследчыкаў, прадстаўлялі адну з груп старажытных індаеўрапейцаў – продкаў славян, балтаў і германцаў.

    Паселішчы сярэднедняпроўскіх плямёнаў размяшчаліся пераважна ў поймах рэк, на пясчаных узвышшах і на краі надпоймавых тэрас. Берагі Друці і яе прытокаў забяспечвалі досыць корму для жывёлы і прыдатныя ўчасткі для апрацоўкі зямлі, што спрыяла развіццю земляробства і жывёлагадоўлі.

    Паселішчы і жыллё насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры ўзніклі ў асноўным на ранейшых неалітычных стаянках. Матэрыялы бронзавага веку, пераважна фрагменты керамікі, выяўлены каля в.Малая Арава. Формы глінянага посуду пацярпелі пэўныя змены. У побыт паступова ўваходзіць посуд з плоскім дном. Пасудзіны разнастайныя па велічыні і форме. Найбольш характэрны гаршкі з высокай адагнутай шыйкай і выпуклым тулавам. Яны арнаментаваны ў верхняй частцы або па ўсёй паверхні адбіткамі шнура, лінейнага зубчастага штампа, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, якія ўтвараюць гарызантальныя паясы, трохвугольныя, дыяганальныя і ў елачку кампазіцыі.

    Апрача вырабу глінянага посуду развіваліся і ўдасканальваліся апрацоўка каменя і косці, дрэва і скуры, прадзенне і ткацтва. Адной з характэрных прыкмет матэрыяльнай культуры сярэднедняпроўскіх плямёнаў з’явіліся каменныя тапары з прасвідраванай адтулінай, знойдзеныя ў наваколлі в.Кунцы.

    Адсутнасць у Верхнім Падняпроўі пакладаў медзі і волава (асноўных кампанентаў бронзы) і знаходкі асобных вырабаў з бронзы сведчаць аб зараджэнні гандлю. Металічныя вырабы прадстаўлены меднымі і бронзавымі шыламі, нажамі, дыядэмамі, грыўнямі, бранзалетамі, скроневымі кольцамі і інш. Для іх вырабу выкарыстоўвалі метад балкана-карпацкага паходжання.

    Новыя плямёны прынеслі з сабой і новы абрад пахавання. Памерлых хавалі ў курганных і грунтавых могільніках па абраду трупаспалення або трупапалажэння, на баку ў скурчанай позе з разнастайнай арыенціроўкай.

    Развіццё сярэднедняпроўскай культуры спынілася ў сярэдзіне ІІ-га тысячагоддзя да н.э., калі на яе тэрыторыі склалася сосніцкая культура, якая праіснавала да пачатку 1-га тысячагоддзя да н.э. і займала ў Верхнім Падняпроўі амаль той жа рэгіён, што і сярэднедняпроўская. На жаль, помнікі сосніцкай культуры ў межах Круглянскага раёна пакуль невядомы.

    Паскарэнне тэмпаў гістарычнага развіцця выклікала далейшыя змяненні ў гаспадарчым і грамадскім жыцці старажытнага насельніцтва. 3 асваеннем спосабу атрымання жалеза з балотных, азёрных і лугавых рудаў у пачатку І-га тысячагоддзя да н.э. наступіў жалезны век – час жалезнага мяча, плуга з жалезным сашніком і жалезнай сякеры.

    3 пераходам да жалезнага веку насельніцтва вярхоўяў Друці апынулася ў больш спрыяльных умовах для атрымання ўласнага металу. У процілегласць медным і алавяным рудам, якія тут адсутнічалі, жалезныя, прыдатныя для апрацоўкі першабытным спосабам, былі амаль усюды. Дзякуючы гэтаму жалеза трывала зацвердзілася ў вытворчасці і быце. Яго атрыманне ў старажытнасці адбывалася наступным чынам. Руду, здабытую з дна вадаёмаў, балот або выкапаную з зямлі, спачатку прамывалі, драбілі і абпальвалі на адкрытым агні. Потым яе складвалі ў печ якая мела выгляд цыліндрычнай ямы або звужанай у верхняй частцы глінянай пасудзіны вышынёй 0,8 – 1 м. Ніжняя і верхняя часткі печы запаўняліся драўняным вугалем, які затым падпальваўся. Тэмпература гарэння павялічвалася шляхам нагнятання ў печ праз спецыяльныя адтуліны (соплы) з дапамогай кавальскіх мяхоў сырога паветра. У выніку на дне печы ўтвараўся камяк цестападобнай порыстай масы – крыцы вагой 1-8 кг. Яе потым неаднаразова пракоўвалі молатам для ўшчыльнення і выдалення шлакаў. Такі спосаб атрымання жалеза называўся сырадутным або крычным.

