Тапаніміка.
Цікавыя звесткі аб засяленні краю, аб яго мінулым, аб першапраходцах, аб паходжанні назваў населеных пунктаў, урочышчаў, іншых аб’ектаў захавалі мясцовыя тапанімічныя паданні.
Шмат назваў паходзіць:
- ад імён ці прозвішчаў першапасяленцаў або ад прозвішчаў, што пераважна бытуюць у паселішчы:
Банькі – паходжанне назвы, магчыма ад прозвішча Банько.
Дарожкавічы – назва ўтворана ад асабістага імя Дораш, Дораж.
Дудаковічы – назва паходзіць ад прозвішча Дудаковічы
Зелянькова – назва ўтворана ад распаўсюджаных прозвішчаў Зелянько, Зелянькоў.
Казіміроўка – назва ўтворана ад імя Казімір і падобных прозвішчаў.
Комсенічы – назва ад прозвішчаў Комса, Комсеніч.
Лыскоўшчына – назва ўтворана ад прозвішчаў Лыскаў, Лысковіч.
Марцянавічы – аснова: імя Марцян (Марцініан)
Мехава – назва ўтворана ад прозвішча Мехаў.
Паўлавічы – назва ўтворана ад імя Павел і ўтвораных ад яго прозвішчаў.
Сідаркава – назва ўтвораная ад прозвішчаў Сідар,Сідаровіч, Сідараў.
Сіманавічы – вёска, назва якой утворана ад прозвішчаў Сімоніч, Сімановіч, Сіманаў.
Філатава – вёска, назва якой пайшла ад прозвішча першага жыхара Філатава.
Цяцерын – назва ўтворана ад прозвішчаў Цецяраў, Цяцерын, Цецярук.
- ад месца размяшчэння:
Загаранкі – вёска, у аснове пасяленні за гарой, за гарамі.
Запруддзе – пасяленні за прудамі, за прудам.
Зарэчча – вёска, размешчаная за ракой.
Улужжа – месца каля луга.
- ад назваў воднага басейна:
Азёры – вёска, у якой ёсць азёры.
Азярышча – поле на паўднёвы захад ад в.Хралішчава на месцы асушанага вадаёма.
Бярозаўка – поле на беразе р.Бярозаўка ля в.Арава..
- ад асаблівасці рэльефу:
Крутая гара – старое русла р.Вабіч. Канава крутая і глыбокая.
Круча – вёска, у аснове якой круты склон.
Пясочак – пясчанае месца ў лесе на поўдзень ад в.Саннікі
- ад расліннага свету:
Альховае балота – балота на захад ад в.Марцянавічы, дзе акрамя вольхі нічога не было.
Альшанікі – назва ўтвораная ад дрэва альхі.
Арэхаўка – назва ўтварылася ад асновы “арэх”.
Елькаўшчына – назва вёскі, утвораная ад асновы “ель”.
Хвашчоў роў – месца на ўсход ад в.Боўсевічы, дзе расло шмат хвашчу.
Грыбіна – назва ўтворана ад асновы “грыб”.
- ад жывёльнага свету:
Ваўкаўшчына – назва ўтварылася ад асновы “воўк”.
Дразды – вёска, назва якой паходзіць ад птушкі дразда.
Жураўцы – месца на паўночны ўсход ад в.Хількавічы, дзе вадзіліся жураўлі.
Замышкі – назва ўтворана ад асновы “мыш”.
Казаброддзе – у аснове назвы – слова каза
- ад промыслу:
Бондарава гара – месца ў паўднёвай частцы в.Цяцерына, дзе жыў бондар.
Кавалёўка – месца на поўдні в.Боўсевічы, дзе знаходзіліся кузні.
Рыбакоў край – частка в.Любішча, жыхары якой любілі вудзіць рыбу.
Саннікі – першапасяленцы гэтай вёскі рабілі добрыя санкі.
- ад размяшчэння карысных выкапняў:
Глінішча – мясціна ў в.Саннікі, дзе дабывалі гліну.
Каменка – месца перад Філатаўскім лесам, дзе шмат камянёў і крыніц.
- ад геаграфічных назваў:
Амерыка – вёска ў Ляснянскім сельскім Савеце.