    З’яўленне і пашырэнне жалеза паслужыла магутнай тэхнічнай перадумовай для развіцця іншых вытворчасцяў, разнастайных рамёстваў, асабліва кавальскага і зброевага, а таксама асноўных відаў сельскагаспадарчых і рамесных прылад працы, многія з якіх выкарыстоўваюцца і цяпер. Паляпшалася апрацоўка дрэва, косці, каляровых металаў.

    Рэгулярны прыбавачны прадукт, што стаў вынікам росту вытворчых сіл, садзейнічаў глыбокім зменам ва ўсім грамадскім жыцці. Калі раней пры нізкім узроўні прадукцыйнасці працы існаванне абшчыны было непазбежным, то са з’яўленнем жалезных прылад працы асобная сям’я магла апрацоўваць зямлю і весці іншыя работы самастойна, без абшчыны. Складваліся эканамічныя перадумовы для з’яўлення прыватнай уласнасці, эксплуатацыі чалавека чалавекам, а таксама ваенных сутычак паміж суседзямі.

    Прымнажэнне багацця адбывалася не толькі за кошт удасканалення гаспадаркі і павышэння ўзроўню вытворчасці, але і шляхам узброенага рабавання. Частыя ваенныя напады пацягнулі за сабой змены ў тыпах і размяшчэнні паселішчаў. Замест ранейшых адкрытых стаянак па берагах рэк з’явіліся ўмацаваныя пасёлкі-гарадзішчы. Да нашых дзён захаваліся сістэмы ўмацаванняў, якія складаліся з земляных валоў, равоў і добра бачны ў сучасным рэльефе.

    Гарадзішчы часта засноўваліся на высокіх мысах, пры зліцці рэк. 3 двух або трох бакоў такія паселішчы былі добра ахаваны абрывамі і рэкамі. Натуральная недаступнасць гарадзішчаў дапаўнялася штучнымі збудаваннямі ў выглядзе земляных валоў (часцей за ўсё з частаколам па грэбені), равоў і драўлянай агароджы.

    Са старажытных гарадзішчаў, знойдзеных у Круглянскім раёне, цяпер захаваліся толькі два – каля вёсак Прыгані 1-я і Казёл. Гарадзішча каля в. Прыгані 1-я выкарыстоўваецца пад сучасныя могілкі, таму яго вывучэнне немагчыма, гарадзішча каля в. Казёл не даследавалася.

    На жаль, прыходзіцца канстатаваць факт знішчэння аналагічнага археалагічнага помніка каля в. Зарэчча і летапіснага горада Цяцерын, прычым у апошняе дзесяцігоддзе. Гэтыя бясцэнныя сведкі мінулага незваротна згублены для навукі, бо вядомы толькі па знешнім апісанні і не былі раскапаны. У цэлым эпоха ранняга жалезнага веку на тэрыторыі Кругляншчыны вывучана слаба і чакае сваіх даследчыкаў.

    Рэшткі старажытных пасяленняў – сучаснікаў гарадзішчаў, але без слядоў умацаванняў, называюць паселішчамі.

    Звычайна насельніцтва жыло на паселішчах і толькі ў выпадку небяспекі хавалася на гарадзішчах. Таму многія паселішчы размяшчаліся побач з гарадзішчамі, як гэта было каля в. Прыгані 1-я. Асобныя паселішчы, вядомыя ў раёне, засталіся ад старажытнарускага часу (ІХ-ХІІ стагоддзі), уяўляюць сабой рэшткі пасяленняў каля вёсак Варгуцёва, Радча, Ражкі, Васільеўка, Зарэчча, г.п.Круглае.

    Сістэматычныя раскопкі паселішчаў на тэрыторыі Круглянскага раёна не праводзіліся. У розныя гады даследчыкамі збіраўся толькі пад’ёмны матэрыял. Значная частка паселішчаў разворваецца (Варгуцёва, Радча, Ражкі, Васільеўка) або занята сучаснымі пабудовамі (г.п.Круглае), з-за чаго недаступна вывучэнню.

    Наяўныя звесткі сведчаць аб тым, што ўсе жыхары паселішчаў займаліся пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй, а таксама паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам. Акрамя таго, былі развіты хатнія рамёствы: ганчарнае, ткацкае, кастарэзнае, дрэваапрацоўчае і інш. Круглянский район

    Жылыя пабудовы размяшчаліся радамі, таму культурны пласт на паселішчах прасочваецца ў выглядзе нешырокай паласы ўздоўж берагоў Друці і яе прытокаў. Самая пашыраная знаходка – фрагменты керамікі, вырабленыя ляпным спосабам. У гэты час гліняны посуд быў пласкадонны і ў асноўным не ўпрыгожваўся. У Х-м стагоддзі пасудзіны сталі вырабляць на ганчарным крузе і ўпрыгожваць хвалістым або лінейным арнаментам.

    Нароўні з пасяленнямі вялікае значэнне для вывучэння старажытнай гісторыі раёна маюць пахаванні. Круглянскі раён асабліва багаты курганнымі могільнікамі, вядомымі мясцоваму насельніцтву пад назвамі «шведскія» або «французскія» магілы, што не адпавядае рэчаіснасці. Курганы над нябожчыкамі пачалі насыпаць яшчэ ў бронзавым веку. Але асабліва шырокае распаўсюджанне атрымаў курганны абрад пахавання ў эпоху Кіеўскай Русі.

    Аналіз курганных пахаванняў ІХ-ХІІІ стагоддзяў і пахавальнага інвентару ўказвае на тое, што гэтыя помнікі з’яўляюцца язычніцкімі могілкамі нашых продкаў – усходніх славян. Старажытным пахавальным абрадам славян было трупаспаленне, звязанае з язычніцкім культам агню. Спальваючы памерлых, славяне зыходзілі з цвёрдага пераканання, што агонь знішчае ўсё, а пахавальны агонь знішчае саму смерць. На рубяжы ІХ-Х стагоддзяў рытуал трупаспалення паступова стаў выцясняць трупапалажэнне пад курганнымі насыпамі.

    Курганы размяшчаліся невялікімі групамі (каля вёсак Азёры, Гоенка, Арава, Красуля, Свабода, Зарэчча, Шупені), радзей стаяць асобна (Александрова). У кожным кургане ёсць адно або некалькі пахаванняў. Рэшткі памерлых знаходзяцца пад насыпам у яме або на ўзроўні паверхні глебы, іншы раз у самім насыпе кургана. Побач знаходзяць пахавальны інвентар: прылады працы, упрыгожанні, зброю, гліняны посуд і інш.

    Гэтыя штучныя насыпы паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, вышынёй 0,5–3м, дыяметрам 6–12 м былі пакінуты адным з самых шматлікіх усходнеславянскіх плямёнаў – крывічамі, якія займалі вялікія прасторы «на верх Волги и на верх Двины и на верх Днепра». Тэрыторыя Круглянскага раёна ўваходзіла ў арэал пашырэння крывічоў, якія яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі мелі сваё княжанне з цэнтрам у Полацку. Для крывічоў ІХ–ХІІІ стагоддзяў характэрны пэўны тып жаночых упрыгожанняў – скроневыя бранзалетападобныя кольцы з завязанымі канцамі. Такія ўпрыгожанні знойдзены пры раскопках кургана каля в. Арава. Іх насілі каля скроняў на скураной галаўной павязцы, звычайна па тры з кожнага боку. Акрамя кольцаў у жаночых пахаваннях знаходзяць пацеркі, падвескі, шыйныя грыўні і спражкі. У мужчынскіх пахаваннях часцей за ўсё трапляюцца зброя і прылады працы, крэсівы. I ў адных, і ў другіх пахаваннях заўсёды знаходзіцца гліняны посуд, выраблены на ганчарным крузе з тыповым хвалістым славянскім арнаментам. Круглянский район

    Курганны абрад пахавання знікае ў ХІІІ стагоддзі, калі памерлых пачалі хаваць у магільных ямах, як гэта робіцца на сучасных могілках.