Беларусь – вёска ў Шапялевіцкім сельскім Савеце.
- ад месца размяшчэння паселішча:
Глыбокае – у аснове пасяленні ў глыбіні леса, далёка ад дарог.
Лясныя – аснова назвы: лясныя сёлы.
Рубеж – аснова: паселішча каля рубяжа, засечкі (мяжы ўладанняў)
- ад плямёнаў, народнасцей ці іншых людскіх супольнасцей:
Літоўск – назва звязаная з пасяленнем аснованым або заселеным ў мінулым літоўскім насельніцтвам
Радча – аснова: радзімічы.
(Жучкевіч В.А. Кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі. Мн., 1974. 318 с.; З успамін старажылаў)
Мовы, дыялекты народаў, якія насяляюць раён.
1999 г.
92,1% насельніцтва раёна лічаць роднай мовай беларускую,
0,49%( 490 чал.) назвалі роднай мовай рускую.
Лічаць беларускую мову роднай 97,7% беларусаў, што жывуць у раёне.
165 чалавек іншых нацыянальнасцей назвалі роднай беларускую мову, у т.л. палякаў-30, рускіх - 102, украінцаў – 31, яўрэеў – 2. (Паводле перапісу 1999г.)
На 01.07.2002 г.
Навучанне на беларускай мове вядзецца ў 9 сярэдніх, 1 базавай і 6 пачатковых школах раёна, на рускай мове - ў 2 гарадскіх сярэдніх школах, школе-інтэрнаце і ў Альшаніцкай пачатковай школе. (Паводле звестак раённага аддзела адукацыі)
Фарміраванне дыялектаў Кругляншчыны звязана з гісторыяй краю і яго насельніцтвам. Адны даследчыкі адносяць іх да віцебска-магілёўскай групы, другія – да полацкай групы паўночна-усходняга дыялекту.
На фарміраванне гаворак сучаснага раёна аказалі ўплыў шэраг гістарычных фактараў так званага дзяржаўнага перыяду, калі тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад розных дзяржаў. Гаворкі гэтага рэгіёна даволі аднародныя.
Дыялекты
Абеддзе – поўдзень
Аддзюжыў – доўга прабыў
Адкрамсаць - адрэзаць.
Адхаіць - прывесці ў прытомнасць.
Азеліць - затлуміць
Атлецілася - нагрэлася.
Атраха – вельмі гразны чалавек
Атопак - малы ростам
Ахвішка – телеграмма.
Ачамалудзіўся – здурнеў.
Буцян - бусел.
Бэля - жанчына
Велькі - вялікі
Веснічкі - вароты маленькія
Вурзае - есць
Гаргара - вялікі.
Гарніц – зернамер.
Даваць патачку - патураць каму-небудзь.
Дзяўзно - рослая здаровая дзяўчына.
Ета – гэта.
Застудзіны - халадзец.
Зеню – вочы.
Карэц – кружка.
Кацубежка - палка
Клодаўе – могілкі.
Кулёк – куртка
Кухвайка – фуфайка
Ліпаўка – бочка, дзе хавалі ежу
Макатырка – галава
Марсянуць – штурхнуць
Ныскаць па сталах – шукаць што-небудзь з'есці.
Няма прахлыння – без перадыху.
Полка – пялёнка.
Раскашавацца – расці.
Рэзвіны – прылада для носкі сена і саломы
Савой – вяроўкі для падшыўкі лапцей
Стаўма – вертыкальна.
Стаўні – зубы (жаргон).
Храла – твар(жаргон).
Шаламок – чалавек, які некалькі дзён п’е
Шолам – дурань
Шуляк – коршун
(Так кажуць суседзі: Альбом. Запрудская с/б, 2000; Тут Радзімы маёй пачатак: Летапіс Шапялевіцкага сельскага Савета. Шапялевіцкая с/б, 2000 і іншыя альбомы.)
Літаратура:
1. Так кажуць суседзі: Альбом / Склад. Лізунова Т.І. - Запруддзе, 2000. – 36 с.
2. Тут Радзімы маёй пачатак: Летапіс Шапялевіцкага сельскага Савета / Склад. Антонава Н.М.- Шапялевічы, 2000. – 80 с.