    ІХ–Х стагоддзі – час фарміравання ўсходнеславянскай дзяржавы – Старажытнай Русі, у якую ў Х стагоддзі ўвайшлі крывічы, а значыць і тэрыторыя сучаснага Круглянскага раёна.

    Пасля смерці Ўладзіміра Манамаха (1125 г.) Кіеўская Русь распалася на шэраг самастойных княстваў. 3 адным з іх – Полацкім княствам і быў пазней звязаны лёс старажытнага насельніцтва сучаснага Круглянскага раёна.

В.Ф.Капыцін.

***

    Гісторыя тэрыторыі сучаснай Кругляншчыны ў раннефеадальны перыяд (ІХ – ХІІІ ст.) вядома нам толькі ў сувязі з адрывачнымі летапіснымі звесткамі, якія тычацца Друцкага ўдзельнага княства, што вылучылася з Полацкага княства ўжо ў сярэдзіне ХІ ст. Усе гэтыя звесткі звязаны толькі з самім Друцкам або з яго князямі, ніякіх іншых упамінанняў у летапісе няма. Гэтыя летапісныя даныя, дапоўненыя матэрыяламі шматгадовых раскопак Л.В.Аляксеева на гарадзішчы старажытнага Друцка, шматразова выкладзены не толькі ў спецыяльнай, але і ў папулярнай літаратуры. Л.В.Аляксееў, спасылаючыся на размяшчэнне курганных груп, лічыць, што заселеная тэрыторыя Друцкага княства знаходзілася па цячэнні Друці вузкай паласой 10 – 15 км, поўнасцю ахоплівала міжрэчча Друці і Дняпра толькі паміж Друцкам і Копыссю (на Пн) і паміж Бялынічамі і Магілёвам (на Пд). Мяркуючы па гэтай карце, на думку Л.В.Аляксеева, у ХІ – ХІІІ ст. больш-менш шчыльна заселенай тэрыторыяй у межах сучаснага Круглянскага раёна можна назваць толькі правабярэжжа Друці (Скураты – Паўлавічы – Цяцерына – Шапялевічы) і вузкую паласу па яе левым беразе. Асноўную частку левабярэжжа займалі ў гэты час незаселеныя лясныя масівы.

    Апошнія летапісныя звесткі аб Друцкім княстве адносяцца да канца ХІІ ст. 3 сярэдзіны ХІІІ ст. верхняе Прыдняпроўе становіцца той тэрыторыяй, дзе ўсё часцей сутыкаюцца інтарэсы не толькі старых княжацкіх цэнтраў – Полацка і Смаленска, але і новага дзяржаўнага фарміравання – Літоўскага Княства. В.Т.Пашута лічыць, што «верхнедняпроўскія воласці перайшлі пад уладу Літвы не пры Гедыміне, як прынята думаць, а пры Альгердзе і Кейстуце... г.зн. пасля 1345 года» (Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М. 1959. С.268).


Рэестр помнікаў археалогіі


КРУГЛЯНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ


    Александрова, вёска. Курган эпохі Кіеўскай Русі на ўсходняй ускраіне вёскі, каля саду, каля дарогі ў пас.Васільеўка, на правым беразе р. Друць. Насып паўсферычнай формы, круглаваты ў плане, задзернаваны, зарос кустамі і дрэвамі, вышыня 1,7 м., дыяметр 10 м., абворваецца. Адкрыў у 1977 г. і даследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Арава, вёска. а) Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на правым беразе р. Бярозаўка (0,5 км.), у лесе, паабапал дарогі на в.Скураты. За 0,25 км. на паўднёвы ўсход ад паўднёвай ускраіны в. Арава. 2 паўсферычныя насыпы, круглаватыя ў плане, вышынёй 0,9 і 1,6 м., дыяметрам 11 і 18 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі. Адкрыў у 1977 г. і даследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. б) Курганны могільнік Х – пачатку ХІ стагоддзя, належаў крывічам, на правым беразе Друці (0,3 км.), за 0,45 км. на поўдзень ад в. Арава, за 100 м. на паўночны захад ад могілак в. Ражкі. Адзінаццаць насыпаў (3 курганы знаходзяцца ў полі, астатнія ў лесе) паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, вышынёй 1,1-2,1 м., дыяметрам 8-13 м., задзернаваныя, зараслі кустамі і дрэвамі. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, у 1989 г. даследаваў В.Ф.Капыцін.

    У 1967 г. Л.В.Аляксееў раскапаў адзін курган. Пахаванне па абраду трупаспалення, у пахавальных урнах, зробленых на ганчарным крузе. Пасудзіны прысадзістай формы, шэра-жоўтага колеру, з дамешкамі кварцавага шкла і слюды ў цесце.

    Тры пасудзіны з плоскім дном, астатнія – з увагнутым. На дне адной пасудзіны ёсць адбіткі кляйма ў выглядзе выпуклай шасцівугольнай зоркі. Яшчэ на дзвюх пасудзінах нанесены хвалісты рысунак. Пасудзіны з перапаленымі касцямі двух дарослых і аднаго дзіцяці пастаўлены ўнутр квадратнай зрубавай абкладкі (0,8 х 0,8 м.), запоўненай слоем тлустай чорнай зямлі. Таўшчыня бярвёнаў 0,12 м. Унутры зруба знойдзены два жалезныя нажы і бронзавы пярсцёнак з завязанымі канцамі.

    На думку Л.В.Аляксеева, у вярхоўях Друці ў пачатку волака дзвінскага адгалінавання шляху «з варагаў у грэкі» ў Х стагоддзі жылі сяляне, якія займаліся перавозам па волаку ў бок Лукомля і р. Усяж-Бук (басейн Заходняй Дзвіны).

    Васільеўка, пасёлак. а) Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на правым беразе Друці, на паўночна-ўсходняй ускраіне пасёлка. 23 насыпы паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, вышынёй 1-2,3 м., дыяметрам 6-12 м., абворваюцца. Адкрыў у 1930 г. і раскапаў адзін курган А.Дз.Каваленя. У 1977 і 1989 г. абследаваў В.Ф.Капыцін. Пахавальны абрад – трупапалажэнне на вогнішчы. Пахавальны інвентар, за выключэннем фрагментаў ганчарнай керамікі, адсутнічаў. Паводле даных А.Дз.Кавалені ў могільніку былі 83 курганы. б) Паселішча І-га тысячагоддзя н.э. эпохі Кіеўскай Русі, на якім размешчаны могільнік. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя. Знойдзена грубаляпная з расчосамі кераміка розных этапаў зарубінецкай культуры, фрагменты штрыхаваных пасудзін, ляпная кераміка, злёгку падпраўленая на ганчарным крузе, VІ – ІХ стагоддзяў і эпохі Кіеўскай Русі.

    Казіміроўка (Свабода), вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на правым беразе Друці (1 км.), у полі, за 0,3 км. на паўднёвы захад ад пас. Свабода, за 1 км. на ўсход ад в. Казіміроўка, ва ўрочышчы Лісіны Роў. У мясцовага насельніцтва вядомы пад назвай «шведскія магілы». Паводле звестак 1873 г., тут было 20 курганоў. Захавалася 8 насыпаў вышынёй 0,8-2,2 м., дыяметрам 6-15 м. У 1989 г. абследаваў В.Ф.Капыцін. На вяршынях курганоў відаць сляды ад ям, зробленых скарбашукальнікамі.

Круглянский район

Круглянский район

    Красуля, пасёлак. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе безыменнага ручая (правы прыток Друці), за 0,17 км. на поўнач ад вёскі, у полі, 3 курганы вышынёй 1,6, 1,7 і 1,8 м., дыяметрам адпаведна 11, 12, 15 м., паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, абворваюцца. Адкрыў у 1968 г. Г.В.Штыхаў, даследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Круглае, гарадскі пасёлак. Паселішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе Друці, ва ўрочышчы Круча, на паўночна-заходняй ускраіне гарадскога пасёлка. Культурны пласт магутнасцю 0,2-0,5 м., на працягу амаль 100 м. уздоўж берага ракі. Знойдзена ляпная гладкасценная і з расчосамі кераміка позняга этапу зарубінецкай культуры і ганчарная кераміка эпохі Кіеўскай Русі. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, даследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. На тэрыторыі помніка размешчаны сучасныя пабудовы.

    Малая Арава, пасёлак. Паселішча эпохі неаліту і сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку (ІІ-е тысячагоддзе да н.э.), на левым беразе Друці, за 0,2 км. вышэй вусця р.Бярозаўка. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. Знойдзены фрагменты ляпной керамікі з ямкавым і лінейна-пракрэсленым арнаментам.

    Новая Радча, вёска. Паселішча эпохі Кіеўскай Русі на левым беразе Друці, за 1 км. на паўднёвы ўсход ад вёскі. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя. У культурным пласце магутнасцю 0,15-0,35 м. выяўлены фрагменты ганчарнай керамікі.

    Старая Радча, вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе Друці пры ўпадзенні р. Гнілка (левы прыток). 6 насыпаў. Цяпер разбураны кар’ерам. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя.

    Шупені, вёска. а) Курганны могільнік-1 эпохі Кіеўскай Русі, на левым 6еразе Друці, ва ўрочышчы Дуброва, за 1 км. на поўнач ад вёскі. 6 насыпаў вышынёй 0,7-3,6 м., дыяметрам 8-16 м. Курганы размешчаны ўздоўж Усходняга берага вадасховішча, задзернаваныя, зараслі кустамі. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, даследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. б) Курганны могільнік-2 эпохі Кіеўскай Русі, на 1-й надпоймавай тэрасе левага берага Друці, за 1,5 км. на поўнач ад вёскі і 0,5 км. на паўночны захад ад могільніка-1, за 0,5 км. на захад ад шашы Круглае – Магілёў, у хваёвым лесе. 43 насыпы вышынёй 0,6-2,5 м., дыяметрам 6-16 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі, добра захаваліся. Адкрыў у 1977 г. і абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

Круглянский район


ЛЯСНЯНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ




    Азёры, вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на беразе возера Безыменнае, за 0,2 км. на паўночны ўсход ад вёскі, у полі. 4 насыпы: адзін курган вышынёю 6 м., дыяметрам 25 м., 3 астатнія вышынёю1,7-2,8 м., дыяметрам 11-16 м., круглаватыя ў плане, паўсферычнай формы, задзернаваныя. Адкрыў у 1977 г. і абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.


РУБЕЖСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ




    Варгуцёва, вёска. а) Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе безназоўнага ручая (правы прыток р. Бярозаўка), за 1,5 км. на поўнач ад вёскі, каля могілак. 121 насып размешчаны ўздоўж дарогі, што ідзе па краі лесу з ўсходу на захад. Курганы вышынёю 0,52 м., дыяметрам 6-18 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі, добра захаваліся. Адкрыў у 1968 г. Г.В.Штыхаў, абследаваў у 1977 і 1989 гг. В.Ф.Капыцін. б) Паселішча эпохі Кіеўскай Русі, за 1,3 км. на поўнач ад вёскі і за 0,2 км. на поўдзень ад могільніка, на захад ад сучасных могілак па абодвух берагах безыменнага ручая. На ўзараным полі трапляюцца фрагменты ганчарнай керамікі з хвалістым арнаментам (на плошчы 150 х 150 м.). Адкрыў у 1977 г. і абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Хралішчава, вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, за 0,5 км. на паўночны захад ад вёскі, каля могілак, у полі, каля дарогі на в. Саннікі. 2 насыпы вышынёю 1,8 і 2,5 м., дыяметрам 12 м. Вядомы з 1950-х гг. У 1968 г. Г.В.Штыхаў выявіў 5 насыпаў, з якіх цяпер 3 знішчаны ў час ворыва. У 1989 г. абследаваў В.Ф.Капыцін.


ЦЯЦЕРЫНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ




    Зарэчча, вёска. а) Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе Друці, за 265 м. на поўдзень ад вёскі, у хваёвым лесе. 14 насыпаў вышынёю 0,5-2 м., дыяметрам 9-18 м., часткова разараны ў час пасадкі хваёвага лесу. Працягнуліся вузкай паласой уздоўж русла ракі на адлегласць больш за 3 км. Адкрыў у 1977 г. і абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. б) Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе Друці, за 0,5 км. на поўнач ад вёскі, каля могілак, у лесе, за, 2-0,7 км. на захад ад шашы Круглае – Бялынічы. 12 насыпаў вышынёю 0,5-1,3 м., дыяметрам 6-12 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі. 2 курганы разбураны пры абгароджванні сучасных могілак. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя. Абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін. в) Паселішча ХІІІ – ХІV стагоддзяў, на захад ад курганнага могільніка-2, на адной надпоймавай тэрасе левага берага Друці. Плошча помніка 150х200 м. У культурным пласце магутнасцю да 10 см. выяўлены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі шэрага і аранжавага колераў. Асобныя з іх маюць штрыхаваную паверхню. Адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, абследавалі ў 1975 г. Я.Р.Рыер, у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Ліпск, вёска. Курганны могільнік на правым беразе Друці, на поўдзень ад вёскі. У 1930 г. А.Дз.Каваленя выявіў тут 8 насыпаў, якія да нашага часу не захаваліся.

    Прыгані 1-я, вёска. а) Гарадзішча ранняга жалезнага веку, на мысе левага берага Друці пры ўпадзенні ручая Бліноўка, за 0,7 км. на паўночны ўсход ад вёскі. Пляцоўка памерам 45х62 м., умацавана 2 валамі і ровам паміж імі. Вышыня над узроўнем вады ў вадасховішчы 9 м. Выкарыстоўваецца пад сучасныя могілкі. Выяўлены фрагменты ляпной гладкасценнай керамікі. б) Паселішча позняга этапу зарубінецкай культуры, за 0,2 км. на паўночны ўсход ад гарадзішча, ва ўрочышчы Булашова. У культурным пласце магутнасцю да 0,2 м. знойдзены шлак і фрагменты грубаляпной гладкасценнай керамікі. Помнік адкрыў у 1930 г. А.Дз.Каваленя, абследаваў у 1977 і 1989 г. В.Ф.Капыцін.

Круглянский район

    Цяцерын, вёска. Гарадзішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі, на левым беразе Друці, ва ўрочышчы Шведская Гара. П.А.Рапапорт лічыць, што тут знаходзіўся летапісны горад Цяцерын. Паводле звестак 1873 г., каля Цяцерына знаходзіліся 2 гарадзішчы (на левым і правым берагах Друці) і курганны могільнік, які разворваецца. Цяпер 2 гарадзішчы знішчаны кар’ерамі. Абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.


ШАПЯЛЕВІЦКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ




    Бялаўка (Ваўкаўшчына), вёска. Курган эпохі Кіеўскай Русі, на правым беразе р. Казлянка, за 1 км. на паўночны ўсход ад вёскі, 0,5 км. ад сучасных могілак. Вышыня насыпу 1,6 м., дыяметр 11 м., зверху сляды ямы скарбашукальнікаў. Вядомы з 1924 г., абследавалі ў 1986 г. Л.Д.Побаль, у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Гоенка, вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, за 1,5 км. на поўдзень ад вёскі, 0,5 км. ад возера Курганнае, у лесе, паблізу ад прасёлачнай дарогі. 10 насыпаў паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, вышынёй 1-1,6 м., дыяметрам каля асновы 6-10 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі. 2 курганы парушаны ямамі скарбашукальнікаў. Адкрыў у 1975 Я.Р.Рыер, абследаваў у 1989 г. В.Ф.Капыцін.

    Казёл, вёска. Гарадзішча ранняга жалезнага веку, на левым беразе р. Можа, ва ўрочышчы Гарадзец вышэй упадзення р.Казлянка, за 1,5 км. на поўдзень ад вёскі, у лесе. Пляцоўка памерамі 60 х 48 м., задзернаваная, зарасла дрэвамі, умацавана валам вышынёю 1,3-2 м. і ровам. Вышыня над узроўнем вады ў рацэ 7 м. У паўднёва-ўсходняй частцы пляцоўкі сляды зямлянкі (7 х 5 м) часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гарадзішча вядома з 1924 г. Абследавалі ў 1986 г. Л.Д.Побаль, у 1977 і 1989 гг. В.Ф.Капыцін.

Круглянский район

    Кунцы, вёска. У наваколлі вёскі на правым беразе Друці знойдзена каменная свідравінная клінападобная сякера.

    Шапялевічы, вёска. Курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі, на ўсходнім беразе воз. Хотам’е (Святое), за 3,5 км. на паўднёвы захад ад вёскі, 0,1 км на захад ад дарогі Шапялевічы – Гоенка, у лесе вышэй капліцы. 4 насыпы паўсферычнай формы, круглаватыя ў плане, вышынёю 0,5-7 м., дыяметрам 6-8 м., задзернаваныя, зараслі дрэвамі. На адным кургане пастаўлена капліца. Адкрыў у 1989 г. В.Ф.Капыцін

В.Ф.Капыцін.